Наваградак
Нава́градак — места ў Беларусі, каля вытоку ракі Валоўкі. Адміністрацыйны цэнтар Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 424 чалавекі[2]. Знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Горадні, за 24 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Ліда — Баранавічы).
Наваградак лац. Navahradak | |||||
![]() Руіны замкавай вежы | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1044 | ||||
Магдэбурскае права: | 26 ліпеня 1511 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Наваградзкі | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | 29 424 чал. (2018)[2] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1597 | ||||
Паштовыя індэксы: | 231241, 231243, 231244, 231246, 231400 | ||||
СААТА: | 4243501000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°36′1″ пн. ш. 25°49′33″ у. д. / 53.60028° пн. ш. 25.82583° у. д.Каардынаты: 53°36′1″ пн. ш. 25°49′33″ у. д. / 53.60028° пн. ш. 25.82583° у. д. | ||||
Наваградак на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Наваградак | |||||
![]() | |||||
Афіцыйны сайт(рас.)(анг.) |
Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага[3][4][5][a], даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Колішняя катэдра Літоўскай мітраполіі. Да нашага часу тут захаваліся замак вялікіх князёў, гара Міндоўга, царква Сьвятых Барыса і Глеба, манастыр базылянаў, Фарны касьцёл, касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, дом-музэй Адама Міцкевіча, Крамы і гатэль Эўропа, помнікі гісторыі і архітэктуры XIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, Замкавая царква, комплексы калегіюму езуітаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштару баніфратаў, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама палац Радзівілаў, Вялікая сынагога, кляштары дамініканаў і дамініканак, помнікі архітэктуры XVII—XVIIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Назва
Традыцыйная гістарычная назва места — Нава́градак[7][8][9][10][11]. Тапонім утварыўся ад дзьвюх асноваў — «новы» і «гарадок»[12]. Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок, Новгород Литовский[b] ды інш. — сьведчаць пра тое, што недзе паблізу існаваў стары гарадзкі цэнтар акругі. Магчыма, ім было гарадзішча Радагошча[14]. Галіцка-Валынскі летапіс дакумэнтальна пацьвярджае, што народная назва Наваградак узыходзіць да XIII ст., а форма Новагародак, якая дала назву Навагрудак (праз прамежкавую — Навагродак), узьнікла пазьней (дзесьці ў XVI ст.) пад уплывам польскай мовы[15].
Назва Нава́градак адпавядае традыцыйнаму беларускаму вымаўленьню[3], тым часам цяперашняя афіцыйная форма Навагру́дак утварылася не ў выніку натуральнай трансфармацыі тапоніма[16], а праз мэханічны перанос[17] польск. Nowogródek сьпярша (па 1795 годзе) у рас. Новогрудок, і толькі потым (па 1933 годзе) — у русіфікаваны савецкі моўны стандарт. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Наваградак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай[11].
Гісторыя
- Асноўны артыкул: Гісторыя Наваградку
Раньнія часы
Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы X ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны XI стагодзьдзя[18] Першы імаверны пісьмовы ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам[19][20], аднак некаторыя дасьледнікі ставяць гэтае сьцьверджаньне пад сумнеў[21].
Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, у XII ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У XIII—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1235 годам упамінаецца князь Ізяслаў Наваградзкі.
Вялікае Княства Літоўскае
Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запрашэньне мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. У 1249—1242 гадох галіцка-валынскія князі ў кааліцыі з Інфлянцкім ордэнам учынілі некалькі ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку[3] на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Аднак у 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў места Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У барацьбе супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.
Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гады) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гады) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506 гадох).
З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута[22]. У 1392 годзе места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.
Яшчэ ў 1316 годзе[23] Наваградак стаў цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году)[24]. У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Юліяне.
У студзені 1507 году Наваградак стаў сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гады. У 1518 і 1534 гадох Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзейнічалі 10 цэркваў[23]. З XVI ст. места стала адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. Па Берасьцейскай уніі (1596 год) Літоўская мітрапаліцкая катэдра стала грэцка-каталіцкай.
18 сакавіка 1595 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі»[25], а ў 1597 годзе ён надаў мяшчанам прывілей на 2 штогадовыя кірмашы на працягу 2 тыдняў у каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Наваградку і ваколіцаў ліцьвінамі: «Белорусцы: Филип Белетцкий, руское имя тож, сказал родом литвин[c], Новгородцкого повету, отец и мать веру держали киевскую…» (1623—1624 гады)[27].
У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у верасьні 1655 годзе яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 гады. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.
Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652 гадоў, найбольш моцны — у 1751 годзе, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVIII ст. у месьце дзейнічалі 3 цэрквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.
Фара і замак. В. Дмахоўскі, 1856 г.
Замак. В. Дмахоўскі, 1856 г.
Рог Рынку і Слонімскай вуліцы. Касьцёл дамініканаў
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе стаў цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсі нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.
У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.
За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе ў Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.
У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу 1897 году, у месьце былі 723 жылыя дамы; дзейнічалі саборная царква, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, жыдоўская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.
У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны 22 верасьня 1915 году Наваградак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку.
- Наваградак на малюнках Напалеона Орды, 1876 год
Фара з боку апсыды
Занядбаная катэдра
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Наваградак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Гарадзечанскай, Гарадзішчанскай, Карэліцкай, Любчанскай, Мірскай, Нягневіцкай, Райцаўскай і Шчорсаўскай воласьцяў Наваградзкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[29]. 27 сьнежня 1918 году ў Наваградак ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[30]. З 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 году і з 1 кастрычніка 1920 году Наваградак займалі польскія войскі. 25 траўня 1919 году тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 годзе аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920—1930-я гады тут выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 году пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 гадох на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 году адкрыўся ягоны музэй. На 1931 год у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзейнічалі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.
У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху ў складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. У гэты часманашкі з Ордэну Сьвятой Сям’і з Назарэту зладзілі на просьбу бацькоў падпольнае вывучэньне дзяцей польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існаваньне па тым, як 1 жніўня 1943 году 11 манашак, у тым ліку галоўную арганізатарку школы, расстралялі нацысты[31].
- Места на старых здымках
Касьцёл дамініканак у час руйнаваньня расейскімі ўладамі
Палац Радзівілаў. Здымак Я. Булгака, 1926 г.
Вялікая Сынагога. Здымак Я. Булгака, каля 1930 г.
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XV стагодзьдзе: 1500 год — 3—4 тыс. чал.[23]
- XVI стагодзьдзе: 1550 год — 2—5 тыс. чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1795 год — каля 3 тыс. чал.[32]
- XIX стагодзьдзе: 1817 год — 1571 чал., у тым ліку 726 жыдоў і 319 татараў[33]; 1837 год — 3679 чал.; 1860 год — 5844 чал.[34]; 1861 год — 6379 чал.; 1886 год[33] — 13 656 чал. (6965 муж. і 6691 жан.), у тым ліку паводле веры: каталікоў 2976, праваслаўных 1788, пратэстантаў 83, юдэяў 8137, магамэтанаў 545, іншых 65; паводле стану: шляхты 948, духоўнага стану 42, ганаровых грамадзянаў і купцоў 58, мяшчанаў 12 135, вайсковага стану 311, іншых 52[35].; 1897 год — 7887 чал., зь іх роднай мовай назвалі беларускую 1676, польскую 401, расейскую 319, украінскую 16, ідыш 4992, татарскую 475, нямецкую 5 жыхароў; паводле веры праваслаўных і адзінаверцаў 1573, каталікоў 790, пратэстантаў 14, юдэяў 5015, магамэтанаў 494[36].
- XX стагодзьдзе: 1910 год — 8414 чал.; 1921 год — 6367 чал.; 1931 год — 9567 чал.; 1939 год — 11 335 чал.; 1974 год — 21 тыс. чал.[37]; 1991 год — 30,5 тыс. чал.; 1995 год — 31 тыс. чал.[5]; 1998 год — 30,7 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 30 803 чал.; 2006 год — 30,7 тыс. чал.; 2009 год — 29 336 чал.[38] (перапіс); 2016 год — 29 594 чал.[39]; 2017 год — 29 459 чал.[40]; 2018 год — 29 424 чал.[2]
Адукацыя
У Наваградку працуюць 6 сярэдніх школаў; 2 гімназіі; 1 вучэльня. Апроч гэтага, у месьце ёсьць два каледжы:
- Наваградзкі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж — адна з прэстыжных сярэдніх адмысловых навучальных установаў Гарадзенскай вобласьці. Каледж прапануе наступны шэраг спэцыяльнасьцяў: Банкаўская справа; Бухгальтарскі ўлік, аналіз і кантроль; Эканоміка і арганізацыя вытворчасьці (спэцыялізацыя: эканоміка і арганізацыя вытворчасьці на прадпрыемствах гандлю); Камэрцыйная дзейнасьць. Таксама працуюць падрыхтоўчыя курсы.
- Наваградзкі дзяржаўны аграрны каледж — установа адукацыі ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. Каледж забясьпечвае падрыхтоўку адмыслоўцаў сярэдняга зьвяна і працуе па інтэграванай бесьперапыннай сыстэме навучаньня з Гарадзенскім дзяржаўным аграрным унівэрсытэтам. Установа мае чатыры навучальныя карпусы, два інтэрнаты на 570 месцаў, багатую бібліятэку з чытальнай заляй. Фізычнай культурай навучэнцы Наваградзкага аграрнага каледжа займаюцца ў абсталяванай спартовай залі, у трэнажорнай залі і на адкрытых пляцоўках. Важным аб’ектам таксама зьяўляецца клюб з актавай заляй на 500 пасадкавых месцаў. За ўвесь час яго існаваньня ўстанова мае больш за 14 тыс. выпускнікоў. Каледж прапануе наступныя спэцыяльнасьці: Аграномія; Землеўладкаваньне; Камэрцыйная дзейнасьць.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня і 4 паліклінікі.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, 4 бібліятэкі, 2 кінатэатры.
Мас-мэдыя
Выдаецца газэта «Новае жыццё».
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Кавальская вуліца | Сямёнаўская вуліца 3 мая вуліца |
17 верасьня вуліца | Фальваркавая вуліца | |
Белуша вуліца | Сянная вуліца | |
Ваўчэцкага вуліца | Чыгуначная вуліца | |
Гарадзенская вуліца | Падляская вуліца Бэрнардынская вуліца Францішканская вуліца |
|
Інтэрнацыянальная вуліца | Татарская вуліца | |
Камсамольская вуліца | Ваяводзкая вуліца | |
Леніна вуліца | Валеўская вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Леніна плошча | Рынак пляц | |
Менская вуліца | Траецкая вуліца Карэліцкая вуліца |
|
Адама Міцкевіча вуліца | Слонімская вуліца | |
Паштовая вуліца | Базылянская вуліца | Барысаглебскі завулак |
Пушкіна вуліца | Фарная вуліца | |
Савецкая вуліца | Жыдоўская вуліца Касьцельная вуліца |
|
Сечка вуліца | Віленская вуліца | |
Сьвярдлова вуліца | Сянежыцкая вуліца | |
Усходняя вуліца | Мячэтавая вуліца | |
Чапаева вуліца | Антавільская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Наваградку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая.
Мясцовасьці
Гістарычныя мясцовасьці Наваградку: Віктарын, Калёнія, Пярэсека, Рацэўля.
Эканоміка
У Наваградку працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, харчовай, лёгкай прамысловасьці і вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Наваградку |
---|
|
Транспарт
Наваградак — буйны вузел аўтамабільных шляхоў. На цэнтральным мескім пляцы перакрыжоўваюцца наступныя аўтамабільныя дарогі: Р5 (Баранавічы — Наваградак — Іўе), Р10 (Любча — Наваградак — Зьдзецел), Р11 (Парачаны (ад М6) — Наваградак — Нясьвіж). З усходняга, паўднёвага і заходняга боку места маецца колцавая аб’язная аўтамабільная дарога.
Пасажырскія перавозкі ў Наваградку і ваколіцах ажыцьцяўляе УП «Аўтобусны парк №5».
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Наваградак — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня і краязнаўства[41]. У месьце штогод праводзіцца фэст сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак». За 2010 год Наваградак наведалі каля 23 тыс. турыстаў[42] (4 турысты на 5 жыхароў за год).
- Музэі: Дом-музэй Адама Міцкевіча; Наваградзкі гістарычна-краязнаўчы музэй
- Помнікі: Адаму Міцкевічу (1992); Якубу Коласу
- Гатэлі: «Наваградак»; «Панскі дом»
Плянавалася, што ў 2009 годзе ў Наваградку паставяць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу (у наш час працягваецца збор сродкаў). Конная статуя ў паўтара натуральнага памеру, вырабленая з бронзы, мусіць разьмясьціцца ў гістарычным цэнтры места. Праект кампазыцыі распрацаваў вядомы менскі скульптар Генадзь Буралкін.
Славутасьці
- Будынак былой Наваградзкай Беларускай гімназіі
- Гара Міндоўга
- Гатэль Эўропа (XVIII—XIX стагодзьдзі)
- Дом-музэй Адама Міцкевіча (XIX ст.), які правёў у Наваградку дзіцячыя і юнацкія гады
- Замак, руіны (XIII—XVI стагодзьдзі)
- Капліца-пахавальня Альбрэхта Заборскага (1890-я)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1724)
- Касьцёл Сьвятога Антонія і кляштар францішканаў (1780, цяпер царква Сьвятога Мікалая)
- Касьцёл Перамяненьня Пана (Фарны; XІV ст.)
- Крамы (1812)
- Курган Бесьсьмяротнасьці Адама Міцкевіча (1924—1931)
- Могілкі: старыя хрысьціянскія; татарскія (Мізар); юдэйскія (XV—XX стагодзьдзі)
- Мячэт (1855)
- Парк (1930-я)
- Царква Сьвятых Барыса і Глеба (XVI ст.)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сьвятых Язэпа і Станіслава Косткі і калегіюм езуітаў (1624)
- Кляштар баніфратаў (XVII ст.)
- Кляштар дамініканак (XVIII ст.)
- Кляштар дамініканаў (XVIII ст.)
- Палац Радзівілаў (XVIII ст.)
- Ратуша (XVII ст.)
- Сынагога Вялікая (XVII ст.)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (Замкавая; XIV ст.)
Галерэя
Помнікі сакральнай архітэктуры
- Помнікі сакральнай архітэктуры
Іншыя славутасьці
- Іншыя выдатныя мясьціны
Месты-сябры
Пералік местаў-сяброў Наваградку |
---|
Асобы
- Людміла Ананька (нар. 1982) — біятляністка
- Юзэф Бака (1707—1780) — сьвятар-езуіт, місіянэр, паэт позьняга барока
- Ігнат Дамейка (1802—1809) — навуковец, геоляг, мінэроляг, мэмуарыст
- Андрэй Залескі (нар. 1991) — футбаліст
- Зыгмунт Лазінскі (1870—1932) — каталіцкі сьвятар, біскуп менскі (1918—1925) і пінскі (1925—1932)
- Майсей Лейбоўскі (1876—1942/43) — мастак
- Міхась Наўмовіч (1922—2004) — дзяяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага згуртаваньня ў Францыі «Хаўрус» і сябра рады БНР
- Рэгіна Салямэя Пільштынова (1718 — пасьля 1760) — першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекарака
- Віктар Рахманько (нар. 1953) — беларускі чыгуначны дзяяч і палітык
- Фёдар Скумін Тышкевіч (1538—1618) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, ваявода наваградзкі
- Барыс Тураеў (1868—1920) — гісторык, вядомы дасьледнік Старадаўняга Ўсходу
- Георгі Шанько (1936—2013) — стваральнік беларускай школы дзіцячай нэўралёгіі
Глядзіце таксама
Заўвагі
- ^ Летувіскі гісторык Томас Баранаўскас называе гэтае сьцьвярджэньне «мітам»[6]
- ^ Сярод іншага, Наваградак выступае пад назвай Наваградак Літоўскі ў лістох вялікага князя Вітаўта 1415 году («Littawischen Nowogrotko») і ў пасланьні праваслаўнага духавенства Вялікага Княства Літоўскага 1415 году («в Новъм-граду Литовском»)[13].
- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «бо сей Андрэй родам ліцьвін, сын Гердзенеў, літоўскага князя» (Цьвярскі летапіс 1306 году); «литвин родом» пра Даўмонта Пскоўскага («Пролог», напісаны ў Пскове ў канцы XIV ст.[26]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
- ^ http://govorim.by/grodnenskaya-oblast/novogrudok/novosti-novogrudka/119940-novogrudok-izmenit-territorialnye-granicy.html
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б в Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 357
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 85—86.
- ^ а б Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 164.
- ^ Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum: зборнік науковых прац. — Баранавічы, 2002. С. 29—44.
- ^ Бераснёў П., Лемцюгова В. «Як вы яхту назавяце — так яна і паплыве», або Сур’ёзная размова пра асаблівасці беларускай анамастыкі // Звязда, 25 верасьня 2012 г.
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.
- ^ а б Вінцук Вячорка, Ігар Карней. (30 жніўня 2019) Гарады з «памылкамі» ў назвах: Навагрудак ці Нава{{падстаноўка:націск}}градак? Гісторыя. Радыё Свабода. Праверана 3 чэрвеня 2022 г.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 260.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 58.
- ^ Піваварчык С. Гарадзішча Радагошча — магчымы папярэднік Наваградка // Белорусский Сборник. № 2. — Санкт-Петербург, 2003.
- ^ Чамярыцкі, В. Аповесць пра Міндоўга і Войшалка // Спадчына. — Менск: Полымя, 1990. — № 3. — С. 50—51.
- ^ Сацукевіч І. Уклад М. М. Улашчыка ў развіццѐ беларускай тапанімікі // Крыніцазнаўства, археаграфія, архівазнаўства ў XX—XXI ст. у Беларусі: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння М. Улашчыка / рэдкал. : С. Ходзін (адк. рэд.) і інш. — Менск: БДУ, 2007. С. 49. [1]
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
- ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак: Агентство «РДК-принт», 2003.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11.
- ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003.
- ^ Гайба М. Навагрудак. Летапіс гісторыі Праверана 7 лістапада 2014 г.
- ^ а б в Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 358.
- ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. S. 20.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 200.
- ^ Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 2. — СПб, 1875. С. 656—657.
- ^ Марозава С. Наваградак — царкоўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага (XIV — XV стст.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2007.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Grędzik-Radziak A. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939—2001. — Toruń: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. S. 67.
- ^ Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 359.
- ^ а б Jelski A. Nowogródek // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 255.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Гайба М. Навагрудак // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 255.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область(рас.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. Архіўная копія
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Чайкоўская В. Наваградзкі замак: учора, сёньня, заўтра // Зьвязда : газэта. — 20 красавіка 2011. — № 73 (26937). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гайба М. Навагрудак: гады і падзеі. — Навагрудак, 1996.
- Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (Старажытнарускі Наваградак).(недаступная спасылка) — Санкт-Пецярбург — Наваградак: Агентство «РДК-принт», 2003. — 324 с.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.