Камароўка (Менск)
Камароўка, Камароўскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места, за Траецкай Гарой і Залатой Горкай. Раней месьцічы адрозьнівалі Старую Камароўку (раён цяперашніх пляцу Якуба Коласа, бульвара Ўладзімера Мулявіна і вуліцы Краснай) ад Новай Камароўкі (дзялянка паміж праспэктам Машэрава і вуліцай Харужай)[1].
На паўднёвы захад ад Камароўкі пачынаецца Старажоўка, на захад — Пярэспа, на поўдзень — Залатая Горка, на ўсход — Рай і Ваньковічаў лес, на паўночны ўсход ад прадмесьця знаходзіўся Гарадзкі выган (Камароўскае балота)[2][3].
Назвы
рэдагавацьІснуе некалькі вэрсіяў паходжаньня назвы мясцовасьці. Першая зь іх мае зьвязкі з народнай легендай пра блазнаватага Федзьку Камара, які паквапіўся на скарб памерлага і патануў у багне[4]. Другая вэрсія атаясамлівае назву мясцовасьці з камарамі, якія насялялі тутэйшае балота.
Трэцюю, навуковую, вэрсію прапанаваў беларускі гісторык і археоляг Пётар Русаў. У сваім дасьледаваньні ён давёў, што ў старажытных дакумэнтах мясцовасьць называлі «Камораўкай». У летапісных крыніцах слова «камара», «камора», «комора» пазначалі скляпы, скляпеньні або памяшканьні. Гэтак жа звалі кантору пры лясьнікоўстве, а ў XV—XVIII стагодзьдзях — мытню[5].
Гісторыя
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра мясцовасьць датуецца 1552 рокам[5] (паводле іншых зьвестак, Камароўскае балота пачынае ўпамінацца ў актах пачатку XVII ст.[6]). Некалі на месцы прадмесьця існавала вёска Камароўка, якая да 1812 року знаходзілася ў валоданьні князёў Радзівілаў (па тым, як Радзівілы выступілі на баку Напалеона ўлады Расейскай імпэрыі адабралі ў іх вёску і прылеглыя тэрыторыі і перапрадалі менскаму зямяніну Станіславу Ваньковічу).
Паводле падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. Камароўка была адметная «сваімі гарамі, густым хваёвым лесам, і швайцарскім дамком, і маслабойнымі»[7] У 1879 року «вёска Камароўка» (2 вярсты ад тагачаснага цэнтру места — сучаснага пляцу Волі) — «каля 40 жыхароў». Да канца XIX ст. вёска ўвайшла ў склад Менску, а яе назва пашырылася на ўсю паўночна-ўсходнюю частку места.
У пачатку XX ст. Камароўка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Пачыналася на паўночны-захад ад Камароўкай вуліцы (цяпер праспэкт Машэрава) і амаль цалкам належала зямяніну П. Ваньковічу, чые продкі і сваякі былі вядомымі культурнымі дзеячамі. Праз прадмесьце праходзілі Старавіленская, Вялікая Барысаўская (цяпер Максіма Багдановіча), Георгіеўская (Чычэрына), Плябанская (Куйбышава), Бондараўская (Гікалы) — тамака сяліліся рамесьнікі-бондары, Казакоўская (Пугачоўская) — назва пайшла ад прозьвішча ўладальніцы гэтага пляцу зямянкі Аўгустыны Казаковай, Міжтрактавая (не існуе), Турэцкая (Беламорская), Кітайская (Усходняя) вуліцы, Лагойскі (вуліца Якуба Коласа) і Барысаўскі (праспэкт Незалежнасьці) тракты, дарога на Цну, Казакоўскі завулак[2][8].
У асноўным у прадмесьці сяліліся рамесьнікі і працоўныя. Многія насельнікі здымалі жытло. Гэтая менская ўскраіна была адной з найбольш занядбаных. Санітарныя ўмовы пражываньня былі даволі кепскімі. Апроч таго, мясцовасьць была нізіннай, і па дажджах вуліцы ператвараліся ў непраходнае балота.
У 1910 року на Камароўскім пляцы на сродкі 120-га пяхотнага Серпухаўскага палку збудавалі царкву Сьвятога Аляксея, у 1918 року яна згаэла[9].
У 1911 року дзеля вывучэньня праблемаў асушваньня балотных тэрыторыяў у прадмесьці адкрылася Менская балотная досьледная станцыя. У 1925 року праводзіліся працы з асушваньня Камароўскага балота. У 1929 року трамвайная лінія злучыла Камароўку з Таварнай станцыяй. У 1939 року на рагу гістарычных Лагойскага і Барысаўскага трактаў збудавалі будынак Інстытуту фізкультуры (архітэктуры. А. Ваяроў, А. Брэгман). За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1941—1945 роках у раёне дзейнічала падпольная група.
У сярэдзіне 1950–х рокаў пачаўся знос старых драўляных хатаў. Адбыўся пуск тралейбуса. У 1964 року ў прадмесьці збудавалі Дом мэблі. У 1972 року на пляцы Якуба Коласа (да 1956 року Камароўскім пляцы) паставілі помнік народнаму паэту. У 1979 року адкрыўся цэнтральны калгасны рынак — Камароўскі[10].
У 2001 року на пляцы перад Камароўскім рынкам адкрыўся шматступенны фантан, вакол якога паставілі бронзавыя скульптуры Ўладзімера Жбанава «Конь і верабей», «Пані з сабачкай» і «Фатограф». 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску на сваім паседжаньні прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. В. Харужай — ГЦ «Люстэрка» — крама «Дом мэблі» назвы «Камароўскі»[11].
Да нашага часу драўляная забудова прадмесьця не захавалася, зьберагліся толькі асобныя фрагмэнты прысядзібных садоў[12]. Тапонім застаўся замацаваным за раёнам Менску, разьмешчаным вакол Камароўскага рынку і Камароўскага сквэру.
Старыя адрасы
рэдагаваць- 1-ы Казакоўскі завулак, 8. Мылаварны завод Б. Блімовіча, адкрыты ў 1880 року. Вырабляў мыла сярэдніх гатункаў. У 1908 року суўладальнікам Блімовіча стаў М. Калецкі. Гаспадары абсталявалі прадпраемства дымавай машынай і газавым рухавіком. Дакладнае месцазнаходжаньне мылаварні застаецца нявызначаным.
- Барысаўскі тракт. Ганчарна-кафляны завод А. Буднікава, заснаваны ў 1865 року. У 1897 року ў шліфавальным аддзеле пачалі дзейнічаць паравы кацёл і паравая машына. Дакладнае месцазнаходжаньне застаецца нявызначаным.
- Рог Захараўскай і Краснай. Конскі рынак. Тут прадавалі коней і хатнюю жывёліну. Раз на рок у дзясятую за Вялікднём пятніцу тут праводзіліся кірмашы, гэтак званыя «дзесятухі». У продажы былі толькі коні тутэйшай пароды. Тут жа разьмяшчаўся і Дрывяны рынак. Неабходную колькасьць дроваў можна было купіць на складах ці з вазоў. Рынкі разьмяшчаліся на заходнім баку цяперашняга пляцу Якуба Коласа.
- Казакоўскі завулак, 6. Крухмальна-патачны завод братоў Трэпель, заснаваны ў 1884 року. Вытворчасьць патакі і піўнога кулеру ішла паралельна з вырабам гарнага алею. Драўляны заводзкі будынак знаходзіўся ў тупіковай частцы цяперашняй вуліцы Чачэрына.
- Красная. Амэрыканскі клюб, збудаваны ў 1914 року на сродкі эмігрантаў-беларсаў з ЗША і Канады. У клюбе звычайна зьбіралася шмат народу. Тут дэманстраваліся кінафільмы, існавала тэатральна-эстрадная сцэна, працавалі бібліятэка і буфэт, дзе можна было танна пасьнедаць. Па Лютаўскай рэвалюцыі клюб стаў месцам сустрэчаў беларускай творчай інтэлігенцыі і атрымаў назву «Беларуская хатка». Знаходзіўся каля цяперашняга трамвайнага парку.
- Плябанская (Шырокая), 49. Кашары мескай управы. Тут квартавала 5-ая батарэя 30-ай артылерыйскай брыгады. Батарэяй камандаваў С. Чарапанаў. Будынкі месьціліся ў раёне цяперашняга Камароўскага рынку.
На Камароўскім полі (палігоне), якое знаходзілася прыблізна на месцы сучаснага рынку, 24 і 25 траўня 1911 року зьдзяйсьняў палёты на аэрапляне знакаміты расейскі авіятар Сяргей Утачкін (1876—1916)
Галерэя
рэдагаваць-
Будоўля балотнай досьледнай станцыі
-
Будоўля балотнай досьледнай станцыі
-
Дрэнажныя працы на Камароўскім балоце
-
Музэй пры балотнай станцыі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 225.
- ^ а б Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
- ^ Шэйкін Г. Камар // С. 302.
- ^ а б Зазвенели монетки на старой Комаровке(недаступная спасылка), УП «Минский Комаровский рынок»
- ^ Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
- ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
- ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 268.
- ^ Комаровка, УП «Минский Комаровский рынок»
- ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009.
- ^ Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Менск, Полымя, 1991. С. 62.
Літаратура
рэдагаваць- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Менск: Полымя, 1991.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- План губернского города Минска (1903), Бібліятэка Менчука (рас.)
- Формирование территории Минска (1800—2004), Бібліятэка Менчука (рас.)
- План губернского города Минска (1898), Бібліятэка Менчука (рас.)