Наваградзкае ваяводзтва (1921—1939)

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка міжваеннай Польскай Рэспублікі

Нава́градзкае ваяво́дзтва (па-польску: Województwo Nowogródzkie) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы з цэнтрам у Наваградку. Буйныя гарады: Баранавічы, Ліда, Нясьвіж, Стоўпцы. Утворана паводле закону (палажэньня) ад 4 лютага 1921 году.[1]

Наваградзкае ваяводзтва

(Województwo nowogródzkie)
Агульныя зьвесткі
Краіна Польшча
Статус ваяводзтва
Уваходзіць у Польшча
Адміністрацыйны цэнтар Наваградак
Улучае 10 паветаў (1922), 8 паветаў (1929)
Найбольшы горад Наваградак,
Слонім,
Ліда
Дата ўтварэньня 4 лютага 1921
Дата скасаваньня 4 сьнежня 1939
Насельніцтва (1931) 1057,2 тыс.
Шчыльнасьць 46 чал./км²
Плошча 22 966 (1931) км² (6%)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт

 324 м
Месцазнаходжаньне Наваградзкага ваяводзтва
Наваградзкае ваяводзтва на мапе
Мапа Наваградзкага ваяводзтва
Наваградзкае ваяводзтва, мапа
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Геаграфія

рэдагаваць

Тэрыторыя

рэдагаваць

Наваградзкае ваяводзтва займала тэрыторыю плошчаю 22 966 км², што складала 6% тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай.[2][3] На ўсходзе межавала з СССР, на поўдні з Палескім ваяводзтвам, з захаду і поўначы — зь Беластоцкім і Віленскім.

Тапаграфія

рэдагаваць

Наваградзкае ваяводзтва ляжала на плоскасьці, найвышэйшы пункт якой узносіўся на вышыню 324 мэтраў над узроўнем мора і знаходзіўся гэты пункт у Наваградку. На захад і на поўдзень рэльеф зьніжаўся і пераважалі абшары, якія ляжалі на вышыні 150—200 м.[4]

Водная сыстэма

рэдагаваць

Наваградзкае ваяводзтва ляжала ў парэччы ракі Нёман, якая падзяляла ваяводзтва натуральным чынам на дзьве частцы. Нёман праходзіў праз паветы Стаўпецкі, Наваградзкі, Лідзкі і Шчучынскі па даўжыні 286 км.[5]

Да найважнейшых рэк акрамя Нёману належаць Сула (даўжыня 72 км), Бярэзіна (192 км), Гаўя (65 км), Дзітва (95 км), Лебяда (57 км), Маўчадка (86 км), Вуша (83 км), Сэрвач (68 км) і найвялікшай пасьля Нёману рака Шчара (330 км). Цалкам, даўжыня рачной сеці ваяводзтва даходзіла да 4066 км.[3]

Вялікіх азёраў не было. Найважнейшымі былі Сьвіцязь, Калдычэўскае возера, Кромаль, Дамачэўскае возера, Пеласы і Маторы. Іх паверхня вагалася ў граніцах 93—170 га.

21% абшараў Наваградзкага ваяводзтва займалі дрыгвы. Цалкам паверхня багнаў і балот, якія ляжалі ў басэйнах рэк складала 588 600 га. Найбольш іх было ў Стаўпецкім павеце, потым у Валожынскім, слонімскім і Баранавіцкім. Найменш у наваградзкім і Шчучынскім. Знаходзячыся ў паўднёвай частцы ваяводзтва, значныя дрыгвяныя комплексы былі працягам Палескіх балот. Працягваліся яны да шашы Берасьце — Слуцак і далей на поўдзень.

Тэрыторыя Наваградзкага ваяводзтва была досыць густа залесенай. Агульная плошча лясоў у 1931 годзе дасягала 517 000 га (24,3% паверхні).[6] Найбуйнейшыя лясныя абшары знаходзіліся ў павеце Валожынскім, Слонімскім і Баранавіцкім. Валожынскі павет і ўсходняя частка Стаўпецкага павету займаў буйны лясны комплекс, які складаўся зь лясоў Бакшанцкіх, Вішнеўскіх, Любчанскія і Налібоцкай пушчы з паверхняй каля 100 000 га. Другім па памеры лясным абшарам была пакладзеная па левым берагу Нёмана пры вусьці Шчары ў Слонімскім павеце і часткова Наваградзкім Ліпічанская пушча, называемая таксама Занёманскай. У Баранавіцкім павеце былі значныя лясныя скапленьні ў прырэччы Шчары.

На поўнач ад Нёману, лясы выступалі радзей. Найменей іх было ў паветах Лідзкім, Наваградзкім і Нясьвіскім. Гэтыя паветы прадстаўлялі сабой слаба залесены пас, які апаясваў Наваградзкае ваяводзтва з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. У Шчучынскім павеце лясныя абшары ляжалі на паўднёва-ўсходнім яго канцы, і адносіліся да Гарадзенскай пушчы.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць
 
Наваградзкае ваяводзтва да далучэньня Сярэдняй Літвы да Польшчы (уключала тэрыторыі, якія пазьней утварылі зь Сярэдняй Літвой Віленскую Зямлю, пераўтвораную потым у Віленскае ваяводзтва).
Павет Плошча км² Жыхароў Павятовае места Жыхароў
Наваградзкае ваяводзтва
Баранавіцкі 3298 161 100   Баранавічы 22 893
Дунілавіцкага (да 1922) ¹ 3687 112 717   Дунілавічы 1386
Дзісьненскі (да 1922) 5156 170 342   Дзісна 4514
Лідзкі ³ 4258 183 500   Ліда 19 490
Нясьвіскі 1968 114 500   Нясьвіж 7357
Наваградзкі 2930 149 500   Наваградак 9567
Слонімскі 3069 126 500   Слонім 16 284
Стаўпецкі 2371 99 400   Стоўпцы 6569
Шчучынскі (пасьля 1929) ³ 2273 107 200   Шчучын (1921) 1539
Вялейскага (да 1922) 4 3421 103 914   Вялейка 3417
Валожынскі 2799 115 500   Валожын 6269
¹ У 1922 годзе ў Віленскае ваяводзтва перададзеныя Вялейскі, Дзісьненскі й Дунілавіцкі паветы.
³ 21 траўня 1929 году ўтвораны восьмы, Шчучынскі павет).

Акрамя таго, ваяводзтва налічвала 89 вясковых гмінаў.

Насельніцтва і эканоміка

рэдагаваць

Насельніцтва. Нацыянальныя адносіны

рэдагаваць

У 1931 годзе ў Наваградзкім ваяводзтве жылі 1057,2 тыс. асобаў, зь якіх у местах было каля 102,3 тыс.[2] У параўнаньні зь іншымі тэрыторыямі ІІ Рэчы Паспалітай, гэта быў рэгіён ня толькі слаба заселены але і вельмі неўрбанізаваны.

Прадваеннае Наваградзкае ваяводзтва ня мела нацыянальнага адзінства. Адвечна тутай жылі палякі, беларусы, габрэі, летувісы, татары і расейцы. Дамінавалі аднак, першыя тры групы. На падставе статыстычных дадзеных цяжка высьветліць, хто быў палякам, а хто беларусам. У часе правядзеньня ІІ Усеагульнага сьпісу люднасьці ў 1931 годзе, апытаваным асобам ставілася пытаньне не аб нацыянальнае прыналежнасьці, а толькі аб мове і вызнаньні. Люднасьць ваяводзтва паводле мовы і вызнаньня:

Насельніцтва ваяводзтва паводле мовы і вызнаньня[7]
Родная мова Вызнаньне
Польская — 553 859 асобаў Рыма-каталікі — 424 549 асобаў
Беларуская — 413 466 асобаў Праваслаўныя — 542 333 асобаў
Ідыш і габрэйская — 76 025 асобаў «Майсеева вера» — 82 872 асобаў

Статыстычныя дадзеныя гавораць, што каталікі не заўсёды карысталіся польскай мовай, падобна як і ня ўсе праваслаўныя ўжывалі беларускую мову. Пэўна, аднак, што пераважная большасьць палякаў былі каталікамі, а большасьць беларусаў вызнавала праваслаўе.[8]

У местах ваяводзтва дамінавалі палякі і габрэі, на вёсцы ў большасьці раёнаў пераважалі беларусы. У лідзкім, шчучынскім і валожынскім паветах дамінавала польскае насельніцтва, значны адсотак палякаў жыў у стоўпцаўскім павеце, у астатніх паветах пераважалі беларусы.[8]

Нацыянальная сьвядомасьць сярод мясцовых беларусаў была разьвіта слаба. Пад уплывам аґітацыі беларускіх дзеячоў і камуністычнай прапаґанды, палітычнае ўсьведамленьне беларусаў паступова ўзрастала.

Нацыянальная палітыка польскіх улад станавіла перашкоды на шляху кар’ернага ўзросту беларусаў. Сьведчаць аб тым зьвесткі ІІ сьпісу насельніцтва 1931 году. Сярод 19 115 працаўнікоў публічнае службы, касьцёла, арґанізацыяў і грамадзкіх інстытутаў католікаў было 13 389, праваслаўных — 3050 асобаў, вызнаньня майсеева — 1481.[9] Таксама, калі ня горш выглядала сытуацыя ў адміністрацыі, судзе, самакіраваньні, асьвеце, культуры і мэдыцыне. Палякі мелі значна большыя шансы для кар’ернага росту.[10]

Нягледзячы на тое, што беларусы мелі меншыя мажлівасьці для разьвіцьця сваёй асьветы і культуры, не заслугоўвае даверу сьцьвярджэньне, што ўсе беларусы былі праціўнікамі Польшчы. Значная іх частка мела пачуцьцё сувязі з Польшчай. Сьведчыць аб тым удзел беларусаў у адзінках абароны граніцы і польскай кансьпірацыі і аддзелах партызанскіх ЗВЗ-АК на Наваградчыне.[10]

Большасьць габрэяў жылі ў местах і мястэчках, працавалі ў гандлі, прамысловасьці і камунікацыі. Яны ўяўлялі сабою закрытую ґрупу, якая амаль не асымілявалася. Таму спрыялі традыцыйны ўклад жыцьця, культурная і рэліґійная асобнасьць. Пераважная большасьць габрэяў жылі бедна і таму былі вельмі падатнымі на бальшавіцкую прапаґанду, якая праводзілася праз каморкі КПЗБ.

Хаця непрыязьнь беларусаў і габрэяў да палякаў і польскага гаспадарства была зьявай досыць распаўсюджанай, у міжваеным часе выпадкаў канфліктаў на этнічнай глебе не было. Гэтая ўзаемная непрыязьнь узрастала галоўным чынам, на эканамічнай глебе, а не нацыянальнай.

Адукацыя

рэдагаваць

У 1939 на тэрыторыі Наваградчыны было 23 прадшколы, 1323 пачатковыя школы, 12 ґімназіяў, 9 ліцэяў і настаўніцкіх сэмінарыяў, 13 прфэсійных («завадовых») школаў, 10 сельскагаспадарчых, 5 тэхнікумаў (школа «завадова-дакшталтуючая»).[11][12] З 202 100 дзяцей у школьным узросьце наведвалі школы 164 500 (81,4%). Аднак, у 1938 годзе, на тэрыторыі Наваградчыны не стала аніводнай школы зь беларускай мовай навучаньня.

Камунікацыя

рэдагаваць

Камунікацыйная сець у Наваградзкім ваяводзтве была разьвітая слаба. Яго тэрыторыю абдымалі чатыры чыгуначныя лініі: БерасьцеБаранавічыСтоўпцы, ВільняБаранавічыЛунінец, БеластокБаранавічы, СедльцэЛідаЗахацьце. Даўжыня ўсёй чыгункі дасягала 584 км, зь іх 56% прыпадала на лідзкі і баранавіцкі паветы.

Вузкакалейныя лініі ваяводзтва мелі даўжыню 148 км і мелі значэньне для мясцовых перавозак. Новаельненскі чыгуначны вузел быў зьвязаны з наступнымі местамі: Ліда, Баранавічы, Любча. Яго пабудавалі і пусьцілілі ў работу ў 1930-ыя гады. Гэта была вузкакалейная чыгунка. Дзейнічаў Новаельненскі чыгуначны вузел у складзе польскае чыгункі. Перагон Новаельня—Любча злучаў сталіцу Наваградзкага ваяводзтва местам Новы-Гарадок. На перагоне былі вакзалы для падарожнікаў і хадзілі людзкія цягнікі.


Даўжыня звычайных дарог у Наваградзкім ваяводзтве дасягала 14 338 км зь іх асфальтаванымі і брукаванымі былі толькі 2214 км. І без таго цяжкія камунікацыйныя ўмовы пагаршаліся ападкамі асабліва, ўвясну, увосень і зімою, калі выпадала дужа сьнегу.[13]

Сельская гаспадарка

рэдагаваць

Наваградзкае ваяводзтва было аґрарным рэґіёнам. Складанае становішча ў эканоміцы мела непасрэдны ўплыў і на нацыянальныя адносіны.

На настроі беларусаў уплывала перанаселенасьць вёскі і выкліканы гэтым недахоп зямлі. У 1931 годзе на тэрыторыі ваяводзтва было 164 256 гаспадарак, зь іх 143 767 мелі зямлі менш за 15 га. У 81 853 гаспадарак зямлі было менш за 5 га і працавала на іх каля 378 959 асобаў (ува ўзросьце ад 16 да 60 гадоў), ад 5 да 10 га лічыліся 46 677 гаспадарак (265 916 асобаў), гаспадарак ад 10 да 15 га было 12 237 (69 777 асобаў), ад 15 да 50 га 7946 гаспадарак (45 706 асобаў). Маёнткаў вышэй за 50 га было 938 (3572 асобы).[8][14]

Перанаселенасьць вёскі і «зямельны голад» датычыў адначасова і палякаў і беларусаў. Хаця пераважна ўладарамі дужых (звыш 50 га) і сярэдніх маёнткаў былі палякі, зь якіх шмат належыла вайсковым асаднікам (на 1 студзеня 1925 году іх лічба на Наваградчыне была каля 1921 асобы).[8]

Перанаселенасьць, прымітыўная сыстэма кіраваньня сельскай гаспадаркай (дамінавала трохпольле), малаўраджайная глеба, недастатковая мэханізацыя вёскі — усё гэта спрыяла таму, што большасьць гаспадарак Наваградзкага ваяводзтва былі натуральнымі і самадастатковымі, слаба зьвязанымі з рынкам.[15]

  1. Чэслаў Крупскі (в. а., чэрвень — 17 кастрычніка 1921)
  2. Уладыслаў Рачкевіч (1885—1947; 17 кастрычніка 1921 — 29 жніўня 1924)
  3. Марыян Юзаф Жагота-Янушайціс (1889—1973; 29 жніўня 1924 — 24 жніўня 1926)
  4. Зыгмунт Бачковіч (1887—1955; 24 верасьня 1926 — 20 чэрвеня 1931)
  5. Вацлаў Костак-Бярнацкі (1887—1957; 1 ліпеня 1931 — 8 верасьня 1932)
  6. Стэфан Сьвідэрскі (1895—1978; в. а. да 1933 году, 8 верасьня 1932 — 2 сьнежня 1935)
  7. Адам Людвік Корвін-Сакалоўскі (1896—1979; 17 сьнежня 1935 — 17 верасьня 1939)

Ліквідацыя Наваградзкага ваяводзтва

рэдагаваць

Пасьля нападу СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году і прыйсьця Чырвонае Арміі, на некаторы час наступіла анархія. Гэты пэрыяд быў скарыстаны крымінальнымі і скамунізаванымі элемэнтамі, каторыя правялі бандыцка-рабункавыя акцыі супраць асаднікаў, заможных сялянаў, паліцэйскіх, афіцэраў Войска Польскага. Здаралася, што даходзіла да забойстваў. Толькі на тэрыторыі наваградзкага павету ахвярамі падобных акцыяў сталі прынамсі 25 асобаў.[16][17]

Разбурэньні працягваліся, пакуль сытуацыя не была апанавана і ўзята пад кантроль новай адміністрацыяй і НКВД. На тэрыторыі Наваградзкага ваяводзтва была ўсталявана савецкая ўлада, а на месцы ваяводзтва створана Баранавіцкая вобласьць, якая была нязначна большай за прадваеннае Наваградзкае ваяводзтва.

  1. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5.
  2. ^ а б Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 13
  3. ^ а б Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 11
  4. ^ Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 11
  5. ^ S. Odlanicki-Poczobutt, Województwo Nowogródzkie, Wilno 1936, s. 4
  6. ^ Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 72
  7. ^ Główny Urzęd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej. Statystyka Polski. Seria C. z. 71. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9 XII 1931. Mieszkania i gospodarstwa domowe, lidność, stosunki zawodowe. Województwo Nowogródzkie. Warszawa, 1938, s. 19
  8. ^ а б в г Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 14
  9. ^ Główny Urzęd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej. Statystyka Polski. Seria C. z. 71. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9 XII 1931. Mieszkania i gospodarstwa domowe, lidność, stosunki zawodowe. Województwo Nowogródzkie. Warszawa, 1938, s. 231
  10. ^ а б Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 16
  11. ^ Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 318
  12. ^ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 15
  13. ^ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 13
  14. ^ Główny Urzęd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej. Statystyka Polski. Seria C. z. 71. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9 XII 1931. Mieszkania i gospodarstwa domowe, lidność, stosunki zawodowe. Województwo Nowogródzkie. Warszawa, 1938, s. 60
  15. ^ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 14—15
  16. ^ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 17
  17. ^ M. Werzbicki. Niektórze aspekty stosunków polsko-białoruskich w czasie pierwszych miesięcy okupacji sowieckiej (1939—1940), w : Spoleczeństwo białoruskie, litewskie i polskie… S. 240

Літаратура

рэдагаваць