Генадзь Цыхун
Гена́дзь Апана́савіч Цыху́н (30 кастрычніка 1936, в. Кунцаўшчына, цяпер Гарадзенскі раён, Беларусь — 18 кастрычніка 2024, Менск, Беларусь) — беларускі мовазнавец, галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Доктар філялягічных навук (1982), прафэсар (1996). Акадэмік Міжнароднай акадэміі Эўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўнівэрсытэту (2003), сябра Міжнароднага камітэту славістаў.
Генадзь Цыхун лац. Hienadź Cychun | |
Дата нараджэньня | 30 кастрычніка 1936[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 18 кастрычніка 2024[2] (87 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | мовазнавец, славіст, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | мовазнаўства[3], славістыка[d][3], лінгвістычная геаграфія[d][3] і дыялекталёгія[3] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філялягічных навук[d][2] (1982) |
Навуковы кіраўнік | Юры Маслаў |
Вучні | Сяргей Запрудзкі |
Бацька | Апанас Цыхун[2] |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Цыхун.
Сын пісьменьніка і краязнаўцы Апанаса Цыхуна.
Біяграфія
рэдагавацьСкончыў сярэднюю школу ў Горадні (Беларуская ССР). У 1953 г. паступіў на аддзяленьне славянскай філялёгіі Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (Расейская СФСР), які ў 1958 г. скончыў па спэцыяльнасьці «Філёляг. Выкладнік баўгарскай мовы і літаратуры». У 1958—1959 гг. — навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. З 1959 г. — асьпірант катэдры славянскай філялёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэту. У 1961—1963 гг. — асьпірант-стажор Сафійскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (Баўгарыя). У 1963 г. вярнуўся на пасаду навуковага супрацоўніка Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа[4].
У 1964 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Сынтаксыс займеньнікавых клітык у баўгарскай і македонскай літаратурных мовах» (пад кіраўніцтвам д.ф.н. праф. Маслава Ю. С.). З 1966 г. пачаў па сумяшчальніцтве выкладаць у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце (БДУ) дыялекталёгію, арэальную лінгвістыку, балканістыку, баўгарскую і македонскую мовы. З 1968 г. — старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа. У 1975—1976 гг. — стыпэндыят ЮНЭСКА пры Варшаўскім унівэрсытэце (Польская Народная Рэспубліка)[4]. У 1982 годзе ў Менску абараніў доктарскую дысэртацыю «Тыпалягічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу». У 1991—1993 быў старшынём Камісіі па ўдасканаленьні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у якую ўваходзілі Вінцук Вячорка й Зьміцер Санько. У 1991—1995 гг. — навуковы сакратар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ). З 1992 г. — старшыня Таварыства «Беларусь—Баўгарыя» і намесьнік старшыні Беларускага камітэту славістаў. З 1993 г. — сябра Міжнароднага камітэту славістаў[4].
У 1993—1994 працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненьні правапісу беларускай мовы (старшыня народны паэт Ніл Гілевіч)[5]. У 1994—2004 гг. — запрошаны прафэсар на катэдры беларускай філялёгіі Беластоцкага ўнівэрсытэту (Падляскае ваяводзтва, Польшча). З 1994 г. — акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі (Масква, Расея). У 1995—2000 гг. — намесьнік старшыні МАБ. З 1995 г. — старшыня Тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1996 г. атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. У 1996—2005 гг. — загаднік аддзелу навуковай тэрміналёгіі Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Ф.Скарыны пры Міністэрстве адукацыі Беларусі. З 1996 г. — па сумяшчальніцтве прафэсар катэдры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ. У 2003 г. атрымаў званьне ганаровага доктара Сафійскага ўнівэрсытэту. У 2009 г. стаў замежным сябрам Македонскай акадэміі навук і мастацтваў (Скоп’е)[4].
Асноўныя працы
рэдагавацьНавуковыя інтарэсы: этымалёгія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучае з дасьледаваньнямі ў галіне беларускай мовы. Ён сааўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы».
Мае больш за 300 публікацыяў[6] па тыпалёгіі славянскіх моваў і іх сувязях, моўных зьвязах, гаворках Палесься і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалёгіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.
- Типологические проблемы балканославянского языкового ареала. — Минск: Наука и техника, 1981. — 230 с.
- Тураўскі слоўнік. Т. 1—5. Мн.: Навука і тэхніка, 1982—1987. Суаўтары: А. А. Крывіцкі, І. Я. Яшкін.
- Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання [Х Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. Мн.: Навука і тэхніка, 1988. — 40 с.
- Славянскія мовы ў святле экалінгвістыкі [XII Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. Мн.: Беларускі камітэт славістаў, 1998. — 24 с.
- Міжславянскае моўнае ўзаемадзеянне (сацыякультурны аспект) [ХІІІ Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. Мн.: Беларускі камітэт славістаў, 2003. — 24 с.
- Паўднёваславянскі кампанент у мове Францыска Скарыны // Беларуская лінгвістыка. 1990. Вып. 38. С. 10—14.
- Deformation im System der weißrussischen Standardsprache unter den Bedingungen des Totalitarismus // Die Sprache der Diktaturen und Diktatoren. Heidelberg: Universitätsverlag C. Winter, 1995. S. 229—239.
- Беларусь у міжславянскіх сувязях (гістарычна-моўная праблематыка) // Pavol Jozef Šafárik a slavistika. Prešov, Martin, 1996. S. 279—284.
- Крэалізаваны прадукт: Трасянка як прадмет лінгвістычнага даследавання // Arche-Скарына. 2000. № 6. С. 51—58.
- Белоруско-български паралели от етимологична гледна точка (Някои допълнения и уточнения към «Български етимологичен речник») // Български език. 1999/2000. Год. XLVIII. Кн. 1. С. 41-44.
- З нёманскай гідраніміі // Nazwy własne na pograniczach kulturowych. [Studia Slawistyczne, 2]. Białystok: LIBRA, 2000. S. 261—265.
- Weißrussisch // Wieser Enzyklopädie des europäischen Ostens. Bd. 10: Sprachenlexikon. Klagenfurt-Wien-Ljubljana-Sarajevo, 2002. S. 838—854.
- The Linguistic Situation and Mixed Language Forms in Belarus // History, Language and Society in the Borderlands of Europe: Ukraine and Belarus in Focus. Ed. B. Törnquist-Plewa. Malmö: Sekel Bokförlag, 2006. P. 61—75.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Cychun, Henadz‘ Apanasavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г д Наша Ніва (белар.) — 1991. — ISSN 1819-1614; 1819-1630
- ^ а б в г Cychun, Henadz‘ Apanasavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г Генадзь Цыхун // Таварыства беларускай мовы, 2016 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ Зьміцер Саўка. Вярблюд на трасянцы // Arche № 1—2 (53) — 2007
- ^ Генадзь Апанасавіч Цыхун(недаступная спасылка) // Катэдра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сяргей Запрудзкі, Алена Анісім, Уладзь Кошчанка, Сяргей Кручкоў, Адам Мальдзіс, Алена Таболіч і Генадзь Цыхун. Стратэгія разьвіцьця беларускай мовы ў ХХІ стагодзьдзі // Беларуская Палічка, 2013 г. Архіўная копія ад 22 красавіка 2013 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.