Ні́л Гіле́віч (нар. 30 верасьня 1931, вёска Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — пам. 29 сакавіка 2016, Менск) — беларускі паэт і грамадзкі дзяяч, народны паэт Беларусі (1991).

Ніл Гілевіч
Ніл Сымонавіч Гілевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 30 верасьня 1931(1931-09-30)
в. Слабада, Лагойскі раён, Беларуская ССР, СССР
Памёр 29 сакавіка 2016
Менск
Пахаваны
Бацькі Сымон Пятровіч Гілевіч[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, грамадзкі дзяяч
Гады творчасьці з 1946 да 2016
Жанр Паэзія
Мова беларуская мова[1]
Прэміі Заслужаны дзяяч навукі БССР (1980), Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1980), Міжнародная прэмія імя Х. Боцева (1986), Народны паэт Беларусі (1991)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Першыя гады пасьля нямецка-савецкай вайны працаваў паштальёнам у калгасе. У 1951 годзе скончыў Менскае пэдагагічнае вучылішча. Апошні год навучаньня (1955—1956) спалучаў з працай настаўніка ў адной са школаў Менску. У 1956 годзе скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (спэцыяльнасьць: «беларуская і расейская мова і літаратура»), а пасьля асьпірантуру пры ім. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1954 году. Кандыдат філялягічных навук, прафэсар (у 1963 годзе ў Менску абараніў кандыдацкую дысэртацыю па тэме «Паэзія „Маладняка“»). У 1958—1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газэты «Зьвязда». У 1960—1986 — супрацоўнік катэдры беларускае літаратуры БДУ. У 1980—1989 — першы сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газэты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннае Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры й захаваньні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985—1990). У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

Як народны дэпутат БССР і Сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР выступаў супраць пляну закону аб дзьвюхмоўі (аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай) А. Р. Лукашэнкі (тады яшчэ таксама народнага дэпутата БССР). Удзельнічаў у апазыцыйных мітынгах.

Падчас перадвыбарчай кампаніі 2006 году ўваходзіў у выбарчы штаб Аляксандра Казуліна. У гэтым самым годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» адмовіла ў выданьні ягонай кнігі «Выбранае».

Памёр 29 сакавіка 2016 году ў Менску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Узнагароды і ганаровыя званьні рэдагаваць

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэн Сяброўства народаў, ордэн Кірыла і Мяфодзія I ступені (Баўгарыя), ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай, мэдаль Францішка Скарыны (1990). У 2006 годзе ўзнагароджаны ордэнам князя Яраслава Мудрага 2-й ступені (украінскай дзяржаўнай узнагародай) за «важкі асабісты ўклад у разьвіцьцё міжнароднага супрацоўніцтва, умацаваньне аўтарытэту й станоўчага іміджу Ўкраіны ў сьвеце, папулярызацыю яе гістарычных і сучасных дасягненьняў».

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Народны паэт Беларусі (1991).

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986).

Творчасьць рэдагаваць

Пачаў друкавацца ў 1946 годзе.

Кнігі паэзіі: «Песьня ў дарогу» (1957), «Прадвесьне йдзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісьце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «Святлынь» (1984), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), «Повязь» (1987), «Як дрэва карэньнем» (1986), «Жыта, сосны й валуны» 1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), Маладое, бестурботнае, ад рэдактараў свабоднае: Вершаваныя гратэскі, 1950-1951 гг. (1997), Лесам песня ішла (2001), Паланэз Агінскага (2002), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004), Сказ пра залатое пёрка (2005), Мой тэстамэнт (2006), У ноч на Пакровы (2008), Замова ад страху (2009), Пацеркі Божай Маці (2011), Эпіграмы, 1958―2012 (2014).

Зборнікі сатыры й гумару: «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці два» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «У добрай згодзе» (1979), «Кантора» (1989), «Дыялёг на хаду» (1990), «Сказ пра Лысую гару» (2003).

Зборнікі вершаў і паэм для дзяцей: «Сьцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчасьлівыя хвіліны» (2001), Я ― беларус (2008).

Літаратуразнаўства й фальклярыстыка: «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песьня» (1968), «З клопатам пра песьні народа» (1970), «Паэтыка беларускае народнае лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная баўгарская паэзыя. 1956—1976» (1977), «Вусная народная творчасьць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978).

Публіцыстыка: «У гэта веру» (1978), «Удзячнасьць і абавязак» (1982), «Покліч жыцьця й часу» (1983), «Годнасьць, сумленнасьць, мужнасьць» (1988), «Вяртаньне й працяг» (1990), «Выбар» (1993), «Як не спыніць узыходу сонца…» (1993), Толькі мы самі (2006), У віры быцця: Новая кніга эсэістыкі (2015).

Фальклёрныя зборнікі: «Песьні сямі вёсак» (1973), «Песьні народных сьвятаў і абрадаў» (1974), «Лірычныя песьні» (1976), «Лірыка беларускага вясельля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданьні й мудраслоўі» (1983), «Лесам песьня йшла» (2001).

Пераклады: з баўгарскае мовы: аповесьць П. Вежынава «Сьляды застаюцца» (1960), раман С.Даскалова «Свая зямля» (1961) й яго ж зборнік апавяданьняў «Любча-безьбілетнік» (1959), зборнік «Баўгарскія народныя песьні» (1961), анталёгія сучаснае паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталёгія клясычнае паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталёгія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н.Вапцарава «Песьня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цьвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г.Джагарава «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Л.Леўчава «Мелёдыя для флейты» (1990). Выйшлі выбраныя старонкі славенскае паэзыі XIX—XX ст. «Маці мая, Славенія» (1978), — казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх» (1970), зборнік югаслаўскай паэзыі «Па камянях, як па зорах» (1980), кніга лірыкі О.Жупанчыча «У вечным дазоры» (1985). Пераклаў шматлікія творы Х.Боцева, І. Вазава, П.Яварава, Н.Вылчава, А.Германава, І. Давыдкава, Д.Методзіева, А.Стаянава і інш. Перакладаў таксама з расейскай, украінскай, польскай, сэрбскахарвацкай і іншых моваў.

Выйшлі «Выбраныя творы» ў двух тамах (1981), зборнік п’ес «Начлег на бусьлянцы» (1980), аповесьць «Перажыўшы вайну» (1988), Разумная дзевачка (2005).

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі