Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1930 году

Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1930 году — праект рэформы беларускага правапісу, распрацаваны акадэмічнай Правапіснай Камісіяй у 1927—1929 гадох (карэктура праекту зьявілася на мяжы 1929—1930 гадоў, калі савецкія ўлады ўжо пачалі разгортваць антынацдэмаўскую кампанію).

Перадумовы

рэдагаваць

У пэўных выпадках кадыфікацыя Браніслава Тарашкевіча замацавала паралельныя граматычныя формы, што у пачатковы пэрыяд станаўленьня літаратурнай мовы выклікалася імкненьнем адлюстраваць як мага больш чыстабеларускіх моўных асаблівасьцяў, каб у працэсе функцыянаваньня літаратурнай мовы праверыць іх жыцьцяздольнасьць. Стваральнік беларускай граматыкі разьлічваў на тое, што той узус, які пазьней стане адзінай нормаю, выкрышталізуецца ў час моўнай практыкі[1].

Пашырэньне сфэраў ужываньня беларускага пісьма прывяло да актуалізацыі пытаньняў з далейшага ўнармаваньня артаграфіі, што выявілася ў 1920-я гады ў працах найперш Язэпа Лёсіка. У 1926 годзе ў Менску адбылася прадстаўнічая міжнародная Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая выявіла неразьвязаныя пытаньні, пазначыла магчымыя шляхі іх разьвязаньня, але не прыняла ніякіх дакумэнтаў кадыфікацыйнага характару. Увосень 1927 году ўтварылася Правапісная Камісія ў складзе акадэмікаў Сьцяпана Некрашэвіча (старшыня), Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Яна Луцэвіча (Янкі Купалы), дацэнта БДУ Анатоля Багдановіча (сакратар), доктара навук Пятра Бузука, навуковых супрацоўнікаў Інбелкульту Янкі Бялькевіча і Ўладзіслава Чаржынскага[2].

У 1929 годзе з прыходам да ўлады ў СССР Сталіна і наступным згортваньнем палітыкі беларусізацыі, Саўнаркам БССР звольніў Сьцяпана Некрашэвіча з пасады віцэ-прэзыдэнта Беларускай Акадэміі Навук, адначасна была спыненая праца Правапіснай камісіі. Аднак нягледзячы на неспрыяльную палітычную каньюнктуру, вынікі яе дзейнасьці выйшлі з друку ў 1930 годзе[3].

Існасьць зьменаў

рэдагаваць

Гэты праект пераважна працягваў і разьвіваў Тарашкевічаў правапіс. У прыватнасьці, у ім захоўваліся тыя напісаньні, што ў пазьнейшых кадыфікацыйных працах падлягалі зьменам: да прыкладу, аб’ежчык; парыскі, чэскі; гарадзкі, людзкі; бяз нас, ня руш і г. д.[4]

У друкаванай рэдакцыі праекту была прапанова скасаваць асыміляцыйную мяккасьць. Аднак яна зьявілася ў праекце толькі ў карэктуры — гэта значыць на мяжы 1929—1930 гадоў, калі пачала раскручвацца антынацдэмаўская кампанія. Дагэтуль Правапісная Камісія згадзілася на тым, што мяккі знак варта прыбраць выняткова ў падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц (насенне, сьмецце, суддзя або судздзя). Скасаваць мяккі знак у іншых пазыцыях катэгарычна не згаджаўся старшыня Камісіі Сьцяпан Некрашэвіч, які на момант рыхтаваньня дакумэнту да друку страціў свае званьні й дажываў апошнія месяцы на волі. Рашуча не прыняў гэтага скасаваньня і Янка Купала[5].

Праект зьмяшчаў і іншыя кардынальна новыя прапановы, адкінутыя савецкімі ўладамі. Пэўныя зь іх, урэшце, прынялі пры нармалізацыі клясычнага правапісу 2005 году — гэта:

  • пашырэньне яканьня ў лічэбніках: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць;
  • адмова ад правядзеньня яканьня ў 2-м складзе перад націскам, калі ў першым пераднаціскным няма а/я: невысокі, беспрытульны;
  • увядзеньне аканьня ў пазычаньнях: маналёг, каапэрацыя, фанэтыка.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Рамза Т. Тарашкевіца і наркамаўка: ці ёсць граматычнае процістаянне // Rozprawy Komisji Językowej ŁTN. Tom 66, 2018. S. 412—413.
  2. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 15.
  3. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 16.
  4. ^ Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. — Менск, 1930. — С. 12.
  5. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 17.

Літаратура

рэдагаваць