Копія «95-ці тэзаў» (1522)

Рэфарма́цыя — рэлігійны й грамадзкі рух у XV і XVI стагодзьдзях, які меў за мэту рэформу хрысьціянства. Пачаткам Рэфармацыі лічыцца выступленьне Мартына Лютэра ў 1517 годзе, а некаторымі — дзейнасьць Яна Гуса на сто гадоў раней. Галоўная мэта — гэта вяртаньне да першакрыніцы, Бібліі, вяртаньне да Боскага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека.

Ейным пачаткам прынята лічыць выступленьне доктара багаслоўя Вітэнбэргскага ўнівэрсытэту Мартына Лютэра, якое адбылося 31 кастрычніка 1517 году, калі ён прыбіў да дзьвярэй вітэнбэрскае Замкавае царквы свае «95 тэзісаў», у якіх выступаў супраць існуючых злоўжываньняў каталіцкай царквы, у прыватнасьці супраць продажу індульгенцыяў. Канцом Рэфармацыі можна лічыць падпісаньне вэстфальскіх дамоваў у 1648 годзе[1], паводле вынікаў якіх рэлігійны фактар перастаў адыгрываць істотную ролю ў эўрапейскай палітыцы.

Асноўнымі прычынамі Рэфармацыі зьяўляліся пераадоленьне фэадальнае раздробленасьці й узьнікненьне цэнтралізаваных дзяржаваў, эканамічны крызіс пасьля зьяўленьня велізарнае колькасьці амэрыканскага золата, спусташэньне банкаў, незадаволенасьць розных слаёў насельніцтва Эўропы маральным раскладаньнем каталіцкае царквы, якое суправаджалася эканамічнай і палітычнай манапалізацыяй. Комплекс мераў, прадпрынятых каталіцкай царквой і езуітамі для барацьбы з Рэфармацыяй, атрымалі назву Контрарэфармацыі.

У выніку рэфармацыі зьявіўся новы кірунак у хрысьціянстве — пратэстанцтва, які ў сваю чаргу мае свае адгалінаваньні: лютэранства (стваральнік — Мартын Лютэр), англіканцтва (Генрых VIII), кальвінізм (Жан Кальвін) ды іншыя.

Гістарычныя падзеі

рэдагаваць


Сьвятая Рымская імпэрыя

рэдагаваць
 
«95 тэзісаў» Мартына Лютэра
 
Мартын Лютэр на Вормскім райхстагу

У Нямеччыне, якая да пачатку XVI стагодзьдзя ўсё яшчэ заставалася палітычна раздробленай дзяржавай, незадаволенасьць царквой падзялялі шырокія колы грамадзтва[2], з тае прычыны, што зь сялянаў зьбіралася царкоўная дзесяціна й пасьмяротныя паборы, прадукцыя рамесьнікаў не магла канкураваць з прадукцыяй манастыроў, якія не абкладаліся падаткам, царква пашырала свае зямельныя ўладаньні ў гарадох, пагражаючы ператварыць мяшчанаў у пажыцьцёвых даўжнікоў[3]. Усё гэта, а таксама велізарныя сумы грошай, якія Папскі Пасад вывозіў зь Нямеччыны, і маральнае разлажэньне духавенства, паслужыла падставай да выступленьня Мартына Лютэра, які 31 кастрычніка 1517 году прыбіў да дзьвярэй Вітэнбэрскай Замкавай царквы свае «95 тэзісаў». У іх доктар багаслоўя выступаў супраць продажу індульгенцыяў і ўлады папы над адпушчэньнем грахоў. У ягоным вучэньні ён абвяшчаў, што царква й духавенства не зьяўляюцца пасярэднікам паміж чалавекам і Богам. Ён абвесьціў, што папская царква ня мае паўнамоцтваў даваць людзям праз сакрамэнты «адпушчэньне грахоў» і «выратаваньне душы», якое зрабіць можа толькі Бог. Асноўнае палажэньне, высунутае Лютэрам, абвяшчала, што чалавек дасягае «выратаваньня душы» (або «апраўданьня») не праз царкву й ейныя абрады, а пры дапамозе веры, што даруецца яму непасрэдна Богам[4]. Таксама Лютэр абверг аўтарытэт Сьвятой Традыцыі, гэта значыць пастановаў царквы й папскіх дэкрэтаў, адводзячы ролю адзінай крыніцы рэлігійнай ісьціны толькі Сьвятому Пісаньню[4].

Папства першапачаткова ня выказала асаблівай заклапочанасьці ягоным выступам. Сутыкненьні паміж рознымі манаскімі ордэнамі былі ня рэдкасьцю, таму дзейнаму папу здалося, што гэта чарговы «манаскі зварыш». Аднак Лютэр, заручыўшыся падтрымкай Фрыдрыха III, курфюрста Саксонскага, не саступаў дасыланым папскім эмісарам, у той жа час абавязваючыся не распаўсюджваць свае ідэі пры ўмове, што маўчаньне будуць захоўваць і ягоныя праціўнікі[5]. Аднак падзеі на Ляйпцыскім дыспуце прымусілі яго перапыніць маўчаньне. Выказаўшы падтрымку Яну Гусу й недавер царкоўнаму сабору, які асудзіў дзейнасьць чэскага гуманіста, Лютэр фактычна перарваў адносіны з царквой. Наступным крокам было тое, на што да гэтага практычна ніхто не адважваўся: 10 сьнежня 1520 году пры вялізнай колькасьці народу Лютэр спаліў папскую булу, дзе асуджаліся ягоныя погляды. Пасьля такой падзеі ў справу ўмяшаліся сьвецкія ўлады. Ізноў абраны імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Карл V выклікаў Лютэра на імпэрскі сойм(en) у Вормс з мэтай пераканаць яго адмовіцца ад сваіх поглядаў — падобна на тое, як сто гадоў таму аналягічную спробу зрабіў імпэратар Жыгімонт у дачыненьні да Гуса. Лютэру далі два дні, каб ён даў адказ на пытаньне аб тым, ці гатовы ён адмовіцца ад сваіх поглядаў, аднак нямецкі сьвятар не саступіў, за што згодна з Вормскім эдыктам быў пастаўлены па-за законам на тэрыторыі Сьвятой Рымскай імпэрыі.

Другі этап

рэдагаваць

Пасьля Вормскага эдыкту пачаліся першыя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў Лютэра. Гэтак, папскі легат Джыраляма Алеандэр, які й спрыяў прыняцьцю імпэратарам гэтага рашэньня, пасьля сойма накіраваўся ў Нідэрлянды, дзе паводле ягонага падгаворваньня былі спаленыя два манахі, якія сталі першымі пакутнікамі Рэфармацыі.

Фрыдрых Мудры вырашыў не пакідаць свайго прафэсара без абароны. Для гэтага Лютэр на шляху з Вормсу быў выкрадзены групай людзей курфюрста, прычым сам Фрыдрых ня ведаў, дзе знаходзіцца Лютэр, каб ня лжэсьведчыць, калі імпэратар Карл V яго спытае пра гэта[6][7]. Лютэр быў зьмешчаны ў аддалены замак Вартбург, дзе пра ягонае знаходжаньне ведаў толькі сакратар курфюрста Георг Спалятын. У Вартбургу Лютэр заняўся перакладам спачатку Новага Запавету, а затым і ўсёй Бібліі на нямецкую мову. Разам з гэтым у імпэрыі выступленьне Лютэра на Вормскім райхстагу ўзрушыла шырокія народныя масы, якія зыходзячы са сваіх саслоўных інтарэсаў па-рознаму трактавалі вучэньне Лютэра.

У адсутнасьць Мартына ў Вітэнбэргу разгарнуўся бюргерскі рух, на чале якога сталі Андрэас Карлштат і Габрыель Цьвілінг. Удзельнікі гэтага руху патрабавалі неадкладных радыкальных пераўтварэньняў, у прыватнасьці асуджалі каталіцкія імшы, ухвалялі ліквідацыю манаскіх абяцаньняў і выхад манахаў з манастыроў[8], часьцяком пры гэтым выказваючы сваю незадаволенасьць у форме пагромаў каталіцкіх храмаў. У процівагу «цялеснаму мяцяжу» Цьвілінга й Карлштата Лютэр прапанаваў ідэю «духоўнага бунту», то бок мірнага шляху Рэфармацыі, якая не атрымала шырокай падтрымкі сярод насельніцтва[8].

На працягу гэтага часу ў Лютэра былі важкія падставы спадзявацца на ўвасабленьне сваёй ідэі «духоўнага бунту», бо імпэрскае панаваньне насуперак папскай буле 1520 году й Вормскаму эдыкту 1521 году не забараняла рэфарматарскія рухі, пераносячы канчатковае рашэньне на будучы райхстаг або царкоўны сабор. Новыя райхстагі адкладвалі разгляд справы да скліканьня царкоўнага сабора, толькі забараняючы Лютэру друкаваць новыя кнігі.

Аднак увасьлед за рухам радыкальнай бюргерскай групоўкі, якая суправаджалася стыхійнымі выступамі народных масаў, у краіне адбылося выступленьне імпэрскага рыцарства. У 1523 годзе частка рыцараў на чале з Ульрыхам фон Гутэнам і Францам фон Зікінгенам, незадаволеных сваім становішчам у імпэрыі, падняла паўстаньне, абвесьціўшы сябе прадаўжальнікамі справы Рэфармацыі, аднак асноўнай мэтай паўстаньня было падвышэньне статуса рыцарства ў краіне.

Сялянская вайна Томаса Мюнцэра

рэдагаваць

Сялянская вайна стала сьледзтвам тлумачэньня сялянскімі масамі ідэяў Рэфармацыі як закліку да сацыяльных пераўтварэньняў. Шмат у чым гэтым настроям спрыяла вучэньне Томаса Мюнцэра, які ў сваіх казаньнях заклікаў да паўстаньня, сацыяльна-палітычнага перавароту. Аднак няздольнасьць сялянскіх масаў і бюргерства згуртавацца ў сумеснай барацьбе прывяла да паразы ў вайне[4]. Пасьля сканчэньня Сялянскай вайны на райхстазе ў Шпаеры ў 1526 годзе дзеяньне Вормскага эдыкту паводле патрабаваньняў нямецкіх князёў было прыпынена. Аднак праз тры гады там жа Вормскі эдыкт быў пацьверджаны, што выклікала пратэст шасьці нямецкіх князёў і некалькіх імпэрскіх гарадоў. Паводле назвы гэтага дакумэнта — Шпаерскай пратэстацыі — прыхільнікі Рэфармацыі надалей пачалі называцца пратэстантамі[9].

У 1527 годзе Лютэр зрабіў візытацыі ў парафіі, якія цяпер лічыліся эвангеліцкімі. Вынік быў засмучальным: рэфарматара ўразіла глыбокае невуцтва ня толькі вернікаў, але і кіраўнікоў прыходаў. У выніку Лютэр напісаў дзьве кнігі — Малы Катэхізіс, прызначаны для вернікаў, і Вялікі Катэхізіс, які прызначаўся для пастараў. У іх Лютэр даў сваё тлумачэньне Дзесяці прыказаньням, малітве Ойча наш, Сымбалю веры, выклаў у чым сэнс і як адбываюцца хрост і сакрамэнт. У 1529 годзе Філіпам Гэсэнскім была зроблена спроба аб’яднаць намаганьні прыхільнікаў Лютэра й Цьвінглі ў ходзе супольнага дыспуту. Аднак у выніку ўдзельнікі Марбурскага дыспуту ня здолелі дамовіцца па адным адзіным пункце з шаснаццаці. Гэта пункт датычны рэальнай прысутнасьці плоці й Крыві Хрыста ў эўхарыстыі. У выніку Лютэр адмовіўся прызнаць у Цьвінглі адзінаверца.

Аўгсбурскі райхстаг

рэдагаваць
 
Аўгсбурскі райхстаг

На наступным райхстагу ў Аўгсбургу процідзейныя бакі зрабілі спробу дамовіцца. Лютэру было забаронена ўдзельнічаць у імпэрскім сходзе, у выніку ён накіраваў дэлегатам на сойм свайго сябра й аднадумца Філіпа Мэлянхтона, які прадставіў там дакумэнт, пасьля названы Аўгсбурскім спавяданьнем. Прыхільнікі каталіцтва вылучылі свае аргумэнты супраць тэксту, якія былі агучаныя, зрэшты пісьмовы тэкст прыхільнікам Рэфармацыі пададзены ня быў. Апошнія, аднак, пасьпелі запісаць аргумэнты апанэнтаў на слых. У якасьці адказу Мэлянхтонам пад кіраўніцтвам Лютэра быў напісаны больш аб’ёмны тэкст — Апалёгія Аўгсбурскага вызнаньня. Гэта былі першыя дакумэнты, у якіх было больш-менш пасьлядоўна выкладзена дагматычнае вучэньне новага рэлігійнага руху.

У ходзе райхстагу веравызнаўчыя тэксты былі складзеныя й прыхільнікамі Цьвінглі, якія атрымалі назву Тэтрапалітанскае вызнаньне. Пасьля Аўгсбурскага райхстагу пратэстанцкія князі пачалі фармаваць абарончы Шмалькальдэнскі зьвяз, натхняльнікам стварэньня якога зьявіўся Філіп Гэсэнскі.

Пасьля сьмерці Лютэра

рэдагаваць

Адразу ж пасьля сьмерці Лютэра пратэстантаў Нямеччыны чакала суровае выпрабаваньне. Атрымаўшы шэраг перамогаў над туркамі й французамі, імпэратар Карл V вырашыў заняцца ўнутранымі справамі. Склаўшы зьвяз з Папам і Вільгельмам Баварскім, ён накіраваў свае войскі на землі князёў-удзельнікаў Шмалькальдэнскага зьвяза. У выніку Шмалькальдэнскай вайны войскі пратэстантаў былі разгромленыя, у 1547 году войскамі імпэратара быў захоплены Вітэнбэрг, які ўжо амаль 30 гадоў зьяўляўся неафіцыйнай сталіцай пратэстанцкага сьвету, аднак магіла Лютэра паводле загаду імпэратара не была разварушана, а курфюрст Ёган-Фрыдрых Саксонскі й ляндграф Філіп апынуліся за кратамі. У выніку на райхстагу ў Аўгсбургу 15 траўня 1548 году быў абвешчаны інтэрым — пагадненьне паміж каталікамі й пратэстантамі, згодна зь якім пратэстанты былі вымушаныя пайсьці на значныя саступкі. Аднак увасобіць плян Карлу не атрымалася: пратэстантызм ужо быў добра разьвіты ў Нямеччыне й зьяўляўся рэлігіяй ня толькі князёў і купцоў, але сялянаў і рудакопаў, у выніку чаго правядзеньне інтэрыму сустракала ўпарты супраціў.

Тады зь ініцыятывы Морыца Саксонскага група ўмераных пратэстанцкіх тэолягаў на чале з Мэлянхтонам выпрацавала больш прымальны для лютэранаў тэкст інтэрыма, аднак і ён выклікаў нэгатыўную рэакцыю з боку зацятых прыхільнікаў Рэфармацыі, якія атрымалі назву гнэсыёлютэранаў. Канфлікт паміж імі й прыхільнікамі Мэлянхтона працягваўся амаль 30 гадоў.

Швайцарыя

рэдагаваць

Сытуацыя, аналягічная нямецкай, склалася й у Швайцарыі, дзе аўтарытэт каталіцкай царквы ўпаў з-за злоўжываньняў, распусты й невуцтва клірыкаў. Манапольнае становішча царквы ў галіне ідэалёгіі тут таксама было падарвана посьпехамі сьвецкай адукацыі й ідэямі гуманізму. Аднак у Швайцарыі да ідэалягічных перадумоваў дадаліся яшчэ і палітычныя, мясцовае бюргерства імкнулася ператварыць канфэдэрацыю незалежных адзін ад аднаго кантонаў у фэдэрацыю, правесьці сэкулярызацыю царкоўных земляў, забараніць вайсковае найміцтва, якое адцягвала працоўныя рукі ад вытворчасьці.

Аднак падобныя настроі пераважалі толькі ў т.зв. гарадзкіх кантонах краіны, дзе ўжо зарадзіліся капіталістычныя адносіны. У больш кансэрватыўных лясных кантонах захоўваліся сяброўскія адносіны з каталіцкімі манархіямі Эўропы, арміі якіх яны й забясьпечвалі наймітамі. Да таго ж Рэфармацыя ў Швайцарыі падтрымлівалася канфэдэрацыяй незалежных тэрыторыяў, такім чынам гарады і мястэчкі самі абіралі тое веравызнаньне, якое яны лічылі верным. Цесная сувязь палітычна-ідэалягічнага пратэсту і спарадзіла рух Рэфармацыі ў Швайцарыі, найбольш яркімі прадстаўнікамі якога выступілі Ульрых Цьвінглі й Жан Кальвін.

Цюрыскі рэфарматар

рэдагаваць
 
Выява Ульрыха Цьвінглі

Пачатак руху быў пакладзены ў Цюрыху, дзе ў 1518 годзе сьвятаром катэдральнага сабора быў абраны прапаведнік Ульрых Цьвінглі. Ужо добра вывучыўшы Біблію, ён у сваіх казаньнях пачаў вучыць народ таму, што выратаваньне дасягаецца не захаваньнем рэлігійнай абраднасьці, а верай у адкупленчую ахвяру Ісуса Хрыста. У хуткім часе сьвятар пайшоў далей, і ў сакавіку 1522 году ён з катэдры выказаўся пра адсутнасьць неабходнасьці захаваньня царкоўнага паста, і адпаведна, выплаты царкоўнага штрафу за ягонае невыкананьне, а ў ліпені таго ж году напісаў два адкрытыя лісты біскупу Канстанцскаму й чальцам Швайцарскага зьвязу пра шкоду цэлібату і пра дазвол духавенству ўступаць у шлюб.

У гэты час цюрыскі гарадзкі савет прызначыў правядзеньне дыспуту, на якім Цьвінглі на падставе Бібліі павінен быў даказаць праўдзівасьць свайго вучэньня. На дыспут былі запрошаны арцыбіскуп і прадстаўнікі ўсіх кантонаў, аднак прыехалі толькі прадстаўнікі Шафгаўзэна. Арцыбіскуп даслаў свайго вікарыя Фабэра, якому была дадзена ўстаноўка выслухаць Цьвінглі, але ў спрэчкі не ўступаць. У сваю чаргу рэфарматар грунтоўна падрыхтаваўся да дыспуту, напісаўшы 67 тэзісаў — праграму як царкоўнай, так і дзяржаўнай рэформы, якую ён зьбіраўся на гэтым дыспуце абараніць. Дыспут пачаўся 29 студзеня 1523 году, і паводле ягоных выніках Цюрых надалей адмовіўся прызнаваць уладу Канстанцкага арцыбіскупа й прыступіў да шырокіх царкоўных рэформаў.

15 сакавіка 1524 году ў Цюрыху быў выдадзены ўказ пра скасаваньне імшы й зьнішчэньне абразоў. У выніку з цэркваў былі выдалены ўсе выявы, зламаныя арганы, мошчы сьвятых пахаваны. Акрамя іншага, Цьвінглі прыступіў да пераўладкаваньня царкоўнай арганізацыі — калі раней уся ўлада належала біскупам, то Цьвінглі ўзмацьніў дэмакратычныя тэндэнцыі ў арганізацыі царквы, паставіўшы на чале прыход, які сам абіраў сабе прапаведніка. За Цюрыхам рушылі ўсьлед царкоўныя рэформы ў іншых швайцарскіх гарадох, як то Бэрне, Базэлі, Шафгаўзэне, Санкт-Галене й Глярусе, дзе паступова да ўлады прыйшлі прыхільнікі Рэфармацыі, аднак частка гэтак званых лясных кантонаў Швіц, Уры, Унтэрвальдэн і Цуг, і гарады Люцэрн і Фрыбур засталіся верныя каталіцтву. У канфэдэрацыі насьпяваў раскол, таму ў 1528 годзе каталікі прапанавалі зладзіць дыспут, ад якога да гэтага часу ўсяляк ухіляліся.

У 1529 годзе паміж кантонамі паўстаў першы канфлікт. Падставай яго быў арышт у Швіцы цюрыскага сьвятара Якаба Кайзэра, які быў спалены нягледзячы на пратэсты Цюрыху. У адказ Цюрых і Бэрн вылучылі свае сілы да Капэлю. Аднак пры пасярэдніцтве іншых кантонаў паміж супрацьлеглымі бакамі быў складзены мір, па ўмовах якога пратэстанцкія кантоны сталіся пераможным бокам і атрымлівалі значную грашовую кампэнсацыю. Гэтак званая першая Капэльская вайна скончылася, так і не пачаўшыся.

У 1531 годзе насьпела новая канфрантацыя паміж «хрысьціянскім зьвязам» і ляснымі кантонамі. Аднак Бэрн адмовіўся ад рашучых дзеяньняў, выступаючы за блякаду каталіцкіх кантонаў. Ды й у самім Цюрыху прыхільнікаў ваенных дзеяньняў было няшмат. У выніку цюрыскае войска аказалася нашмат меншым, чым чакалася. 11 кастрычніка 1531 году цюрыскі атрад быў разгромлены пераўзыходнымі сіламі праціўніка, сярод забітых быў Цьвінглі, які пасьмяротна быў асуджаны й чвартаваны.

 
Партрэт Жана Кальвіна

Зь цягам часу рэфарматарскі рух зрушыўся зь нямецкай Швайцарыі ва францускую частку, то бок зь Цюрыха ў Жэнэву, дзе першапачаткова рэфарматарскі рух ачоліў Гіём Фарэль, які яшчэ на пачатку 1520-х гадоў быў вымушаны з-за сваіх поглядаў эміграваць з Францыі. Тут ён актыўна займаўся рэфарматарскай дзейнасьцю, дапамагаў Ульрыху Цьвінглі, Ёгану Экалямпадыюсу й Мартыну Буцэру, прымаў удзел у наладжваньні кантактаў з вальдэнсамі. У 1532 годзе Фарэль прапаведаваў у Жэнэве. Сваёй пропаведзю ён прыцягнуў шмат прыхільнікаў, аднак выклікаў сваімі прамовамі незадаволенасьць кіраўніцтва гораду й быў выгнаны. Аднак пры дапамозе ўладаў Бэрна, які аказваў Жэнэве вайсковую дапамогу, яму ўдалося вярнуцца ў горад. У 1536 годзе гарадзкі савет Жэнэвы прыняў рашэньне аб усталяваньні ў горадзе рэфармаванага набажэнства. Аднак Фарэль адчуваў, што яму не хапае здольнасьцяў стаць на чале руху.

Улетку 1536 году праз Жэнэву праяжджаў Жан Кальвін, якога Фарэль папрасіў застацца дзеля пашырэньня дзейнасьці па рэфармаваньні царквы. Кальвін пагадзіўся й разам з Фарэлем прапанаваў гарадзкому савету свой праект т.зв. «Articles concernant l'organisation de l'église et du culte à Genève» (Артыкулаў па парадкаваньні царквы і набажэнстваў у Жэнэве)(fr). Усьлед за тым былі складзеныя катэхізіс і вызнаньне. Хоць Фарэль і выказваў у вызнаньні свой слабы погляд на адлучэньне, але ўвогуле ён падпарадкаваўся памкненьням Кальвіна й ягонага вучэньня пра незалежнасьць царквы ад дзяржавы. Ужываньне праграмы Кальвіна выклікала ў Жэнэве апазыцыю, і пасьля перамогі партыі «лібэртынаў» на выбарах 1538 году справа дайшла да выгнаньня абодвух рэфарматараў з гораду. У 1540 годзе прыхільнікі Кальвіна й Фарэля, гілермэны, заклікалі Кальвіна назад. Пасьля доўгай барацьбы ў 1542 годзе рэфарматары здолелі настаяць на арганізацыі царквы ў духу Кальвіна.

Для большай эфэктыўнасьці рэформаў Кальвін прапаноўваў выкарыстоўваць дзяржаўны апарат, каб прыводзіць у выкананьне суровыя пакараньні, якія былі залішне жорсткімі. Гэтак у 1553 годзе ўлады гораду Жэнэвы з прычыны выраку Кансысторыі спалілі навукоўца й прапаведніка Мігеля Сэрвэта, які прапаведаваў антытрынітарнае вучэньне. У выніку напружанай працы Кальвіна, Фарэля й іхных аднадумцаў Жэнэва ў выніку стала новым цэнтрам Рэфармацыі ў Швайцарыі. У 1549 годзе Кальвін і Булінгер падпісалі Цюрыскае пагадненьне, у выніку якога адбылося аб’яднаньне кальвіністаў і пасьлядоўнікаў Цьвінглі. У 1559 годзе была створаная Жэнэўская акадэмія, якая занялася падрыхтоўкай кадраў для новай канфэсіі.

Скандынавія

рэдагаваць
 
Трыюмф Густава Вазы. Жанчына ў жоўтым увасабляе Каталіцкую Царкву

На працягу XVI стагодзьдзя ўся Скандынавія зьвярнулася ў лютэранства, калі манархі Даніі, якія таксама панавалі ў Нарвэгіі, Ісьляндыі, і Швэцыі (разам зь Фінляндыяй) прынялі новую веру.

Падчас панаваньня Фрэдэрыка I ў 1523—1533 гады Данія афіцыйна заставалася каталіцкай дзяржавай. Але не зважаючы на тое, што Фрэдэрык першапачаткова абавязаўся перасьледваць лютэранаў, ён неўзабаве прыняў палітыку абароны лютэранскіх прапаведнікаў і рэфарматараў, сярод якіх самым вядомым быў Ганс Таўзэн[10]. Лютэранства, такім чынам, шырока распаўсюдзілася сярод дацкага насельніцтва. Сын Фрэдэрыка, Крыстыян, быў лютэранінам, што перашкодзіла ягонаму абраньню на пасаду караля пасьля сьмерці ягонага бацькі. У 1536 годзе шэраг каталіцкіх біскупаў спынілі дзейнасьць Нацыянальнага сходу[11]. У наступным годзе, пасьля перамогі ў Графскай вайне, ён стаў каралём пад імем Крыстыян III і працягнуў рэфармаваньне дзяржаўнай царквы пры садзейнічаньні Яганэса Бугенгагена.

У Швэцыі Рэфармацыя была пашырана паводле ініцыятывы Густава Вазы, які быў абраны каралём у 1523 годзе. Спрэчкі з папам з нагоды ўмяшаньня апошняга ў швэдзкія царкоўныя справы прывялі да спыненьня афіцыйных сувязяў паміж Швэцыяй і папствам з 1523 году, якое працягваецца й да гэтага часу[10]. Праз чатыры гады, на паседжаньні рыксдагу ў Вэстэросе, кароль пасьпяхова прымусіў рыксдаг прызнаць ягоную ўладу над нацыянальнай царквой. Такім чынам рушылі наступныя вынікі: кароль атрымаў валоданьне ўсёй царкоўнай маёмасьцю, царкве цяпер для прызначэньня эпіскапаў патрабавалася каралеўская ўхвала; духавенства падпадала пад грамадзянскае права; «чыстае Слова Боскае» афіцыйна павінна было прапаведвацца ў царкве і ў школах з пазыцыі лютэранскіх ідэяў[10].

Ангельшчына

рэдагаваць
 
Каралева Ангельшчыны й Ірляндыі Лізавета I

Аддзяленьне англіканскай царквы ад панаваньня Рыму пры Генрыху VIII, пачынаючы з 1529 і сканчваючы 1537 годам, адбывалася падчас шырокага руху Рэфармацыі, аднак рэлігійныя зьмены ў ангельскай нацыянальнай царкве працягваліся больш кансэрватыўна, чым у іншых краінах Эўропы. Рэфарматары англіканскай царквы на працягу стагодзьдзяў вагаліся паміж сымпатыямі да старажытнай каталіцкай традыцыі й рэфармацкімі прынцыпамі, паступова разьвіваючы традыцыю сярэдняга шляху паміж рымска-каталіцкай і пратэстанцкай традыцыямі.

Ангельская Рэфармацыя праходзіла па іншым шляху ў адрозьненьне ад кантынэнтальнай Эўропы, то бок у Ангельшчыне ўжо даўно быў моцны антыклерыкалізм, а таксама меўся рух лолардаў Джона Ўікліфа, які згуляў важную ролю ў натхненьні чэскіх гусітаў. Аднак гэты рух быў фактычна задушаны да таго часу і знаходзіўся ў падпольным стане, таму ацаніць ступень ягонага ўплыву ў 1520-я гады вельмі цяжка. Адрозны характар ангельскай Рэфармацыі абумоўлены першапачаткова палітычнымі патрэбамі Генрыха VIII.

Генрых першапачаткова быў шчырым каталіком і нават напісаў кнігу, якая рэзка крытыкавала дзейнасьць Лютэра, але пазьней ён палічыў мэтазгодным і карысным парываньне адносінаў з папам. Кароль Генрых вырашыў вылучыць англіканскую царкву з-пад улады Рыма. У 1534 годзе ім быў падпісаны Акт аб супрэматыі, які абвесьціў ангельскага караля кіраўніком англіканскай царквы. Паміж 1535 і 1540 гадамі Томас Кромўэл праводзіў палітыку, вядомую як Т’юдараўская сэкулярызацыя. Шанаваньне некаторых сьвятых, паломніцтва й пэўныя сьвятыні таксама падвергнуліся нападам. Вялікая колькасьць царкоўных земляў і маёмасьці перайшла ў рукі кароны й у канчатковым выніку да шляхты.

Аднак Рэфармацыі Генрыха былі й свае выбітныя праціўнікі, як то сьвяты Томас Мор і біскуп Джон Фішэр, якія былі сьмяротна пакараныя за сваю апазыцыю да караля. Разам з англіканствам пашырыліся й іншыя пратэстанцкія рухі, як то цьвінгліянства й кальвінізм, якія, аднак, у Ангельшчыне не прыжыліся. Пасьля сьмерці Генрыха ангельскім каралём стаў ягоны малагадовы сын Эдўарда VI, англіканін паводле веры, які дзякуючы сваім упаўнаважаным дарадцам герцагу Самэрсэту й герцагу Нартумбэрлэнду працягнуў справу свайго бацькі.

Тым ня менш рэлігія ў Ангельшчыне ўсё яшчэ знаходзілася ў стане сталай зьмены. Пасьля кароткага каталіцкага аднаўленьня падчас панаваньня Марыі ў 1553—1558 гадах кансэнсус быў дасягнуты падчас панаваньня Лізаветы I, хоць гэты момант зьяўляецца ня поўнасьцю вызначаным сярод гісторыкаў. Але менавіта рэлігійнае ўрэгуляваньне Лізаветы ў значнай ступені сфармавала англіканства ў своеасаблівай традыцыі, якая вагалася паміж ускрайнім кальвінізмам з аднаго боку, і рымскім каталіцызмам з другога, але ў параўнаньні з крывавым і хаатычным станам справаў у суседняй Францыі рэлігійная сытуацыя была адносна ціхай ажно да Ангельскай рэвалюцыі ў XVII стагодзьдзі.

Шатляндыя

рэдагаваць
 
Прапаведваньне Джона Нокса. Фрагмэнт вітражу ў Сэйнт-Джайлзе, Эдынбург.

Рэфармацыя ў Шатляндыі скончылася стварэньнем нацыянальнай царквы, што было падтрымана ангельскім урадам дзеля зьмяншэньня францускага ўплыву на Шатляндыю. Лідэрам і пачынальнікам шатляндзкай Рэфармацыі разглядаюць Джона Нокса.

Рэфармацыйны парлямэнт, куды ўваходзіў і Джон Нокс, у 1560 годзе скасаваў каталіцтва ў краіне паводле «Шатляндзкага вызнаньня веры», якое забараняла сьвяткаваньне месы й зацьвердзіла пратэстанцкую дактрыну. Гэта стала магчымым дзякуючы рэвалюцыі супраць францускага панаваньня ў асобе рэгентшы Марыі дэ Гіз, якая кіравала Шатляндыяй у адсутнасьць сваёй дачкі Марыі Ст’юарт, каралевы Шатляндыі й Францыі.

Падчас рэфарматарскага руху была створана Царква Шатляндыі, а празь яе ўсе астатнія прэсьбітэрыянскія цэрквы па ўсім сьвеце.

Духоўнае адраджэньне ўспыхнула таксама сярод рыма-каталікоў неўзабаве пасьля дзейнасьці Мартына Лютэра і прывяло да стварэньня руху Кавэнанта, папярэдніка шатляндзкага прэсьбітэрыянства. Гэты рух шырока распаўсюдзіўся ў Шатляндыі і нават меў вялікі ўплыў на фармаваньне пурытанства ў англіканскай царкве ў Ангельшчыне. Шатляндзкія канвэнанты падвяргаліся перасьледам з боку рыма-каталіцкай царквы, з-за чаго некаторая частка кіраўнікоў руху зьехала ў Францыю, а потым у Швайцарыю.

 
Гвалт у Барталямэеўскую ноч працы Франсуа Дзюбуа.

Пратэстантызм таксама шырока распаўсюдзіўся ў Францыі, дзе пратэстанты атрымалі мянушку гугеноты. Барацьба паміж новым рухам і каталікамі ў канчатковым выніку прывяла да дзесяцігодзьдзяў грамадзянскай вайны.

Не зважаючы на тое, што ён ня быў асабіста зацікаўлены ў рэлігійнай рэформе, Францыск I першапачаткова падтрымаў права на талерантнасьць сьвядомасьці, якое ўзьнікла ў выніку ягонай цікавасьці да гуманістычных рухаў. Сытуацыя зьмянілася ў 1534 годзе пасьля Справы аб плякатах, то бок пратэстанты асудзілі каталіцкую імшу ў плякатах, якія былі надрукаваны й распаўсюджаны ва ўсіх буйных местах Францыі, і дайшлі нават да каралеўскіх апартамэнтаў. Было зноўку паднятае пытаньне аб рэлігійнай веры, бо Францыск прапанаваў перагледзець рух як пагрозу стабільнасьці каралеўства. Гэтая падзея прывяла да першай буйной фазы антыпратэстанцкага перасьледу ў Францыі. Быў створаны адмысловы трыбунал пры парыскім парлямэнце, вядомы як «Вогненая палата» (франц. Chambre ardente), які меў справу зь перасьледам на гарэзію. Некалькі тысячаў францускіх пратэстантаў пакінулі краіну на працягу гэтага часу, у першую чаргу Жан Кальвін, які пасяліўся ў Жэнэве.

Кальвін працягваў праяўляць цікавасьць да рэлігійных справаў на роднай зямлі і, знаходзячыся ў Жэнэве, па-за межамі дасяжнасьці францускага караля, рэгулярна праводзіў навучаньне пастараў, якія несьлі пропаведзі ў грамады ў Францыі. Нягледзячы на цяжкі перасьлед з боку караля Генрыха II, рэфармацкая царква Францыі, якая ў асноўным была кальвінісцкай, мела ўстойлівае павелічэньне вернікаў сярод шырокіх пластоў нацыі, то бок гарадзкой буржуазіі й часткі шляхецтва, прывабліваючы людзей, якія былі адчужаныя ўпартасьцю і самаздаволеньнем каталіцкіх установаў.

Францускі пратэстантызм у хуткім часе набыў выразна палітычны характар, які стаў відавочным у 1550-х гадох. Такі эфэкт стварыў перадумовы для сэрыі разбуральных канфліктаў, вядомых як рэлігійныя войны. Грамадзянскай вайне спрыяла раптоўная сьмерць Генрыха II ў 1559 годзе, пасьля чаго пачаўся працяглы пэрыяд слабасьці францускай кароны. Злачынствы й абурэньне сталіся вызначальнымі характарыстыкамі таго часу, якія набілі асаблівую моц у жніўні 1572 году падчас Барталямэеўскай ночы, калі рыма-каталікі зьнішчылі ад 30 тысячаў да 100 тысячаў гугенотаў у Францыі[12]. Вайна сьціхла, калі Генрых IV, сам былы гугенот, выдаў Нанцкі эдыкт, абяцаючы афіцыйную памяркоўнасьць да пратэстанцкай меншасьці, але пры вельмі абмежаваных умовах. Каталіцтва заставалася афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй, а ўплыў францускіх пратэстантаў паступова зьніжаўся на працягу наступнага стагодзьдзя, што прывяло да выданьня Людовікам XIV эдыкта Фонтэнблё, які скасоўваў Нанцкі эдыкт й абвяшчаў каталіцтва адзінай законнай рэлігіяй Францыі. У адказ на эдыкт Фонтэнблё Фрыдрых Вільгельм I, курфюрст Брандэнбурга, выдаў Патсдамскі эдыкт, які надаваў гугенотам права вольнага пражываньня на падначаленай яму тэрыторыі, а таксама скасоўваў спагнаньне падаткаў для перасяленцаў тэрмінам на дзесяць гадоў.

У канцы XVII стагодзьдзя многія гугеноты беглі ў Ангельшчыну, Нідэрлянды, Прусію, Швайцарыю й ангельскія ды галяндзкія калёніі. Значная суполка пратэстантаў у Францыі засталася ў рэгіёне Сэвэнны. Асобная пратэстанцкая грамада лютэранскага веравызнаньня існавала ў заваяванай правінцыі Эльзас, на якую не распаўсюджваўся эдыкт Фонтэнблё.

Нідэрлянды

рэдагаваць

Рэфармацыя ў Нідэрляндах, у адрозьненьне ад многіх іншых краінаў, не была распачата мясцовымі дзеячамі, а складалася зь некалькіх народных рухаў, якія ў сваю чаргу былі падмацаваныя прыбылымі пратэстанцкімі ўцекачамі зь іншых частак кантынэнта. У той час як рух анабаптыстаў карыстаўся асаблівай папулярнасьцю ў рэгіёне ў першыя дзесяцігодзьдзі Рэфармацыі, кальвінізм у форме Нідэрляндзкай рэфармацкай царквы стаў дамінуючым кірункам веры ў краіне з 1560-х гадоў і надалей.

Суровы перасьлед пратэстантаў гішпанскім урадам на чале зь Філіпам II спрыяў імкненьню да незалежнасьці ў правінцыі, што прывяло да пачатку Васьмідзесяцігадовай вайны й у канчатковым рахунку падзелу пераважна пратэстанцкай Нідэрляндзкай рэспублікі й Паўднёвых Нідэрляндаў (сучасная тэрыторыя Бэльгіі), у якіх дамінавала каталіцтва.

Рэч Паспалітая

рэдагаваць

Каралеўства Польскае

рэдагаваць
 
Мікалай Радзівіл Чорны ёсьць адным зь першых рэфарматараў Вялікага Княства Літоўскага

У першай палове XVI стагодзьдзя Польшча была краінай многіх веравызнаньняў, але каталіцтва зьяўлялася пануючай рэлігіяй краіны. Рэфармацыя дасягнула Польшчы ў 1520-я гады і хутка заваявала папулярнасьць сярод, у асноўным, нямецкамоўных жыхароў буйных гарадоў, як то Гданьск, Торунь і Эльблёнг. Герцагства Прусія сталася ключавым цэнтрам руху ў рэгіёне, дзе меліся шматлікія выдавецтвы па выдачы ня толькі Бібліі, але й катэхізісаў на розных мовах.

Лютэранства набыла папулярнасьць у паўночнай частцы краіны, у той час як кальвінізм зацікавіў шляхту ў Малой Польшчы й Вялікім Княстве Літоўскім. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя некалькі выдавецтваў былі адчынены ў Малой Польшчы. У той час у Польшчу прыйшлі чэскія браты, якія сяліліся ў асноўным у Вялікай Польшчы, вакол Лешні. У 1565 годзе зьявілася таварыства польскіх братоў у якасьці яшчэ аднаго рэфарматарскага руху.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У 1517 годзе ў Празе была выдана Біблія на старабеларускай мове Францыскам Скарынам, які згадваецца як «герэтык гусітаў»[13]. У 1530 годзе ў Кёнігсбэргу быў выданы Малы Катэхізіс Лютэра на польскай мове.

У 1553 годзе Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства, зьвярнуўся ў кальвінізм, адчыніўшы некалькі пратэстанскіх збораў у Берасьці, Вільні й Нясьвіжы[14]. XVI стагодзьдзе, час распаўсюду Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, лічыцца залатым векам гісторыі Беларусі[15].

У дзяржаве абодвух народаў

рэдагаваць

У XVI стагодзьдзі Рэч Паспалітая сталася ўнікальнай краінай Эўропы з-за шырокага распаўсюджваньня талерантнасьці, зацьверджанай Варшаўскай канфэдэрацыяй. Аднак пэрыяд талерантнасьці скончыўся падчас панаваньня караля Жыгімонта III Вазы, які знаходзіўся пад моцным уплывам Пётры Скаргі й іншых езуітаў. Пасьля Крывавага патопу й іншых войнаў сярэдзіны XVII стагодзьдзя, калі ўсе ворагі Рэчы Паспалітай былі альбо пратэстантамі ці праваслаўнымі, стаўленьне да рэфармацыі зьмянілася. У 1658 годзе ў выніку дзейнасьці Контрарэфармацыі польскія браты былі вымушаныя пакінуць краіну, а ў 1666 годзе сойм забараніў адступніцтва ад каталіцызму да любой іншай рэлігіі пад пагрозаю сьмерці. Нарэшце ў 1717 годзе сойм забараніў некаталікам быць дэпутатамі.

Сярод найбольш вядомых пратэстанцкіх дзеячоў Рэчы Паспаліай варта вылучыць Мікалая Рэя, Васіля Цяпінскага, Марціна Чаховіца, Андрэя Фрыча й Сымона Буднага.

Славенскія землі

рэдагаваць

Выбітнай фігурай рэфармацыйнага руху й ягоным заснавальнікам на славенскіх землях зьяўляецца прапаведнік Прымаж Трубар. У 1547 годзе ён быў высланы зь Любляны. У часы сваёй працы ў нямецкім Ротэнбургу ён напісаў першыя дзьве кнігі славенскай мовай, «Catechismus» і «Abecedarium», якія былі апублікаваныя ў 1550 годзе ў нямецкім Тубінгене. З 8 чэрвеня 2010 году ў Славеніі адзначаецца Дзень Прымажа Трубара[16]. Прымаж лічыцца таксама пачынальнікам славенскай мовы й выбітным дзеячом славенскай культурнай гісторыі[17][18].

Тэалёгія

рэдагаваць
Дарэфармацыйныя рухі

Не зважаючы на тое, што пратэстанцкія рухі шмат у чым адрозьніваліся адзін ад аднаго, яны мелі й агульныя рысы, якія праяўляюцца ў трох галоўных прынцыпах: «апраўданьне верай» (лац. Sola fide), «Вяртаньне да Пісаньня» (лац. Sola Scriptura) і існасьць толькі абранай групы хрысьціянаў, якія атрымаюць выратаваньне («Прадвызначэньне»)[19]. Згодна з пратэстанцкай тэалёгіяй толькі ў Бібліі ўтрымліваюцца Боскія адкрыцьці, дзе менавіта й апісаны гэтыя галоўныя прынцыпы.

Лютэранства

рэдагаваць

Адной з галоўных тэмаў вучэньня Мартына Лютэра зьяўляецца прынцып «апраўданьне верай», да якога сьвятар прыйшоў на выснове асабістага досьведу й Сьвятога Пісаньня, узяўшы за выснову «Пасланьне да Рымлянаў апостала Паўла». Паводле лютэраўскай інтэрпрэтацыі выратаваньне магчыма толькі адной верай, без наяўнасьці добрых учынкаў, аднак пры гэтым маральнасьць жыцьця цалкам не перакрэсьліваецца[19]. Добрыя ўчынкі чалавек павінен рабіць ня дзеля свайго выратаваньня альбо нейкага асабістага плёну, але дзеля павелічэньня ўзроўню жыцьця хрысьціянскага таварыства, як Боскай праявы. Такім чынам, Лютэрам была скасавана значнасьць правядзеньня сакрамэнтаў, што ў сваю чаргу ставіла пад пытаньне існаваньне герархічнай структуры ў царкве. Сярод таінстваў Лютэр пакінуў толькі хрост і эўхарыстыю.

Лютэр не лічыў Біблію беспамылковай, дапускаючы існаваньне ў ёй перайначаньня фактаў й перабольшваньня ісьцінных Боскіх словаў[19]. Зьяўляючыся акадэмічным багасловам, Лютэр перш за ўсё лічыў, што рэфармаваць трэба ў першую чаргу багаслоўе[20].

Анабаптызм

рэдагаваць

Дактрына Цьвінглі мела рысы падабенства зь лютэранствам, але й нямала адрозьнівалася ад яго. Як і Лютэр, Цьвінглі абапіраўся на Сьвятое Пісаньне й адпрэчваў «Сьвятую Традыцыю», рэзка крытыкаваў схалястычную тэалёгію, адстойваў прынцыпы «апраўданьня верай» і «ўсеагульнага сьвятарства». Ідэалам для яго былі раньнехрысьціянскія цэрквы. Ён не прызнаваў таго, што нельга было, на ягоны погляд, абгрунтаваць сьведчаньнем Сьвятога Пісаньня, і таму адпрэчваў царкоўную герархію, манаства, пакланеньне сьвятым, бясшлюбнасьць духавенства. У крытыцы абрадаў каталіцкай царквы ён ішоў далей Лютэра. Галоўнае багаслоўскае адрозьненьне паміж імі складалася ў рознай трактоўцы эўхарыстыі, якая насіла ў Цьвінглі больш рацыяналістычны характар. Ён бачыў у эўхарыстыі ня сакрамэнт, а знак, абрад, зьдзяйсьняны ва ўспамін пра адкупленчую ахвяру Хрыста. У той час, як Лютэр ішоў на зьвяз з князямі, Цьвінглі быў прыхільнікам рэспубліканізму, выкрывальнікам тыраніі манархаў і князёў[21].

Кальвінізм

рэдагаваць

Стрыжневай тэмай вучэньня Жана Кальвіна зьяўлялася вучэньне пра «ўсеагульнае прадвызначэньне», згодна зь якім Бог вызначыў кожнаму чалавеку ягоную долю, то бок адным быў прыгатаваны вечны праклён і смутак, іншым, абраным, — вечнае выратаваньне й асалода. Чалавеку ня дадзена зьмяніць сваю долю, ён здольны толькі верыць у сваё выбранства, прыкладваючы ўсю сваю працавітасьць і энэргію, каб дасягнуць посьпеху ў сьвецкім жыцьці. Кальвін сьцьвярджаў духоўны характар эўхарыстыі, лічыў, што Боскую ласку пры ейнай зьдзяйсьненьні атрымліваюць толькі выбраныя[22].

Контрарэфармацыя

рэдагаваць
 
Мапа паказвае распаўсюд Рэфармацыі й Контрарэфармацыі ў Эўропе (не пазначаныя Гішпанія й Італія)

Рэфармацыя выклікала зваротную рэакцыйную палітыку з боку Каталіцкай Царквы, якая атрымала назву Контрарэфармацыі. У выніку Рэфармацыі каталіцкімі засталіся Італія, Гішпанія, поўдзень Нямеччыны, частка кантонаў Швайцарыі й Ірляндыя. У канцы XVI стагодзьдзя каталіцтва атрымала перамогу на поўдні Нідэрляндаў (сучасная Бэльгія) і ў Рэчы Паспалітай. Францыя апынулася дзяржавай, дзе дзяржаўнай рэлігіяй было каталіцтва, аднак пратэстанты доўгі час карысталіся правам вольнага веравызнаньня. Неабходна заўважыць, што Контрарэфармацыя мела як зьнешні, гэтак і ўнутраны бок. Калі вонкава гэта выяўлялася ў гвалтоўным здушэньні рэфарматарскага руху шляхам перасьледу пратэстантаў, распаўсюджваньня інквізыцыі й стварэньня Індэкса забароненых кнігаў, то ўнутрана гэта былі працэсы, якія можна назваць Рэфармацыяй у самой каталіцкай Царкве.

У 1536 годзе папа Павал III стварыў адмысловую камісію, у склад якой запрасіў чальцоў таварыства «Капліца Боскай любові», якія склалі справаздачу, што ў многіх злоўжываньнях у Каталіцкай царкве былі вінаватыя папы й кардыналы, якія ставілі мэркантыльныя інтарэсы вышэй за духоўныя[23]. У 1545 годзе паводле ініцыятывы Паўла III быў скліканы Трыдэнцкі сабор, які павінен быў даць адказ на многія важныя духоўныя пытаньні сучаснасьці. На саборы, які доўжыўся на працягу пантыфікату некалькіх папаў, былі прынятыя ня толькі рашэньні паводле дагматычных пытаньняў, але й былі сфармуляваны дэкрэты ў сувязі з царкоўнымі злоўжываньнямі.

Перад сьмерцю Павал III пакаяўся ў нэпатызьме[24]. Наступныя папы, хоць і не выяўляючы пасьлядоўнасьці, але гэтак жа змагаліся з гэтай зьявай. Акрамя гэтага папы вялі барацьбу за аднаўленьне маральнага аблічча кліру каталіцкай царквы. Гэтак, Павал IV, удзельнік камісіі Паўла III, выгнаў з Рыма 113 біскупаў, якія незаконна пакінулі свае япархіі, пры ім сотні манахаў былі адпраўленыя зноўку ў свае манастыры. Перасьледу падвяргаліся нават кардыналы, западозраныя ў амаральнасьці[25].

Акрамя гэтага, былі заснаваны манаскія ордэны новага тыпу — тэатынцы, капуцыны, урсулінкі й езуіты. Апошнія заняліся актыўнай прапагандай каталіцтва як у пратэстанцкіх краінах, гэтак і на тэрыторыях, дзе да гэтага наогул не было хрысьціянскіх місіянэраў. Пры ўступе ў ордэн езуіт даваў прысягу ня толькі генэралу, але й самому папе. Шмат у чым дзякуючы дзейнасьці езуітаў удалося вярнуць у каталіцтва Рэч Паспалітую[26].

Спадчына

рэдагаваць
 
Жыцьцё Мартына Лютэра й іншых дзеячоў Рэфармацыі

Вынікі рэфармацыйнага руху немагчыма ахарактарызаваць адназначна. З аднаго боку, каталіцкі сьвет, які аб’ядноўваў ўсе народы Заходняй Эўропы пад духоўным кіраўніцтвам папы рымскага, спыніў існаваньне. Адзіная каталіцкая царква была заменена мноствам нацыянальных цэркваў, якія часьцяком знаходзіліся ў залежнасьці ад сьвецкіх кіраўнікоў, тады як ранейшыя клірыкі маглі апэляваць да папы ў якасьці арбітру. Зь іншага боку, нацыянальныя цэрквы спрыялі росту нацыянальнай сьвядомасьці народаў Эўропы. Пры гэтым істотна падвысіўся культурны й адукацыйны ўзровень жыхароў Паўночнай Эўропы, якая да гэтага была ўскраінай хрысьціянскага сьвету, то бок неабходнасьць вывучэньня Бібліі прыводзіла да росту як пачатковых навучальных установаў, у асноўным у форме царкоўна-прыходзкіх школаў, гэтак і вышэйшых, што выявілася ў стварэньні ўнівэрсытэтаў для падрыхтоўкі кадраў нацыянальных цэркваў. Для некаторых моваў спэцыяльна была распрацавана пісьменнасьць, каб мець магчымасьць выдаваць на іх Біблію. Абвяшчэньне духоўнай роўнасьці стымулявала разьвіцьцё ўяўленьняў аб роўнасьці палітычнай. Гэтак, у краінах, дзе большасьць складалі рэфарматы, сьвецкім людзям прадстаўляліся вялікія магчымасьці ў кіраваньні царквой, а грамадзянам — у кіраваньні дзяржавай[27].

Пратэстанцкая працоўная этыка

рэдагаваць

Асноўным жа дасягненьнем Рэфармацыі стала тое, што яна значна паспрыяла зьмене старых фэадальных эканамічных адносінаў на новыя капіталістычныя. У сваёй працы «Пратэстанцкая этыка й дух капіталізму» Макс Вэбэр першым выказаў здагадку, што культурныя каштоўнасьці могуць паўплываць на эканамічныя посьпехі[28], сьцьвярджаючы, што пратэстанцкая Рэфармацыя прывяла да значнага разьвіцьця пратэстанцкіх краінаў. Такія пратэстанцкія рухі, як то кальвінізм і многія іншыя, з больш строгай дактрынай, забаранялі марнатраўнае выкарыстаньне зь цяжкасьцю заробленых грошай, а купля прадметаў раскошы была вызначана як грэх[29]. Імкненьне да эканоміі, да разьвіцьця прамысловасьці, да адмовы ад дарагіх забавак, роўна як і дарагіх набажэнстваў, спрыяла назапашваньню капіталу, які ўкладваўся ў гандаль і вытворчасьць. У выніку пратэстанцкія дзяржавы пачалі апярэджваць у эканамічным разьвіцьці каталіцкія й праваслаўныя. Нават сама этыка пратэстантаў спрыяла разьвіцьцю эканомікі.

Пісьменнасьць

рэдагаваць
 
Біблія Мартына Лютэра

Рэфармацыя была часам трыюмфу пісьменнасьці й выкарыстаньня новай друкавальнай машыны. Пераклад Лютэрам Бібліі на нямецкую мову быў вырашальным момантам у распаўсюдзе пісьменнасьці, які стымуляваў выданьне й распаўсюджваньне рэлігійных кнігаў і брашураў. З 1517 году рэлігійныя брашуры ў вялікай колькасьці былі выраблены ў Нямеччыне й большай частцы Эўропы[30].

Да 1530 году было зроблена больш за 10 тысячаў публікацыяў, якія, як вядома, у агульнай складанасьці налічвалі дзесяць мільёнаў асобнікаў. Рэфармацыя, такім чынам, правяла сапраўдную культурную рэвалюцыю. У хуткім часе стала вядома, што друк можа быць выкарыстаны дзеля прапаганды пэўных ідэяў. Асабліва вялікай колькасьці дасягнулі публікацыі на нямецкай мове, у тым ліку пераклад Лютэрам Бібліі, ягоны Малы Катэхізіс для бацькоў дзеля навучаньня дзяцей, і ягоны Вялікі Катэхізіс для пастараў. Ілюстраваньне нямецкай Бібліі таксама значна папулярызавала ідэі Лютэра. Люкас Кранах Старэйшы, выбітны мастак і блізкі сябар Лютэра, займаўся аздабленьнем тэалягічных працаў Лютэра выявамі. Сваімі выявамі ён драматызаваў погляды Лютэра ў адносінах паміж Старым і Новым Запаветам, не забываючыся пры гэтым быць асьцярожным пры выкарыстаньні візуальных вобразаў.

  1. ^ Edith 1966. С. 120—121.
  2. ^ Reformation in the Holy Roman Empire World History at KMLA Праверана 15 красавіка 2013 г.
  3. ^ Ермолаев, В. А. Гейльброннская программа: Программа немецкого радикального бюргерства в крестьянской войне 1525 года. — Саратов: Издательство Саратовского университета, 1986. — С. 68—69. — 262 с. — ISBN 5-09-002630-0
  4. ^ а б в Смирин, М. М. Германия в XVI и в начале XVII в. // История средних веков в двух томах. — М.: Высшая школа, 1977. — Т. 2. — С. 48—90. — 325 с.
  5. ^ Кернс 1992. С. 125.
  6. ^ Elton 1963.
  7. ^ MacCulloch 2003. С. 132.
  8. ^ а б Голубкин Ю. А. Социально-политические взгляды и позиция Мартина Лютера во время второго периода раннебуржуазной революции в Германии (1521—1524 гг.).. — Харьков: Автореф. дисс., 1976. — С. 26.
  9. ^ Кернс 1992. С. 171.
  10. ^ а б в Chapter 12 The Reformation In Germany And Scandinavia (pdf) — Renaissance and Reformation by William Gilbert. Праверана 14 красавіка 2013 г.
  11. ^ The Scandinavian Reformers (pdf) Праверана 14 красавіка 2013 г.
  12. ^ Paris and the St. Bartholomew's Day Massacre: August 24, 1572 Eckerd College Community Праверана 14 красавіка 2013 г.
  13. ^ Реформатор Франциск Скорина Реформаторское баптистское богословие Праверана 14 красавіка 2013 г.
  14. ^ Протестантизм в Беларуси Семья Божья Праверана 14 красавіка 2013 г.
  15. ^ Станіслаў Акінчыц. Залаты век Беларусі Рэфармацкае багаслоўе для Беларусі Праверана 14 красавіка 2013 г.
  16. ^ Slovenia Gets Primoz Trubar Day Slovenia Press Agency Праверана 14 красавіка 2013 г.
  17. ^ Voglar, Dušan Primož Trubar v enciklopedijah in leksikonih I Locutio. Maribor Literary Society. Праверана 14 красавіка 2013 г.
  18. ^ Trubar Year Dedicated to Father of Slovenian Written Word (feature) Slovenska tiskovna agencija. Праверана 14 красавіка 2013 г.
  19. ^ а б в Реформация Энциклопедия Кругосвет. Праверана 14 красавіка 2013 г.
  20. ^ Богословская мысль Реформации // Гуманизм и виттенбергская Реформация Праверана 14 красавіка 2013 г.
  21. ^ История средних веков в двух томах // Под ред. Карпова.. — М.: Наука, 2005. — Т. 2. — С. 131—132.
  22. ^ История средних веков в двух томах // Под ред. Карпова.. — М.: Наука, 2005. — Т. 2. — С. 134—135.
  23. ^ Кернс 1992. С. 286.
  24. ^ Ковальский 1991. С. 182.
  25. ^ Ковальский 1991. С. 184.
  26. ^ Кернс 1992. С. 292.
  27. ^ Кернс 1992. С. 299.
  28. ^ Why America Outpaces Europe (Clue: The God Factor) The New York Times Праверана 14 красавіка 2013 г.
  29. ^ Max Weber The Protestant Ethic and the Spirit of Capitalism. — 1905.
  30. ^ Mark U. Edwards, Jr. Printing, Propaganda And Martin Luther. — Augsburg: Augsburg Fortress Publishers, 1994. — 244 с. — ISBN 0-80063-739-9

Літаратура

рэдагаваць
  • Кернс Эрл Е. Дорогами христианства. — М.: 1992. — 125 с. — ISBN 5-85770-021-3
  • Geoffrey Elton. Reformation Europe: 1517—1559.. — London: Fontana, 1963. — 349 с. — ISBN 0-06131-270-3
  • Diarmaid MacCulloch. Reformation: Europe’s House Divided, 1490—1700.. — London: Allen Lane, 2003. — ISBN 0-14028-534-2
  • Simon, Edith Great Ages of Man: The Reformation. — Time-Life Books, 1966. — ISBN 0-66227-820-8
  • Ковальский, Ян Веруш. Папы и папство. — М.: Политиздат, 1991. — 236 с. — ISBN 5-250-01237-X

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць