Вячаслаў Адамовіч (малодшы)

беларускі палітык, вайсковец

Вячасла́ў Вячасла́вавіч Адамо́віч (1890, Ашмянскі павет — пасьля 1939) — беларускі палітычны дзяяч, вайсковец; псэўданім: Язэп Дзяргач. Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча.

Вячаслаў Адамовіч
Род дзейнасьці палітычны дзяяч, выдавец
Дата нараджэньня 1890
Месца нараджэньня Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці XX стагодзьдзе
Месца вучобы
Занятак палітык, вайсковец, выдавец
Месца працы
Сябра ў Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва[d], Беларуская вайсковая камісія і Беларускі палітычны камітэт
Бацька Вячаслаў Адамовіч (старэйшы)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Адамовіч.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў Ашмянскім павеце (подле іншых зьвестак — у Коўне). Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча. Скончыў Ковенскую мужчынскую казённую гімназію і камэрцыйную вучэльню, у 1914 годзе — гідратэхнічныя і агранамічныя курсы ў Пецярбургу. З 1912 году зьяўляўся карэспандэнтам газэты «Наша Ніва».

Удзельнік Першае сусьветнае вайны, падпаручнік. У 1917 годзе праводзіў беларускую нацыянальную працу сярод апалчэнцаў 1-е Менскае дружыны і слухачоў Менскае духоўнае сэмінарыі. У 1918—1919 гадох вучыўся на Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. Удзельнічаў у працы Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, як харыст уваходзіў у склад Беларускага хору Ўладзімера Тэраўскага. Драматург і літаратар, аўтар гарманізацыі некалькіх народных песень. У 1919—1920 гадох быў карэспандэнтам менскіх газэтаў «Звон» і «Беларусь».

У часе польска-савецкае вайны зьяўляўся сябрам Беларускае вайсковае камісіі (БВК), кіраўнік адкрытых 5 студзеня 1920 году ў Менску курсаў вярбоўкі агентаў БВК. Адзін са стваральнікаў сялянскай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны дуб», начальнік штабу ягоных партызанскіх аддзелаў. У траўні 1920 году накіраваны БВК вярбовачным афіцэрам-інструктарам у Слуцкі і Бабруйскі паветы, арганізаваў там вярбовачныя пункты для добраахвотнікаў у паўстанцкія аддзелы «Зялёнага дубу». Адзін з кіраўнікоў Беларускага палітычнага камітэту (БПК). З 2 кастрычніка па 20 лістапада 1920 году — выдавец-рэдактар гарадзенскае газэты «Беларускае слова». Зь ягонае ініцыятывы 24 кастрычніка 1920 году гарадзенскі БНК выступіў у падтрымку Станіслава Булак-Балаховіча. Подле некаторых зьвестак, прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне на завяршальным этапе, як камандзір аднаго з аддзелаў удзельнічаў у баёх з бальшавікамі пад Мелкавічамі і Старобінам.

У пачатку 1920 гадоў спрабаваў стварыць пад шыльдай Лігі паветранае абароны аддзелы з былых балахоўцаў. Выступіў афіцыйным арганізатарам беларускага зьезду ў Вільні 10 красавіка 1921 году, які падтрымаў палітку генэрала Люцыяна Жалігоўскага ў Сярэдняй Літве. У сьнежні 1921 году быў адным з ініцыятараў скліканьня так званага «Зьезду Заходняе Беларусі» ў Вільні, на якім была прынятая рэзалюцыя, насуперак пастанове Віленскага БНК, браць удзел у выбарах у Віленскі сойм. Уваходзіў у шэраг беларускіх палянафільскіх арганізацыяў: Краёвая сувязь, Арганізацыя беларускіх беспартныйных актывістаў ды іншых. У часе парлямэнцкіх выбараў у Польшчы 1922 году падтрымліваў праўрадавае Дзяржаўнае аб’яднаньне на крэсах.

У 1924 годзе ў Вільні пад псэўданімам Дзяргач выдаў кніжку «Тыпы Палесься», якая дагутуль друкавалася ў выглядзе асобных апавяданьняў у газэце «Грамадзкі Голас». У тым жа годзе намагаўся заснаваць новую палітычную арганізацыю палянафільскае арыентацыі пад назвай «Камітэт беларускіх справаў».Тады ж у вёсцы Гаўрыльчыцах ля польска-савецкае мяжы арганізаваў дывэрсійны цэнтар. Супрацоўнічаў з II аддзелам польскага генэральнага штабу ў якасьці платнага інфарматара, сьвядома прадстаўляў апошняму непраўдзівую інфармацыю. Ім была прыдумана мітычная арганізацыя «Камітэт чыну», якая нібыта кіравала зь Менску антыпольскімі акцыямі на тэрыторыі Заходняе Беларусі. Першы раз выкрыты II-м аддзелам у 1923 годзе, паўторна — у 1925 годзе. У 1926 годзе высланы за межы Польшчы, жыў у вольным горадзе Данцыгу.

Браў удзел у данцыскай нарадзе дзеячаў БНР (24—27 лютага 1926 году), якія не падпарадкаваліся рашэньням Бэрлінскае канфэрэнцыі 1925 году. Быў цесна зьвязаны з расейскай антыбальшавіцкай эміграцыяй у Вільні і Данцыгу. Хадатайнічаў аб вяртаньні ў Польшчу, аднак не атрымаў дазвол ад польскіх уладаў. У 1928 годзе арганізацыя «Брацтва Расейскай Праўды(ru)» разглядала справу Вячаслава Адамовіча-малодшага, абвінавачанага ў супрацоўніцтве з савецкім ГПУ, аднак апраўдала. 27 лютага 1929 году выступіў у Данцыгу з дакладам пра «Зялёны дуб», у часе выступленьня выказаў ідэю друкаванага органа з мэтай публікацыі дакумэнтаў, якія кампрамэтуюць польскую дэфэнзыву. Подле паказаньняў віленскіх беларусаў І. Пешкі і Сяргей Бусла, арыштаваных савецкім НКВД у 1939 годзе, напярэдадні Другое сусьветнай вайны служыў псаломшчыкам у праваслаўнай царкве Данцыга. Хутчэй за ўсё, арыштаваны органамі савецкае дзяржбясьпекі[1]. Далейшы лёс невядомы.

Асабістае жыцьцё

рэдагаваць

Пра асабістае жыцьцё атамана вядома мала. Меў каханку Ганну Доўгерд, якая была сувязной «Зялёнага Дубу» паміж Менску й штабу ў Лунінцы[2][3].

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Іншы ўдзельнік «Зялёнага Дубу», беларуска-польскі пісьменьнік Сяргей Пясэцкі, прысьвяціў Вячаславу Адамовічу й іншым беларускім атаманам разьдзел у сваёй кнізе «Ніхто дабром ня дасьць збаўленьня», якая выйшла ў 1947 годзе ў Рыме. У сваёй кнізе Пясэцкі пісаў:[4]

Не сходзілі з вуснаў у той час псеўданімы беларускіх партызанскіх атаманаў — Крука і Дзергача, сапраўдных прозьвішчаў якіх я не назаву. Моніч час ад часу кантактаваў з імі , але трымаўся асобна. Ён быў занадта смелы і незвычайна цаніў свабоду, каб некаму падпарадкоўвацца

Вячаслаў Адамовіч сустракаецца ў рамане Леаніда Дайнекі «Ілоты» (2018)[2].

  1. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ а б Таццяна Лаўрык. Вобраз атамана Дзергача ў рамане Леаніда Дайнекі «Ілоты»  (бел.) // Звязда. — 17.06.2020.
  3. ^ Ніна Стужынская. Каханка атамана Дзергача  (бел.) // Наша Ніва. — 01.06.2012.
  4. ^ Пясецкі С. Ніхто дабром не дасць збаўлення… / пер. з польск. Віктара Шукеловіча. — Вільня: Логвінаў, 2018. — С. 214. — ISBN 978-609-8213-57-7

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць