Уладар Пярсьцёнкаў

фэнтэзійны раман Дж. Р. Р. Толкіна

«Улада́р Пярсьцёнкаў» (па-ангельску: The Lord of the Rings) — эпічная фэнтэзійная трылёгія ангельскага філёляга і прафэсара Оксфардзкага ўнівэрсытэту Джона Рональда Руэла Толкіна. Сьпярша кніга плянавался як звычайны працяг фэнтэзійнага дзіцячага раману 1937 року «Хобіт», але ў выніку вырасла ў самы вядомы твор жанру фэнтэзі.

Уладар Пярсьцёнкаў
The Lord of the Rings
Пярсьцёнак-гаспадар
АўтарДж. Р. Р. Толкін
ЖанрыФэнтэзі, прыгоды
КраінаВялікабрытанія
Мова арыгіналуангельская
КнігіЗьвяз Пярсьцёнка
Дзьве вежы
Вяртаньне караля
ВыдавецтваGeorge Allen & Unwin
Старонак1216
Выданьне1954—1955
ПапярэдняяХобіт

Трылёгія была напісаная паміж 1937 і 1949 рокамі, значная частка ў тым ліку падчас Другой сусьветнай вайны[1]. Кніга займае трэцяе месца ў сьпісе бэстсэлераў з больш за 150 мільёнамі прададзеных асобнікаў[2].

Раман структурна падзелены на шэсьць частак, але Джон Рональд Руэл Толкін намерваўся выдаць яго як адзіную кнігу. Аднак з-за вялікага аб’ёму і эканамічных чыньнікаў выдавец вырашыў апублікаваць яго ў трох тамох (па дзьве кнігі ў кожным), і цяпер раман вядомы выключна як трылёгія[3][4][5], кнігі якой называюцца «Зьвяз Пярсьцёнка», «Дзьве вежы» і «Вяртаньне караля».

Назва раману адсылае да гісторыі галоўнага антаганіста, Цёмнага лорда Саўрона, які ў ранейшыя часы выкаваў пярсьцёнак для валоданьня іншымі дзевятнаццацьцю як наймагутнейшай зброяй у сваёй кампаніі па заваёве і валадараньні ўсім Міжзем’ем. Ад спакойнага зачыну ў Шыры, зямлі, дзе пражываюць хобіты, гісторыя пераходзіць да паўночна-заходняга Міжзем’я, апісваючы вайну Пярсьцёнка вачыма яе ўдзельнікаў, галоўнымі зь якіх па кнізе зьяўляюцца хобіты Фрода Торбінс, Сэмвайз «Сэм» Гэйхад, Мэрыядок «Мэры» Бронь-Быч і Перэгрын «Піпін» Хват, а таксама іхнія хаўрусьнікі і падарожнікі Арагорн, чалавек-сьледапыт з Поўначы; Барамір, чалавек з Гондару; Гімлі, гном-ваяр; Легалас, эльфійскі прынц; Гэндальф, чараўнік.

«Зьвяз Пярсьцёнка»

рэдагаваць

Першая кніга

рэдагаваць

Падзеі першай часткі разьвіваюцца ў Трэцяй эпосе паводле летазьлічэньня Міжзем’я — сьвету, у якім адбываецца большасьць гісторыяў Дж. Р. Р. Толкіна. Пярсьцёнак Усеўладзьдзя, які цягам дзьвюх тысячаў рокаў лічыўся згубленым, быў выяўлены ў Шыры — зямлі «дробнага» народу — хобітаў. Дзядзька Фрода Торбінса, Більба, аддаў яму Пярсьцёнак перад сыходам у падарожжа. Сямнаццаць гадоў пасьля гэтага Пярсьцёнак ляжаў бяз справы. Аднак Глыкс, ягоны папярэдні ўладальнік, выдаў ягонае цяперашняе месцазнаходжаньне служкам Саўрона. Дзевяць назгулаў, памагатых Цёмнага ўладара, які й выкаваў Пярсьцёнак, рушылі на пошукі Фрода. Апошні, папярэджаны чараўніком Гэндальфам, ужо рушыў у Долы Яр, места эльфаў, каб перахаваць Пярсьцёнак там. Купка сяброў-хобітаў атрымала сабе ў дапамогу сьледапыта Арагорна. Па дарозе яны спаткаюць назгулаў, якія паранілі Фрода. На дапамогу прыходзіць Гларфіндэль, эльф з Долага Яру, і дастаўляе хобіта ў палац. Назгулаў на пераправе цераз раку накрыла хваля, і на пэўны час усе зьвесткі пра іх існаваньне зьніклі.

Другая кніга

рэдагаваць

Фрода прачнуўся цэлы і непашкоджаным, ня лічачы невялікай раны на плячы ад удару моргульскага клінка, мяча Караля-ведзьмака — галоўнага назгула. Ён думаў, што падарожжа на гэтым скончана і можна вяртацца дамоў. Аднак на сходзе ў Эльранда — эльфа-ўладара Долага Яру — было вырашана, што Пярсьцёнак нельга тут пакідаць, а трэба зьнішчыць. Прычым зрабіць гэта можна толькі адным спосабам: кінуць у вулькан Арадруін, дзе Пярсьцёнак і быў выкуты.

Фрода пагаджаецца выканаць гэтую місію. Да яго далучаюцца хобіты Сэм, Мэры і Піпін, гном Гімлі, эльф Легалас, людзі Арагорн і Барамір і мая Гэндальф Сівы. Так утвараецца Зьвяз Пярсьцёнка.

Яны плянуюць свой шлях праз гару Карадрас, але Саруман Белы — мая, што здрадзіў дабру — не прапусьціў іх на перавал. Зьвяз Пярсьцёнка вымушаны накіравацца ў старажытныя гномавы капальні Морыі, дзе на ўдзельнікаў паходу нападаюць гобліны і, што найгорш, Балраг — старажытны агнявы дэман. Падчас бітвы Гэндальф змагае Балрага, які, падаючы ў бездань, цягне за сабой і чараўніка. У Зьвязе Пярсьцёнка застаецца восем чальцоў.

Прайшоўшы пад Карадрасам, яны прыходзяць у яшчэ адно паселішча эльфаў — лес Лёрыён, дзе іх сустракае Галядрыель. Адсюль Зьвяз накіроўваецца далей па Андуіне (Вялікай рацэ). Падчас аднаго з прыстанкаў на іх нападаюць гобліны. Зьвяз Пярсьцёнка, адбіўшыся, спыняецца на процілеглым беразе, каб пераадолець вадаспад Рэрас па сушы. Тут яны сутыкаюцца з аб’яднанымі войскамі ўрукхай з Ізэнгарду і Саўронавымі оркамі. Фрода з Сэмам сыходзяць ад нападнікаў, перапраўляючыся на ўсходні бераг.

«Дзьве вежы»

рэдагаваць

Трэцяя кніга

рэдагаваць

Барамір гіне ў няроўным баі з урукхаямі. Яны выкрадаюць Мэры і Піпіна і накіроўваюцца ў Ізэнгард. Арагорн, Легалас і Гімлі кідаюцца наўздагон дзеля ўратаваньня хобітаў. Зьвяз Пярсьцёнка распаўся.

Пагоня цягнецца днямі амаль бесьперапынна, аднак беспасьпяхова. У Рохане Арагорн, Легалас і Гімлі сустракаюць вершнікаў Эамера, якія, паводле іхніх словаў, забілі ўсіх урукхаяў, каго сустрэлі на сваім шляху мінулай ноччу. Арагорн зь сябрамі губляюць усялякую надзею на тое, што ў гэтай сечы Мэры і Піпін ацалелі. Яны прыходзяць на месца спаленьня трупаў урукхаяў, і тут Арагорн знаходзіць сьляды ўцёкаў хобітаў. Як высьветлілася, яны падчас нападу здолелі ўцячы ў лес Фангорн. Накіраваўшыся за імі, Арагорн зь сябрамі сустракаюць у лесе Гэндальфа, абсалютна жывога, толькі ён болей ня Сівы, а Белы.

Мэры зь Піпінам, трапіўшы ў Фангорн, знаёмяцца там з галоўным энтам Дрэвабародам і зладжваюць сход энтаў, на якім празь некалькі дзён вырашана атакаваць Ізэнгард. У гэты момант з Ізэнгарду выпраўляецца дзесяцітысячнае войска ўрукхаяў з асаднымі машынамі. Яны зьбіраюцца атакаваць Хельмаву Падзь, дзе схавалася войска Рохана разам з каралём Тэадэнам, Арагорнам, Легаласам і Гімлі. Падасьпеўшы з дапамогай, Гэндальф Белы вырашыў зыход бітвы. Хуорны — зацьвярдзелыя дрэвы з Фангорну — зьнішчаюць рэшткі ўрукхаяў.

Гэндальф Белы, якога цяпер зваць Мітрандыр, зь сябрамі выпраўляюцца да руінаў Ізэнгарду на перамовы са здраднікам Саруманам Белым.

Чацьвертая кніга

рэдагаваць

Фрода з Сэмам у гэты час пераадольваюць каменныя пагоркі Эмін Майла, дзе сустракаюць Глыкса — істоту, што некалі была хобітам па імі Смэагорл, але, знайшоўшы Пярсьцёнак Усеўладзьдзя, пераўтварылася ў пачвару, што жыве пяцьсот гадоў, хаваючыся ў пячорах. Менавіта ў Глыкса ў свой час адабраў Пярсьцёнак дзядзька Фрода Більба Торбінс.

Фрода вырашае ўзяць Глыкса ў праважатыя, бо той ведае дарогу да Чорных варотаў — галоўнага ўваходу на землі Мордару з захаду і поўначы. Аднак на месцы высьвятляецца, што прайсьці там немагчыма праз надзвычай вялікую канцэнтрацыю варожых сілаў. Тады Глыкс вядзе Фрода з Сэмам праз Ітыліен да перавалу праз горы Кірыт Унгол. Па дарозе яны сустракаюць Фараміра — ваеначальніка сьледапытаў Гондара.

Сьпярша хобітаў з Глыксам прымаюць за шпіёнаў, але потым давяраюцца расповеду Фрода. Фарамір адпускае іх у далейшы шлях на Мінас Моргул, хоць і ведае, што ягоны бацька Дэнэтар ня ўхваліць (намесьнік Гондара) ня будзе задаволены адмовай ад такой моцнай зброі, як Пярсьцёнак Усеўладзьдзя, на тле змаганьня з магутным ворагам.

Фрода, Сэм і Глыкс дасягаюць перавалу. У пячоры яны сустракаюць старую знаёмую Глыкса, гіганцкую павучыху Шэляб. Глыкс заманіў іх сюды ў спадзеве, што пасьля таго, як Шэлаб расправіцца з хобітамі, Пярсьцёнак нарэшце дастанецца яму. Шэлаб раніць Фрода сваёй атрутай, і Сэм думае, што той памёр. Аднак калі нежывога Фрода забіраюць оркі з Кірыт Унгалу, Сэм накіроўваецца за імі.

«Вяртаньне караля»

рэдагаваць

Пятая кніга

рэдагаваць

Гэндальф Белы і Піпін прыяжджаюць у Мінас-Тырыт — сталіцу Гондару. Піпін становіцца ахоўнікам Белай вежы ў войску Дэнэтара. Дэнэтар адмаўляецца запрасіць на дапамогу Тэадэна, бо зь ім, верагодна, прыйдзе і Арагорн — законны правіцель Гондару. Тэадэн зьбірае сваё войска, а Арагорн, Легалас і Гімлі праходзяць Сьцяжынаю мёртвых праз горы, дзе жывуць мерцьвякі, што абяцалі ранейшаму каралю Гондару прыйсьці ў патрэбны час на дапамогу, ды ня выканалі сваё абяцаньне.

Арагорн абяцае вызваліць іх ад закляцьця, калі яны дапамогуць гэтым разам. Войска Арагорна захоплівае порт, забраны піратамі, і зьбірае з гэтых земляў апалчэньне.

Гэтым часам на Пелінорскім полі пачынаецца бітва за Мінас-Тырыт. Пры трагічных абставінах гіне Дэнэтар, Фарамір паранены. З Рохану своечасова пасьпявае Тэадэн са сваім войскам, аднак усе губляюць надзею пасьля таго, як супраціўнік узмацніўся харадрымцамі з мумакіламі. Да таго ж на моры зьяўляюцца караблі піратаў. Нечакана зь іх замест дапамогі войску Мордара зьяўляецца Арагорн з войскамі Гондару і мерцьвякоў.

Эавін не без дапамогі Мэры забівае караля назгулаў. Вынік бітвы вырашаны на карысьць хаўрусьнікаў.

На сходзе ў сталіцы Гондару пераможцы вырашаюць з рэшткамі сілаў імітаваць напад на Чорныя вароты, каб адцягнуць на сябе ўвагу Саўрана і даць шанец Фрода дасягнуць Арадруіну.

Шостая кніга

рэдагаваць

Усьлед за оркамі, што цягнуць Фрода, Сэм пракрадаецца ў Кірыт Унгол. Тут оркі, перасварыўшыся, пазабівалі адзін аднаго. Сэм, адбіўшы Фрода ў двух астатніх оркаў, высьвятляе, што Фрода жывы.

Яны працягваюць падарожжа ў кірунку Арадруіну. Дзеля бясьпекі ім даводзіцца пераапранацца ў адзеньне оркаў, і пэўны кавалак шляху яны зьдзяйсьняюць разам з атрадам оркаў.

Пярсьцёнак Усеўладзьдзя становіцца ўсё цяжэйшы, і ў хуткім часе Фрода зьнясільваецца. Апошні кавалак шляху да вогненай шчыліны яго нясе на сабе Сэм. Ля вулькану яны сустракаюць Глыкса, які чакаў свайго часу, каб адабраць Пярсьцёнак.

Гэтым часам ля Чорных варотаў пачынаецца бітва, аднак колькасьць аб’яднаных сілаў непараўнальная зь незьлічонаю Саўронаваю ардою, што выходзіць з Мордару. Супраць рэшты назгулаў б’юцца Арлы на чале з Гваіхірам, пакліканыя на дапамогу Гэндальфам.

Ля Арадруіну Глыкс нападае на Фрода, і той апранае Пярсьцёнак. Саўрон, які адчуў ягонае месцазнаходжаньне, пасылае сваіх служак да гары. Глыкс у барацьбе адкусвае Фроду палец разам зь Пярсьцёнкам ды, скочучы ад радасьці на ўскрайку абрыву, падае ў лаву, дзе Пярсьцёнак гіне. Пазбаўленыя сілы, замак Саўрона Барад-дур разбураецца, а ўсё войска Мордару ўцякае. На Кармаленскім полі сьвяткуюць перамогу.

Арлы выратоўваюць Фрода і Сэма, якія засталіся сам-насам з вывяржэньнем вулькану. Арагорн каранаваны на ўладара Гондару, а хобіты сталі героямі Міжзем’я.

Час вяртацца дамоў, і Фрода, Сэм, Мэры ды Піпін накіроўваюцца ў Шыр. Тут высьвятляецца, што Саруман Белы, адпушчаны з палону ў Ізэнгардзе, усталяваў у краі хобітаў уласныя парадкі. Аднак загартаваная чацьвёрка хобітаў хутка ўсталёўвае мір, і Сарумана забівае ягоны асабісты служка Грыма Чарвякавусны.

Мінуў пэўны час, і Фрода зь Більбам назаўсёды сплываюць у Валінор разам з эльфамі.

Галоўныя пэрсанажы

рэдагаваць
  • Саўрон, Цёмны валадар, тытуляваны Ўладаром Пярсьцёнкаў, упалы маяр, які ў даўнія часы дапамог эльфаў выкуць Пярсьцёнкі Сілы. Аднак таемна ад іх выкаваў яшчэ адзін, які валодае ўсімі іншымі.
  • Назгулы, дзевяць служак Саўрону. Даўней былі людзьмі, аднак падпарадкаваныя волі пярсьцёнкаў, дадзеных ім Саўронам.
  • Кароль-вядзьмак Ангмара, галоўны з назгулаў і найбольш магутны памагаты Саўрона, даводца ягонага войска.
  • Саруман, згоршаны чараўнік, які спрабуе адшукаць Пярсьцёнак Усеўладзьдзя для сябе. Карыстаючыся палянтырам, незаўважна трапляе пад кантроль Саўрона. Як і Гэндальф, паходзіць з маяр, ніжэйшых сваякоў валар.
  • Грыма Чарвякавусны, служка Сарумана і здрайца Рохана, пасярэднік між Саруманам і Тэадэнам, які сваімі парадамі ператварае Тэадэна ў бязвольнага выканаўцу.
  • Глыкс (у ранейшым жыцьці Смэагол), аднойчы авалодаў Пярсьцёнкам, які перакруціў ягоны розум, сказіў цела і душу і даў яму надзвычай доўгае жыцьцё.
  • Оркі, жаўнеры Мордару й Ізэнгарду.
  • Шэляб, гіганцкая павучыха, якая мешкае ў пячорах над Мінас Моргулам.
  • Балраг, вогнены дэман, які мешкае пад капальнямі Морыі. Абуджаны падземнай здабычай гномаў.
  • Харадрымцы, паўднёвыя людзі, хаўрусьнікі Саўрона.
  • Істэрлінгі, людзі з усходу Міжзем’я.
  • Карсары з Умбару, ворагі Гондару.

Пераклады на беларускую мову

рэдагаваць

На беларускую мову «Ўладара Пярсьцёнкаў» пераклалі Дзьмітры Магілеўцаў і Крысьціна Курчанкова[6]. Першыя дзьве кнігі былі выдадзеныя ў 2008 року[7][8], у 2009 сьвет пабачыла апошняя частка трылёгіі[9]. Усе кнігі выйшлі клясычным правапісам.

  1. ^ World War I and World War II (анг.) National Geographic Праверана 16 чэрвеня 2006 г.
  2. ^ Wagner, Vit (16 красавіка 2007) Tolkien proves he's still the king (анг.) Toronto Star Праверана 8 сакавіка 2011 г.
  3. ^ Reynolds, Pat The Lord of the Rings: The Tale of a Text (анг.). The Tolkien Society. Праверана 5 лютага 2011 г.
  4. ^ The Letters of J. R. R. Tolkien / Carpenter, Humphrey, ed. — Boston: Houghton Mifflin, 1981. — ISBN 0-395-31555-7
  5. ^ The Life and Works for JRR Tolkien (анг.). BBC (7 лютага 2002). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  6. ^ «Уладар Пярсьцёнкаў» па-беларуску Літаратура. Наша Ніва (12 сьнежня 2008). Праверана 4 сьнежня 2012 г.
  7. ^ Толкін Джон Рональд Руэл. Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка Knihi.by Праверана 4 сьнежня 2012 г.
  8. ^ Толкін Джон Рональд Руэл. Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы Knihi.by Праверана 4 сьнежня 2012 г.
  9. ^ Толкін Джон Рональд Руэл. Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля Knihi.by Праверана 4 сьнежня 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Lin Carter. Tolkien: A Look Behind The Lord of the Rings. — Ballantine Books, 1969. — ISBN 0-345-27539-X
  • Michael D. C. Drout. J.R.R. Tolkien Encyclopedia. — Routledge, 2006. — ISBN 978-0-415-96942-0
  • Christina Scull and Wayne G. Hammond. The J. R. R. Tolkien Companion and Guide. — 2006. — ISBN 0-618-39113-4
  • Christopher Tolkien. The History of The Lord of the Rings, 4 vols. — 1988—1992.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць