Літаратурная мова
Літарату́рная мо́ва, стандартная мова[1] — унармаваная форма натуральнай агульнанароднай мовы, якая валодае вызначальнымі рысамі наддыялектнасьці, поліфункцыянальнасьці, нарматыўнае апрацаванасьці (артаэпічнай, артаграфічнай, лексычнай, граматычнай), наяўнасьці пісьмовай (пісьмова-кніжнай) і вуснай (вусна-гутарковай) формаў рэалізацыі, максымальнай стылевай дыфэрэнцыянаванасьці.
У адрозьненьне ад дыялектаў, моўныя нормы літаратурнай мовы характарызуюцца большай абавязковасьцю і асэнсаванасьцю, а таксама кадыфікаванасьцю.
Нармаванасьць літаратурнае мовы крыецца ў тым, што значэньне і ўжываньне словаў, вымаўленьне й правапіс у ёй рэглямэнтаваныя, форма- і словаўтварэньне падпарадкоўваюцца агульнапрынятым узорам. Апрацаванасьць, адбор моўных сродкаў і іхная адносная рэглямэнтацыя ёсьць нязьменнай і сталай уласьцівасьцю літаратурнае мовы, якая найбольш поўна выражае ейную спэцыфіку. Паняцьце нормы, аднак, не адкідвае ў асобных выпадках варыянтаў, што адлюстроўваюць зьмены, якія бесьперапынна адбываюцца ў мове як сродку чалавечых зносінаў.
Нацыянальная літаратурная мова звычайна фармуецца й разьвіваецца з мовы народнасьці, дакладней — зь якогасьці ейнага дыялекту, што найбольш поўна адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі разьвіцьця адпаведнае мовы. Паводле свайго слоўнікавага складу і граматычных асаблівасьцяў такі дыялект звычайна ёсьць найбольш тыповым у сыстэме дыялектаў адпаведнае мовы. Літаратурная мова цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, бесьперапынна папаўняецца за іхны кошт. Разам з тым літаратурная мова ўплывае на дыялекты, спрыяючы іхнай уніфікацыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Словарь социолингвистических терминов. — Москва: Российская академия наук. Институт языкознания. Российская академия лингвистических наук, 2006. — p. 217
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.— 655 с.
- Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.