Ян Пятро́ўскі (20 студзеня [ст. ст. 7 студзеня] 1905[1], Слуцак, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 19 студзеня 2001, Гейнсвіл, штат Флорыда, ЗША[2]) — пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч міжваеннага дваццацігодзьдзя ў Заходняй Беларусі і эміграцыі, публіцыст, выдавец, рэдактар, пісьменьнік і перакладнік.

Ян Пятроўскі
лац. Jan Piatroŭski
Вокладка Эвангельля Сьв. Яна ў перакладзе Яна Пятроўскага
Вокладка Эвангельля Сьв. Яна ў перакладзе Яна Пятроўскага
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 студзеня 1905(1905-01-07)
Памёр 19 студзеня 2001(2001-01-19) (96 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці прапаведнік, перакладнік, публіцыст
Мова беларуская
Творы на сайце Knihi.com

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў беларускай праваслаўнай сям’і Дзям’яна і Юстыны Пятроўскіх. Па заўчаснай сьмерці бацькі маці засталася з васьмю дзецьмі. Ян навучаўся ў школе Сьвята-Траецкага манастыру, потым у прыхадзкой школе. Скончыў гімназію ў Вільні, куды сям’я пераехала ў 1919 годзе. Служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых.

З 1920-х гадоў Ян Пятроўскі зьвязаны зь беларускім культурна-грамадзкім рухам Заходняй Беларусі. Падтрымліваў кантакты з вучнёўскай моладзю Віленскай беларускай гімназіі. Прыхільнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў знаёмы з многімі дзеячамі заходнебеларускай культуры. У 1927—1928 гадох хацеў выехаць у БССР, аднак перадумаў.

У канцы 1920-х гадоў, яшчэ праваслаўным, трапіў на беларускае набажэнства мэтадысцкай царквы[3], і неўзабаве стаў сябрам пратэстанцкага брацтва. Скончыў біблійную школу мэтадыстаў у Клярысэве(pl) пад Варшавай. З 1932 году жыў і быў прапаведнікам у Дзярэчыне. З 1935 году быў выдаўцом і рэдактарам беларускамоўнага пратэстанцкага грамадзка-рэлігійнага і літаратурнага часопісу «Сьветач Хрыстусовае навукі». Аўтар брашуры «Нядзельная школа, яе сутнасьць і гісторыя» (1937 год).

Падчас Другой сусьветнай вайны Ян Пятроўскі кіраваў групай беларускіх перакладнікаў, якая дзеяла ў Бэрліне пры выдавецтве Міністэрства прапаганды Трэцяга Райху. Апрацаваў у 1942 годзе з Аляксандрам Калошам і Васілём Камароўскім «Нямецка-беларускі слоўнік» (27 тыс. словаў), які, аднак, ня быў выдадзены.

У 1944 годзе выехаў у Аўстрыю. З 1953 году жыў у ЗША. У эміграцыі ўзнавіў выданьне эвангельска-баптысцкага часопісу «Сьветач Хрыстовае навукі». У 1976 году разам з жонкай Аліцыяй у Гейнсвіле (штат Фларыда) заснаваў Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд з мэтай дапамогі беларусаведным дасьледаваньням і публікацыі матэрыялаў на беларускія тэмы. Адзін з пачынальнікаў беларускага эвангельска-баптысцкага руху ў ЗША.

З жонкай Аліцыяй (памерла ў 1992 годзе) мелі двух сыноў: Джорджа і Гэры[4].

Творчасьць

рэдагаваць

Пераклаў на беларускую мову і выдаў 7 тамоў выбраных твораў старажытнагрэцкага філёзафа Плятона. Падрыхтаваў і выдаў клясычны «Грэцка-беларускі слоўнік».

Аўтар беларускіх перакладаў Марка Аўрэлія, Карла Вільгельма фон Гумбальта. Першы перакладнік на беларускую мову «Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека» (1975)[5].

Аўтар «Мэмуараў» (т. 1—3, Гейнсьвіл, 1988—1997), у якіх падкрэсьліваў: родная мая Бацькаўшчына — маці — Літва, Вялікае Княства Літоўскае[6].

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • На фронце: П’еса ў трох карцінах (1931)
  • Ангельска-беларускі слоўнік / Улажыў Ян Пятроўскі. — Ч. 1 (1946)
  • Сьвятое Пісьмо. КНІГІ СТАРОГА ЗАПАВЕТУ. Кніжыца І. Кніга Руты, Кніга прарока Еэля, Кніга прарока Ёны. — Нью-Ёрк: 1959. — 17 с.
  • Абарона Сакратаса = The defense of Socrates; Крытон = Criton; Файдон = Phaidon / Платон; з грэцкага тэксту на беларускую мову пераклаў, папярэдзіў уводзінамі і агледзіў інтэрпрэтацыю Ян Пятроўскі (1967)
  • Сымпозыён. Іён = Symposiym (The Banduet). Ion: Выбраныя дыялёгі / З грэч. тэксту на беларус. мову пер., папярэдзіў уводз. і агледзіў камент. Ян. Пятроўскі (1970)
  • Горгіяс = Gorgias: Выбраны дыялёг: З дадат. грэцка-беларус. слоўніка / З грэч. тэксту на беларус. мову пер., папярэдзіў уводз. і аглядзіў камент. Ян. Пятроўскі (1973)
  • Universal'naja Dėkljaracyja Pravoŭ Čalaveka = The Universal Declaration of Human Rights / Апрац. Я.Пятроўскі. — John and Alice Piotrowski Byelorussian Charitable Educational Fund, 1975.
  • Пратагор. Гіпій вялікшы = Protagoras. Greater Hippias / Плятон; З грэц. тэксту на беларус. мову пер., папярэдзіў уводз. і агледзіў камент. Ян Пятроўскі (1975)
  • Пармэнідэс. Мэнон = Parmenides Meno / Плятон; З грэц. тэксту на беларус. мову пер., папярэдзіў уводз. і агледзеў камент. Ян Пятроўскі (1976)
  • Старажытная грэцкая клясыка (У межах нашае супольнасці): У межах нашае супольнасьці (1979)
  • Вернер, Ёгер. Тэалогія грэцкіх думаньнікаў / У пер.[з англ.] Я.Пятроўскага (1980)
  • Палітэя / Плятон; З грэц. тэксту на беларус. мову пер., папярэдзіў уводз. і агледзіў камент. Ян Пятроўскі (1981)
  • Клясычны грэцка-беларускі слоўнік. Частка першая. Літары: Α α — Μ μ / Ян Пятроўскі. — The Byelorussian Charitable Educational Fund, Inc., 1983.
  • Клясычны грэцка-беларускі слоўнік. Частка другая. Літары: Ν ν — Ω ω / Ян Пятроўскі. — The Byelorussian Charitable Educational Fund, Inc., 1985.
  • На васьмідзясятыя ўгодкі: (Фрагменты) (1985)
  • Старажытная грэцкая клясыка (у межах нашай супольнасці) (1987)
  • Мэмуары = Memoir: Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905—1945) / Ян Пятроўскі. — Кн. 1 (1988)
  • Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1945—1953). Кн.2 (1991)
  • Паводля Сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста / на беларускую мову з грэцкага тэксту переклаў Ян Пятроўскі. — Менск — Лёндан — Нью Ёрк: Беларускі Харытатыўна-Адукацыйны Фонд, 1991. — 48 с. — 200 000 ас.
  • Лепшыя думкі чалавека = Man’s best thoughts: Зборнік / Выбраў і ўклаў паводле тэматыкі Я.Пятроўскі. — Т.3 (1992)
  • Увага! Увага! — Гаворыць…: (На дарозе інтэрв’ю): Замест прадмовы (1993)
  • Ангельска-беларускі слоўнік. Беларуска-ангельскі слоўнік = English-byelorussian dictionary. Byelorussian-english dictionary / Прадм. В.Багдановіча (1993)
  • Тарас Сайка — ініцыятар і галоўны фінансавы ахвярадаўца на рэч перакладу і друку Бібліі на літоўскай мове. — Гэйнсвіль: Яна і Аліцыі Пятроўскіх Беларускі Харытатыўна-Адукацыйны Фонд, 1995.
  • Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтраспэкце. Кн.3 (1997)[7]
  1. ^ Сяргей Чыгрын. Любіў Беларусь і філасофію // Ніва. — 2 студзеня 2005. — № 1 (2538).
  2. ^ JOHN PIOTROWSKI — people search, genealogy, find deceased relatives and locate ancestors (анг.) People Search Праверана 8 лістапада 2012 г.
  3. ^ Алесь Пашкевіч. Пратэстантызм і беларускі нацыяналізм у міжваеннай Польшчы // Arche Пачатак. — 2007. — № 5 (56).
  4. ^ Alice Piotrowski // Gainesville Sun. — Mar 17, 1992. — С. 9.
  5. ^ Жыццё, аддадзенае Беларусі і антычнай філасофіі // Кантакты і дыялогі. — 2002. — № 10—12.
  6. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 81.
  7. ^ Запрос: a001a="BY-NLB-ar113412" Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 8 лістапада 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн. — Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — ISBN 985-6318-65-3
  • Літаратурны рух на эміграцыі / Лявон Юрэвіч. — Мінск: 2002.
  • Чыгрын С. Любіў Беларусь і філасофію // Ніва. — 2 студзеня 2005. — № 1 (2538).
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць