Ідыш-беларускі слоўнік
Ідыш-беларускі слоўнік — унікальнае даведкавае выданьне на 25 тысячаў слоўнікавых артыкулаў і 50 тысячаў словаў, якое зьмяшчае слоўнікавую і жывую лексыку ідышу, а таксама фразэалягічныя матэрыялы. Вынік 11-гадовай працы мастака-рэстаўратара Аляксандра Астравуха. Другі ідыш-беларускі слоўнік у гісторыі Беларусі (першы выйшаў у 1932 годзе пры ўдзеле Самуіла Плаўніка). У беларускай частцы слоўніка ўжываецца клясычны правапіс.
Падрыхтоўка і выданьне
рэдагавацьУ 1984 годзе Аляксандар Астравух пачаў вывучаць ідыш у Амсьціславе[1]. У 1999—2004 гадох ён удасканальваў веды мовы на жыдоўскіх сэмінарах у Вільні[2].
Праца над слоўнікам пачалася ў 1997 годзе па сустрэчы зь лінгвістам Довідам Кацам, прафэсарам Оксфардзкага ўнівэрсытэту, продкі якога паходзілі зь Беларусі[2]. У 2000 годзе фрагмэнт слоўніка выйшаў у часопісе ARCHE Пачатак[3] (пазьней на аснове гэтай публікацыі на Slounik.org зьявіўся электронны «Малы ідыш-беларускі слоўнік прыказак і прымавак»[4]).
26 верасьня 2008 году ў менскім офісе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася прэзэнтацыя вялікага ідыш-беларускага слоўніка, які выйшаў з друку пры фінансавай падтрымцы прадпрымальніка з Санкт-Пецярбургу Андрэя Гарбенкі.
Апісаньне
рэдагавацьМае каля 25 тысячаў слоўнікавых артыкулаў і 50 тысячаў словаў. Утрымлівае жыдоўскую і датычную жыдоў беларускую фразэалёгію з прымаўкамі, прыказкамі, пажаданьнямі, прывітаньнямі, дражнілкамі, праклёнамі, загадкамі, скорагаворкамі, каламбурамі, цытатамі зь песень, анэкдотаў і літаратурных твораў. Пры складаньні выкарыстоўваліся шматлікія слоўнікі ідышу, якія выходзілі ў розных краінах у XIX—XX стагодзьдзях[5].
Асаблівасьць слоўніка — запіс жыдоўскіх словаў лацінскай графікай. Слоўнік аздабляюць малюнкі і здымкі беларускіх сынагог[6].
Водгукі
рэдагавацьБеларускі літаратуразнавец Адам Мальдзіс назваў слоўнік «сапраўднай энцыкляпэдыяй яўрэйскага жыцьця», а лінгвіст Пётра Садоўскі — «жывым сьвятам душы». Паводле кандыдата гістарычных навук, дырэктара Музэя гісторыі і культуры жыдоў Беларусі Іны Герасімавай, выданьне гэтага слоўніка, які ня мае аналягаў, ёсьць вычынам яго ўкладальніка, што дапамагае адрадзіць ідыш[7].
Лінгвіст Валянціна Федчанка адзначае, што выданьне мае рэдкі і каштоўны моўны матэрыял. У сьпіс бібліяграфічных крыніцаў ўвайшлі ня толькі граматыкі, падручнікі і слоўнікі ідышу, але і зборнікі народнай музыкі і кулінарныя кнігі. Слоўнік дэманструе багацьце ідышу і беларускай мовы[8].
Паводле супрацоўніка Жыдоўскага ўнівэрсытэту ў Ерусаліме Вольфа Масковіча, добрае валоданьне беларускім дыялектным матэрыялам разам з наданьнем пільнай увагі запазычаньням у ідышы з славянскіх моваў дазволіла аўтару выправіць памылкі і недакладнасьці, прысутныя ў іншых слоўнікаў ідышу[9].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Ідыш-беларускі слоўнік: з прыказкамі, прымаўкамі, выслоўямі, фразэмамі, параўнаньнямі, зычаньнямі, вітаньнямі, дражнілкамі-кепікамі, праклёнамі, загадкамі, скорагаворкамі, каламбурамі, цытатамі з жыдоўскіх песень, анэкдотаў і літаратурных твораў / сабраў і пераклаў на беларускую мову Аляксандар Астравух. — Менск: Медисонт, 2008. — 928 с — ISBN 978-985-6530-86-2.
- [Рэцэнзія] / М. Тарэлка // Беларуская лінгвістыка. — 2010. — Вып. 64. — С. 163—166.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Аляксандар Астравух: «Вывучэньне ідышу сталася сродкам самазахаваньня» // Наша Ніва. № 38 (300), 11 кастрычніка 2002 г.
- ^ а б Астравух А. «Мамэ-лошн ун татэ-калошн», альбо Рэстаўрацыя ідышу па-беларуску // Wschód Europy. Studia humanistyczno-społeczne. Vol. 3., Nr. 1. 2017. P. 283.
- ^ Астравух А. Жыдоўскія прыказкі і прымаўкі / גלײכװערטלעך ײרישע שפריכװערטער און / Jidiše šprixverter un glajxvertlex // ARCHE Пачатак. № 3 (8), 2000 г. (Габрэйскі нумар).
- ^ «Малы ідыш-беларускі слоўнік прыказак і прымавак», Slounik.org
- ^ Гаравы М. У Менску выйшаў ілюстраваны ідыш‑беларускі слоўнік, Наша Ніва, 7 ліпеня 2008 г.
- ^ Касьцюкевіч П. Рэдэле як рэдэле, абы добры мэйнэле // Наша Ніва. № 36 (586), 2 кастрычніка 2008. С. 9.
- ^ Гаравы М. Прэзэнтаваны ідыш‑беларускі слоўнік, Наша Ніва, 27 верасьня 2008 г.
- ^ Федченко В. Идиш-русская/украинская/белорусская лексикография: новый этап // Народ Книги в мире книг. № 104, 2013.
- ^ Moskovich W. Directions in Modern Yiddish Lexicography // Jews and Slavs. Vol. 22, 2010. P. 297.