Сьцяпан Некрашэвіч

беларускі грамадзкі дзяяч, навуковец

Сьцяпа́н Міха́йлавіч Некрашэ́віч (8 траўня 1883, фальварак Данілаўка Бабруйскага павету Менскай губэрні[4] — 20 сьнежня 1937) — беларускі навуковец і грамадзкі дзяяч, ініцыятар стварэньня і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры[5], акадэмік (1928) і віцэ-прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук (БелАН), дырэктар Інстытуту мовазнаўства БелАН.

Сьцяпан Некрашэвіч

лац. Ściapan Niekraševič
Дата нараджэньня 8 траўня 1883(1883-05-08)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 сьнежня 1937(1937-12-20) (54 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы Віленскі настаўніцкі інстытут[1]
Занятак дыялектоляг, дыплямат
Навуковая сфэра Мовазнаўства
Месца працы Беларуская акадэмія навук (віцэ-прэзыдэнт; дырэктар Інстытуту мовазнаўства)
Вядомы як Арганізатар Інстытуту беларускай культуры
Навуковы кіраўнік Яўхім Карскі
Сайт nasb.gov.by/bel/members/…
Сьцяпан Некрашэвіч

Герб Любіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 8 траўня 1883(1883-05-08)
Памёр 20 сьнежня 1937(1937-12-20) (54 гады)
Род Некрашэвічы
Бацькі Міхал Паўлавіч Некрашэвіч
Ева Дзмітрыеўна Некрашэвіч
Жонка Марыя Сяргееўна Ціманькова[2]
Рэлігія хрысьціянстваправаслаўе[3]
Дзейнасьць дыялектоляг, дыплямат
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Некрашэвіч.

Біяграфія

рэдагаваць

Пэрыяд да 1920 року

рэдагаваць

Паходзіў са шляхецкага роду Некрашэвічаў (гербу «Любіч»), фальваркам якіх была Данілоўка (Данілаўка)[6]. Пачатковую адукацыю атрымаў у сям’і. У 1908 скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў м. Панявеж (Ковенская губэрня), у 1913 — Віленскі настаўніцкі інстытут. Працаваў у школе «Таварыства цьвярозасьці» ў Цельшынскім павеце Ковенскай губэрні.

З 1914 падчас 1-й сусьветнай вайны — на Румынскім фронце. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, потым — адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

З восені 1917 — у месьце Адэса (Украіна). Загаднік беларускай сэкцыі пры губэрнскім аддзеле народнай асьветы, у выніку працы якой у Адэсе напачатку 1918 навучальнага року былі адкрытыя 30 пачатковых беларускіх школ і мяшаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох клясаў (навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторыяў Беларусі).

Пасьля абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 — прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Ўкраіны і ў зносінах з францускім камандаваньнем Антанты. Быў прыхільнікам фармаваньня беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру, які быў створаны 13 студзеня 1919. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.

Пэрыяд з 1920 року

рэдагаваць

З 1920 — у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асьветы БССР: загаднік літаратурна-выдавецкага аддзелу, старшыня навукова-тэрміналягічнай камісіі, намесьнік старшыні Акадэмічнага цэнтру, намесьнік старшыні Галоўнага кіраваньня прафэсійнай асьветы і інш.

У студзені 1921 на сходзе працаўнікоў асьветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэньнем беларускай культуры. Браў удзел у арганізацыі Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922—1925 — яго першы старшыня, у 1926—1928 — старшыня Аддзелу гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульту. Адначасова ў 1923—1925 — выкладнік беларусазнаўства на мэдычным факультэце, з 1927 — дацэнт пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

З пачатку 1925 да ліпеня 1926 — на падвышэньні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-досьленым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградзкім унівэрсытэце (Расея), працаваў пад кіраўніцтвам Я. Карскага.

Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 — акадэмік, віцэ-прэзыдэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 — дырэктар Інстытуту мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і асьпіранцкай камісіяў. З 1 студзеня 1928 — старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асьветы БССР. У 1927—1931 быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.

21 ліпеня 1930 г. арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленьнем (ДПУ) БССР у справе «Саюза вызваленьня Беларусі». 6 сьнежня Савет народных камісараў БССР на патрабаваньне бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў Некрашэвіча званьня акадэміка[7][8]. 10 красавіка 1931 пастановай калегіі Аб’яднанага ДПУ СССР прыгавораны да 5 рокаў высылкі ў места Сарапул (Удмуртыя, Расея); у 1936 тэрмін высылкі прадоўжаны на 2 рокі. Працаваў плянавіком-эканамістам каапэратыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым — бухгальтарам канторы «Нарыхтзерне» (па-расейску: «Зоготзерно»). Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, дастаўлены ў Менск, 19 сьнежня 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэабілітаваны па 2-м прысудзе Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 12 кастрычніка 1957, адноўлены ў званьні акадэміка ў 1978, рэабілітаваны па 1-м прысудзе ў закрытым пасяджэньні Судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988.

У Данілоўцы на месцы былога фальварку Некрашэвічаў — памятны знак (1993)[9]. У Шацілавічах у мескай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава — партрэт «Сьцяпан Некрашэвіч» (1992, мастак А. Марачкін, Менск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астафьеў, Менск). Да 125-рочча з дня нараджэньня С. Некрашэвіча Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь выдала мастацкі маркіраваны кувэрт, увод у выкарыстаньне — 8 траўня 2008.

Навуковыя працы

рэдагаваць

Асноўныя кірункі навуковых дасьледваньняў С. Некрашэвіча — лексыкаграфія, правапіс, дыялекталёгія і гісторыя беларускай мовы. Апублікаваў больш за 30 навуковых працаў, у тым ліку 4 манаграфіі і слоўнікі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэньня дыялекталягічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар першага пасьлярэвалюцыйнага «Беларускага лемантара» (1922, 6-е выданьне — 1929), школьнай чытанкі «Роднае слова» (1923, 4 выданьне — 1925), суаўтар буквара для ліквідацыі непісьменнасьці сярод дарослых «Наша сіла — ніва ды машына» (1925).

Найважнейшыя працы ў галіне лексыкаграфіі — «Беларуска-расійскі слоўнік (1925)», «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва — разам з М. Байковым); «Праграма для зьбіраньня асаблівасьцяў беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў» (1927, разам з П. Бузуком).

Працы ў галіне гісторыі беларускай мовы: «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Эраміты „О уставах манастирских“» (1928); «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Эвангельля на беларускую мову і мова перакладу» (не апубл.).

Унёскам у разьвіцьцё беларускага мовазнаўства былі і іншыя навуковыя публікацыі: «Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм» (1922), «Да пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы» (1925); «Да пытаньня пашырэньня аканьня на чужаземныя словы» (1926), «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёну» (1929), «Праект беларускага правапісу» (1930), даклады на Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 «Сучасны стан вывучэньня беларускай мовы» і «Да пытаньня аб рэформе нашага правапісу» (1927). Стану культуры і навукі ў Беларусі ў 1920-я прысьвечаныя артыкулы «Становішча культурна-асьветных устаноў Беларусі пры НЭПе» (1924), «Да пяцірочнага пляну навукова-досьледнай працы БССР» (1928).

Асноўныя публікацыі

рэдагаваць
  • Праграма для збірання асаблівасьцяў беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. Мн., 1927 (з П. А. Бузуком).
  • Расійска-беларускі слоўнік. Мн.: Бел. Дзярж. выд-ва, 1928 (з М. Я. Байковым). Выданьне другое, папраўленае, 2010.
  • Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёну. Мн., 1929.
  • Беларуска-расійскі слоўнік. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926 (з М. Я. Байковым). Выданьне другое, факсымільнае: Народная асвета, 1993.
  • Сучасны стан вывучэньня беларускай мовы // Спадчына. 1993. № 2. С. 86—95.
  • Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча. Мн.: Беларуская навука, 2004.

Ушанаваньні

рэдагаваць
 
Памятны знак у в. Данілоўка.

У Данілоўцы на месцы былога фальварка Некрашэвічаў усталяваны памятны знак (1993 г.)[9]. У 1998 годзе, у будынку ў Менску, дзе месьціўся Інстытут беларускай культуры, усталяваная мэмарыяльная шыльда з імёнамі выдатных вучоных, сярод якіх — Сьцяпан Некрашэвіч. У горадзе Шацілавічы ў гарадзкой карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава маецца партрэт «Сцяпан Некрашэвіч» (1992, мастак А. Марачкін, Менск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астафьеў, Менск). Да 125-годзьдзя з дня народзінаў Сьцяпана Некрашэвіча Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь выдала мастацкі маркіраваны канвэрт, увод у выкарыстаньне — 8 траўня 2008 году.

Рашэньнем № 179 ад 30 лістапада 2011 году 11-й сэсіі Менскага Гарадзкога Савета дэпутатаў 26-га скліканьня праектуемую вуліцу, якая пралягае паміж вуліцай Каралінскай і вуліцай Праектуемай № 1 у мікрараёне Брылевічы найменаваць вуліцай Некрашэвіча і надалей называць яе «вуліца Некрашэвіча»[10].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ У 1914 г. далучаны да Самарскага настаўніцкага інстытуту, цяпер — Паволжская дзяржаўная сацыяльна-гуманітарная акадэмія(ru), г. Самара, Расія. Гл.: ПГСГА. История.  (рас.)
  2. ^ Статкевіч-Чабаганаў А. Некрашэвічы герба «Любіч» // Роднае слова. 2010. № 4.
  3. ^ Горевой М. 8 мая исполняется 125 лет со дня рождения Степана Некрашевича // Белорусские новости. 2008. 5 мая.  (рас.)
  4. ^ Цяпер — вёска Данілоўка Краснаўскага сельсавету Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобласьці, Беларусь
  5. ^ Цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
  6. ^ Daniłowka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 900.
  7. ^ Мікалай Галадзед. Пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 6 снежня 1930 г. аб пазбаўленні годнасці акадэмікаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
  8. ^ Канстантын Гей. Рэзалюцыя бюро ЦК КП(б)Б ад 6 снежня 1930 г. аб кампаніі пратэсту ў зьвязку са справай нацдэмаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 297-298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
  9. ^ а б Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. С. 2.
  10. ^ РАШЭННЕ № 179 ад 30 лістапада 2011 года 11-й сесіі Савета 26-га склікання

Літаратура

рэдагаваць
  • Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. С. 2.
  • Германовіч І. К. Аб навуковай дзейнасці С. М. Некрашэвіча // Веснік БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.
  • Германовіч І. К. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы. У двух тамах. Том 2. Мн., 2008. С. 54—67.
  • Іван Германовіч Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9 С. 318—319.
  • Германовіч І. К. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5 С. 279.
  • Сяргей Запрудзкі. Жыццё для навукі // Роднае слова. 2003. № 5. С. 34—36.
  • Сяргей Запрудзкі. Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны.  (бел.) // Генадзь Сагановіч Беларускі гістарычны агляд = Belarusian historical review. — Менск: Рэдакцыя БГА, 2003, сьнежань. — Т. 10. Сшытак 1—2 (18—19). — С. 319—352. — ISSN 1392-902Х.
  • Жураўскі А. І. Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч. (Да 120-годдзя з дня нараджэння.) // Беларуская лінгвістыка. Вып. 54. 2004. С. 3—11.
  • Іофе Э. Першы старшыня Інбелкульта // Спадчына. 1995. № 6. С. 54—78.
  • Іофе Э. «Той самы Некрашэвіч…» // Полымя. 1991. № 6. С. 130—134.
  • Шчэрбін В. Ён мог стаць беларускім Далем // Роднае слова. 1995. № 2. С. 36—42.
  • Шчэрбін В. Ідэалам навукі не здрадзіў // Роднае слова. 1995. № 4. С. 52—58. № 5. С. 45—49.
  • Расторгуев П. А. О программе по белорусской диалектологии. Рец. на кн.: Некрашэвіч С., Бузук П. Программа для збіраньня асаблівасьцяй беларускіх гаворак і гаворак пераходных да суседніх моваў. — Менск, 1927 // Известия по русскому языку и словесности Академии наук СССР. Т. I. Л., 1928. С. 602—605.
  • Романцов В. Юбилей основателя Академии // Ранак-плюс. 2008. № 20. (рас.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць