Нью-Ёрк

горад у штаце Нью-Ёрк, ЗША

Нью-Ёрк (па-ангельску: New York City) — горад у ЗША, адзін з найбуйнейшых мэгаполісаў сьвету[2][3]. Разьмешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы штату Нью-Ёрк на беразе Атлянтычнага акіяна. Адміністрацыйна падзелены на 5 раёнаў: Мангэтан, Бронкс, Бруклін, Кўінз, Стэйтэн-Айлэнд. Нью-Ёрк быў заснаваны ў пачатку XVII стагодзьдзя галяндзкімі асаднікамі, першапачатковы назоў — Новы Амстэрдам[4].

Нью-Ёрк
лац. Ńju-Jork
анг. New York City
Нью-Ёрк
Герб Нью-Ёрку Сьцяг Нью-Ёрку
Дата заснаваньня: 1624
Краіна: Злучаныя Штаты Амэрыкі
Штат: Нью-Ёрк
Мэр: Эрык Адамз[d][1]
Плошча: 1214,4 км²
Вышыня: 11 м н. у. м.
Насельніцтва (2015)
колькасьць: 8 550 405 чал.
шчыльнасьць: 7040,85 чал./км²
Часавы пас: UTC-5
летні час: UTC-4
Тэлефонны код: 212, 347, 646, 718, 917, 929
Паштовы індэкс: 100xx–104xx, 11004–05, 111xx–114xx, 116xx
Нумарны знак: 212, 347, 646, 718, 917, 929
Геаграфічныя каардынаты: 40°39′0″ пн. ш. 74°3′0″ з. д. / 40.65° пн. ш. 74.05° з. д. / 40.65; -74.05Каардынаты: 40°39′0″ пн. ш. 74°3′0″ з. д. / 40.65° пн. ш. 74.05° з. д. / 40.65; -74.05
Нью-Ёрк на мапе ЗША ±
Нью-Ёрк
Нью-Ёрк
Нью-Ёрк
Нью-Ёрк
Нью-Ёрк
Нью-Ёрк
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
nyc.gov

Асноўныя славутасьці разьмешчаныя ў Мангэтане. Сярод іх: вядомыя небасягі (Эмпайр-Стэйт-Білдынг, Крайслэр-Білдынг), будынак чыгуначнага вакзалу Гранд Цэнтрал, Ракфэлер-Цэнтар, Музэй Гугэнгэйма (жывапіс), Амэрыканскі музэй прыродазнаўства, штаб-кватэра ААН. Нью-Ёрк ёсьць сусьветным горадам, а таксама культурным, фінансавым, высокатэхналягічны[5], забаўляльным і мэдыйным цэнтрам. Ён мае значны ўплыў на міжнародны гандаль, сыстэму ахову здароўя, навуковую прадукцыю, дасьледаваньні, разьвіцьцё тэхналёгіяў, адукацыю, палітыку, турызм, мастацтва, моду і спорт. Нью-Ёрк ёсьць важным цэнтрам міжнароднай дыпляматыі, бо тут месьціцца штаб-кватэра ААН[6][7], і часам згадваецца як найважнейшым горадам плянэты[8] і сталіцай сьвету[9][10]. З больш чым 20,1 мільёнамі чалавек у сталічным статыстычным арэале і 23,5 мільёнамі ў камбінаваным статыстычным арэале паводле стану на 2020 год, Нью-Ёрк ёсьць адным з самых населеных мэгаполісаў сьвету[11]. У Нью-Ёрку размаўляюць на 800 мовах, што робіць яго самым лінгвістычна разнастайным горадам сьвету. Горад выконвае закон аб правах, які гарантуе прытулак для тых, хто мае патрэбу ў ім, незалежна ад іхнага іміграцыйнага статусу[12].

Гісторыя

рэдагаваць

На тэрыторыі, якую сёньня займае горад Нью-Ёрк[a], задоўга да зьяўленьня тут эўрапейцаў, жылі такія індзейскія плямёны, як манахатоў і канарсі. Гэта пацьвярджаюць знаходкі наканечнікаў стрэлаў і іншых артэфактаў у раёнах гораду, не забудаваных будынкамі, як, напрыклад, Інўуд-Гіл-Парк і Рывэрсайд-Парк. Эўрапейскія селішчы пачаліся ў 1626 годзе з галяндзкага селішча Новы Амстэрдам (Nieuw Amsterdam) на паўднёвым ускрайку Мангэтану. У 1664 годзе ангельскія караблі захапілі горад, не сустрэўшы супраціву, і ён быў пераназваны ў Нью-Ёрк, у гонар герцага Ёрскага[13][14]. У канцы другой ангельска-галяндзкай вайны ў 1667 годзе галяндцы афіцыйна перадалі Нью-Ёрк ангельцам і наўзамен атрымалі калёнію Сурынам.

У пачатку Вайны за незалежнасьць сучасная тэрыторыя гораду была арэнай важных бітваў. У выніку Бруклінскай бітвы ў Брукліне пачаўся вялікі пажар, у якім вялікая частка гораду згарэла, і ён да канца вайны патрапіў у рукі Вялікабрытаніі, пакуль амэрыканцы ізноў не завалодалі ім у 1783 годзе. Гэты дзень, пад назовам «Дзень эвакуацыі» (ангельцаў), доўга сьвяткаваўся ў Нью-Ёрку.

На працягу XIX стагодзьдзя насельніцтва гораду імкліва расло дзякуючы бурнаму прытоку вялікай колькасьці імігрантаў[15]. У 1811 годзе быў распрацаваны дальнабачны генэральны плян разьвіцьця гораду, па якім сетка вуліцаў была пашыраная, ахапіўшы ўвесь Мангэтан. Да 1835 году Нью-Ёрк абагнаў Філадэлфію, стаўшы самым вялікім горадам Злучаных Штатаў.

Падчас Грамадзянскай вайны трывалыя гандлёвыя сувязі гораду з Поўднем, а таксама рост яго імігранцкага насельніцтва, прывялі да расколу паміж прыхільнікамі Саюзу і прыхільнікамі Канфэдэрацыі, які дасягнуў вышэйшай ступені ў «Заклічных мяцяжах», горшых грамадзянскіх гармідараў у амэрыканскай гісторыі. Большасьць удзельнікаў, якія чынілі бязладзьдзе, паходзілі з ірляндзкае працоўнае клясы[16]. Мяцежнікі нападалі на гарадзкую эліту, а таксама на мурынаў і іхную маёмасьць, бо паміж ірляндцамі і мурынамі дзесяцігодзьдзе існавала жорсткая канкурэнцыя за працу.

Пасьля вайны тэмп іміграцыі з Эўропы стромка ўзрос, і Нью-Ёрк стаў першым прыпынкам для мільёнаў людзей, якія прыбываюць у Злучаныя Штаты ў пошуках новага і лепшага жыцьця.

 
1: Мангэтан, 2: Бруклін, 3: Кўінз, 4: Бронкс, 5: Стэйтэн-Айлэнд

У 1898 годзе горад Нью-Ёрк набыў сёньняшнія межы: перш ён складаўся з Мангэтану і Бронксу, далучанага да гораду з поўдня, ад акругі Ўэстчэстэр (заходні Бронкс у 1874 годзе, астатняя тэрыторыя — у 1895 годзе). У 1898, паводле новага законапраекту, была створаная новая муніцыпальная адзінка, першапачаткова названая Вялікі Нью-Ёрк. Новы горад быў падзелены на пяць раёнаў. Раёны Мангэтан і Бронкс пашырылі свае межы і пакрывалі цяпер тэрыторыю першапачатковага гораду і ўсю астатнюю частку Нью-Ёрскай акругі. Раён Бруклін складаўся з гораду Бруклін і некалькіх муніцыпалітэтаў ва ўсходняй частцы акругі Кінгз. Раён Кўінз быў заснаваны ў заходняй частцы акругі Кўінз і пакрываў некалькі невялікіх мястэчкаў і пасёлкаў, уключаючы Лонг Айлэнд Сіці, Асторыю і Флашынг. Раён Стэйтэн-Айлэнд цалкам зьмясьціў акругу Рычманд. Усе былыя гарадзкія органы кіраваньня гэтых раёнаў былі скасаваныя. Праз год тэрыторыя акругі Кўінз, якая ня трапіла ў межы раёну Кўінз, стала акругай Насо (па-ангельску: Nassau)[17]. У 1914 годзе заканадаўчыя ўлады штату стварылі акругу Бронкс, а Нью-Ёрская акруга паменшылася да памераў аднаго Мангэтану. Сёньня пяць раёнаў Нью-Ёрку ў асноўным супадаюць межамі з адпаведнымі акругамі.

 
Статуя Свабоды на тле Мангэтану.

У першай палове XX стагодзьдзя горад стаў сусьветным цэнтрам прамысловасьці, гандлю і сувязі. У 1930-х гадах абрысы Нью-Ёрку ўзьняліся ў вышыню з пабудоваю некалькіх найвышэйшых небасягаў сьвету. Пасьля Другой сусьветнай вайны Нью-Ёрк стаў бясспрэчным сусьветным горадам-лідэрам. Пабудова штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку сымбалізавала ўнікальнае палітычнае значэньне гораду. Нью-Ёрк таксама замяніў Парыж у якасьці цэнтру сусьветнага мастацтва[18]. Адначасова з гэтым адбываліся працэсы пераезду часткі насельніцтва ў прыгарады, што прывяло да павольнага памяншэньня колькасьці насельніцтва. Пасьля, зьмены ў прамысловасьці і гандлю і рост злачыннасьці залучылі ў 1970-х гадах Нью-Ёрк у сацыяльны і эканамічны крызіс[19].

Тэракты 11 верасьня 2001 году закранулі і Вашынгтон, але менавіта Нью-Ёрк пацярпеў больш за ўсё, з прычыны атак на Сусьветны гандлёвы цэнтар і шчыльнага зьедлівага дыму, які працягваў валіць зь яго развалін на працягу некалькіх месяцаў пасьля падзеньня веж-двайнят у пажары. Нягледзячы на гэта, расчыстка эпіцэнтра выбуху была скончаная хутчэй, чым плянавалася. Новы Сусьветны гандлёвы цэнтар 1, які быў пабудаваны на месцы былых вежаў-блізьнюкоў Сусьветнага гандлёвага цэнтру, зьяўляецца самым высокім небасягам ў Заходнім паўшар’і[20] і чацьвертым самым высокім будынкам у сьвеце. Шпіль новага будынку дасягае сымбалічнай вышыні ў 1776 футаў (541,3 м), якая спасылаецца на год атрыманьня ЗША незалежнасьці[21][22].

Пратэставы рух Захапі Ўол-стрыт, які мае месца ў парку Зукоці ў фінансавым раёне Ніжняга Мангэтэну, пачаўся 17 верасьня 2011 году, атрымаўшы ўсеагульную ўвагу і пашырэньне руху супраць сацыяльнай і эканамічнай няроўнасьці ва ўсім сьвеце[23]. У канцы кастрычніка 2012 году горад моцна пацярпеў ад урагану Сэндзі. Праз паводкі была затопленая сыстэмы мэтро, а таксама разбурэньні зьведалі і прадмесьці.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Аэрафатаздымак гораду.

Горад Нью-Ёрк ўключае востраў Мангэтан, востраў Стэйтэн-Айлэнд, заходнюю частку вострава Лонг-Айлэнд, частка паўночнаамэрыканскага мацерыка — Бронкс, і некалькі невялікіх выспаў у нью-ёрскай гавані. Нью-Ёрк знаходзіцца прыкладна на 40° паўночнай шыраты і 74° заходняй даўгаты. Самым высокім пунктам Нью-Ёрку зьяўляецца пагорак Тот-Гіл, вышынёй 125 мэтраў, які знаходзіцца на Стэйтэн-Айлэндзе, які зьяўляецца самым узгорыстым, прасторным і найменей заселеным раёнам гораду. У густанаселеным Мангэтане, наадварот, зямля абмежаваная і дарагая, што тлумачыць гэткую вялікая колькасьць высокіх будынкаў і хмарачосаў. Згодна з Бюро Перапісу ЗША, горад мае плошчу 1214,4 км², зь якіх 785,6 км² — суша і 428,8 км² (35,31%) — вада.

Паводле апошніх геалягічных дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў, праведзеных у 2008 годзе, за 40 кілямэтраў на поўнач ад гораду перасякаюцца два геалягічныя разломы, што робіць верагоднымі землятрусы магнітудай да 7 балаў. Прычым месца перасячэньня разьмяшчаецца побач з АЭС. Таму будуць распрацаваны дадатковыя меры абароны будынкаў і атамнай электрастанцыі.

Нью-Ёрк знаходзіцца на параўнальна нізкіх шыротах: так, Нью-Ёрк ляжыць прыкладна на адной шыраце з Стамбулам, Мадрыдам, Ташкентам, Баку і Пэкінам. Паводле клясыфікацыі клімату Кепэна, Нью-Ёрк знаходзіцца на мяжы паміж вільготным кантынэнтальным і вільготным субтрапічным кліматам. Ападкі разьмеркаваныя параўнальна аднамерна на працягу году. Сярэднегадавая колькасьць гадзін сонечнага зьзяньня — 2680 гадзін. Не зважаючы на ​​тое, што горад месьціцца на ўзьбярэжжы акіяна, розьніца ў тэмпэратуры паміж летам і зімой досыць вялікая, бо пераважны рух паветраных масаў праходзіць з боку мацерыка. Уплыў акіяна другарадны, але ўсё ж некалькі зьмякчае ваганьні тэмпэратураў. Яшчэ адным фактарам ёсьць шчыльная гарадзкая забудова, якая робіць горад некалькі цяплей, чым навакольле.

Узімку ў Нью-Ёрку тэмпэратура ў сярэднім вагаецца паміж −2 °C і +5 °C, зь нярэдкімі адхіленьнямі ад нормы. Амаль кожнай зімой выпадае сьнег, у сярэднім 60 см на год. Вясна мяккая, з тэмпэратурай ад 7 °C да 16 °C. Летам у Нью-Ёрку параўнальна горача, сярэдняя тэмпэратура вагаецца ад 19 °C да 28 °C, маюцца пэрыяды высокай вільготнасьці паветра. Часта тэмпэратура перавышае 32 °C, а зрэдку дасягае 38 °C сьпякоты і вышэй. Восень у Нью-Ёрку прыемная, з тэмпэратурай ад 10 °C да 18 °C. Аднак нью-ёрскае надвор’е вельмі непрадказальнае і час ад часу зьдзіўляе нью-ёркцаў мяккай, амаль бясьсьнежнай зімой або даволі адчувальнай прахалодай летам. Бывала, што яшчэ ў красавіку здаралася моцная мяцеліца, якая пакрывала Нью-Ёрк тоўстым пластом сьнегу. Часам тэмпэратура можа рэзка вагацца ад дня да дня. Вандроўцам рэкамэндуецца сачыць за прагнозам надвор’я і мець некалькі відаў адзеньня позьняй восеньню і раньняй вясной.

  Кліматычныя зьвесткі для Нью-Ёрку  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 22 24 30 36 37 38 41 40 39 34 29 24 41
Сярэдні максымум t, °C 3 5 10 16 22 26 29 28 24 18 12 6 16,6
Сярэдняя t, °C 0 1 6 11 17 22 25 24 20 14 8 3 12,6
Сярэдні мінімум t, °C −3 −2 2 7 12 17 21 20 16 10 5 0 8,8
Абсалютны мінімум t, °C −21 −26 −16 −11 0 7 11 10 4 −2 −14 −25 −26
Норма ападкаў, мм 105 80 111 109 119 98 117 107 107 98 110 100 1261
Крыніца: Average Weather for New York, NY
 
Цэнтральны парк у Нью-Ёрку.

Горад Нью-Ёрк мае складаную паркавую сыстэму, у якую ўваходзяць розныя паркі і зоны, якія кіруюцца Нацыянальнай паркавай службай, Управай паркаў, рэкрэацыі і гістарычнага захаваньня штату Нью-Ёрк, а таксама Дэпартамэнтам паркаў і рэкрэацыі Нью-Ёрку. У 2018 годзе ў адмысловым рэйтынгу ParkScore паркавая сыстэма гораду заняла дзявяты радок сярод пяцідзесяці самых заселеных гарадоў ЗША[24].

Нацыянальная зона адпачынку Гэйтўэй мае плошчу ў больш за 110 км², пры гэтым большая частка зоны належыць Нью-Ёрку[25]. У Брукліне і Кўінзе гэты парк зьмяшчае больш за 36 км² салёных балотаў, забалочаных участкаў і астравоў. Там жа ў Кўінзе да парку належыць значная заходняя частка паўвострава Рокаўэй. У Стэйтэн-Айлэндзе парк улучае ў сябе шэраг фортаў ды Грэйт-Кілз парк. У межах Нью-Ёрку ёсьць сем дзяржаўных паркаў, сярод якіх ёсьць нацыянальны парк Рывэрбанк. Гарадзкія паркі займаюць плошчу ў 110 км², а даўжыня пляжаў складае 23 км[26]. Найбуйнейшым гарадзкім паркам ёсьць Пэлэм-Бэй парк у Бронксе, плошча якога складае 1122 гектараў[27], а самым вядомым і наведваным ёсьць Цэнтральны парк, які штогод наведваюць 40 мільёнаў чалавек[28].

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Чайнатаўн у Мангэтане.

У 2000 годзе ў Нью-Ёрку пражывала 8 008 278 чалавек, 3 021 588 хатніх гаспадарак і 1 852 233 сям’і. Шчыльнасьць насельніцтва 10 194,2/км². У горадзе 3 200 912 жыльлёвых адзінак, зь сярэдняй шчыльнасьцю 4074,6/км². Расавы склад гораду: 44,66% белых, 26,59% афраамэрыканцаў, 0,52% карэнных амэрыканцаў (індзейцаў), 9,83% aзіятаў, 0,07% ціхаакіянцаў, 13,42% іншых расаў, і 4,92% людзей, якія далучаюць сябе да двух або больш расаў. 26,98% насельніцтва — лацінаамэрыканцы, незалежна ад расы.

Сярэдні, а дакладней мэдыянны прыбытак хатніх гаспадарак у горадзе $38 293, сем’яў — $41 887. Сярэдні прыбытак у мужчын $37 435, у жанчын $32 949. Прыбытак на душу насельніцтва $22 402. 21,2% насельніцтва і 18,5% сем’яў находзяцца ніжэй за мяжу беднаты. З усіх людзей якія жывуць у беднаце, 30,0% маладзей за 18 гадоў, і 17,8% ва ўзросьце 65 гадоў і старэй.

Сярод 3 021 588 хатніх гаспадарак, у 29,7% ёсьць дзеці маладзей 18 гадоў; 37,2% складаюцца з шлюбных пар, якія жывуць разам; у 19,1% разьдзел хатняй гаспадаркі — жанчына без мужа; 38,7% хатніх гаспадарак — ня сем’і. 31,9% усіх хатніх гаспадарак складаюцца з самастойных асоб, і ў 9,9% жыве адзін чалавек узростам 65 гадоў або старэй. Сярэдні памер хатняй гаспадаркі 2,59, а сярэдні памер сям’і 3,32.

Па ўзросьце, насельніцтва гораду разьбіваецца наступным чынам: 24,2% маладзей 18 гадоў, 10,0% ад 18 да 24, 32,9% ад 25 да 44, 21,2% ад 45 да 64, і 11,7% узростам 65 гадоў і старэй. Мэдыянны ўзрост 34 гады. На кожныя 100 жанчын прыходзіцца 90,0 мужчын. На кожныя 100 жанчын узростам 18 гадоў і больш, прыходзіцца 85,9 мужчын.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Таймз Сквэр

Нью-Ёрк зьяўляецца цэнтарам міжнароднага бізнэсу і гандлю ў сьвеце, а таксама шматлікіх галінаў прамысловасьці ў Злучаных Штатах. Ён зьяўляецца фінансавым цэнтрам краіны: у ім находзяцца такія біржы, як Нью-Ёрская Фондавая Біржа, NASDAQ, American Stock Exchange, New York Mercantile Exchange і New York Board of Trade. Нью-Ёрская фінансавая галіна засяроджаная на Ўол-стрыт у ніжнім Мангэтане. Горад зьяўляецца буйным цэнтрам банкаўскай справы і фінансаў, сусьветнага гандлю, транспарту, турызму, рынку нерухомасьці, новых сродкаў масавай інфармацыі, а таксама традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі, рэклямы, юрыдычных паслуг, бухгальтарскага ўліку, страхаваньня, моды і мастацтва ў Злучаных Штатах. Нью-ёркская фондавая біржа на Ўол-стрыт ёсьць найбуйнейшай у сьвеце біржай па агульнай рынкавай капіталізацыі публічных кампаніяў[29].

Нерухомасьць зьяўляецца асноўнай рухаючай сілай у эканоміцы гораду. Агульны кошт усёй маёмасьці Нью-Ёрку быў ацэнены ў 914,8 мільярдаў даляраў ЗША на 2015 год[30]. Кампанія Time Warner Center мае найвялікшую колькасьць уласнасьці ў горадзе[30]. На 2013 год сусьветныя рэклямныя агенцтвы Omnicom Group і Interpublic Group, якія базуюцца ў Мангэтэне, разам мелі гадавы прыбытак каля $ 21 млрд, што адлюстроўвае ролю Нью-Ёрку ў якасьці вядучага сусьветнага цэнтра рэклямнай індустрыі.

Нью-Ёрк быў першапачатковым цэнтрам амэрыканскай кінэматаграфіі, пакуль яна не перамясьцілася ў Галівуд, але і цяпер у Нью-Ёрку працягваюць вырабляць некаторыя фільмы і тэлеперадачы. Нью-Ёрк таксама сталіца моды ЗША, тут находзяцца штаб-кватэры шматлікіх мадэльераў. У Нью-Ёрку находзіцца мноства выдавецтваў, і тут часта ўпершыню друкуюцца новыя кнігі. ­Іншыя важныя сэктары ўключаюць мэдычныя дасьледаваньні і тэхналёгіі, некамэрцыйныя ўстановы і ўнівэрсытэты.

Транспарт

рэдагаваць

Да грамадзкага транспарта Нью-Ёрку ставяцца мэтрапалітэн, аўтобусы, таксі, гарадзкі цягнік Статэн-Айлэнду, лінная дарога на высьпе Рузвэлта, цягнік-аэроэкспрэс і паром на Статэн-Айлэнд. Амаль усе з гэтых сыстэмаў, а таксама прыгарадныя цягнікі й аўтобусы эксплюатуюцца адной кампаніяй (MTA) і маюць адзіную сыстэму аплаты праезду па магнітных квітках. У адрозьненьне ад іншых буйных гарадоў ЗША, грамадзкі транспарт самы папулярны спосаб перамяшчэньня. Так, у 2005 годзе 54,6% жыхароў Нью-Ёрку дабіраліся да працы, выкарыстоўваючы грамадзкі транспарт[31]. Прыкладна кожны трэці карыстач грамадзкага транспарту ў ЗША й дзьве траціны карыстачоў чыгункі жыве ў Нью-Ёрку й ягоных прыгарадах. Гэта моцна адрозьнівае яго ад астатняй частцы краіны, дзе каля 90% жыхароў прыгарадаў выкарыстоўваюць ўласныя аўтамабілі дзеля перамяшчэньня да працоўнага месца. Нью-Ёрк — адзіны горад у Злучаных Штатах, дзе больш чым у палове хатніх гаспадарак няма аўтамабіля, пры гэтым у Мангэтане аналягічны паказчык перавышае 75%, а ў цэлым па краіне адсотак падобных хатніх гаспадарак складае ўсяго 8%. Згодна зь Бюро перапісу ЗША, жыхары Нью-Ёрку ў сярэднім трацяць 38,4 хвіліны ў дзень для таго, каб дабрацца да сваёй працы.

Мэтрапалітэн

рэдагаваць
 
Цягнік нью-ёрскага мэтро на паверхні.
Асноўны артыкул: Нью-Ёрскі мэтрапалітэн

Мэтрапалітэн Нью-Ёрку ўключае ў сябе 468 станцыяў на 34 маршрутах, мае агульную даўжыню ў 1355 км і зьяўляецца самым працяглым у сьвеце па агульнай даўжыні маршрутаў (​​самае доўгае па лініях — шанхайскі). Мэтро ахоплівае 4 з 5-ці гарадзкіх раёнаў (Мангэтан, Бруклін, Кўінз і Бронкс). Яно традыцыйна называецца «subway» (падземка), аднак 40% шляхоў і траціна станцыяў знаходзяцца на паверхні й разьмешчаны на ўзроўні зямлі альбо на эстакадзе.

Першая лінія мэтрапалітэна ў Нью-Ёрку была адчынена ў 1868 годзе прыватнай кампаніяй BRT. Да 1932 году мэтрапалітэн знаходзіўся ўва прыватным валоданьні й належыў дзьвюм кампаніям: BRT і IRT. Затым да іх дадалася муніцыпальная кампанія, якая ў 1940 годзе скупіла абедзьве прыватныя й аб’яднала гарадзкі мэтрапалітэн у адзіны гаспадарчы комплекс. У цяперашні час кіруючая мэтрапалітэнам кампанія МТА таксама кіруе й сеткай гарадзкіх аўтобусных маршрутаў.

За выключэньнем некаторых маршрутаў, мэтрапалітэн працуе 24 гадзіны ў дзень, перавозячы каля чатырох мільёнаў чалавек за суткі. У цяперашні час пачалася распрацоўка праекту па перакладзе нью-ёрцкага мэтрапалітэна на аўтаматычнае кіраваньне. Кошт праезду па стане на травень 2011 году наступны: аднаразовая паездка — $ 2,25 (аднаразовы білет для паездкі на мэтро дае права на працягу 2-х гадзінаў працягнуць паездку на аўтобусе гарадзкой аўтобуснай сеткі, якая таксама кіруецца МТА); за праязны квіток на 7 сутак варта аддаць $ 29, на 14 сутак — $ 52, на 30 сутак — $ 104. Пры гэтым шматдзённы праязны білет дае права на неаднаразовы без абмежаваньняў праезд у мэтрапалітэне й ува аўтобусах гораду на працягу тэрміну ягонага дзеяньня. Адлік пачатку тэрміну дзеяньня праязнога (гэта значыць фіксацыя першых сутак выкарыстаньня квітка) вырабляецца з моманту першага праходу праз турнікет мэтрапалітэна альбо аўтобуса па-за залежнасьці ад часу праходу й заканчваецца ў 24 гадзінаў апошніх сутак дзеяньня.

Нью-Ёрк мае разьвітую сетку аўтобусных маршрутаў, якая штодня перавозіць больш за 2 мільёны пасажыраў. Аўтобусная сетка Нью-Ёрку ўключае больш за 200 мясцовых, якія курсуюць выключна па сваім раёне, і 30 хуткасных міжраённых маршрутаў, на якіх працуе больш за 5900 аўтобусаў. Кожны мясцовы маршрут мае нумар і літарны прэфікс, які пазначае раён, які ён абслугоўвае (B — Бруклін, Bx — Бронкс, M — Мангэтан, Q —​ Кўінз, S — Статэн-Айлэнд), а хуткасныя маршруты пазначаныя прэфіксам X.

Кошт праезду па стане на студзень 2010 году — $ 2,25, які можна аплаціць манэтамі пры ўваходзе ў пярэднія дзьверы аўтобуса ў аўтамаце, разьмешчаным перад кіроўцам. Пры гэтым у кіроўцы можна папрасіць «трансфэр». Гэты дакумэнт дазваляе на працягу дьвюх гадзін вырабіць перасадку і без аплаты працягнуць рух на іншым аўтобусе (у спадарожным альбо перасякаючым кірунку, але не ў зваротным), альбо на мэтро. Таксама для праезду можна скарыстацца квітком, выдадзеным у мэтрапалітэне, пасьля выкарыстаньня гэтага квітка для паездкі на цягніку мэтро.

Гарадзкі цягнік

рэдагаваць

Не зьвязаная з мэтро і прыгараднымі цягнікамі, лінія гарадзкога цягніка на Статэн-Айлэндзе мае цягнікі, якія ёсьць аналягічнымі да мэтрапалітэнаўскіх, і дзейнічае пад кіраваньнем той жа кампаніі MTA. Разглядаюцца праекты па пераўтварэньню дзеючых і закінутых чыгуначных лініяў выспы ў дзьве лініі лёгкага мэтрапалітэну.

Гарады-сябры

рэдагаваць
  1. ^ Гаворачы аб гісторыі гораду Нью-Ёрку, трэба мець на ўвазе, што ў сучаснай тэрыторыі ён існуе толькі з 1898 году. Да гэтага існавала некалькі самастойных тэрыторыяў і толькі адна зь іх звалася горад Нью-Ёрк. Крыніцы не заўсёды надаюць гэтаму значэньне. Адны пры апісаньні гісторыі Нью-Ёрку да 1898 году распавядаюць толькі аб падзеях у гістарычным Нью-Ёрку — Мангэтане, замоўчваючы гісторыю астатніх частак цяперашняга гораду, іншыя, наадварот, завуць Нью-Ёркам месца, якія падчас апісваемых падзеяў так ня зваліся.
  1. ^ а б https://www.nyc.gov/office-of-the-mayor/index.page
  2. ^ «World’s Largest Urban Areas. Ranked by Urban Area Population». Rhett Butler. 2003—2006.
  3. ^ «Largest Cities of the World — (by metro population)». Woolwine-Moen Group d/b/a Graphic Maps.
  4. ^ «United States history. New York City». New York.
  5. ^ Eisenpress, Cara (28.04.2023). «New York is closer than ever to beating the Bay Area on tech». Crain Communications.
  6. ^ «NYC Mayor’s Office for International Affairs». The City of New York.
  7. ^ «DDC New York». Digital Diplomacy Coalition, New York.
  8. ^ Martin; Will, Brandt, Libertina (14.06.2019). «The 21 most influential cities in the world». Business Insider.
  9. ^ Edward Robb Ellis (21.12.2004). «The Epic of New York City: A Narrative History». Basic Books. — С. 593. — ISBN 9780786714360.
  10. ^ Roberts, Sam (14.09.2017). «When the World Called for a Capital». The New York Times.
  11. ^ «Big Radius Tool: StatsAmerica». Indiana Business Research Center.
  12. ^ Annie McDonough (15.08.2023). «Could New York City’s right to shelter apply statewide?». City & State New York.
  13. ^ The New Jersey Colony. MrNussbaum.com. Архіўная копія
  14. ^ «Kingston Discover 300 Years of New York History Dutch colonies». National Park Service, U.S. Department of the Interior.
  15. ^ Ira Rosenwaike (1972). «Population history of New York City». p.55.
  16. ^ «New York Divided: Slavery and the Civil War Online Exhibit». New-York Historical Society.
  17. ^ Насо (Nassau) не ўваходзіць у горад Нью-Ёрк
  18. ^ Burns, Ric (August 22, 2003). «The Center of the World — New York: A Documentary Film (Transcript)». PBS.
  19. ^ Christopher Effgen (September 11, 2001). «New York Crime Rates 1960—2009». Disastercenter.com.
  20. ^ It's official: One World Trade Center to be tallest U.S. skyscraper. CNN.
  21. ^ New York City Skyscraper Diagram. Skyscraper Source Media.
  22. ^ One World Trade Center On Top As Tallest Building In New York City. The International Business Times.
  23. ^ OccupyWallStreet - About. The Occupy Solidarity Network, Inc.
  24. ^ «ParkScore 2018: City Rankings». Trust for Public Land.
  25. ^ «Discover the truly wild side of New York's metropolitan area». NPS.
  26. ^ «Mayor Giuliani Announces Amount of Parkland in New York City has Passed 28,000-acre (110 km2) Mark». New York City Mayor’s Office.
  27. ^ «Pelham Bay Park». New York City Department of Parks and Recreation.
  28. ^ «The World’s Most Visited Tourist Attractions—No. 4 (tie) Central Park, New York City—Annual Visitors: 40,000,000». Travel + Leisure.
  29. ^ 2013 WFE Market Highlights. World Federation of Exchanges.
  30. ^ а б Department of finance publishes fiscal year 2015 tentative assessment roll. New York City Department of Finance.
  31. ^ Les Christie (June 29, 2007). «New Yorkers are Top Transit Users». CNNMoney.com (Cable News Network).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць