Маскоўская дамова (1920)
Маскоўская мірная дамова 1920 году — мірная дамова паміж Летувою і Савецкай Расеяй, падпісаная 12 ліпеня 1920 году ў Маскве і ратыфікаваная Соймам Летувы 6 жніўня 1920 году[1]. Тэрыторыя Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай ССР разглядалася падпісантамі як расейская.
Маскоўскі мір 1920 году | |
Маскоўская мірная дамова 1920 году | |
Тып дамовы | мірная дамова |
---|---|
Падпісаная | 12 ліпеня 1920 |
· месца | Масква, Расея |
Набыла моц | 1920 |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Страціла моц | 15 чэрвеня 1940 (84 гады таму) |
Падпісанты | Адольф Ёфэ |
Бакі | Летува Расейская СФСР |
Статус | нядзейная |
Мовы | летувіская, расейская |
Перамовы
рэдагавацьУлады Летувы неаднаразова высоўвалі афіцыйныя прэтэнзіі на значную частку этнічнай тэрыторыі беларусаў, што мусіла падмацаваць іх прэтэнзіі на гістарычную сталіцу ліцьвінаў (беларусаў) — Вільню. Летувіскі ўрад прызнаваў, што большасьць мясцовага насельніцтва ня лічыць сябе летувісамі і ня ведае летувіскай мовы, але безапэляцыйна сьцьвярджаў, што гэта — зьбеларушчаная частка Летувіскай дзяржавы[2].
7 траўня 1920 году ў Маскве пачаліся мірныя перамовы паміж РСФСР і Летувой. На перамовах летувісы патрабавалі ад савецкай дэлегацыі прызнаць незалежнасьць Летувы «ў яе этнаграфічных межах з сталіцай у Вільні». Савецкая дэлегацыя пагаджалася зь неабходнасьцю далучэньня да Летувы Вільні і Віленскай губэрні, разглядаючы Вільню як «гістарычную сталіцу» Летувы, але лічыла летувіскія тэрытарыяльныя патрабаваньні празьмернымі.
У ліпені 1920 году кіраўніцтва РСФСР пастанавіла паскорыць ход мірных перамоваў зь Летувой, даўшы згоду на максымальнае задавальненьне тэрытарыяльных патрабаваньняў летувісаў.
Існасьць
рэдагавацьЗгодна з дамовай быў юрыдычна ліквідаваны ЛітБел, а ўрад Савецкай Расеі аддаваў Летуве значную частку этнічных беларускіх земляў, прытым ён назаўсёды адмаўляўся ад прэтэнзіяў на яе тэрыторыю і насельніцтва[1]. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная граніца паміж Расеяй і Летувой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, за 30 км ад Горадні (якая перадавалася Летуве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградку й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку (прытым мяжа йшла ўскраіннымі вуліцамі Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркоўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку.
Дамова гарантавала нэўтралітэт Летувы ў ходзе польска-савецкай вайны, бясьпеку правага флянгу войскаў Заходняга фронту ў яго наступленьні на Варшаву. Летувіскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Міжнародная рэакцыя і наступствы
рэдагавацьСупраць дамовы выступіла кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. Так, газэта «Беларусь», якая выдавалася ў Менску, у нумары за 16 чэрвеня 1920 году пісала:
Беларускі народ ніколі не згадзіцца і не дазволіць, каб дзевяць дзясятых тарыбаўскай дзяржавы складалася зь беларускіх зямель, каб Вільня — наш культурны цэнтар, ваколіцы якога заселены толькі беларусамі, зрабілася сталіцай чужой дзяржавы. Беларускаму народу застаецца толькі рабіць сваю справу: будаваць Беларуска-Літоўскую рэспубліку са сталіцай у Вільні. Няхай існуюць пакуль што адначасна дзьве Літвы. Гэта нас не павінна пужаць. Мы ўпэўнены, што здаровыя і дзяржаўна разважаючыя элемэнты літоўскага народу будуць з намі. Бо яны зразумеюць, да чаго давядзе палітыка тарыбаўцаў. | ||
22 ліпеня 1920 году Вацлаў Ластоўскі — кіраўнік ураду, сфармаванага ў сьнежні 1919 году Народнай радай БНР, накіраваў зварот да ўрадаў РСФСР, Летувы, Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы, да ўсіх дзяржаваў і культурных народаў сьвету. У звароце адзначалася, што савецка-летувіская мірная дамова парушае «самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народу», бо складзеная коштам гістарычных і этнаграфічных беларускіх зямель. Зыходзячы з гэтага, урад БНР зьвяртаў увагу на тое, што ён не прызнае ўмоваў дамовы ў частцы, што закранае Беларусь, і будзе змагацца супраць яго «ўсімі даступнымі яму сродкамі». Складальнікі дакумэнта патрабавалі перагледзець умовы дамовы з улікам факта волевыяўленьня беларускага народу, які выказаў жаданьне стварыць сувэрэнную і незалежную беларускую дзяржаву ў этнаграфічных межах. Супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Летувой яны прапаноўвалі разьвязаць шляхам правядзеньня плебісцыту ў спрэчных раёнах.
Катэгарычна адкінула савецка-летувіскую мірную дамову Польская Рэспубліка. 5 жніўня 1920 году польскае Міністэрства замежных справаў заявіла, што не прызнае расейска-летувіскую дамову і будзе разьвязваць спрэчныя пытаньні зь Летувой шляхам двухбаковых перамоваў. 27 жніўня 1920 году польская Рада абароны дзяржавы пастанавіла заняць тэрыторыі, якія фармальна адыходзілі да Летувы. У верасьні 1920 году паміж польскімі і летувіскімі войскамі пачаліся ўзброеныя сутыкненьні. Тым часам прадстаўнікі Антанты запатрабавалі ад Польшчы прызнаць факт улучэньня Вільні ў склад Летувы. 20 верасьня 1920 году Рада Лігі Нацыяў прыняла рэзалюцыю, у якой падкрэсьліла, што Вільня мусіць належаць Летуве, а землі на ўсход ад яе — перайсьці пад кантроль Лігі Нацыяў. Пад націскам дзяржаваў Антанты Польшча мусіла пачаць перамовы зь Летувой, у выніку чаго 7 кастрычніка 1920 году было падпісанае пагадненьне аб усталяваньні часовай дэмаркацыйнай лініі і спыненьні з 10 кастрычніка 1920 году баявых дзеяньняў. Яшчэ 29 верасьня 1920 году Юзэф Пілсудзкі паклікаў да сябе ў штаб-кватэру генэрала Люцыяна Жалігоўскага, ураджэнца Ашмянаў. У час размовы з генэралам ён сказаў:
Калі цяпер мы не здабудзем Вільні, гісторыя нам не даруе. І ня толькі Вільні. Мусім адбудаваць Літву. Зрабіць гэта можа толькі само насельніцтва — яе сыны зь Літоўска-Беларускай дывізіі. Трэба, каб хтосьці ўзяў на сябе гэтую справу | ||
Зыходзячы з гэтага, Пілсудзкі прапанаваў генэралу ўзначаліць войскі, якія ўступяць у Вільню, падкрэсьліўшы, што акцыя запатрабуе настойлівасьці і адвагі, бо супраць яе будуць настроеныя ня толькі краіны Антанты, але нават грамадзкасьць Польшчы. Таксама ён папярэдзіў Жалігоўскага, што будзе вымушаны выступіць супраць гэтай акцыі, але генэрал не павінен «здавацца». Жалігоўскі пагадзіўся з прапановай Пілсудзкага і пачаў падрыхтоўку да «бунту». 8 кастрычніка 1920 году апэратыўная група «Беняконі» заявіла пра выхад з падпарадкаваньня вярхоўнаму польскаму галоўнакамандаваньню і рушыла на тэрыторыю Летувы. 9 кастрычніка аддзелы Жалігоўскага занялі Вільню. Па невялікіх сутычках летувіскія войскі пакінулі места, перадаўшы ўладу ў ім прадстаўнікам Антанты, аднак тыя паводле загаду Жалігоўскага таксама мусілі пакінуць Вільню. Паводле дамоўленасьці зь Пілсудзкім Жалігоўскі абвясьціў пра стварэньне незалежнай дзяржавы пад назвай Сярэдняя Літва ў межах Віленскага, Троцкага, Сьвянцянскага, Лідзкага, Ашмянскага і Браслаўскага паветаў.
Па падпісаньні дамовы ў Летуве рэзка зьмянілася стаўленьне да беларускіх структураў. Летувіскі ўрад ліквідаваў асобныя беларускія вайсковыя часьціны. Міністэрства беларускіх справаў урэшце мусіла спыніць сваё існаваньне. У 1923 годзе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пераехала з Коўны ў Прагу[3].
Сучасныя ацэнкі
рэдагавацьМаскоўская мірная дамова 1920 году палепшыла міжнароднае становішча Летувы, бо ня толькі юрыдычна замацавала фактычную яе незалежнасьць, але і стварыла юрыдычную аснову для яе прэтэнзіяў на Вільню і частку беларускіх зямель[4].
З 1990-х гадоў гэтую расейска-летувіскую граніцу пачалі паказваць на шматлікіх мапах у Летуве[5].
У верасьні 2023 году летувіскі гісторык, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Альфрэдас Бумблаўскас заявіў, што «што ёсьць і канструктыўныя „літвіністы“, як, напрыклад, Аляксандар Белы, які прызнае гістарычныя межы Летувы шырэй, чым межы 1920 году»[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D.. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 82. (пол.)
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 362—363.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 363.
- ^ Ціхаміраў А. «Віленскае пытанне» ў міжнародных адносінах 1918—1920 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. № 3, 2002.
- ^ Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. № 1, № 3, № 4, 1994.
- ^ Вільня, ВКЛ і беларусы. Адкуль бярэцца «літвінізм» і чаму ён пужае літоўцаў?, Новы час, 4 верасьня 2023 г.