Валянціна Лемцюгова

Валянціна Пятроўна Лемцюгова (19 сьнежня 1935, в. Новая Алакюль, цяпер Ламаносаўскі раён, Ленінградзкая вобласьць, Расея3 сакавіка 2018) — беларуская мовазнаўца. Доктарка філялягічных навук (1987), прафэсарка (1993)[1].

Валянціна Лемцюгова
Дата нараджэньня 19 сьнежня 1935(1935-12-19)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 3 сакавіка 2018(2018-03-03) (82 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак мовазнаўца
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (з 1961 г.)
Вядомая як Аўтар першага «Ўкраінска-беларускага слоўніка» (1980), старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі
Навуковая ступень доктар філялягічных навук[d]
Навуковы кіраўнік Мікалай Бірыла

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзілася ў сям’і беларускіх перасяленцаў, якіх у 1933 годзе завербавалі для заснаваньня калгасу ў Расейская СФСР на мяжы зь Фінляндыяй. У 1940 годзе, адразу па сьмерці бацькі на фронце Зімовай вайны, вярнулася з маці назад на Магілёўшчыну.

У 1958 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Адпрацавала 3 гады настаўніцай беларускай, нямецкай і расейскай моваў у Чабайскай (Узбалацкі сельсавет) і Дорскай школах Валожынскага раёну Менскай вобласьці[2].

З 1961 году працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Была старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі. З 1987 году — загадніца аддзелу лексыкалёгіі і лексікаграфіі[3].

Займалася навукова-арганізацыйнай, пэдагагічнай і грамадзкай дзейнасьцю, у тым ліку ў складзе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі і анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі, заснаваную ў 1960-я гады М. Бірылам. Выступала з артыкуламі ў прэсе пра стан і пэрспэктывы разьвіцьця мовазнаўства. Бараніла беларускую тапаніміку, у тым ліку артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна зь якім спачатку назва даецца на беларускай мове[4], а таксама традыцыйную беларускую лацінку[5].

Памёрла 3 сакавіка 2018 году[6].

Дасьледаваньні рэдагаваць

Дасьледавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мае больш за 200 навуковых працаў, прысьвечаных пытаньням станаўленьня і функцыянаваньня ўсходнеславянскай айканіміі.

Аўтарка манаграфіі «Беларуская айканімія» (1970), у якой дасьледавала працэс узьнікненьня і эвалюцыйнага разьвіцьця беларускіх назваў населеных пунктаў. Манаграфія належыць да рэгіянальнага тыпу дасьледаваньняў. У ёй высьвятляецца паходжаньне 4 тысячаў айконімаў, аналізуецца сэмантычны склад і словаўтваральныя сродкі (тапафарманты). Паасобна разглядаюцца айконімы, утвораныя ад агульных словаў (апэлятываў), ад назваў рэк і азёраў (гідронімаў), ад асабовых імён (антрапонімаў), паказваюцца працэсы заражэньня і эвалюцыі беларускіх айконімаў, раскрываецца сутнасьць закладзенай у іх інфармацыі. Аналіз дае магчымасьць высьветліць час узьнікненьня айконімаў, тэндэнцыі папярэдніх эпох, паказаць іх эвалюцыю айконімаў і гістарычныя зьмены.

Наступнае грунтоўнае дасьледаваньне — манаграфія «Усходнеславянская айканімія апэлятыўнага паходжаньня» (1983), пазьней аснова доктарскай дысэртацыі. У манаграфіі вывучаюцца беларускія, расейскія і ўкраінскія назвы населеных пунктаў. Асноўнай крыніцай фактычнага матэрыялу стала айканімія «Сьпісаў населеных месцаў Расейскай імпэрыі» (44 тамы, 2-я палова XIX — 1-я палова XX ст.) і аналягічныя сьпісы, выдадзеныя ў Горадні, Вільні, Кіеве і іншых местах. Шырока выкарыстоўваюцца сьведчаньні старажытнага і сярэдневечнага пісьменства, летапісаў, актаў, мэтрык, пісцовых і памятных кніг.

У 1980 годзе апублікавала першы ў беларускай і славянскай лексыкаграфіі «Ўкраінска-беларускі слоўнік», рэестр якога зьмяшчае больш за 30 тысячаў словаў. Гэта быў трэці іншаславянска-беларускі слоўнік па «Расейска-беларускім» (Масква, 1953 год, двухтомны — Менск, 1982 год) і «Польска-беларускім» (Варшава, 1962). Слоўнік дыфэрэнцыйны: яго рэестр зьмяшчае асноўную, найбольш ужывальную лексіку сучаснай украінскай літаратурнай мовы, якая чымсьці адрозьніваецца ад сваіх беларускіх адпаведнікаў — значэньнем (адным або некалькімі), месцам націску, словаўтварэньнем, граматычным радам. Апроч літаратурнай лексыкі, у ім таксама шмат словаў украінскай жывой народнай мовы, а таксама словы, патрэбныя да разуменьня ўкраінскай клясычнай літаратуры.

Суаўтарка спэцыялізаваных слоўнікаў. Пры яе ўдзеле рыхтаваліся фундамэнтальныя працы зь філялёгіі: «Беларуская граматыка», «Лексікалёгія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атляс», «Лексічны атляс беларускіх народных гаворак» і іншыя. Суаўтарка нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы «Нашай Нівы» ў 5 тамах (першы зь іх выйшаў у 2003 годзе).

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Беларуская айканімія (1970)
  • Украінска-беларускі слоўнік (1980)
  • Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения (1983)
  • Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы (1987, 2005; у суаўтарстве)
  • Кіраванне ў беларускай і рускай мовах (1991)
  • Кароткі слоўнік беларускай мовы (1994)
  • Беларуская граматыка (т. 1, 1985; у суаўтарстве)
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак (у 5 т.; т. 1, 1995; у суаўтарстве)
  • Слоўнік мовы «Нашай нівы» (1906—1915) (у 5 т.; т. 1, 2003; т. 2, 2007; у суаўтарстве)
  • Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (у 6 кн., 2003—2010; рэдакцыя)
  • Тапонімы распавядаюць (2008)

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць