Іўе
Іўе — места ў Беларусі, на рацэ Іўянцы. Адміністрацыйны цэнтар Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7702 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 158 км на ўсход ад Горадні, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя (лінія Ліда — Маладэчна), вузел аўтамабільных дарог на Менск, Ліду, Наваградак.
Іўе лац. Iŭje | |||||
Касьцёл і кляштар бэрнардынаў | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1444 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Івейскі | ||||
Плошча: | 45,97 км² | ||||
Вышыня: | 145 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 7702 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 167,54 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | |||||
Паштовы індэкс: | 231330 | ||||
СААТА: | 4229501000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°55′50.56″ пн. ш. 25°46′12.94″ у. д. / 53.9307111° пн. ш. 25.7702611° у. д.Каардынаты: 53°55′50.56″ пн. ш. 25°46′12.94″ у. д. / 53.9307111° пн. ш. 25.7702611° у. д. | ||||
± Іўе | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Іўе — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, драўляны татарскі мячэт, мураваныя сынагогі і традыцыйная местачковая забудова, помнікі архітэктуры XVI — пачатку XX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кальвінскі збор, помнік архітэктуры XVI ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, і барокавая памятная каплічка на Віленскім гасьцінцы, помнік архітэктуры XVIII ст, зьнішчаны савецкімі ўладамі.
Назва
рэдагавацьІснуе некалькі меркаваньняў пра этымалёгію тапоніму Іўе. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гэтая назва мае славянскае паходжаньне (ад найменьня драўніннай пароды івы — вярбы)[2]. Такога ж пункту гледжаньня прытрымліваецца акадэмік Польскай акадэміі навук Генрык Лаўмянскі[3]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім мае фінска-вугорскае паходжаньне і перакладаецца на беларускую мову, як 'выток ракі'[4]. Між тым Іўе перакладаецца з татарскай мовы як 'гняздо' альбо 'хата', а само мястэчка здаўна лічыцца сталіцай беларускіх татараў.
У 3-м томе «Жывапіснай Расеі» П. Сямёнаў сьцьвярджае, што сьпярша Іўе называлася Еўе, а заснавальніцай паселішча была жонка вялікага князя Гедзіміна Ева. Але ў гістарычных дакумэнтах XVII ст. мястэчка значыцца як Іўе, у некаторых крыніцах сустракаецца пад назвай Івь[2].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Iwye (3 ліпеня 1510 году)[5]; Иве (1553 год)[6].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Іўе ўпамінаецца ў XV стагодзьдзі як вялікакняскі двор. У 1444 годзе вялікі князь Казімер перадаў паселішча маршалку земскаму П. Мантыгердавічу, які заснаваў тут касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. З 1-й паловы XVІ стагодзьдзя паселішча знаходзілася ў валоданьні Забярэзінскіх, у 1558—1654 гадох — Кішкаў.
У сярэдзіне XVІ стагодзьдзя ў Іўі было 4 вуліцы — Віленская, Наваградзкая, Крывая і Новая[7]. Паводле інвэнтару 1563 году, тут было 123 уладальнікі дамоў, 23 чалавекі займаліся рамяством[7]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Ашмянскага павету.
У 2-й палове XVІ стагодзьдзя Іўе стала адным з цэнтраў арыянства ў Вялікім Княстве Літоўскім, тут існавала арыянская школа. У 1585—1593 гадох рэктарам школы быў мысьляр-гуманіст і пэдагог Ян Ліцыні Намыслоўскі. На 1598 год у паселішчы працавалі 2 карчмы; было 129 сядзібных пляцаў, а таксама 19 пляцаў, адведзеных татарам за межамі паселішча.
З 1610 году ў Іўі працавала выдавецтва Троцкага брацтва. У 1631 годзе кашталян троцкі і ваявода амсьціслаўскі Мікалай Кішка заснаваў кляштар ордэна бэрнардынаў, якому перадаў Петрапаўлаўскі касьцёл. Пры кляштары дзеялі школа, шпіталь і бібліятэка. У гэты ж час у Іўі збудавалі драўляны фарны касьцёл. На 1634 год у паселішчы было 180 двароў, 3 вуліцы і Рынак. На 1685 год у Іўі было 79 уласьнікаў дамоў і сядзібаў, зь якіх 49 чалавек валодалі ворнымі землямі[7]. У 2-й палове XVІІ — 1-й палове XІХ стагодзьдзяў паселішча знаходзілася ў валоданьні Слушкаў, Глябовічаў, Жыжэмскіх, Агінскіх, Сапегаў, Тызэнгаўзаў. У 1742 годзе Іўе атрымала статус мястэчка[7].
-
Вуліца Касьцельная
-
Памятная капліца
-
Рэшткі кальвінскага збору[8]
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Іўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ашмянскага павету. Зь сярэдзіны XІХ стагодзьдзя мястэчка знаходзілася ў валоданьні графаў Замойскіх.
У 1861 годзе ў Іўі адбылося сялянскае паўстаньне, якое жорстка здушылі расейскія войскі. У 1882 годзе коштам графіні Замойскай у мястэчку збудавалі мячэт, які дзее дагэтуль. Паводле перапісу 1897 году, у Іўі было 387 двароў, касьцёл, капліца, сынагога, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, мячэт, расейская народная вучэльня, аптэка, млын, 17 крамаў, 4 карчмы; штогод праводзілася 5 кірмашоў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Іўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Іўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[9]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва.
У 1939 годзе Іўе ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
12 студзеня 2000 году Іўе атрымала статус места[10].
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Вуліца Касьцельная, 1916 г.
-
Рынак, 1917 г.
-
Камяніца на Рынку, 1915—1918 гг.
-
Вуліца Наваградзкая. Мячэт, 1916 г.
-
Сынагога, 1910 г.
-
Млын на Іўянцы, 1916 г.
-
Вуліца Конская,
1915—1918 гг.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1869 год — 2123 чал. (1054 муж. і 1070 жан.)[11]; 1897 год — 3,7 тыс. чал.[3]
- XX стагодзьдзе: 1971 год — 5 тыс. чал.[12]; 1995 год — 8,6 тыс. чал.; 1998 год — 8,8 тыс. чал.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 8,6 тыс. чал.; 2009 год — 8174 чал.[14] (перапіс); 2016 год — 7712 чал.[15]; 2017 год — 7630 чал.[16]; 2018 год — 7702 чал.[1]
Адукацыя
рэдагавацьУ Іўі працуюць сярэдняя школа, гімназія,школа-інтэрнат, музычная школа, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 4 дашкольныя ўстановы.
Мэдыцына
рэдагавацьМэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
рэдагавацьДзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры.
Спорт
рэдагавацьУ Іўі ёсьць футбольная каманда «Надзея», якая бярэ ўдзел у рэгіянальных спаборніцтвах Гарадзенскай вобласьці.
Забудова
рэдагавацьПлян
рэдагавацьПлянавальная структура Іўя складалася гістарычна, яе абумовіла разьмяшчэньне на перакрыжаваньні шляхоў на Менск, Ліду і Наваградак. Цяпер гэта галоўныя вуліцы мястэчка, якія зьяўляюцца ядром забудовы. На скрыжаваньні галоўных вуліцаў знаходзіцца пляц (былы Рынак). У цэнтральнай частцы забудова канца XIX — пач. ХХ стагодзьдзяў, пераважна цагляная, 2-павярховая, гэтак званыя «жыдоўскія» дамкі.
На ўскраінах мястэчка — аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу. На паўночным захадзе ўтварыўся мікрараён, забудаваны 3-х і 5-павярховымі жылымі дамамі, разьмяшчаецца гасьцініца. Будаваньне новага жыльля вядзецца ўва ўсходняй частцы.
Вуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 Мая вуліца | Віленская вуліца | |
Камсамольская плошча | Рынак пляц | |
Карла Маркса вуліца | Касьцельная вуліца Бэрнардынская вуліца |
|
Савецкая вуліца | Наваградзкая вуліца | Адама Міцкевіча вуліца |
Чкалава вуліца | Крывая вуліца | |
Энгельса вуліца | Конская вуліца |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Гандлёвая і Надрэчная вуліцы[17].
Эканоміка
рэдагавацьПрадпрыемствы харчовай прамысловасьці і сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.
- Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці Іўеўскага раённага спажывецкага таварыства
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфрастуктура
рэдагавацьСпыніцца можна ў гатэлі «Іўе»[18].
Славутасьці
рэдагаваць- Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.)
- Капліца Сьвятой Барбары (XIX ст.)
- Касьцёл Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бэрнардынаў. Знаходзіцца на гістарычнай Касьцельнай вуліцы. Помнік архітэктуры готыкі і барока, адбудаваны ў 1787 годзе з будынка канца XVІ стагодзьдзя. Побач з касьцёлам магіла кс. Ільдэфонса Бобіча — беларускага сьвятара і пісьменьніка
- Млын (XIX—XX стагодзьдзі)
- Могілкі: татарскія (Мізар), юдэйскія
- Мячэт (1884)
- Парк (XIX ст.)
- Сынагогі (пач. ХХ ст.)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Кальвінскі збор («Сынодзік»)
- Каплічка
- Сынагога
- Сядзіба Агінскіх
- Фарны касьцёл
Галерэя
рэдагаваць-
Інтэр’ер касьцёла
-
Капліца Сьвятой Барбары
-
Сынагога
-
Млын
-
Татарскі мізар
Асобы
рэдагаваць- Валеры Карашкоў (нар. 1953) — дзяржаўны дзяяч Беларусі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 144.
- ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
- ^ Баршчэўская Н. Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі 1—4, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 17 кастрычніка 2007 г.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 127.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 168.
- ^ а б в г Грынявецкі В. Іўе // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 680.
- ^ Jankowski Cz. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 3. — Petersburg, 1898. S. 59.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
- ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 12 января 2000 года «Об отнесении городского посёлка Ивье Гродненской области к категории городов районного подчинения»
- ^ Wejssenhof J. Iwje // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
- ^ Шаблюк В. Іўе // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 510.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 366.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 28.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 510 с.: іл. ISBN 985-6302-45-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 324.