Рыго́р Цамбла́к, Цамвлах, Цымівлах, Семівлах, сьвецкае імя Гаўрыіл (~1364, Тырнава, Баўгарыя — зіма 1419/1420) — дзеяч праваслаўнае царквы, мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, мітрапаліт малдава-валаскі, пісьменьнік.

Рыгор Цамблак
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1365[1]
Памёр 1420[2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці сьвятар, пісьменьнік
Мова стараславянская мова, старабаўгарская мова[d] і царкоўнаславянская мова

Жыцьцё і дзейнасьць

рэдагаваць

Паходзіў з абаўгаранага валаскага баярскага роду. Адукацыю атрымаў у Тырнаўскім манастыры сьв. Тройцы пад кіраўніцтвам патрыярха Еўфімія, а таксама ў Канстантынопалі, дзе займаўся перапіскай і перакладам на царкоўнаславянскую мову агіяграфічных твораў. Сьветапогляд Р. Цамблака сфармаваўся пад уплывам бізантыйскае культуры. Падчас турэцкае агрэсіі на Балканы, у 1394 г. пакінуў Баўгарыю, каля 1400 г. прыняў манаства і ўступіў у манастыр пад імем Рыгора. Займаўся прапаведніцкай дзейнасьцю ў манастырах Бізантыі, некаторы час быў ігуменам Дзечанскага манастыра ў Сэрбіі, прэсьвітэрам у Сучаве ў Малдове. У 1406 г. быў праездам у ВКЛ, падчас паездкі да свайго дзядзькі — мітрапаліта ўсяе Русі Кіпрыяна, але на Нёмане атрымаў вестку пра яго сьмерць, на некаторы час затрымаўся ў ВКЛ, пазнаёміўся зь вялікім князем Вітаўтам.

Зноў Р. Цамблак зьявіўся ў ВКЛ ў 1410-х. Вітаўт, працягваючы Альгердаву палітыку стварэньня асобнай ад Масквы праваслаўнай мітраполіі (гл. «Літоўская мітраполія»), прапанаваў сабору праваслаўных япіскапаў ВКЛ вылучыць кандыдатуру Р. Цамблака на кіеўскі мітрапалічы сталец. Для пасьвячэньня Р. Цамблак паехаў у Канстантынопаль, але ня меў посьпеху. Ня мелі посьпеху і два вітаўтавыя пасольствы ў Канстантынопаль, як і за альгердавым часам, спроба стварэньня асобнае мітраполіі сустрэла моцны супраціў Масквы. Тымчасова Кіеўская мітраполія яшчэ захоўвала адзінства й мітрапаліт Фоці не хацеў зракацца ўлады над Кіевам і Галічам, пастаўленьне ў Кіеў асобнага «літоўскага» кіеўскага мітрапаліта прывяло да канфлікту паміж ВКЛ і ВКМ.

Нягледзячы на анатэмы канстантынопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція, царкоўны сабор у Наваградку (15 лістапада 1415), дзе прысутнічаў увесь праваслаўны япіскапат ВКЛ і Польшчы, пасьвяціў Р. Цамблака ў мітрапаліты кіеўскія. Гэтае рашэньне сабор тлумачыў тым, што Фоцій не клапоціцца пра стан Кіеўскай мітраполіі, а таксама царкоўнымі канонамі. Абвінавачваньні, што выбары Р. Цамблака адбыліся пад ціскам Вітаўта на япіскапаў, паводле меркаваньня К. Хадыніцкага, абапіраюцца на пазьнейшыя сьведчаньні тэндэнцыйнага Ніканаўскага летапісу, аўтар якога хацеў паказаць нелігітымнасьць абраньня Р. Цамблака. Па нагаворы Фоція канстантынопальскі патрыярх наклаў праклён на Р. Цамблака й разам зь бізантыйскім імпэратарам зьвярнуўся да Вітаўта, каб той прызнаваў духоўную ўладу выключна Фоція.

Увесну 1416 г., калі Кіеў быў абложаны татарамі Едзігея, Р. Цамблак перанёс катэдру ў Вільню да Багародзіцкай царквы, а рэзыдэнцыяй зрабіў Наваградак. Не атрымаўшы пастаўленьня ад Канстантынопалю, Вітаўт, гледзячы на вунійныя тэндэнцыі, паслаў Р. Цамблака на 16-ы Сусьветны сабор, які праходзіў з 5 лістапада 1414 па 22 красавіка 1418 г. у Канстанцы. Р. Цамблак 19 лютага 1418 г. урачыста выехаў з Наваградка да Канстанцы на чале дэлегацыі з 300 прадстаўнікоў ВКЛ, Ноўгараду, Малдовы і Вялікае Арды. У Канстанцы Р. Цамблак меў аўдыенцыю Папы рымскага Марціна V, выступіў зь дзьвюма прамовамі: «Прывітальнае слова папу Марціну V» і «Прывітальнае слова айцам Канстанцкага сабора» ў якіх засьведчыў свае, а таксама караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта, жаданьне вуніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і прапанаваў з мэтай яе заключэньня склікаць агульны сабор прадстаўнікоў абодвух веравызнаньняў. Але прамова Р. Цамблака ня мела посьпеху, на саборы ў першую чаргу абмяркоўвалася ўнутраная рэформа каталіцкае царквы.

Апошнія зьвесткі пра Р. Цамблака датуюцца 5—18 траўня 1418, калі ён знаходзіўся ў Кракаве, вяртаючыся з Канстанцы ў Наваградак. Пазьнейшыя зьвесткі з крыніц кажуць ужо пра памерлага Р. Цамблака. Пасьля сьмерці Р. Цамблака і абвастрэньня адносін ВКЛ з Польшчай у пач. 1420-х пытаньне Кіеўскай мітраполіі страціла вастрыню, Вітаўт прызнаў царкоўную ўладу Фоція над праваслаўнымі япархіямі ВКЛ.

Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што Р. Цамблак не памёр у 1419 г., а з-за пагроз і ганеньняў часткі праваслаўных біскупаў, якія не хацелі разьдзелу Кіеўскай мітраполіі, пакінуў ВКЛ каля 1420 г. і зьехаў у Малдову, дзе пражыў у манастыры да 1450 г.

Творчасьць

рэдагаваць

Творы Р. Цамблака на царкоўнаславянскай мове адносяць да літаратур баўгарскае, сэрбскае, малдаўскае, румынскае, старажытнарускае, старабеларускае і стараўкраінскае. Р. Цамблак лічыцца аўтарам больш чым 50 твораў, зь якіх захаваліся і вядомыя 26, у тым ліку 10 твораў, напісаныя ў г. зв. «літоўскі» пэрыяд. Пераважна, творы Р. Цамблака гэта дыдактычна-панегірычныя, урачыстыя словы, казаньні на розныя сьвяты й асобныя падзеі рэлігійнага жыцьця. Сярод твораў Р. Цамблака «Надмагільнае слова мітрапаліту Кіпрыяну», «Пахвальнае слова Еўфімію Тырнаўскаму», «Як трымаюць веру немцы» і інш. Асаблівую цікавасьць уяўляе слова Р. Цамблака пра пакуты Іаана Новага ў Белаградзе, якое зьяўляецца важнай крыніцай па гісторыі Бесарабіі і паўднёвага берага Чорнага мора, гэта слова ўпершыню апублікавана ў працы румынскага біскупа Мельхіседэка, жыцьцяпісе Р. Цамблака, «Vie’ta si scrierile lui Grigorie Tamblacu» (Бухарэст, 1884). Р. Цамблак прымаў удзел у складаньні «Акруговай граматы» і «Апраўдальнага пасланьня заходнярускіх епіскапаў». Таксама займаўся перапісваньнем богаслужэбных кніг.

Творы Р. Цамблака былі папулярныя і ў Маскве, ужо ў XV ст. яго казаньні былі ўнесеныя ў зборнікі царкоўных павучаньняў нараўне з казаньнямі Іаана Залатавуста і іншых сьвятых айцоў, хоць і ананімна, у XVI ст. казаньні Р. Цамблака ўносіліся ў зборнікі ўжо вельмі часта, але пад рознымі імёнамі. Нарэшце, мітрапаліт Макары ўнёс творы Р. Цамблака ў сваю Чэцьцю-Мінею, зьмясьціўшы пад рознымі чысламі, а потым злучыўшы вялікую частку іх у канцы ліпеньскае кнігі пад загалоўкам «Кніга Г. Самвлака». Як прапаведнік, Р. Цамблак часта пераймаў бізантыйскія ўзоры і даходзіў да такое напышлівасьці, што часам рабіўся малазразумелы.

Творы Р. Цамблака актыўна перапісваліся ў манастырах (Супрасьлеўскім, Слуцкім, Жыровіцкім, Аршанскім, Лаўрышаўскім) і браліся за ўзор, захаваліся ў шматлікіх рукапісных зборніках 15—19 стст.

  1. ^ а б в Deutsche Nationalbibliothek Record #119541416 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ Grigorij Camblak // NUKAT — 2002.

Літаратура

рэдагаваць
  • Антонаў В. В. Цамблак Грыгорый // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. — С. 348.
  • Григорий Цамблак: Живот и творчество. — София, 1984.
  • Хаўратовіч І. П. Цамблак Грыгорый // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. — С. 151—154.
  • Яцимирский А. И. Г. Цамблак. Очерк его жизни, административной и книжной деятельности. // Православный собеседник. — Казань, 1905, апрель. С. 752.
  • Chodynicki K. Camblak Grzegorz // Polski słownik biograficzny. — T. II. — Kraków, 1937. — S. 193—194.