Любча
Лю́бча[2] — мястэчка ў Беларусі, на левым беразе Нёману. Уваходзіць у склад Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1080 чалавек[1]. Знаходзіцца за 26 км на паўночны ўсход ад Наваградку, за 49 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Баранавічы — Ліда).
Любча лац. Lubča | |||||
Замак Радзівілаў | |||||
| |||||
Магдэбурскае права: | 1590 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Наваградзкі | ||||
Сельсавет: | Любчанскі сельсавет | ||||
Вышыня: | 142 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 1080 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1597 | ||||
Паштовы індэкс: | 231425 | ||||
СААТА: | 4243859904 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°45′7″ пн. ш. 26°3′26″ у. д. / 53.75194° пн. ш. 26.05722° у. д.Каардынаты: 53°45′7″ пн. ш. 26°3′26″ у. д. / 53.75194° пн. ш. 26.05722° у. д. | ||||
± Любча | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Любча — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся замак Радзівілаў ў стылі готыкі і рэнэсансу, помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў.
Назва
рэдагавацьТапонім Любча ўтварыўся ад слова любіць або ад імя Люб.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Любчу як аб’ект выправаў крыжакоў зьмяшчаецца ў нямецкіх хроніках і датуецца 1401 годам. З 1507 году паселішча знаходзілася ў складзе Наваградзкага ваяводзтва. У 1517 годзе ўладальнікамі Любчы былі Г. Ельмановіч і М. Меляшковіч; апошні заснаваў тут мястэчка[3]. З 1528 году паселішча знаходзілася ў валоданьні ваяводы віленскага А. Гаштольда, з 1574 году — старосты жамойцкага Яна Кішкі, які ў 1581 годзе заснаваў тут школу і арыянскі храм (з XVII ст. — кальвінскі збор).
У 1590 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Любчы Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная падкова з трыма залатымі крыжамі і двума срэбнымі рыбамі»[3]. У 1606 годзе мястэчка перайшло да Радзівілаў, якія з мэтай эканамічнага ўмацаваньня і павелічэньня паселішча запрасілі сюды мяшчанаў зь Менску, Наваградку і іншых каралеўскіх местаў.
У XVII ст. у Любчы ствараліся рамесныя цэхі, таксама існавала друкарня, заснаваная П. Б. Кмітам, дзе выдавалася мэдычная і гістарычная літаратура, паэтычныя творы і інш. У канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў у мястэчку збудавалі мураваны замак. У 1644 годзе Любча атрымала новы герб[3]: «у блакітным полі брама з дзьвюма вежамі; наверсе брамы, паміж вежамі, збройны рыцар, у правай руцэ меч, у левай — шчыт»[4]. У гэты час тут было 144 двары, Рынак, 4 вуліцы.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе шматлікі загон запароскіх казакоў пад камандаю І. Залатарэнкі пераправіўся празь Нёман і прыступам узяў Любчанскі замак, фактычна цалкам яго разбурыўшы; казакі таксама разрабавалі мясцовую друкарню. На 1671 год у мястэчку засталося 116 двароў, дзеялі кальвінскі збор і царква[3].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Любча апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Наваградзкага павету. У 2-й палове XIX ст. паселішча знаходзілася ў валоданьні Фальц-Фэйнаў.
На 1884 год у Любчы было каля 200 двароў. У канцы ХІХ стагодзьдзя дзеялі царква і 2 сынагогі, працавалі школа і 21 крама, праводзіліся штотыднёвыя таргі[5]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 444 двары, дзеялі царква і сынагога, працавалі жаночая царкоўна-прыходзкая школа, аптэка, 70 крамаў і корчмы, штогод зьбіраўся кірмаш.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Любчу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Любча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Любчанскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі[7], з 27 лютага 1919 году — у Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Літвы і Беларусі. Па савецка-польскай вайне згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Любча апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны ў Наваградзкім павеце. У гэты час у мястэчку і суседнім фальварку было 108 двароў.
У 1939 годзе Любча ўвайшла ў БССР, дзе з 1940 году стала цэнтрам Любчанскага раёну Баранавіцкай, з 1954 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 году да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1956 годзе Любчанскі раён ліквідавалі.
У 2003 годзе ўтварыўся дабрачынны фонда «Любчанскі замак», які сіламі валянтэраў-энтузіястаў праводзіць аднаўленьне замка. 24 ліпеня 2014 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Любчы «барокавая тарча, у блакітным полі якой выява срэбнай падковы, на вяршыні якой знаходзіцца залаты кавалерскі крыж, яшчэ два крыжы таго ж мэталу прымацоўваюцца на абодвух яе гаках. Унутры падковы выява дзьвюх рыб (ласось) у слуп: правая галавой уверх, левая галавой уніз»[8].
-
Вежа-брама
-
Палац
-
Панарама мястэчка з замка, 1916 г.
-
Старая царква
-
Рынак
-
Замкавая вуліца
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 468 муж., зь іх шляхты 5, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 226, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 234, жабракоў 2[9]; 1884 год — 1,3 тыс. чал.[10]; 1897 год — 3239 чал.
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 1,6 тыс. чал.[11]; 1921 год — 937 чал.; 1996 год — 1628 чал.; 1997 год — 1545 чал.[12]; 1999 год — 1498 чал.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 1,4 тыс. чал.; 2008 год — 1,3 тыс. чал.; 2009 год — 1157 чал. (перапіс)[14]; 2015 год — 1081 чал.[15]; 2016 год — 1059 чал.[16]; 2017 год — 1081 чал.[17]; 2018 год — 1080 чал.[1]
Інфраструктура
рэдагавацьУ Любчы працуюць школа, лякарня, 2 бібліятэкі, 7 крамаў і інш.
Забудова
рэдагавацьПлян
рэдагавацьКартаграфічны матэрыял (каля 1645 году) дае ўяўленьне пра гістарычны плян і забудову Любчы. Адметнасьць пляну — рэгулярныя асновы: простыя вуліцы, выразны падзел тэрыторыі на кварталы, разьмяшчэньне Рынку ў цэнтры мястэчка на галоўнай восі кампазыцыі, якая бярэ пачатак ад замка. Стоячы на ўзгорку, замак нібы ўзначальваў мястэчка, якое месьцілася ў ягоным падножжы. Кірунак вуліцаў падпарадкоўваўся рацэ: яны ідуць паралельна ці пэрпэндыкулярна да яе. Канцы вуліцаў замыкаліся брамамі, у асобных месцах паміж імі былі платы. Шэсьць жылых кварталаў улучалі каля 150 дамоў. Сярэдзіну шырокага прастакутнага пляца (каля 1,5 га) займалі гандлёвыя рады і майстэрні рамесьнікаў. Уся забудова, з выняткам асобных частак уязных брамаў, была драўлянай.
Рэгулярны плян і забудова мястэчка — цікавы прыклад перайманьня мескай будаўнічай дзейнасьці фэадаламі. Гэтым Любча прыкметна адрозьнівалася ад іншых падобных паселішчаў Беларусі сярэдзіны XVII ст.
Вуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва |
Леніна вуліца | Дзяляціцкая вуліца |
Пратасені вуліца | Наваградзкая вуліца |
Савецкая вуліца | Замкавая вуліца |
Салабуціна плошча | Рынак пляц |
Апроч таго, у Любчы існавалі Капашчаўская і Рыбная вуліцы[18].
Эканоміка
рэдагавацьПрадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
- Сельская гаспадарка «Прынёманскі»
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфраструктура
рэдагавацьПразь Любчу праходзіць турыстычна-экскурсійны маршрут «Дарогай замкаў»[19].
Славутасьці
рэдагавацьЗа 1,5 км на паўночны ўсход ад мястэчка месьціцца стаянка эпохі мэзаліту і больш позьняга часу.
- Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Замак Радзівілаў (XVI—XVII стагодзьдзі)
- Касьцёл (1930-я)
- Могілкі юдэйскія
- Сынагога, жыдоўская школа (ХIX ст.)
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1910; мураўёўка)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Ўладзімера (1889)
Галерэя
рэдагаваць-
Кутняя вежа замка
-
Вежа-брама
-
Палац
-
Паркавая брама да аднаўленьня
-
Роў
-
Памятны знак
-
Скульптура
-
Сынагога
Асобы
рэдагавацьУраджэнцы
рэдагаваць- Сафія Ходаш (Гройсман) (нар. 1946) — адна з кіраўнікоў парфумнай карпарацыі IFF, аўтар парфумаў «Трэзор»
- Мікалай Дучыц (1896—1980) — мастак[20]
- Мікалай Набокаў (1903—1978) — кампазытар, стрыечны брат Уладзімера Набокава
Жыхары
рэдагаваць- Сымон Будны (~1530—1593) — пісьменьнік, публіцыст і кнігавыдавец, пратэстанцкі царкоўны дзяяч, навуковец-філёзаф
- Мікалай Вінар (1912—1977) — краязнавец[21]
- Януш Радзівіл (1612—1655) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікае Княства Літоўскага
- Салямон Рысінскі (? — 1625) — паэт і адзін зь першых дасьледнікаў этнаграфіі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 289
- ^ а б в г Бянько У., Шаблюк В. Любча // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 229.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ «Об учреждении гербов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской и Гродненской областей». Указ Президента Республики Беларусь от 24 июля 2014 г. № 373(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ^ Jelski A. Lubcz // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 393.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ Бянько У., Шаблюк В. Любча // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 414.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 399.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Liubtsh ve-Delatitsh: sefer zikaron [Lubtch and Delatich: in the memory of the Jewish community] / Ed. K. Hilel. Haifa: Former Residents of Lubcha–Dzialacicy in Israel, 1971.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Каляндар памятных і круглых датаў Гарадзеншчыны на кастрычнік 2011 году // Гарадзенскі рэгіянальны сайт Праверана 30 верасьня 2011 г.
- ^ Сьвякла В.. Рукапісы не гараць. Мікалай Вінар // TUT.BY, 2 траўня 2012 г. Праверана 28 сакавіка 2013 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
- Алесь Карлюкевіч. Любча: гісторыя і сучаснасць // Belarus: палітыка, эканоміка, культура. Штомесячны часопіс. — Мн., Мінінфармацыі РБ, № 9, 2008