Францішак Кушаль
Франці́шак Вінцэ́нтавіч (Вікенцьевіч)[1] Ку́шаль[a] (16 лютага 1895, вёска Пяршаі Менскага павету, цяпер у Валожынскім раёне — 25 траўня 1968, ЗША) — беларускі вайсковы і палітычны дзяяч.
Францішак Кушаль лац. Francišak Kušal | |
Дата нараджэньня | 16 лютага 1895 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 25 траўня 1969 (74 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | афіцэр, палітык |
Месца працы | |
Сябра ў | Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны, Беларуская цэнтральная рада і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі |
Дзеці | Яраслаў Кушаль[d] і Уладзімер Кушаль[d] |
Узнагароды | |
Афіцэр расейскага і польскага войскаў, кіраўнік штабу Беларускай самааховы, камэндант Беларускай краёвае абароны (Вафэн-штурмбанфюрэр СС) падчас II сусьветнай вайны. Муж паэткі Натальлі Арсеньневай.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1915 годзе быў мабілізаваны ў войска Расейскай імпэрыі(ru). Па сканчэньні школы маладых камандзіраў у тым самым року быў накіраваны ў віленскую пяхотную вучэльню. Служыў на Заходнім фронце ў шэрагах 155-га Астраханскага запаснога палку, а з 1916 году — 276-га Купянскага палку стральцоў камандзірам роты; даслужыўся да чыну штабс-капітану.
Па распадзе царскага войску вярнуўся на Беларусь, дзе прыняў актыўны ўдзел у дзеяньні беларускіх нацыянальных арганізацыяў. У 1918 годзе ўзначаліў беларускую моладзевую арганізацыю ў Івянцы, а ў сярэдзіне 1919 году ўвайшоў у склад Цэнтральнае беларускае рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, за што быў арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі.
З пачаткам польска-савецкай вайны стаўленьне Польшчы да беларусаў зьмянілася, і Юзэф Пілсудзкі пагадзіўся на стварэньне беларускага войска. Вызвалены Кушаль са жніўня 1919 году працаваў намесьнікам старшыні Беларускай Вайсковай Камісіі; у вайсковых дзеях на фронце ўдзелу ня браў.
Па сканчэньні вайны застаўся ў Польшчы, з 1922 году на службе ў польскім войску. Скончыў афіцэрскую школу ў Варшаве, пасьля шмат гадоў зьяўляўся афіцэрам 66-га Кашубскага палку пяхоты ў Хэлмне, у якім акрамя ўсяго выконваў абавязкі камэнданта унтэр-афіцэрскай школы. У 1932—1936 гадох быў выкладчыкам у Корпусе кадэтаў №3 ў Равічы, а пасьля ў школе падхаружых пяхоты ў Камарове(pl) каля Оструві-Мазавецкай. Атрымаў чыны паручніка і капітана; быў узнагароджаны срэбным Крыжам заслугі.
Камандаваў батальёнам падчас Нямецка-польскай вайны 1939 году, у баях у раёне Львова трапіў у бальшавіцкі палон. 22 верасьня 1939 году інтэрнаваны ў СССР. Разам зь іншымі польскімі афіцэрамі трапіў у Старабельскі лягер(ru), дзе ўтрымліваліся 4 тыс. чалавек. У лістападзе 1939 году супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў СССР завэрбавалі яго ў якасьці інфарматара пра «па-антысавецку настроеных асобаў сярод ваеннапалонных Старабельскага лягеру» (фонд Р-9401с/ч, Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі)[1]. Амаль усе Старабельскія вязьні былі расстраляныя, аднак Францішак Кушаль быў пераведзены ў «Бутырку», дзе мешкаў у камэрах з рознымі высокапастаўленымі польскімі афіцэрамі, у тым ліку і з генэралам Уладыславам Андэрсам. У пачатку 1941 году вызвалены, адначасова яго жонцы Н. Арсеньневай было дазволена вярнуцца са ссылкі.
Да пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе пражываў у Беластоку. У часе нямецкай акупацыі Кушаль супрацоўнічаў зь немцамі. Сьпярша быў камэндантам навучальных курсаў Беларускай дапаможнай паліцыі у акупаваным Менску. З кастрычніка 1941 году быў шэфам аддзелу самааховы Цэнтральнае рады Беларускай народнай самапомачы. 15 сьнежня 1941 году загадам Менскай гарадзкой паліцыі прызначаны начальнікам паліцэйскай школы[1]. У чэрвені — ліпені 1942 году на загад Івана Ермачэнкі, шэфа Беларускай самааховы, распрацаваў праект стварэньня Вольнага корпусу Беларускай самааховы. Са жніўня да канца лістападу быў камэндантам афіцэрскіх курсаў у Менску, а пад канец лістапада стаў галоўным вайсковым рэфэрэнтам Беларускай самааховы, на гэтай пасадзе кіраваў працай акруговых і павятовых рэфэрэнтаў. У красавіку 1943 году спыніў гэтую дзейнасьць у сувязі з расфармаваньнем немцамі Беларускай самааховы. Са жніўня 1943 году быў галоўным упаўнаважаным па пытаньнях беларускіх аддзелаў дапаможнай паліцыі. 6 лістапада 1943 году спэцгрупа «Мсьціўцы» Галоўнай управы контарвыведкі «Сьмерш» НКА СССР накіравала ў дом Францішка Кушаля сувязную «Арлову», бо «было даручана аднавіць сувязь з Кушалем». Аднак той адмовіўся прыняць сувязную, якой пакаёўка празь 2 гадзіны паведаміла, што Кушаль вырашыў данесьці пра яе ў Службу бясьпекі Нямеччыны[1]. У студзені 1944 году стаў начальнікам аддзелу вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады, а пасьля камандоўцам Беларускай Краёвай Абароны. У выніку мабілізацыі ён здолеў сабраць у ейных шэрагах каля 25 тысячаў беларусаў. Удзельнічаў у выданьні часопісу «Беларус на варце».
1 траўня 1944 году Галоўная ўправа контарвыведкі «Сьмерш» Народнага камісарыяту абароны СССР накіравала шыфраграму спэцгрупе «Мсьціўцы»: «У Кушалі і Арсеньневай мы вельмі зацікаўленыя, таму прыміце ўсе захады да захопу іх жывымі. Толькі пры немагчымасьці захопу жывымі, калі ўсе захады да гэтага будуць вычарпаныя, дайце загад фізычна іх зьнішчыць»[1]. У часе наступу Чырвонай Арміі эвакуяваўся ў сярэдзіне 1944 году ў Нямеччыну. Там удзельнічаў у справе фармаваньня чыста беларускай вайсковай адзінкі. Увесну 1945 году стаў камандоўцам аднаго з палкоў 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, таксама называнай дывізіяй «Беларусь», якая бяз бою капітулявала амэрыканцам 30 красавіка. Перабываў у лягеры для інтэрнаваных у Рэгенсбургу, начальнікам якога быў прызначаны[1].
Пазьбег рэпатрыяцыі ў СССР. У 1947 годзе ў Нямеччыне заснаваў Аб’яднаньне беларускіх вэтэранаў. У 1950 годзе выехаў у ЗША. У 1952—1954 гадох узначальваў Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне; удзельнічаў у выданьні яго газэты «Беларус». Адзін з заснавальнікаў газэты «Бацькаўшчына». Выступаў у друку з публіцыстычнымі матэрыяламі (таксама па пытаньнях ваеннай гісторыі Беларусі), аўтар успамінаў пра дзеячаў беларускай культуры. Выконваў функцыі ваеннага міністра Беларускай Цэнтральнай Рады на выгнаньні.
Сын Ф. Кушаля Яраслаў Кушаль загінуў ад выбуху закладзенай савецкімі партызанамі бомбы ў менскім тэатры падчас прадстаўленьня.
Вайсковыя годнасьці
рэдагаваць- 1916 год[Крыніца?] — штабс-капітан Расейскай імпэратарскай арміі.
- 1922 год[Крыніца?] — паручнік Войска Польскага (годнасьць паніжаная па пачатку службы паводле кантракту)
- 1931 год[Крыніца?] — капітан Войска Польскага (захаваў падчас нямецкай акупацыі як гаўптштурмфюрэр)
- 1944 год[Крыніца?] — маёр Беларускай краёвай абароны (з 1945 году штурмбанфюрэр у 30-й грэнадэрскай дывізіі СС)
- На эміграцыі быў вайсковым міністрам БЦР у годнасьці генэрал-маёра[2].
Творы
рэдагавацьЗьяўляецца аўтарам артыкулу «Спробы арганізацыі беларускага войска», датычнага фармаваньня беларускага нацыянальнага войска ў 1918—1920 і 1941—1944 гадох, апублікаванага ў «Беларускім гістарычным аглядзе» ў 1999 годзе. Таксама ён па-польску напісаў успаміны пра падзеі 1939—1940, якія былі апублікаваныя ў перакладзе на беларускую мову ў «Спадчыне» ў 2000 годзе.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Часам падпісваўся як «Франц Кушэль»
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Натальля Голубева. Калябаранты. Цана адраджэньня // Зьвязда : газэта. — 13 сакавіка 2021. — № 47 (29416). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Москва: «Вече», 2008. — С. 344. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6
Літаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т.. — Мн.: 2003 Т. 1. — ISBN 985-6374-04-9
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Rocznik Oficerski 1924. — Warszawa: Ministerstwo Spraw Wojskowych, Oddział V Sztabu Generalnego Wojska Polskiego, 1924. — С. 280, 381.
- Rocznik Oficerski 1928. — Warszawa: Ministerstwo Spraw Wojskowych, 1928. — С. 80, 234.
- Rocznik Oficerski 1932. — Warszawa: Biuro Personalne Ministerstwa Spraw Wojskowych, 1932. — С. 75, 594.
- Залесский К.А. Кушель Франц // Кто был кто во второй мировой войне. Союзники Германии. — М.: 2003.