Наваградзкая беларуская гімназія
Наваградзкая беларуская гімназія — навучальная ўстанова ў Наваградку, якая існавала ў першай палове XX стагодзьдзя.
Заснаваньне і дзейнасьць
рэдагавацьЗа польскім часам
рэдагавацьНаваградзкая Беларуская гімназія была адкрытая 25 траўня 1919 году. Першым дырэктарам быў абраны бацькамі дзяцей Ян Цеханоўскі.
Напачатку гімназія не была цалкам беларускамоўнаю, таму кіраўніцтва прытрымлівалася гуманітарнага напрамку, калі асноўная ўвага надавалася вывучэньню моваў. Акрамя беларускай і польскай выкладаліся француская ды нямецкая мовы. Лацінская мова вывучалася факультатыўна. Паступова ў навучальнай установе пачалі павялічваць матэматычна-прыродазнаўчыя прадметы дзеля патрэбаў сялянскай гаспадаркі, адкуль паходзіла большасьць гімназістаў. Тэрмін навучаньня складаў 8 год.
Пры гімназіі працавалі мастацкія гурткі розных кірункаў: танцавальны, літаратурны, драматычны. Асаблівую папулярнасьць здабылі харавы і музычны, якім кіраваў Антон Валынчык. Дзейнічалі спартовыя сэкцыі па лёгкай атлетыцы, футболе, боксе, лыжная.
Вельмі добрыя адносіны да беларускай гімназіі былі ў наваградзкага ваяводы Бэчковіча, які пасьля быў ваяводам Віленскім. Як згадвае Барыс Кіт: «Дык ён адзін зь першых польскіх лібэралаў зацікавіўся беларускай справай і нават хацеў дапамагчы беларусам, каб вырваць іх з-пад камуністычнага ўплыву. Нават прыходзіў да нас у гімназію інспэктаваць нашу дзейнасьць. Пазьней ён дапамог атрымаць ёй дзяржаўныя правы»[1].
Напачатку гімназія ня мела свайго будынку, заняткі праходзілі ў габрэйскай школе. Габрэі вучыліся раніцай, беларусы — пасьля абеду[2].
Польскай дзяржавай выплачваліся заробкі толькі чатыром з двух дзясяткаў настаўнікаў. Гэтыя чацьвёра, у ліку якіх доктар Орса, дзялілі свае грошы на астаніх калегаў[3].
19 верасьня 1929 г. у Наваградку з удзелам польскага прэзыдэнта Ігнацыя Масьціцкага (1926—1939) па-польску і па-беларуску агучылі Акт аб будаўніцтве беларускай школы. Будаўнічую пляцоўку асьвяціў праваслаўны біскуп Аляксей. Прэзыдэнт Масьціцкі ахвяраваў на будаўніцтва 2000 злотых[4].
Выкладчыкі
рэдагавацьКсенія Баландовіч, Аляксандар Данілевіч, Жазэфіна Запольская, Аляксандар Орса (доктар прыродазнаўчых навук), Гіта Гецава, Вольга Русак, Натальля Орса, Ніна Трусевіч, Яўген Мілоў, Пётар Якімовіч, Язэп Драздовіч (мастак), Міхал Чатырка, Пётар Скрабец, Зофія Барановіч, Галіна Ямелкоўская, Глекерыя Мацеўская, Антон Валынчык (музыкант і кампазытар), Аляксандар Шумскі.
Выпускнікі
рэдагавацьБарыс Кіт, Леанід Барысаглебскі, Леў Гарошка, палітычныя дзеячы Язэп Сажыч, Уладзімер Сіўко, Міхась Рагуля, Барыс Рагуля, Уладзімер Набагез, пэдагог Барыс Сладоўскі.
Ліквідацыя
рэдагавацьУ чэрвені 1934 польскія ўлады абвесьцілі аб закрыцьці беларускай гімназіі ў Наваградку. Навучэнцам было прапанавана падоўжыць навуку ў мясцовай Польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Каля 80% вучняў, аднак, вырашылі працягваць вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі. Наваградзкая беларуская гімназія з гэтага часу была зачыненая.
Адразу пасьля закрыцьця гімназіі зь Вільні прыехаў Барыс Кіт. Ён наладзіў пераезд гімназістаў у Вільню, разьмяшчэньне ў інтэрнаце беларускай гімназіі.
У 1939—1941
рэдагавацьПасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 дзякуючы намаганьням Барыса Кіта гімназія ізноў распачала працу. У Наваградак былі перавезены вучні Віленскай беларускай гімназіі, якую пачалі ціснуць летувіскія ўлады. Былі адчыненыя дзесяць інтэрнатаў для юнакоў з далёкіх вёсак. Побач была заснаваная другая — 7-гадовая беларуская школа. Зь Вільні быў перавезены нават аркестар, які пасьля ладзіў выступы ў Наваградку.
На працу прыбылі Ст. Станкевіч, Якім Скурат, Аляксандар Орса, Вольга Русак, Э. Залкінд, Л. Барысаглебскі, А. Анішчык ды іншыя энтузіясты.
Выкладчык Панько данёс у савецкую адміністрацыю, што Барыс Кіт зьяўляецца беларускім нацыяналістам. Вельмі хутка замест Кіта дырэктарам быў прызначаны Фелікс Баржэмскі з савецкага Менску. Кіту прызначылі месца намесьніка. Ён зьехаў у Баранавічы і адразу заняў пасаду школьнага інспэктара [5].
За нямецкай акупацыяй 1941—1944
рэдагавацьПраца Наваградзкай беларускай гімназіі працягвалася і пад нямецкай акупацыяй.
Сучасны стан
рэдагавацьСёньня ў будынку гімназіі месьціцца сярэдняя школа №1. У будынку школы ў 2008 годзе адкрыты музэй Барыса Кіта (у пакойчыку, дзе ў 1939 годзе ён жыў[6]), дзе маюцца шматлікія матэр’ялы, што датычыць і гісторыі самой гімназіі [7].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Наваградзкая Дзяржаўная Беларуская Гімназія (Філія Дзяржаўнае гімназіі імя А. Міцкевіча ў Наваградку): тыпу матэматычна-прыродазнаўчага // Родны край : часопіс. — 1933. — № 12. — С. 1.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Цярновы шлях Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне // Народная Воля №48-49 (3178-3179)
- ^ Аўтабіяграфія Барыс Кіт
- ^ Аляксандар Орса — Імёны Свабоды(недаступная спасылка)
- ^ Ігар Мельнікаў. З гісторыі адной вандроўкі па гарадах Заходняй Беларусі // Газэта «Новы час», 2 сьнежня 2015 г. Праверана 3 сьнежня 2015 г.
- ^ Цярновы шлях Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне // Народная Воля №50-51 (3180-3181)
- ^ У Наваградку адкрылі музэй Барыса Кіта Нацыя. SOS
- ^ Спонсарам музэю Барыса Кіта стаў бізнэсовец з Расеі Валер Каліноўскі. Радыё Свабода 04.06.2008
Літаратура
рэдагаваць- Кірыл Ананька. Культурна-асветніцкае жыццё беларускіх гімназій у Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.) / галоўны рэдактар Александар Корзюк // Беларускі гістарычны часопіс : навукова-тэарэтычны, навукова-мэтадычны часопіс. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2023, лістапад. — № 11 (292). — С. 52—57. — ISSN 1993-1999.
- Наваградская беларуская гімназія (1919—1934) // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Навагрудскага раёна. — Мн.: Беларусь, 1996. — 559 с.: іл. ISBN 985-01-0050-8.
- Чэмер А. Наваградская Беларуская Гімназія. — Вільня: Savarenas, 1997. — 135 с.: іл. — ISBN 9986-749-04-2.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000439 |