Добрапіс
«До́брапіс» — шматфункцыйны моўны сэрвіс зь інтэрфэйсам на беларускай мове клясычным правапісам ад тэлеканалу Белсату, які ўлучае ў сабе праверку артаграфіі беларускае мовы, канвэртар лацінкі й базу іншамоўных найменьняў. Правярае артаграфію ў афіцыйным і клясычным правапісах.
«Добрапіс» | |
Тып | моўны сэрвіс |
---|---|
Даступныя мовы | беларуская |
Уладальнік | тэлеканал «Белсат» |
Аўтар | Зьміцер Саўка |
Пачатак працы | 2015 год |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | няма |
Прыбытак | няма |
Актуальны стан | дзейны |
dobrapis.belsat.eu |
Гісторыя
рэдагавацьПраект стварыў у 2015 годзе беларускі мовазнаўца Зьміцер Саўка разам з моўнай службай тэлеканалу Белсату й з чыннай дапамогай валянтэраў[1], у тым ліку праграміста Алеся Булойчыка. Пачатковая мэта — аўтаматычнае выпраўленьне памылак у журналісцкіх тэкстах супрацоўнікаў тэлеканалу[2]. Першапачаткова моўны сэрвіс «Добрапіс» месьціўся ў дамэне dobrapis.info[3].
На 2018 год слоўнікавая база складалася з больш за 1,5 мільёна словаў і славаформаў афіцыйным правапісам і 1,2 мільёны клясычным. Апроч таго, сэрвіс утрымліваў базу з 38 тысячаў іншамоўных уласных імёнаў, адаптаваных на беларускую мову зь дзясяткаў іншых моваў[4]. База папаўняецца натуральным чынам — тымі пазыцыямі, якіх патрабуе час[2]. 2 жніўня 2018 году «Добрапіс» перамясьцілі на паддамэн тэлеканалу «Белсат» dobrapis.belsat.eu[5]. Разам зь блякіроўкаю сайту «Белсату» ў Беларусі са жніўня 2020 году сайт «Добрапісу» таксама застаўся заблякаваны[6][7].
Апісаньне
рэдагавацьДапамагае пазбавіцца памылак у тэксьце, напісаным па-беларуску ці афіцыйным, ці клясычным правапісам (як стандартавы заладоўваецца разьдзел «Афіцыйны правапіс»). Правярае правапіс толькі ў межах аднога слова[8].
Дазваляе пошук беларускага асваеньня іншамоўных найменьняў (імёны, прозьвішчы, тапонімы, назвы краінаў, арганізацыяў, фірмаў, спартовых камандаў і пад.).
Канвэртар лацінкі дапамагае карыстальнікам у правільным зваротным пераводзе кірылічных тэкстаў (у тым ліку беларускіх уласных імёнаў) у лацінкавыя.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ КМ. 5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зьміцер Саўка // Радыё «Свабода», 11 красавіка 2016 г. Праверана 4 лютага 2021 г.
- ^ а б Настасься Вікулава. Беларусы стварылі ўнікальны сэрвіс, які не дае памыліцца // Тэлеканал «Белсат», 6 верасьня 2018 г. Архіўная копія ад 6 жніўня 2018 г. Праверана 4 лютага 2021 г.
- ^ Моўны сэрвіс «Добрапіс» // Мэтадычны партал «Настаўнік», 2016 г. Праверана 4 лютага 2021 г.
- ^ Журналісты запусцілі праект «Добрапіс» для пошуку памылак у беларускамоўных тэкстах, DEV.BY, 3.08.2018 г.
- ^ Унікальны сэрвіс «Добрапіс» цяпер дасяжны на новым адрасе // Тэлеканал «Белсат», 2 жніўня 2018 г. Праверана 4 лютага 2021 г.
- ^ Виталий Олехнович. (2020-08-22) В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (рас.). Onliner.by. Праверана 2020-12-23 г.
- ^ В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (рас.). Meduza (2020-08-22). Праверана 2020-08-24 г.
- ^ Пра сэрвіс // «Добрапіс», 2021 г. Архіўная копія ад 2021 г. Праверана 4 лютага 2021 г.