«Уліс» (па-ангельску: Ulysses) — раман ірляндзкага пісьменьніка Джэймза Джойса, упершыню часткова публікаваны амэрыканскім часопісам The Little Review з сакавіка 1918 па сьнежань 1920 году і цалкам 2 лютага 1922 году ў Парыжы. У Ірляндыі раман пабачыў сьвет у 1939 годзе. Пісаўся ў пэрыяд 1914—1921 гадоў. Адна з найбольш істотных працаў мадэрнісцкай літаратуры[1], раман называлі «выяўленьнем і падсумаваньнем цэлага кірунку»[2]. Да Джойса ніводны аўтар мастацкай прозы не выстаўляў на пярэдні плян мысьлёвы працэс нагэтулькі моцна[3].

Уліс
анг. Ulysses
Вокладка выданьня 1922 году
Жанр: раман
Аўтар: Джэймз Джойс
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 2 лютага 1922
Выдавецтва: Shakespeare and Company (кнігарня і бібліятэка), выдавец — Сільвія Біч
Пераклад на беларускую: 1993
Папярэдні твор: Партрэт творцы ў маладосьці[d]
Наступны твор: Фінэганавы памінкі[d]
Электронная вэрсія

Раман апісвае адзін дзень з жыцьця дублінскага габрэя Леапольда Блума і маладога пісьменьніка Стывэна Дэдала. Дзень, у якім адбываюцца падзеі кнігі — 16 чэрвеня 1904 году, стаўся датаю першага спатканьня Джойса з сваёй будучай жонкай Норай Барнакль[4]. Назва кнігі адсылае чытачоў да постаці Адысэя (лацінізаваная форма — Уліс), героя гамэраўскай эпічнай паэмы і ўсталёвае шэраг паралеляў паміж асобамі і падзеямі ў гамэраўскай Адысэі і рамане Джойса.

Уліс складаецца прыкладна з 265 000 словаў, выкарыстоўвае ў сваім лексыконе каля 30 030 словаў (улучна з уласнымі імёнамі, формамі множнага ліку і рознымі часамі дзеясловаў)[5] і падзяляецца на васямнаццаць эпізодаў. Раман лічыцца цяжкім для прачытаньня і адразу пасьля публікацыі выклікаў мноства процілеглых водгукаў і спрэчак. Тэхніка «плыні сьвядомасьці», руплівая структурызацыя і фармат экспэрымэнтальнай прозы — напоўненасьць калямбурамі, пародыямі і алюзіямі — зрабіла кнігу адной з найбольш шанаваных ў пантэоне мадэрнізму.

Першая частка раману перакладзеная на беларускую мову Янам Максімюком і выдадзеная ў 1988 ды 1993 гадах у Беластоку (ISBN 83-85918-01-9).

Назва «Ulysses» паходзіць ад лацінскага імя «Ulixes», якое ў сваю чаргу пайшло ад грэцкіх дыялектных формаў «Olysseus», «Ulixeus», «Ulixes». Сам Джойс ставіў націск на першы склад, вымаўляючы «Ulysses» як [у́лісіз][6].

Структура

рэдагаваць

Раман разгортваецца адразу і пасьлядоўна на чатырох роўнях:

  • міталягічным (гамэраўскім)
  • натуралістычным (фабулярным)
  • сымбалічным («рэканструкцыя» чалавечага арганізму структурай кніжкі; паралелі з «Боскай камэдыяй» Дантэ; біблейскія матывы)
  • паэтычным (мадуляцыя тону апавяданьня і стылю ў залежнасьці ад пары дня, месца, тэмы і прысутных пэрсанажаў).

Усе гэтыя ўзроўні ўзаемна пранікаюцца і дапаўняюцца ў матэрыяле карпатліва ўшчыльненым незьлічонымі літаратурнымі ляйтматывамі і асацыяцыямі, мудрагелістымі стылістычнымі прыёмамі і моўнымі гульнямі[6].

Частка 1: Тэлемахіяда

рэдагаваць
 
Пакой Джэймза Джойса ў вежы Мартэла

А восьмай раніцы студэнт-мэдык Бык Маліган, які арэндуе разам з Стывэнам Дэдалам жыльлё ў вежы Мартэла, кліча яго падняцца на гарматную пляцоўку. У адносінах Стывэна і Малігана існуе пэўная нацягнутасьць, якая вынікае з абразьлівай рэмаркі Малігана наконт нядаўна памерлае маці Стывэна і з таго факту, што Маліган запрасіў ангельскага студэнта з Оксфарда, Гэйнза, застацца ў іх. Неўзабаве яны ўтрох сьнедаюць, адначасова пакупаючы малако ў жанчыны-малочніцы. Пасьля сьняданку яны шпацыруюць да берага, дзе Маліган просіць Стывэна пакінуць яму ключ ад вежы і пазычыць двухпэнсавік. Сыходзячы, Стывэн абвяшчае, што ня вернецца ў вежу гэтай ноччу, бо Маліган, «захопнік», забраў яе ў яго.

Стывэн у клясе выкладае гісторыю перамогаў цара Піра. Пасьля заканчэньня занятка студэнт па імені Сарджэнт застаецца ў кабінэце, каб Стывэн паказаў яму як разьвязаць нізку арытмэтычных задачаў. Стывэн аглядае зьнешне непрывабнага Сарджэнта і спрабуе ўявіць сабе любоў ягонае маці да яго. Затым Стывэн наведвае школьнага дырэктара, М-р. Дызі, ад якога атрымлівае заробак у 3 фунта 12 шылінгаў і ліст, які трэба аднесьці ў рэдакцыю газэты. Яны абмяркоўваюць гісторыю Ірляндыі і ролю габрэяў ў яе эканоміцы. Па сыходзе Стывэна, м-р. Дызі робіць апошнюю абразьлівую рэмарку ў бок габрэяў, сьцьвярджаючы, што Ірляндыя ніколі актыўна іх не перасьледавала, таму што габрэяў «ніколі сюды не пускалі». Гэты эпізод зьяўляецца крыніцай некаторых вядомых радкоў рамана, як сьцьверджаньне Дэдала, што «гісторыя — гэта кашмар, ад якога я спрабую прачнуцца» альбо што «Бог — гэта крык на вуліцы».

Трэці эпізод зьяўляецца амаль поўнасьцю ўнутраным маналёгам Стывэна. Пасьля заняткаў у школе ён ідзе берагам мора, якое якраз пачынае прыліваць, раздумвае, прысядае на скале, складае чатырохрадкоўнік. Здалёк бачыць дзьве жанчыны, потым мінаецца з парай зьбіральнікаў малюскаў ды іхнім сабакам. Эпізод уключае ўсяго адзін радок дыялёгу, калі ўласьнік сабакі кліча яго да сябе. Чытач амаль увесь час знаходзіцца ў хуткаплынным і зьменлівым рэчышчы Стывэнавых думак. Мэтафарай эпізоду ёсьць Стывэнава змаганьне з богам Пратэем — сымбалем зьмены і рэлятывізму — з мэтай ухапіць трывалы і аб’ектыўны кшталт рэчаіснасьці, уключна з саматоеснасьцю героя.

Частка 1: Адысэя

рэдагаваць

Апавяданьне перарываецца. Час ізноў а восьмай раніцы, але дзеяньне перамяшчаецца ў іншае месца горада да другога галоўнага героя кнігі, Леапольда Блума, рэклямнага агента і напалову габрэя. Блум, пачаўшы рыхтаваць сьняданак вырашае схадзіць да мясьніка па сьвіную нырку. Вярнуўшыся дамоў, ён рыхтуе сьнеданьне і адносіць яго разам з ранішняй поштай сваёй жонцы Молі ў ложак. Адзін зь лістоў адрасаваны Молі ад яе канцэртнага мэнэджара Бойлана. Блум занепакоены тым, што яна можа запрасіць яго да сябе гэтым днём і пакутуе ад гэтае думкі. Блум чытае ліст ад іхнае дачкі. Глава заканчваецца, калі Блум спаражняецца ў нужніку.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць

Беларусь

рэдагаваць
  • 500 асобнікаў раману выдадзенага па-беларуску трапіла на Беларусь[7].
  • Пасьля выхаду раману па-беларуску ў 1993 годзе Сяргей Шупа сказаў Максімюку «Ты павінен надрукаваць пераклад, балазе далі грошы, але потым закапаць увесь тыраж у скрыні ў зямлю й пачакаць гадоў дзесяць, аж падрастуць чытачы». Таму 400 асобнікаў раману прыхаваны недзе дасюль[8]. Пазьней Максімюк расказаў, што «ў Беластоку ўсё яшчэ ляжыць 300 хораша запакаваных асобнікаў перакладу, чакаючы чытача»[9]

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Tim Harte Sarah Danius, The Senses of Modernism: Technology, Perception, and Aesthetics // Bryn Mawr Review of Comparative Literature. — 2003. — В. 4. — № 1.
  2. ^ Beebe (1971), p. 176.
  3. ^ Kiberd, Declan (2009-06-16) Ulysses, modernism's most sociable masterpiece. Guardian.co.uk. Праверана June 28, 2011 г.
  4. ^ Keillor, Garrison, «The Writer’s Almanac», Feb. 2, 2010.
  5. ^ Vora, Avinash (2008-10-20) Analyzing Ulysses Праверана 2008-10-20 г.
  6. ^ а б Максімюк, Я. Насустрач бацьку. Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў „Уліса” Джэймса Джойса // litaratura.org. — Беласток: 1996.
  7. ^ Аляксандар Лукашук. Гутарка з Я. Максімюком // Радыё Свабода, 16 чэрвеня 2000
  8. ^ Ян Максімюк. Насустрач бацьку // Фрагмэнты. № 1—2, 1997. С. 189.
  9. ^ Я.Максімюк Праца беларускага літаратурнага перакладчыка — гэта кантраляваная шызафрэнія
  10. ^ Першае выданьне «Улісу» прададзена за рэкордную сумму (рас.) // Lenta.ru, 5.06.2009

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць