Дабравесьце

хрысьціянская навука пра жыцьцё і дзейнасьць Ісуса Хрыста на Зямлі
(Перанакіравана з «Эвангельле»)
Кніга Новага Запавету

Дабравесьце


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Дабравесьце (Эвангельле) — (па-грэцку: euaggelion — «добрая вестка») — агульная назва першых чатырох кніг Новага Запавету пра зямное жыцьцё і вучэньне Ісуса Хрыста.

Агульнае

рэдагаваць
 
Папірус 125 г. з тэкстам Эвангельля
 
Шарашоўскае Эвангельле (XVI стагодзьдзе), разварот.

У канон кніг Бібліі ўваходзяць: Эвангельле паводле Мацьвея, зь ліку 12 вялікіх апосталаў Ісуса Хрыста; Эвангельле паводле Марка, зь ліку 70 меншых апосталаў, які быў спадарожнікам вялікага апостала Пятра; Эвангельле паводле Лукі, зь ліку меншых апосталаў, спадарожніка вялікага апостала Паўла; Эвангельле паводле Яна, зь ліку вялікіх апосталаў.

Тры першыя кнігі Чацьвераэвангельля (паводле Мацьвея, паводле Марка, паводле Лукі) у біблеістыцы названы сінаптычнымі (грэч. зводныя; падзеі, якія можна аглядаць разам), таму што яны блізкія паміж сабою кампазыцыяй і зьместам. Ад сынаптычных эвангельляў, у якіх апавядаецца пераважна пра зямное жыцьцё Хрыста і цуды, створаныя ім у Галілеі, адрозьніваецца Эвангельле паводле Яна, дзе гутарка ідзе пра духоўны сэнс Хрыста-богачалавека, увага акцэнтуецца на боскай прыродзе Хрыста і на цудах, створаных ім у Юдэі. Рукапісы-першакрыніцы Чацьвераэвангельля напісаны старажытнагрэцкай мовай александрыйскай рэдакцыі, вядомай адукаваным людзям Рымскай імпэрыі і суседніх дзяржаваў. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што першае Эвангельле паводле Мацьвея напісана ў арыгінале на арамейскай мове. Усе чатыры Эвангельлі, узаемадапаўняльныя паводле зьместу, адзіныя паводле хрысталягічнай канцэпцыі, прызнаны хрысьціянскай царквою кананічнымі ў адрозьненьне ад некананічных, вольных інтэрпрэтацыяў эвангельскага зьместу (эвангельлі паводле Пятра, паводле Андрэя, паводле Піліпа і іншыя; гл. Апокрыфы). Кананічныя Эвангельлі складаюць асноўную крыніцу й крытэраў хрысьціянскай веры, таінстваў і догматаў, сымбалічна выяўленых у боскай літургіі і царкоўным мастацтве. Пропаведзь Эвангельля, пераўтварэньне асабістага і грамадзкага жыцьця паводле Хрыстовага закону свабоды — асноўнае прызначэньне хрысьціянскай царквы.

Час стварэньня

рэдагаваць

Паводле царкоўнай традыцыі, Эвангельле напісана вучнямі Хрыста і іх пасьлядоўнікамі ў 2-й пал. I стагодзьдзя Самым раньнім па часе ўзьнікненьня, відаць, зьяўляецца Эвангельле паводле Марка, паколькі ў ім ёсьць намёкі на юдэйскае паўстаньне 66—70-х гадоў. Час яго стварэньня можна аднесьці на 70-я гады. Кароткі тэкст гэтага Эвангельля паслужыў крыніцай для эвангельляў паводле Мацьвея і Лукі. Наяўнасьць у яго тэксьце значнай колькасьці лацінізмаў дала падставу хрысьціянскаму багаслову Клімэнту Александрыйскаму (2-3 стагодзьдзі) меркаваць, што напісана яно было за межамі Палестыны, магчыма, у Рыме. Узьнікненьне ж Эвангельля паводле Мацьвея навуковая літаратура зьвязвае з Сырыяй, як і тэкст Эвангельля паводле Яна, які, паводле царкоўнай традыцыі, прывязваецца да Эфэсу. Запісы ж Эвангельля паводле Лукі адносяцца да розных месцаў ад Кесарыі да Рыма. Самае апошняе па часе свайго напісаньня Эвангельле паводле Яна адлюстравала ў сабе пэўныя рысы агнастыцызму, якія не ўласьцівы тром іншым кананізаваным у IV стагодзьдзі хрысьціянскай царквою эвангельлям.

Навуковая крытыка, заснаваная на тэксталягічным дасьледаваньні кананічных кніг, паказала, што зьвесткі пра цуды Хрыста маюць шмат агульнага з разнастайнымі тагачаснымі гістарычнымі крыніцамі і магчыма скампанаваныя ў II—III стагодзьдзях у пэрыяд узьнікненьня самой хрысьціянскай царквы і афармленьня яе веравызнаньня. Падобныя да эвангельскага апісаньня жыцьця Хрыста шматлікія міты ўсходніх паганскіх рэлігіяў аб паміраючых і ўваскрасаючых багах, таксама прасочваюцца магчымыя запазычаньні са сказаньняў пра Майсея, Ісуса Навіна і іншых прароцтваў са Старога Запавету. Прасочваючы гісторыю жыцьця Хрыста, крытыка зьвярнула асаблівую ўвагу на розныя супярэчнасьці, якія маюцца ў тэкстах кананічных эвангельляў — адзначана, што аўтары кананічных эвангельляў праявілі дрэннае веданьне гісторыі і геаграфіі Палесьціны пачатку н. э. Так, эвангелісты сьцьвярджаюць, што нараджэньне Хрыста адбылося ў часы панаваньня юдэйскага цара Ірада, хоць апошні памёр у 4 стагодзьдзі да н.э. Недарэчнымі зьяўляюцца і ўпамінаньні эвангелістамі Назарэту, Капернауму і іншых гарадоў і мястэчак, якіх яшчэ не было ў 1 стагодзьдзі калі, паводле сьцьверджаньня хрысьціянскіх багасловаў, ствараліся тэксты кананічных эвангельляў. Падобныя факты даюць падставу сьцьвярджаць, што кананічныя эвангельлі ствараліся ў розны час і зьяўляюцца вынікам шматразовых перапрацовак, якія рабіліся ў розных месцах.

Прадстаўнікі рацыяналісцкай крытыкі Бібліі і хрысьціянства — матэрыялістычнага (францускія філёзафы-асьветнікі 2-й пал. XVIII стагодзьдзя) і ідэалістычнага (Б. Баўэр, Д. Штраўс; XIX стагодзьдзе) кірункаў — адмаўлялі рэальна-гістарычны зьмест Эвангельля, бачылі ў ім міты і легенды II—IV стагодзьдзяў, аднак ацэньвалі міталёгію і рэлігію па-рознаму: матэрыялісты-асьветнікі схіляліся да атэізму, некаторыя зь іх прызнавалі толькі сацыяльна-рэгулятыўную ролю эвангельскага вучэньня; пасьлядоўнікі ідэалістычнай плыні «міталягічнай школы» ў рэлігіязнаўстве адзначалі яго духоўна-этычную каштоўнасьць. У савецкі час ад папярэдняй традыцыі бралася толькі адмаўленьне гістарычнасьці эвангельскіх падзей і аднабаковая крытыка эвангельскіх маральных установак, у выніку чаго г. зв. навуковы атэізм у 1920—1930-я гады набыў вульгарна-сацыялягічны кірунак. У сучасным эўрапейскім рэлігіязнаўстве заўважаецца тэндэнцыя да сынтэзу гістарычнай (багаслоўскай) і крытычна-міталягічнай інтэрпрэтацыяў Эвангельля, спалучэньня экзэгэтыкі і філязофскай гэрмэнэўтыкі. У полі зроку гэтай філязофіі эвангельская гісторыя бачыцца як тоеснасьць рэальнасьці і міту. На думку М. Бярдзяева, міт ня ёсьць адмаўленьне рэальнасьці, наадварот, ён сьведчыць пра найглыбейшае быцьцё, якое раскрываецца ў Бібліі як падзеі, што выходзяць за межы гісторыі ў надчасавую, вечную рэальнасьць.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць