Рафаі́л Ко́рсак, Рафа́л Корсак (сьвецкае імя Мікала́й; каля 1601 — 28 жніўня 1640, Рым) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, царкоўны гісторык і тэоляг. Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата (з 1626), уніяцкі біскуп Пінскі і Тураўскі (1632—1637), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (з 1637).

Рафаіл Корсак
Рафаіл Корсак
Рафаіл Корсак
POL COA Korsak I.svg
Катвіца
IV мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1637 — 1640
ПапярэднікЯзэп Руцкі
НаступнікАнтон Сялява
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікалай Корсак
Нарадзіўся каля 1601
каля Наваградку
Памёр 28 жніўня 1640
Рым
Пахаваны
Род Корсакі
Бацькі Сямён Іванавіч Корсак[d]
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Корсак.

БіяграфіяРэдагаваць

Зь беларускага[1] шляхецкага роду Корсакаў гербу ўласнага («Катвіца зьмененая»). Нарадзіўся каля Наваградку, ягоныя бацькі спавядалі кальвінізм. У падлеткавым узросьце страціў бацькоў і знаходзіўся пад апекаю Язэпа Руцкага, маці якога паходзіла з роду Корсакаў.

Спачатку Язэп Руцкі аддаў яго для навучаньня ў калегіюм езуітаў у Замасьці, затым — у Нясьвіскі езуіцкі калегіюм, дзе Мікалай Корсак перайшоў у каталіцтва лацінскага абраду. Пазьней пад уплывам Кіеўскага мітрапаліта Язэпа Руцкага прыняў грэцкі абрад. Вучыўся ў Віленскай акадэміі.

У 1618 праходзіў філязофскія студыі ў папскім калегіюме ў Браўнзбэргу (Усходняя Прусія). У 1619—1621 працягваў навучаньне ў калегіюме езуітаў у Празе. Да 1620 уступіў у Ордэн базылянаў, прыняўшы манаскае імя Рафаіл, і быў высьвячаны на дыякана ў 1620. У 1621—1624 працягваў багаслоўскія студыі ў Грэцкім калегіюме сьвятога Атанасія ў Рыме. Пасьля завяршэньня багаслоўскіх студыяў у Грыгарыянскім калегіюме ў 1624 быў высьвячаны ў Рыме на сьвятара. Тады ж зьвярнуўся да Апостальскай Сталіцы з мэмарандумамі — у справе царкоўнай уніі на праваслаўным Усходзе, а таксама далучэньня ордэну кармялітаў да ўнійнай дзейнасьці.

У 1625—1637 архімандрыт Віленскага Траецкага, у 1631 Анупрэйскага (Амсьціслаўскае ваяводзтва), у 1632—1633 Кобрыньскага Спаскага, у 1637—1640 Жыдычынскага манастыроў. У 1626 прызначаны протаархімандрытам базылянскага ордэна і біскуапам-каад’ютарам мітрапаліта Язэпа Руцкага. 8 ліпеня 1626 атрымаў каралеўскую намінацыю на годнасьць біскупа, а ў 1631 — папскую булу з пацьверджаньнем права на ўспадкаваньне кіраўніцтва мітраполіяй[2]. У 1626—1632 біскуп Галіцкі, у 1632—1637 — біскуп Тураўскі і Пінскі.

У 1633 па даручэньні Кіеўскага мітрапаліта Язэпа Руцкага адправіўся ў Рым да папы рымскага Урбана VIII, каб адстойваць інтарэсы ўніі ва ўмовах абвастрэньня барацьбы з праваслаўем і непрыхільнага стаўленьня да Ўніяцкай царквы з боку сьвецкіх уладаў і рымска-каталіцкай герархіі Рэчы Паспалітай, а таксама з мэтай паскорыць працэс праслаўленьня Полацкага архібіскупа Язафата (Кунцэвіча). Пасьпяхова выканаўшы гэтую місію, увесну 1636 прыбыў у Варшаву зь лістамі з Апостальскай Сталіцы да караля і польскіх герархаў з рэкамэндацыямі перагледзець «Пункты заспакаеньня Русі», што былі выдадзеныя каралём і вялікім князем Уладзіславам Вазам і легалізоўвалі праваслаўную царкву ў Рэчы Паспалітай, і спрыяць дзейнасьці зьяднанай царквы.

У 1637 атрымаў прызначэньне мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. Падтрымліваў курс караля і вялікага князя на прымірэньне ўніятаў з праваслаўнымі. У 1639—1640 гадах у трэці раз паехаў у Рым, дзе працягваў клапаціцца пра бэатыфікацыю Язафата Кунцэвіча і прасіў у папы рымскага Урбана VIII дазволу склікаць сумесны сабор праваслаўных і ўніятаў з мэтай стварэньня адзінага рускага патрыярхату ў Рэчы Паспалітай. У гэты час напісаў біяграфію Язэпа Вельяміна Руцкага, пераклаў творы Мялеція Сматрыцкага, заснаваў у Рыме сядзібу базылянаў зь Беларусі і Ўкраіны пры царкве сьвятых Сяргея й Бакха.

Памёр 28 жніўня 1640 у Рыме, пахавалі мітрапаліта ў царкве сьвятых Сяргея й Бакха.

Папярэднік
Язэп Руцкі
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата
1626—1640
Наступнік
Пахом Война-Аранскі
Папярэднік
Рыгор Ліс-Міхайловіч
Біскуп Пінскі і Тураўскі
1632—1637
Наступнік
Пахом Война-Аранскі
Папярэднік
Язэп Руцкі
Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1637—1640
Наступнік
Антон Сялява

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Сяргей Казуля. Корсак Рафаіл // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 649.
  2. ^ КОРСАК Рафаїл http://www.history.org.ua/?termin=Korsak_R

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Рафал Корсаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў