Узус
Узус (ад па-лацінску: usus — карыставаньне, ужываньне, звычай) — у мовазнаўстве прынятае ў пэўнай супольнасьці ўжываньне моўных сродкаў — словаў, фразэалягізмаў і да т. п. Узус проціпастаўляецца аказіянальнаму, часоваму ці індывідуальнаму, выкарыстаньню. Напрыклад, нэалягізм ня ёсьць узуальнай адзінкай мовы. Узус рэалізуецца ў акце маўленьня. Уласна, акт маўленьня зьдзяйсьняецца адпаведна узусу.
Панятак узусу цесна зьвязаны з паняткамі моўнае нормы і моўнае сыстэмы. Норма — пэўная абстракцыя, абагульненьне і кадыфікацыя правілаў, на аснове якіх зьдзяйсьняецца узус, то бок гэта фармалізаваны ды ўнармаваны узус. У пэўных выпадках норма і узус могуць проціпастаўляцца. Напрыклад, у выпадку, калі жывыя нормы узусу яшчэ не адлюстраваныя ў фармальных правілах нормы.
Звычайна ўзуальнае ўжываньне адзінак мовы фіксуецца слоўнікамі — тлумачальнымі, фразэалягічнымі, артаграфічнымі, артаэпічнымі і інш.