Беларусь у Першай савецка-польскай вайне

Захо́дні пахо́д Чырво́най а́рміі 1918—1919 рокаў (па-польску: Zajęcie Bialorusi przez wojsko Rosji Sowieckiej[17]) — наступленьне Савецкай Заходняй арміі ў Беларусь і Летуву[13]; «несправакаваная агрэсія РСФСР супраць БНР»[18], «захоп БНР расейскімі бальшавікамі»[3]. Ёсьць шмат розных поглядаў на ўвод Чырвонай арміі ў Беларусь у 1918 року. Савецкія гісторыкі называлі гэта вызваленьнем ад германскай акупацыі. Афіцыяльная беларуская навука разглядае «Заходні паход Чырвонай арміі (1918—1919)» як вызваленьне ад інтэрвенцыі Нямеччыны і 1 Польскага корпусу[1], ці вызваленьне Беларусі ад нямецкай акупацыі [19], або вызваленьне ад нямецкіх акупантаў[20], ачышчэньне тэрыторыі Беларусі ад нямецкіх акупантаў, ці вызваленьне Беларусі Чырвонай арміяй па меры адыходу нямецкіх войскаў[21], наступленьне Чырвонай арміі супраць нямецкіх войскаў[22].

Заходні паход Чырвонай арміі 1918—1919 рокаў
Прасоўваньне Чырвонай арміі
Дата: 29 верасьня 1918[1] — 14 лютага 1919[2]
Месца: Беларусь, Расея, Летува, Латвія
Прычына: Непрызнаньне УЦВК(ru) і СНК(ru) РСФСР незалежнасьці БНР[3], тэрытарыяльныя прэтэнзіі БНР на ўсходнія раёны Беларусі, занятыя Чырвонай арміяй[3]
Вынік: Акупацыя Савецкай Заходняй арміяй БНР, зьяўленьне савецка-польскага фронту
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Анэксія Савецкай Расіяй БНР, стварэньне ССРБ
Супернікі
Сьцяг РСФСР 1918 РСФСР
Ваенны савет паўстанцкіх камуністычных часьцей Заходняй Беларусі
Сьцяг Беларусі БНР
Летува Летува (у саюзе з БНР)
Сьцяг Польшчы Польшча
Сьцяг УНР (1917) УНР
Інтарвэнцыя Антанты:
Сьцяг Францыі Францыя
Камандуючыя

Андрэй Сьнесараў(ru)[2]
Уладзімер Альдэроге(ru)[4]
Рыгор Барзінскі[5]
Стэфан Жбыкоўскі [6]
Раман Лонгва(ru)[6][7]
А. І. Ільін[8]
Кіпрыян Кандратовіч[2]
Кастусь Езавітаў[9]
М. Лаўрэньцьяў[2]
Гасан Канапацкі [10]
Яўген Гайдукевіч [10]
Мікола Дзямідаў[2]
М. Глінскі[2]
Сыльвэстар Жукоўскі[11]
Ф. Лятукас[2]

Уладыслаў Вэйтка(pl)[2]
Адам Макжэцкі(pl)
Эўгеніюш Канткоўскі(pl)
Фабіян Каборда(pl)[2]
Вацлаў Шукевіч[12]
Мікалай Сулеўскі(pl)[2]

Уладыслаў Дамброўскі(pl)[12]
Ежы Дамброўскі(pl)
Уладзімер Аскілка(uk)
П. Вент
Колькасьць
Савецкая Заходняя Армія(pl)(на 15 лістапада 1918 року)

  • 9713 штыкоў
  • 261 шабля
  • 8 гармат[13]

(на 1 студзеня 1919 рока)

  • 19 205 штыкоў
  • 229 шабляў
  • 250 кулямётаў
  • 41 гармата
  • 4 мінамёты
  • 19 аэраплянаў
  • 4 бронеаўтамабілі
  • 3 бронецягнікі[14]
1 Беларускі пяхотны полк і батальён Гарадзенскай камендатуры (на канец лістапада 1918)

* 100 штыкоў[2] (на люты 1919)
* 1150 штыкоў[2] 1 и 2 Літоўскія палкі

  • 240 штыкоў[15]

Самаабарона Літвы і Беларусі

  • каля 3 тысяч шабляў і штыкоў[16]

V Чарнігаўскі пяхотны корпус Украінскай дзяржавы(на кастрычнік 1918)
Паўночная групоўка войскаў Дырэкторыі УНР (на студзень 1919)
Заходняя стралковая дывізія ( на 14 студзеня)

  • 10 тысяч штыкоў.
Страты
каля тысячы чалавеккаля 10 тысяч чалавек

Ёсьць, аднак і іншыя меркаваньні:

« «…Пачнем з ацэнкі нападзеньня ў 1918 року РСФСР на Беларускую Народную Рэспубліку, якое савецкія гісторыкі называлі „вызваленьнем“. „Вызваленьнем“ ад чаго? Ёсьць толькі адзін адказ на гэтае рытарычнае пытаньне — ад Беларускай дзяржаўнасьці. Напомню, што Масква пасьля захопу тэрыторыі БНР спачатку аб’явіла ўсю Беларусь часткай Расеі (Заходняя вобласьць). Потым яна (РСФСР) вырашыла стварыць у межах Менскай вобласьці пародыю на „беларускую дзяржаву“ ў форме марыянетачнай савецкай рэспублікі. Ніякае гэта не „вызваленьне“, а банальная акупацыя адной краінай (РСФСР) — другой краіны (БНР)…» (пераклад з расейскай) »

—Тайны беларуской истории / Деружинский Вадим. — Минск: ФУАинформ, 2010. — 560 с : илл. -(Неизвестная история).

« «…Яшчэ цяжэй назваць акупацыю Беларусі ў 1918—1919 гадах войскамі РСФСР „актам інтэрнацыянальнай дапамогі“. Як толькі Чырвоная Армія захапіла сталіцу БНР, бальшавісцкія камісары аб’явілі па-за законам парлямэнт (Раду) і ўрад (БНР), выбраныя самімі беларусамі і ўсадзілі замест іх сваіх марыянэтак…» (Пераклад з расейскае) »

—Анатомия ненависти (Русско-польские конфликты в XVIII-XХ вв.)./А. Е. Тарас. — Минск.; Харвест, 2008. — 832 с.: илл. — (Серия «Неизвестные войны»).

Вядома, што польскі ўрад абвінавачваў СНК РСФСР(ru) у жаданьні гвалтоўна ўвесьці ў Беларусі і Летуве савецкі лад[13].

Польскія гісторыкі лічуць увод Чырвонай Арміі ў Беларусь акупацыяй:

« "...У гэтым выпадку самавызначэньне народаў зводзілася толькі да ўзваньняў і маніфэстацыяў, а на самой справе марш на захад войскаў РСФСР ня быў ні чым іншым як акупацыяй зямель, зрабаваных Нямеччынай, і ў далейшым увод там савецкай улады, якая аднак - як мы бачым - ня мела нічога, акрамя той назвы..." (Пераклад з польскага) »

—Bolesław Waligóra : Walka o Wilno. Okupacja Litwy i Białorusi w 1918-1919 r. przez Rosja Sowiecka/ Bolesław Waligóra. - Wilno.; Wydawnictwo Zzrzadu Miejskego w Wilne, 1938.

Значнасьць апэрацыі рэдагаваць

У выніку апэрацыі ўтварыўся савецка-польскі фронт. Савецкая Расея анэксавала тэрыторыю БНР і аб’явіла яе часткай Расеі, як Заходнюю камуну, на аснове якой была створана ССРБ.

Перадумовы рэдагаваць

3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала зь Нямеччынай Берасьцейскую мірную дамову, паводле якой землі, што ляжалі на захад ад лініі ДзьвінскСьвянцяныПружаны і належалі раней Расеі, перадаваліся Нямеччыне й Аўстра-Вугоршчыне, якія мусілі вырашыць будучыню гэтых зямель. Астатнія тэрыторыі, акупаваныя германскімі войскамі, на захад ад Дняпра, заставаліся, як залог, да выплаты Савецкай Расеяй кантрыбуцыі. Савецка-германская дэмаркацыйная лінія па тэрыторыі Беларусі прайшла наступным вобразам: СебежПолацакСянноВорша — далей па рацэ Дняпро, да Рагачова — паўднёвей ЧачэрскуВеткаНавазыбкаўСтарадуб[1].

9 сакавіка 1918 г. Выканком Рады Ўсебеларускага зьезду прыняў 2-ю Ўстаўную Грамату, якая абвяшчала Беларусь Народнай Рэспублікай. 25 сакавіка Рада БНР прыняла 3-ю Ўстаўную грамату, якая абвяшчала незалежнасьць БНР у межах пражываньня беларускага этнасу.

Летам 1918 Народны Сакратарыят БНР паспрабаваў упэўніць СНК РСФСР даць згоду на аб’яднаньне з тэрыторыяй БНР усходніх раёнаў Беларусі, на якіх стаяла Чырвоная армія. З мэтай звароту этнічных тэрыторыяў і прызнаньня ў Маскву была адпраўлена спэцыяльная камісія, аднак яна нават не была прынята[3]. Консульскія функцыі ў Маскве выконваў А. Л. Бурбіс[23].

27 жніўня 1918 г. у Бэрліне быў падпісаны Дадатковы дагавор паміж Савецкай Расеяй ды Нямеччынай, згодна якому нямецкія акупацыйныя войскі пачалі эвакуацыю за лінію адзначаную Берасьцейскім мірам савецка-нямецкай дзяржаўнай мяжы, не чакаючы заключэньня агульнага міру[24]. 29 жніўня СНК РСФСР аб’явіў аб адмене дагавораў аб падзелах Рэчы Паспалітай, што давала юрыдычную аснову прызнаць БНР і УНР. Аднак СНК РСФСР не рабіў гэтага і перасьледваў іншыя мэты[3].

Сілы бакоў рэдагаваць

К пачатку ўварваньня Савецкая Расея мела ў сваім падпарадкаваньні Заходні раён абароны, меўшы каля 12 тысячаў чалавек. Камандаваў ім А. Я. Сьнесараў(ru). Ён быў створаны 11 верасьня 1918 г.[2] Штаб Заходняга раёну абароны быў у Смаленску[13]. Восеньню 1918 у склад Заходняга раёну абароны ўжо ўваходзілі дывізіі, якія яшчэ фармаваліся: Пскоўская, 2-я Смаленская і 1-я Віцебская, якія потым зьліліся ў 17-ю стралковую дывізію[13].

Войскі БНР яшчэ фармаваліся, таму што пасьля прыходу немцаў 1 Беларускі менскі полк быў абяззброены. Ураду БНР не дазвалялася мець сваё войска і міліцыю. Нямеччына не дапусьціла перадысьлякацыю ў Беларусь з румынскага фронту стотысячнага беларускага войска. Расчараваньне немцамі падштурхнула беларускіх эсэраў да стварэньня сялянскіх партызанскіх атрадаў для змаганьня з акупантамі. З гэтай мэтай была створана арганізацыя «Саюз беларускага працоўнага сялянства». Дзясяткі тысячаў чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасьць БНР (Лукаша Семянюка, Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-«Дзергача» ды іншых). Існавалі і іншыя формы супраціву. На поўную дзяржаўную незалежнасьць без уласнага войска разьлічваць не даводзілася. Нямеччына адмыслова да апошняга стрымлівала фармаваньне беларускіх вайсковых злучэньняў, бо высьцерагалася, што яны будуць скіраваныя супраць выпеставанага імі бальшавіцкага рэжыму ў Савецкай Расеі. Нелегальным фармаваньнем арміі кіраваў міністар вайсковых справаў БНР, генэрал-лейтэнант Кіпрыян Кандратовіч[15].

 
Кіпрыян Кандратовіч

Супраць Чырвонай арміі былі таксама Польскія аддзелы Самабароны, якія фармаваліся на аснове «Саюза ваенных палякаў горада Вільні»[12], створанага 10 верасьня 1918. Саюз налічваў каля 130 афіцэраў, 5 тысячаў салдат і падафіцэраў. Яго фактычным кіраўніком быў капітан Станіслаў Бабятынскі[2].

У Летувы (на той час «каралеўства») узброеныя сілы адсутнічалі, і нават, не фармаваліся, хоць Нямеччына выдала Летувіскай Тарыбе 100 000 марак на стварэньне Летувіскай самаабароны[15]. Украінская дзяржава валодала сапраўды вялікімі войскамі: 8 пяхотных карпусоў і 4,5 кавалерыйскіх дывізіяў. На тэрыторыі Беларусі знаходзіўся V-ы Чарнігаўскі пяхотны полк. Галоўным вярхоўнакамандуючым войскаў Украінскай дзяржавы быў гетман Павал Скарападзкі.

Склад бакоў рэдагаваць

Нацыянальныя дзяржавы рэдагаваць

З самага пачатку ўдзельнікам апэрацыі была Савецкая Расея, якая ўвяла свае войскі на тэрыторыю БНР. Але паколькі гэта ішло згодна Бэрлінскага дадатковага дагавору, то ні Рада, ні Народны Сакратарыят не маглі гэтаму супрацьстаяць. Таксама БНР ня мела тады яшчэ сапраўднай арміі. Аднак калі замест эвакуацыі немцаў, пачалося наступленьне чырвоных (Заходняга раёну абароны), то Рада БНР прыняла 29 верасьня (у дзень, калі чырвоныя занялі Лепель) 4-ую Ўстаўную Грамату, у якой заклікала беларускі народ да захаваньня парадку, які ўстанавіла Рада БНР[24].

У сувязі з пагрозай быць акупаванымі Саветамі БНР і Літва сталі падтрымліваць ідэю дзяржаўнага саюза і стварэньня агульнай арміі[2][3].

Украінская дзяржава, абароненая немцамі, не баялася РСФСР. В час перамоў з РСФСР была дасягнута пралімінарная мірная дамова. Устаноўлена г. зв. «нэўтральная зона», якая разьмяжоўвала бакі да ўстанаўленьня дзяржаўнай мяжы.

Фактычна РСФСР ваявала з Польшчай (тады яшчэ рэгенствам) з 25 студзеня [ст. ст. 12 студзеня] 1918 у сувязі зь мецяжом генэрала Доўбур-Мусьніцкага, які сам аб’явіў «Саветам» вайну[2].

Савецкая Расія рэдагаваць

Паколькі Савецкая Расея пачала ўводзіць свае войскі на тэрыторыю БНР, яна зьяўлялася галоўнейшым і першым удзельнікам канфлікту. Трэба заўважыць, што РСФСР праігнаравала спробу БНР мірна дамовіцца аб мяжы і лёсу ўсходніх тэрыторыяў (народны камісар замежных спраў РСФСР Рыгор Чычэрын нават на прыняў спэцыяльную місію ад ураду БНР, якая спрабавала дабіцца прызнаньня БНР Саветам народных камісараў РСФСР, а таксама аб’яднаньня з БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расейскімі войскамі[3]). Такім чынам, ад самага пачатку РСФСР не хацела ўстанавіць дыпляматычныя зносіны з БНР, паколькі камуністы, такія як Мясьнікоў, Кнорын, Ландар і іншыя члены РКП(б) Заходняй вобласьці, нават не прызнавалі беларусаў за народ, тым болей не жадалі для іх ніякай дзяржаўнасьці[25].

Падрыхтоўка апэрацыі рэдагаваць

Нацыянальныя дзяржавы рэдагаваць

БНР рэдагаваць

Кіпрыян Кандратовіч займаўся стварэньнем беларускага войска:

  …Пасьля 25 сакавіка 1918 г. стварэньне беларускага войска было працягнута. Тэлеграма нямецкаму кайзэру Вільгельму II выклікала востры крызіс у беларускім руху. Распаўся Народны сакратарыят, зь якога ў знак пратэсту выйшлі некалькі міністраў. На пачатку траўня на яго месцы была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта. Міністрам вайсковых справаў у гэтай радзе быў прызначаны ген. К. Кандратовіч. Галоўныя праблемы, якія прыходзілася вырашаць міністру абароны — гэта грошы і кадры, бо прафэсійнае і баездольнае войска на энтузіязьме не ствараецца…  

—Лаўрэш Л. Генерал Кіпрыян Кандратовіч. Ліда, 3002. — 44с.

20 кастрычніка Рада БНР зьвярнулася да канцлера Нямецкай імпэрыі, яшчэ раз просячы прызнаньня незалежнасьці Беларусі і дазвола на стварэньне беларускага войску[26][27].

Беларускія афіцэры, выкарыстоўваючы назьбіраную сялянамі зброю, прыступілі да стварэньня беларускіх войскаў, не чакаючы дазволу ад нямецкіх улад. Немцы адказалі арыштам стваральнікаў гэтых атрадаў, у тым ліку палкоўніка К. Езавітава, і пасадзілі іх у турму. Ад расстрэлу іх уратавала толькі Лістападаўская рэвалюцыя ў Нямеччыне[26][27].

Летува рэдагаваць

Літоўская армія яшчэ не фармавалася, хоць Нямеччына і падтрымлівала Тарыбу:

  "...Затое літоўцаў падтрымлівалі на кожным кроку, нават нацкоўвалі на палякаў. Дайшло да таго, што берлінскі ўрад у верасні 1917 года стварыў у Вільні Літоўскую Народную Раду, якую назвалі Тарыба, а ўжо ў першыя дні снежня дазволілі Тарыбе пракламаваць поўную незалежнасьць Літвы. Прызнаньне яе незалежнасьці немцамі адбылося ў сакавіку 1918 года, а 26-га гэтага ж месяца імпэратар Вільгельм II абвясьціў "Вечную унію Германіі з Літвой"...Разам з тым немцы падтрымлівалі літоўцаў і нават выплачвалі Тарыбе па 100 000 марак у тыдзень на літоўскую Самаабарону, якая фактычна не існавала..."  

—Дзічканец Юзаф. Самаабарона лідскай зямлі.Другое выданьне,пераклад на беларускую мову: Тадэвуш Страчынскі,рэдакцыя беларускага тэксту, графічны праект, вёрстка: Аляксандар Колышка,„Ziemia Lidzka”,Ліда,2010.

Польшча рэдагаваць

Яшчэ зь сярэдзіны ліпеня 1918 пачалі фармавацца польскія атрады Самаабароны з салдат і афіцэраў 1 Польскага корпусу, а таксама спачуваючай моладзі. Па ініцыятыве капітана С. Бабятынскага быў створаны «Саюз ваенных палякаў горада Вільні», філіялы якога былі створаны ў Вілейцы, Лідзе, Ашмянах, Лынтупах. Узброены салдаты «Саюза» былі ў асноўным рэвальвэрамі і паляўнічымі стрэльбамі[2].

Хада баявых дзеяньняў рэдагаваць

  Вонкавыя выявы
  Заходні паход чырвонай арміі (верасень 1918 г. - студзень 1919 г.)

Эвакуацыя германскіх войскаў за Бярэзіну рэдагаваць

27 жніўня 1918 пасьля выплаты Савецкай Расеяй большай часткі кантрыбуцыі, Нямецкая імпэрыя пачала эвакуацыю сваіх войскаў зь беларускіх земляў паміж Дняпром і Бярэзінай[3][28].

У верасьні-кастрычніку 1918 нямецкія акупацыйныя войскі пакінулі Лепельскі павет Віцебскай губэрні і Сеньненскі, Аршанскі і Магілёўскі паветы Магілёўскай губэрні, дзе хутка была ўстаноўлена ўлада адміністрацыі РСФСР[3].

Войскі Заходняга раёну абароны Савецкай Расеі 29 верасьня 1918 занялі Лепель, 31 кастрычніка — Магілёў, 1 лістапада — Воршу[1].

Захоп Полаччыны, Бярэзіншчыны і Меншчыны рэдагаваць

Палітычнае становішча рэдагаваць

Лістападаўская рэвалюцыя 1918 р. ў Нямеччыне кардынальна зьмяніла палітычнае становішча ў Эўропе, уключаючы і ўнутранапалітычную сытуацыю для БНР і РСФСР[24].

Тым часам У. Ленін шукаў магчымасьці скарыстаць дадзеныя абставіны ў інтарэсах Савецкай Расеі. Ён меркаваў, што сярод сацыял-дэмакратаў можна будзе знайсьці саюзьнікаў. А. Луцкевіч, які ўзначальваў Раду народных міністраў БНР, быў запрошаны ў Маскву для перамоваў аб удзеле сацыял-дэмакратаў у Беларускім савецкім урадзе, які меркавалася стварыць пасьля вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі.

Ведаючы аб нежаданьні Нямеччыны вырашаць беларускае пытаньне без удзелу Савецкага ўрада і ўлічваючы нетрываласьць пазыцыі БНР, А. Луцкевіч прыйшоў да высновы аб неабходнасьці паездкі ў Маскву. У лістападзе 1918 ён прыбыў для перагавораў. У гэты ж час у Маскву прыязджаў і Т. Грыб, каб наладзіць кантакт з камуністычным цэнтрам.

Луцкевіч згаджаўся на фэдэрацыю БНР с Савецкай Расеяй, на ўвод у БНР савецкай канстытуцыі, просячы толькі прызнаньня СНК РСФСР беларускай рэспублікі у форме аўтаноміі[3][29].

Маскоўскія перагаворы А. Луцкевіча з урадам РСФСР не былі завершаны. Было ўмоўлена, што яго бліжэйшыя саратнікі па партыі — члены Прэзыдыюма Рады БНР і міністры — пасьля адыходу нямецкіх акупантаў зь Менску застануцца ў горадзе, каб завяршыць пачатыя ў Маскве перагаворы.

9 лістапада беларускі ўрад выдаў яшчэ адну пастанову аб фармаваньні войска. 11 лістапада ген. К. Кандратовічу, палкоўніку К. Езавітаву было даручана стварэньне штабу 1-га Беларускага Палка. К. Кандратовіч, як сябар Рады БНР, прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнае войска і паведаміў, што віленскія банкіры і грамадзяне ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле ген. К. Кандратовіча, была адсутнасьць згоды немцаў і неабходнасьць пастаўкі празь іх зброі.

А. Луцкевіч запратэставаў супраць прапановы генэрала Кандратовіча, бо ня верыў у «падтрымку мас» і быў перакананы ў адказе з боку немцаў. Тым ня менш ён стварыў дэлегацыю з Р. Скірмунтам, В. Савічам і інш., і адправіў яе да германскіх улад. Аднак як у Салдацкім Савеце 10-й арміі, так і ў генэрала Э. Фалькенгайна дэлегацыя атрымала адмову. Генэрал Фалькенгайн адказаў проста: «Калі, ў полі бачаньня нямецкіх войскаў зьявяцца якіясьці узброеныя сілы, то мы зьвернем супраць іх свае кулямёты.»[26][27].

Напрыканцы нямецкай акупацыі Беларусі кіраўніцтва Ober-Ostu (у Коўне) выказала згоду на фармаваньне агульнай для ўсіх нацыянальнасьцяў міліцыі пад кіраўніцтвам ген. К. Кандратовіча, з чым не былі згодныя палякі, якія ўтваралі Аддзелы Самаабароны Зямлі Менскай, Лідзкай і інш. Таму, у часе сустрэчы ген. К. Кандратовіча з польскім камандуючым ген. Уладыславам Вейкам, было вырашана, што кожная народнасьць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаноміі, і толькі ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кіраўніцтву. У хуткім часе ў Менску адбылася супольная нарада, на якой ген. К. Кандратовіч прапанаваў месца начальніка штабу паляку, палкоўніку Фабіяну Кабардзе[15].

 
Кастусь Езавітаў

11 лістапада 1918 г. было падпісана Першае камп’енскае замірэньне, якое скончыла Першую сусьветную вайну, пасьля чаго пачаўся вывад нямецкіх войскаў з акупаваных тэрыторыяў. Нямеччына пакінула БНР безабароннай перад бальшавікамі[29].

11 лістапада паміж Радай БНР і Тарыбай Літувіскай Рэспублікі былі падпісаныя «Лістападаўскія пагадненьні», згодна зь якімі войска БНР пры паражэньні ад Чырвонай арміі магло адступіць на тэрыторыю Літвы, і наадварот, а такасама пагадненьні мелі на ўвазе таксама ўтварэньне беларускіх вайсковых адзінак, падначаленых летувіскаму галоўнаму кіраўніцтву[15].

13 лістапада УЦВК РСФСР ануляваў Берасьцейскі мірны дагавор. Такім чынам была адноўлена юрысдыкцыя РСФСР на тэрыторыі, перададзеныя пад нямецкі кантроль. Але СНК і УЦВК РСФСР не прызналі БНР[3].

Калі Расея дэнансавала Берасьцейскі мірны дагавор, урад БНР зьвярнуўся да краінаў Антанты з просьбаю ўвесьці на Беларусь міжнародныя войскі[29].

Уварваньне Чырвонай арміі рэдагаваць

Чырвоныя рыхтаваліся да паходу. Заходні раён абароны быў пераўтвораны ў Заходнюю армію(ru); гэта сталася 15 лістапада 1918 г.[13]. Яна атрымала загад заняць тэрыторыю Беларусі і прасоўвацца ў Летуву[2]. У склад Заходняй арміі на пачатак наступленьня ўваходзілі: 2-я акруга памежнай аховы (3156 штыкоў, 61 шабля; усяго — 3217 байцоў), Пскоўская дывізія (783 штыкі, 8 гармат); 17-я стралковая дывізія (5513 штыкоў, 200 шабляў; усяго — 5713 байцоў). Усяго каля 9713 штыкоў, 261 шабля і 8 палявых гармат[13]. Заходнюю армію склалі 2 стралковыя дывізіі: Пскоўская і 17-я(pl) (былая Віцебская). Да пачатку ўварваньня Заходняй арміі(pl) 2-мя дывізіямі (17-й і Пскоўскай) стаяла на савецка-нямецкай дэмаркацыйнай лініі[2]. Камандуючым Заходняй арміі быў прызначаны А. Я. Сьнесараў(ru)[30].

Ужо 17 лістапада Чырвоная армія пачала ўварваньне на тэрыторыю БНР. Актывізавалася бальшавісцкае падпольле[3]. 21 лістапада быў захоплены Жлобін і Полацак, 22 — Рагачоў, 23 — Дрыса, 28 — Бабруйск[1]. На пачатку прасоўваньне Заходняй арміі не сустракала амаль ніякіх перашкодаў[13]. Захапляючы ўсё новыя і новыя гарады, бальшавікі адначасова разганялі адміністрацыю, створаную ўрадам БНР (павятовыя і валасныя рады) і паўсюль засноўвалі «свае» саветы(ru), рэўкомы(ru), і органы НК[31].

Чырвоныя часткі рухаліся на захад, вытрымліваючы дыстанцыю зь нямецкімі войскамі, якія эвакуяваліся[2].

Беларускія эсэры аб’явілі Савецкую Расею другім пасьля Нямеччыны акупантам беларускае зямлі. Створаны іхнімі намаганьнямі «Дэмакратычны краявы цэнтар», у які ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых левацэнтрысцкіх партыяў, спрабаваў супрацьстаяць бальшавісцкай агрэсіі[3].

У Вільні пачалося фармаваньне 1-га Беларускага пяхотнага палка, але справа ішла доўга[2]. Менская самаабарона («Самаабарона Менскай зямлі») была створана ў кастрычніку 1918 «Таварыствам самадапамогі вайсковых палякаў былых карпусоў» і польскай Радай Менскай зямлі. Яе арганізатарамі выступілі Ўладзіслаў Рачкевіч, ген. А. Бернатовіч, ген. Уладзіслаў Вэйтка(pl), палк. Фабіян Кабарда(pl) і іншыя[32]. Яе філіялы былі створаны ў павятовых цэнтрах[2].

1—3 сьнежня Беларускі нацыянальны кангрэс Гарадзеншчыны прыняў рэзалюцыю аб далучэньні да Летувы[3].

2 сьнежня 1918 року Чырвоная армія захапіла Барысаў, 5 — Асіпавічы, 8 — Слуцак, а 9 — Ігумен[1].

Цікава, што Слуцак быў пакінуты немцамі раней, чым тыя разьлічвалі. У пачатку сьнежня чырвоныя захапілі Ўрэчча, а ў Слуцку яшчэ стаялі часткі нямецкай Х арміі. Тады Слуцкі ВРК адправіў да нямецкага камэнданта Слуцка прадстаўніка для перагавораў. У выніку генэрал-камэндант аддаў прыказ аб адыходзе, які адбыўся 7 сьнежня[2].

Мерапрыемствы па абароне Менску рэдагаваць

1 сьнежня 1918 была створана беларуская сэкцыя летувіскага міністэрства абароны, кіраўніком якога стаў капітан Рэмішэўскі. Хутка было распачата фармаваньне ў Вільні 1 Беларускага пяхотнага полку. Яго камандуючым стаў палкоўнік М. Лаўрэньцьеў, камандзірамі батальёнаў — палкоўнік Ленінаў і палкоўнік Усьпенскі, начальнікамі штабу — капітан Яўгеніюш Гайдукевіч, паручыкі Жываткевіч і Талкоўскі[26][27].

Пасьля мабілізацыі, аб’яўленай у Вільні, БНР сабрала ў армію — 1 Беларускі пяхотны полк — толькі 100 чалавек[2]:

  …Ахвіцэраў і ваенных чыноўнікаў было набрана ўсяго, уключаючы палкі, 100 чалавек;…(пераклад з расейскай)  

—«Борьба за советскую власть в Литве в 1918—1920 гг. Сб. документов. Вильнюс, 1967.»

Мабілізацыяй кіравала Міністэрства беларускіх справаў у Летуве — МБС. Аднак нямецкае акупацыйнае камандаваньне ўвогуле выказала пратэст супраць стварэньня беларускіх войскаў. Акупацыйныя ўлады не хацелі даваць зброю нават міліцыі. Войскі ўзбройваліся дзякуючы зброі, назьбіранай сельскім насельніцтвам[2].

У часе сустрэчы ген. К. Кандратовіча з польскім камандуючым ген. Уладыславам Вэйткам было вырашана, што кожная народнасьць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаноміі, і толькі ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кіраўніцтву. Аднак да ўтварэньня агульнага фронту супраць бальшавікоў не дайшло[15][26][27].

Дзейнасьць Рады БНР у гэтым кірунку занепакоіла нават бальшавікоў. На бок Рады перайшлі беларускія эсэры, якім бальшавікі прапаноўвалі кампраміс (тыя эсэры ўдзельнічалі ў перамовах Луцкевіча зь Леніным)[26][27].

Аднак неспакой бальшавікоў ня быў апраўданы. БНР не хапіла ні часу, ні арганізацыйных талентаў, каб у кароткі час стварыць баяздольныя войскі. Акрамя таго ва ўрадзе БНР (Радзе Народных Міністраў) панавалі капітулянцкія настроі і ўвогуле неразуменьне, у імя чаго ствараецца беларуская армія. Вярбоўка ішла павольна, а ў дабавак у гэтай арміі панавалі прабальшавісцкія погляды[26][27].

З прычыны набліжэньня чырвоных з генэралам Кандратовічам пачаў весьці перамовы палкоўнік Фабіян Кабарда — кіраўнік Самаабароны Беларусі і Самаабароны Менскай зямлі[32]. Самаабарона Менскай зямлі налічвала 64 афіцэры, 922 шарагоўцы і 200 коней[2], усяго 986 чалавек; паводле іншых зьвестак 1929 чалавек[32]. На савецкай тэрыторыі дзейнасьць польскай самаабароны была забаронена[2]. Далей інфармацыя супярэчлівая: паводле адных зьвестак, з прычыны бальшавісцкай забароны камандаваньне Менскай самаабароны яшчэ 27 лістапада вырашыла эвакуяваць свае атрады ў Польшчу[2]; паводле іншых зьвестак — у сьнежні 1918 у Менску фармаваньні аховы ў колькасьці прыблізна 1500 палякаў і беларусаў пад сьцягам Самаабароны ўдзельнічалі ў баёх з надыходзячымі бальшавіцкімі войскамі. Паводле тых жа зьвестак, з прычыны значнае перавагі ворага, а таксама адсутнасьці дапамогі з боку Беларускай Народнай Рэспублікі група адступіла. Далей жа вядома, што перамовы з камандаваньнем беларускіх вайсковых фармаваньняў пра сумесную абарону Менску ад наступаючых часьцей Чырвонай Арміі былі сарваныя[32]. Прычына зрыву перамоў не ўказваецца. Невядома таксама, ці пераводзіла Рада БНР у Менск свае войскі — 1 Беларускі пяхотны полк. Вядома толькі, што ў сьнежні яшчэ вялося фармаваньне ў Вільні 2-га пяхотнага полку[2].

Чырвоныя падаўлялі выступленьні супраць савецкай улады і праводзілі рэпрэсіі:

  …Захоп беларускай тэрыторыі чырвонымі войскамі і станаўленьне тут савецкай улады суправаджаўся арыштамі і расстрэламі тых, хто актыўна выступаў супраць бальшавікоў і наогул "падазроных"…  

—Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / Захар Шыбека, Мінск: Энцыклапедыкс, — 2003. — 490с.

28 лістапада адбылося апошняе ў гэтым годзе пасяджэньне Рады БНР у Менску. На пасяджэньні была прынятая 5-я Ўстаўная грамата з заклікам ствараць беларускія Рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў[33]:

  «…Толькі ім, гэтым арганізацыям працоўнага Народу Беларусі належыць зараз да скліканьня Устаноўчага Сойму улада на месцах…»  

—Часопіс Міністэрства беларускіх спраў. Коўна, 1919, №1.

Рада БНР заклікала беларускі народ да выступленьня супраць савецкае ўлады, да абароны БНР, да «ўсеагульнага грамадзянскага шчасьця» і стварэньня «беларускіх Саветаў», якія былі павінны падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоваў для гэтага не было[34].

 
Чырвоная Армія ў Менску

3 сьнежня 1918 сябры Рады і ўраду БНР пераехалі ў Вільню[33]. А 5 сьнежня 1918 аддзел Менскай самаабароны (1929 чал.) пакінуў Менск[32] і эшалонам эвакуяваўся ў Замбраў[2].

Урад БНР не атрымаў адказу на ўвод міжнародных войскаў ад Антанты[33]. Нямеччына зрабіла ўсё, каб урад БНР не стварыў беларускія ўзброеныя сілы[23].

Не было каму абараняць сталіцу БНР Менск. Хутчэй за ўсё 1 Беларускі пяхотны полк ня ўдзельнічаў у абароне Менску:

  …Няма сумневу, аднак, што ніводзін беларускі аддзел не супрацьстаяў Чырвонай Арміі на шляху да Менску… (Пераклад з польскай)  

—Oleg Łatyszonek Białoruskie formacje wojskowe 1917 – 1923

.

10 сьнежня чырвонаармейцы захапілі Менск[3]. Дэмаралізаваныя салдаты нямецкай арміі прадалі чырвоным Менск за 30 000 нямецкіх марак[26]. Менскі Савет абвясьціў аб аднаўленьні Савецкае ўлады.

Працяг уварваньня рэдагаваць

12 сьнежня Чырвоная армія захапіла Дзьвінск, 14 — Вялейку, 18 — Маладэчна, 19 — Каленкавічы, а 27 — Наваградак[1]. Наступленьне Чырвонай арміі і дзейнасьць польскай пятай калоны вымусілі кіраўніцтва БНР пераехаць 27 сьнежня 1918 у Горадню[23].

Да 28 сьнежня Заходняя армія выйшла на лінію Якабштат на Заходняй Дзьвіне — Нова-Аляксандраўск — Нова-Сьвянцяны — Гадуцішкі — Смаргонь — Мір — Нясьвіж, адтуль па лініі чыгункі Берасьце-Гомель[2].

Баі за Вільню рэдагаваць

2 студзеня да Вільні пачалі падыходзіць рэгулярныя атрады савецкай Заходняй арміі з трох напрамкаў: ад Немянчына, Маладзечна і Ліды. Кіраўнік сіл польскай самаабароны, гэн. Вэйтка, вывеў частку сіл (частку полку віленскіх уланаў, 3 батальён і Афіцэрскую лэгію) у раён Новай Вялейкі з намерам заблакаваньня там руху праціўніка. Гэтым часам у Вільні засталіся астатняя частка віленскіх уланаў, 1-ы батальён, 4-ы батальён ПВА, а таксама іншыя невялікія падатрады, над якімі ўзяў кіраўніцтва ротмістар Уладзіслаў Дамброўскі[4].

Загад заняць Вільню атрымала бальшавіцкая 2 брыгада стральцоў (2БС) пскоўскага дывізіёна Ўладзімера Аляксандравіча Альдэрогея, якая 1 студзеня апынулася ў раёне Падбродзьдзя. Для гэтага яна была ўзмоцнена 5 віленскім полкам пад кіраўніцтвам А. Зянковіча. Адначасова з Маладэчна на Вільню накіроўваліся 144 і 146 палкі 17 дывізіёна стральцоў Рыгора Максімовіча Барзінскага і выдзелены атрад заходняга дывізіёна Ўладзімера Аляксеевіча Яршова. Кіраўніцтва 2 БС з мэтай выкананьня задачы заняцьця Вільні накіравала 4-ы полк праз Падбродзьдзе на Міцкуны, каб разам з 1-м полкам заняць чыгуначную станцыю ў Новай Вілейцы. Адначасова 5-ы віленскі полк быў накіраваны з Падбродзьдзя празь Немянчын на Вільню. Бальшавіцкія атрады атрымалі загад задушыць польскі супраціў сілай[4].

4 студзеня 1919 году пад Новай Вялейкай адбыліся першыя баі з наступаючай Чырвонай арміяй. Бальшавікі скіравалі туды 1-ы батальён і дзьве роты 4-га батальёна пскоўскага палка пад кіраўніцтвам Махначова, якія перасоўваліся направа ад яго. Польская кавалерыя панесла страты і была вымушана адступіць. Пяхота спрабавала зьдзейсьніць контрнаступ на Новую Вялейку, які, аднак, не атрымаўся. Рэгулярныя атрады Чырвонай арміі мелі значную перавагу над імправізаванымі, нерэгулярнымі атрадамі польскай самаабароны. Да таго ж, палякі мелі вельмі абмежаваную колькасьць амуніцыі і ня мелі падрыхтаваных абарончых пазыцыяў на падыходах да гораду і ў самім горадзе. Адначасова бальшавікі накіравалі да прамога наступу на Вільню 5-ы Віленскі полк. Генэрал Вэйтка прыняў рашэньне аб адступленьні польскіх атрадаў з-пад Новай Вялейкі ў Вільню. Неўзабаве адбыліся сутыкненьні зь нямецкімі сіламі на вуліцы Вялікая Пагулянка, у выніку якіх палякі пацярпелі чарговыя страты, у тым ліку сярод афіцэраў. Бальшавікі наступалі на горад перш за ўсё з напрамку Новай Вялейкі і Немянчына. Фармаваньні самаабароны былі вымушаны вярнуцца ў цэнтар гораду, дзе, дзякуючы аб’яднаньню сіл, адбілі атаку Чырвонай арміі[4].

Адбіцьцё атакі польскай самаабаронай было для бальшавікоў вялікай нечаканасьцю. З мэтай лепшай каардынацыі дзеяньняў у наступны дзень яны стварылі адзінае кіраўніцтва. Было заплянавана ў наступны раз спрабаваць заняць горад моцнай атакай на цэнтар, а пазьней акружэньнем крыла. Кіраўніцтва 5-ага Віленскага палка аднак палічыла цэнтральнае кіраўніцтва некампэтэнтным у плянаваньні і кіраваньні наступам, пасьля чаго адмовілася прыняць удзел у апэрацыі. 5 студзеня атаку на Вільню пачала бальшавіцкая групоўка, сканцэнтраваная ў Новай Вілейцы. Палякі арганізавалі абарону такім чынам: 1-ы, 2-і і 4-ы батальёны баранілі паўднёвыя часткі гораду, у тым ліку Зарэчча, а 3-і батальён і полк віленскіх уланаў баранілі падыходы да Антокала. 4-ы батальён ПВА заняўся абаронай будынку штаб-кватэры абароны Вільні на Зарэччы. Баі пачаліся на прадмесьцях. Бальшавікі занялі Гару Трох крыжоў, адкуль пачалі атрылерыйскі абстрэл гораду, у першую чаргу Зарэчча. Пазьней у цэнтар Вільні накіравалася пяхота[4].

 
Чырвоная Армія ў Вільні

Перавага бальшавікоў у гэтым баі была вельмі вялікая. Віленская самаабарона атрымала інфармацыю з Варшавы, аб немагчымасьці дапамогі з боку рэгулярных атрадаў Польскага войска. Таму грамадзянскія прадстаўнікі Гарадзкой рады запрапанавалі генэралу Вэйтцы спыніць супраціў, гэта было выклікана страхам рэпрэсыяў з боку бальшавікоў, калі тыя зоймуць горад штурмам. У адсутнасьці мажлівасьці абараніць горад, кіраўнік штаба капітан Зыгмунт Клінгер 5 студзеня а 19 гадзіне прыняў рашэньне спыніць баявыя дзеяньні і пакінуць горад[4].

Паводле загаду, атрады віленскай самаабароны павінны былі пакінуць Вільню і 6 студзеня прабівацца на Руднікі, Радунь, Эйшышкі і Шчучын. Эвакуацыя адбывалася ў вялікім беспарадку, не было магчымасьці ўзяць з сабой зброю, амуніцыю і ежу, а салдаты не былі падрыхтаваны да доўгага шэсьця. Большасьць зь іх сабралася ў Белай Валцы каля Вільні. Генэрал Вэйтка і капітан Клінгер былі інтэрнаваны немцамі. Пасьля перамоў, праведзеных капітанам Клінгерам, быў прыняты дагавор аб перавозцы цягнікамі бяззбойных польскіх салдат ў Лапы. Такім чынам удалося эвакуяваць 154 афіцэраў і 1035 радавых з 1-ага, 2-ога і 4-ага батальёнаў, якія пасьля ўвайшлі ў склад ствараемай Літоўска-беларускай дывізіі. З другога боку салдаты з палка віленскіх уланаў, Афіцэрскай легіі і 3-яга батальёна адмовіліся здаць зброю і сфармавалі атрад над назвай «Віленскі атрад Польскага войска» пад кіраўніцтвам ратмістра Ўладзіслава Дамброўскага, які налічваў каля 300 салдатаў пяхоты і 150 кавалерыі. Яны пакінулі Вільню, пасьля чаго прабіваліся праз Руднікі, Эйшышкі, Панары і Новы Двор, дзе працягвалі баі[4].

Вайна ў Палесьсі рэдагаваць

Асноўны артыкул: Палескае паўстаньне 1918—1919 гадоў

Створаная пад нямецкай акупацыяй Украінская Дзяржава, на чале якой стаяў гетман Павал Скарападзкі, распаўсюдзіла сваю ўладу на тэрыторыю Беларусі па лініі Берасьце — Лунінец — Гомель.

1 сьнежня 1918 начальнік штабу Заходняй арміі А. Новікаў паведаміў у Рэўваенсавет пра дамоўленасьць зь нямецкімі салдацкімі дэпутатамі, згодна зь якой акупанты адыходзілі з раёну Рэчыца — Каленкавічы — Лунінец, і пра намер немцаў «застацца нэўтральнымі пры барацьбе за ўстанаўленьне Савецкай улады ў названых пунктах».

25 сьнежня 1918 ў Століне на пасяджэньні паўстанцкага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, на якім прысутнічалі 224 чалавекі, быў выбраны Палескі РВК.

Да гэтага на Палесьсі дзейнічала ўжо каля сотні атрадаў паўстанцаў, якія неўзабаве былі зьведзены ў роты і батальёны і аб’яднаны ў тры паўстанцкія палкі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі былі сфармаваныя 1-ы (камандзір Апанас Разановіч) і 2-і (камандзір Фёдар Казубоўскі) Палескія палкі.

Напачатку паўстанцы вялі баявыя дзеяньні на чыгуначнай лініі Сарны — Дубровіца — Лунінец — Пінск супраць нямецкай вайсковай адміністрацыі і дзяржаўнай варты УНР, пазьней — супраць народнай міліцыі і вайсковых частак УНР.

Калі германская армія пачала адыход з акупаваных зямель, СНК бальшавіцкай Расеі 16 лістапада вырашыў накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў, каб яны ня далі$2 вывезьці ўзбраеньне былой царскай арміі. З гэтай мэтай на ст. Відзібор, дзе былі артылерыйскія склады аднаго з карпусоў расейскай арміі, быў накіраваны бальшавік Аляксандар Ільін, які стаў адным з кіраўнікоў паўстаньня.

Аляксандар Ільін, як прадстаўнік ЦК РКП (б) прыбыў у Лунінец 5 студзеня 1919. На пасяджэньні нямецкага салдацкага камітэту 5 студзеня 1919 ён патрабаваў, каб за 2 дні іх дывізія эвакуявалася зь лініі Каленкавічы — Лунінец. Немцы згадзіліся перадаць Лунінецкаму рэўкаму чыгунку, рухомы састаў, усё абсталяваньне, таксама вялікія склады былой царскай арміі. Усю маёмасьць узяла пад ахову сфармаваная 3 студзеня Камуністычная рота з 250 чалавек.

З 8 студзеня 1919 году на тэрыторыю, кантраляваную паўстанцамі, уступіла 17-ая стралковая дывізія Заходняга фронту. Яна была сфармавана ў асноўным са смаленскіх і віцебскіх рабочых і сялянаў, у той час ёю камандаваў Рыгор Міхайлавіч Барзінскі. Часткі 17-й дывізіі ўвайшлі ў баявыя сутыкненьні з украінскімі войскамі[2]. 14—19 студзеня — пэрыяд актыўных баёў у раёне м. Дубровіца.

Аднак, паколькі эвакуацыя нямецкіх войскаў не была скончаная, 15 студзеня Лунінец у чарговы раз часова быў заняты немцамі. Пасьля ўступленьня ў Лунінец часьцей бальшавікоў нямецкая дэлегацыя заявіла, каб чырвонаармейцы ачысьцілі мястэчка для праходу іх 50-тысячнага войска з Гомеля. Немцы адкрылі агонь па чырвонай ахове, параніўшы трох і арыштаваўшы некалькі чалавек з Камуністычнага атраду. Інцыдэнт быў ліквідаваны на перамовах.

У той час асноўныя савецкія часткі 17-й дывізіі ваявалі з гайдамакамі і пятлюраўцамі[13]. 9 студзеня часткі 17-й дывізіі захапілі Лунінец, 12 — Рэчыцу і Мазыр, 14 — Гомель[1].

У студзені 1919 нямецкае камандаваньне перадало ўладу ў Пінску ўкраінскім войскам С. Пятлюры, раззброіла роты 152-га палка, якія былі пасланы заняць Пінск, а таксама атрады 2-га Палескага палка. У адказ на гэта паўстанцы спынілі пропуск эшалонаў зь нямецкімі войскамі праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю бальшавікам і паўстанцам. Чарговым патрабаваньнем стала перадача паўстанцам Пінска, а таксама вызваленьне ўвязьненых там 22 студзеня 1919 паўстанцаў. Горад быў перададзены паўстанцам падчас выезду апошняга нямецкага эшалону 25 студзеня 1919. Пінск быў заняты Чырвонай арміяй пасьля бою 25 студзеня[2][13].

Абарона Горадні рэдагаваць

Мабілізацыя на Гарадзеншчыне рэдагаваць

Нават пасьля страты Менску і Вільні кіраўніцтва БНР не губляла надзеі супыніць бальшавісцкую агрэсію. Аднак, зразумела было, што 100 байцоў не супыняць 20 000. Не хапала люду. Між тым 10 студзеня 1919 часткі Савецкай Заходняй дывізіі захапілі Ліду[1].

Беларускія арганізацыі ў Эўропе спрабавалі атрымаць дапамогу ад ангельска-францускіх інтэрвэнтаў. 13 кіраўнік Беларускага нацыянальнага цэнтру Сьцяпан Некрашэвіч зьвярнуўся да камандуючага саюзнымі войскамі на Поўдні Расеі генэралу Бяртэла з мэмарандумам аб стварэньні г. зв. «Заходняй арміі» — беларускага аналягу Добраахвотніцкай арміі, якая будзе мець мэту барацьбы з бальшавікамі. Была створана Заходняя стралковая дывізія зь беларусаў, палякаў і летувісаў. Камандуючым прызначылі генэрала П. Вэнта. Аднак пры першым баі з чырвонымі дывізія распалася.

14 студзеня чырвоныя захапілі Слонім[1]. Перад Радай БНР у Горадні навісла пагроза.

29 студзеня 1919 міністар Савета Народных міністраў БНР Язэп Варонка выдаў загад пра мабілізацыю беларускіх вайскоўцаў на Гарадзеншчыне, таму што нямецкія ўлады далі дазвол на стварэньне ў Гародні полку летувіскай арміі да 1 лютага. Нямецкія ўлады выдалі нават памяшканьне для жаўнераў[26].

У пачатку лютага ў радах 1 Беларускага пяхотнага полку было да 80 афіцэраў і 63 салдаты. Дысцыпліна была слабая, у кашарах мелі месца п’янства, гульня ў карты і бойкі, якія павінны былі супакойваць немцаў[26].

Аднак празь нейкі час, дзякуючы капітану Міколу Дзямідаву мабілізацыя пайшла вельмі хутка. Мабілізацыя пачалася ў гарадах і мястэчках ад Горадні да Берасьця, а менавіта — у Ваўкавыску, Беластоку, Слоніме, Радуні, Лідзе, Саколцы, Пружанах, Кобрыні, Берасьці, Васілішках, Шчучыне, Друскеніках і іншых месцах[26][2].

Стварэньне беларускай арміі рэдагаваць

За некалькі тыдняў фармаваньне 1 Беларускага пяхотнага полку было скончана. Камандуючым быў прызначаны палкоўнік М. Лаўрэньцьеў. Полк налічваў 800 байцоў[26].

Начальнікам штабу стаў палкоўнік Шчэрба-Равіч, начальнікам аддзелу навучэньня навабранцаў — палкоўнік Усьпенскі, начальнікам аддзелу інтэндатуры — палкоўнік Юшкевіч. Першы Беларускі пяхотны полк падзяляўся на 4 батальёны, камандзірамі якіх былі — падпалкоўнік Яўгеніюш Гайдукевіч (які раней быў капітанам), палкоўнік Уладзімер Міхайлоўскі, палкоўнік Кузьмін-Караваеў і палкоўнік Волкаў[26].

Полк месьціўся ў Александраўскіх кашарах[15].

Правізыя, абмуньдзіраваньне і ўзбраеньне войскаў БНР была атрымана са згоды нямецкага камэнданту Гародні[26].

Таксама быў сфармаваны батальён Гарадзенскай камэндатуры. Кіраваў ім сам капітан Дзямідаў. Укампляктаваны ён афіцэрамі і жаўнерамі 2 Беларускага полку, які быў распушчаны ў Вільні. Дапамаглі і мабілізацыйныя пункты. У батальён набралося 350 жаўнераў[2].

Была створана кавалерыя БНР — Беларускі гусарскі эскадрон пад камандаваньнем ротмістра М. Глінскага[2]. Агульная колькасьць арміі БНР дасягнула прыкладна 1200 чалавек.

У пачатку лютага 1919 Заходняя армія нанесла апошні, але няўдалы ўдар на Гародню[35]. Невядома, чаму ён няўдаўся, магчыма Гародню абаранялі войскі БНР.

Дзеяньні польскіх аддзелаў рэдагаваць

Дзеяньні польскіх аддзелаў у 1919 року
Дата: 9 студзеня — 10 лютага 1919
Месца: Беларусь
Прычына: Адвод немецкіх войскаў з Заходняй Беларусі і заняцьцё яе Чырвонай арміяй, тэрытарыяльныя прэтэнзіі Польшчы на Заходнюю Беларусь
Вынік: Зьяўленьне савецка-польскага фронту, польскія аддзелы Самаабароны з'ядналіся з асноўнымі польскімі войскамі
Супернікі
  Польшча  РСФСР
Камандуючыя
  Вацлаў Шукевіч[12]
  Уладыслаў Дамброўскі(pl)[12]
  Ежы Дамброўскі(pl)
  Уладзімер Альдэроге(ru)[4]
  Рыгор Барзінскі

Пасьля няўдалай абароны Вільні польскімі атрадамі, актыўнасьць польскай самаабароны значна павысілася. Найбольш актыўныя дзеяньні разгарнула Самаабарона Лідзкай зямлі на чале з падпаручнікам Вацлавам Шукевічам.

Паход на Ліду рэдагаваць

9 студзеня 1919 году 2-я група Самаабароны ў складзе 5-й Лідзкай, часткі 6-й Радунскай, 7-й Шчучынскай дружын, а таксама конных атрадаў: 9-га лідзкага і 10-га шчучынскага, якія налічвалі, усяго 164 чалавекі пяхоты і 33 — кавалерыі, — сканцэнтраваная ў маёнтку Малое Мажэйкава, выйшла гарадзенскай шашой у бок Ліды.

У вёсцы Астроўля сілы падзялілі на 3 групы. Адна пад камандаваньнем падпаручніка Вацлава Шукевіча пайшла празь вёскі Даліна і Шайбакі, каб заняць маёнтак Перапечыцы і аэрадромныя казармы. Другая група пад камандаваньнем падкапітана Мяніцкага накіроўвалася прама ў горад. Яе задачай было найперш авалодаць чыгуначным вакзалам. А трэцяя — кавалерыя — пад камандаваньнем харужага Стэфана Крыдля накіравалася да казарм пяхоты, каб праверыць, ці ёсьць у іх вораг, калі ёсьць, то ставілася задача не дапусьціць яго ў горад.

Галоўнай задачай было здабыць дзьве гарматы, якія знаходзіліся ў аэрадромных казармах або ў маёнтку Перапечыца. З дапамогай гэтых здабытых гармат плянавалася авалодаць горадам. Яшчэ на ваеннай нарадзе вырашылі, што ўдар наступіць, калі пачне сьвітаць, што падпаручнік Шукевіч, пасьля набыцьця гармат, атакуе горад з боку Іўя, або з тылу ворага, а падкапітан Мяніцкі, пасьля авалоданьня вакзалам, з заходняга боку.

Калі занялі Перапечыцы і казармы, высьветлілася, што савецкія атрады яшчэ напярэдадні пакінулі маёнтак і казармы, вывозячы адначасова і гарматы. Новыя весткі, якія ўдалося здабыць у Лідзе, сьведчылі, што ў горад прыбылі большыя варожыя сілы. Сувязь паміж Мяніцкім і Шукевічам была перарвана. Усё гэта перакрэсьліла распрацаваны камандаваньнем плян Самаабароны.

Нягледзячы на тое, што пяхота заняла намечаныя пункты, а кавалерыя вуліцамі 3-га Мая і Міцкевіча дайшла аж да замка, была дадзена распараджэньне адысьці. Паслухмяныя добраахвотнікі пайшлі назад да Малога Мажэйкава.

Паход на Ліду не ўдаўся. Камандзір 2-й групы Самаабароны падкапітан Мяніцкі ведаў, што горадам можна было авалодаць, але толькі на кароткі час, непраўдападобна было, каб жменя дрэнна ўзброеных і ненавучаных людзей магла супрацьстаяць батальёну войска, які налічваў каля 500 чалавек, маючых артылерыю і некалькі кулямётаў[12].

Напад на Лябёдку рэдагаваць

Пасьля вяртаньня зь Ліды шчучынскія атрады раскватаваліся ў Шчучыне, а лідзкі і эйшыскі прыбылі да маёнтку Гурнофель. Каб забясьпечыць абароненасьць 2-й групы Самаабароны ад неспадзяваных нападаў ворага, часта высылалі конныя патрулі ў кірунку Ліды. У канцы было вырашана выслаць 9-ы лідзкі конны аддзел у маёнтак Лябёдка на пастаяннае знаходжаньне.

Пад раніцу 13 студзеня да камандаваньня групы зьявіўся мясцовы грамадзянін і сказаў, што бальшавікі ўварваліся ў яго маёнтак Багданаўшчыну і рабуюць скаціну і іншую маёмасьць. Увесь конны атрад з 17 чалавек на чале з харужым Стэфанам Крыдлем хутка выехаў на выратаваньне. Не знайшоўшы непрыяцеля ў Багданаўшчызьне, атрад накіраваўся ў Лябёдку. Разьмясьціўшыся тут на пастаяннае знаходжаньне, выставіў з двух уланаў варту, адзін зь іх вартаваў каля канюшні, а другі конна павінен быў езьдзіць па галоўнай дарозе, якая вяла зь Ліды да мястэчка Васілішкі. Астатняя варта павінна была вартаваць ад 4-й да 6-й гадзіны раніцы. На наступны дзень вечарам зьявілася бальшавіцкая выведка. На трэці дзень вечарам высланы ў кірунку Ліды конны патруль не сустрэў бальшавікоў, што магло абазначаць, што вораг адмовіўся ад якой-небудзь зачэпнай акцыі. Тым часам атрад бальшавікоў у Лідзе пасьпешна рыхтаваўся да паходу. Чырвонаармейцы сабралі з гораду і навакольных вёсак падводы, пры гэтым трымалі ў вялікай тайне месца і мэту паходу. Калі добра сьцямнела, у гэты ж вечар, 15 студзеня, атрад, які налічваў 300 добра ўзброеных людзей і меў некалькі кулямётаў, сеў на вазы і накіраваўся ў бок Васілішак. Маючы добрага правадніка, а таксама маючы ад васіліскіх габрэяў дакладную інфармацыю аб месцы знаходжаньня і сіле атрада ў Лябёдцы, бальшавікі былі ўпэўнены ў сваёй перамозе. 16 студзеня, ноччу, непрыяцель наблізіўся да Лябёдкі. Заўважыўшы бальшавікоў, вартаўнікі пачалі страляць па трывозе. Чырвонаармейцы ўварваліся на падворак і занялі канюшню з коньмі. Пасьля з трох бакоў акружылі будынак, і, стоячы на адлегласьці некалькіх дзясяткаў крокаў ад яго, адкрылі моцны агонь. Чырвонаармейцы стаялі на месцы, не адважыўшыся на атаку. Тым часам на атрад выбег на падворак і кінуўся ў атаку, адцясьняючы ворага з падворка на поле. Сабраўшы расьсеяныя сілы, вораг паўторна ўдарыў, але цяпер толькі з аднаго боку — паўднёва-ўсходняга. Аднак атака была адбіта. Хутка вораг ударыў трэці і апошні раз. Цяпер хто мог ратаваўся ўцякаючы. Такіх шчасьліўчыкаў, якім удалося ўцячы, было толькі чатыры. Падчас апошняга нападу быў забіты камандзір атрада харунжы Крыдэль, былі параненыя 2 байцы, якія разам зь іншымі трапілі ў палон.

Акрамя згаданых шасьці забітых уланаў, сямі ўзятых у палон (у тым ліку трох раненых), у рукі непрыяцеля трапілі 19 коней і 5000 марак. Прайшло 4 гадзіны пасьля бітвы, у Гурнофель пачалі прыбываць парэшткі з разьбітага аддзелу. Вестка пра паразу ў Лябёдцы наэлектрызавала ўвесь лідзкі аддзел. Падпаручнік Шукевіч, які замяшчаў часова адсутнічаючага камандзіра падкапітана Мяніцкага, загадаў свайму атраду неадкладна маршыраваць на Лябёдку, каб адбіць узятых у палон нашых кавалерыстаў і адпомсьціць за паражэньне. Аднак неспадзяванае вяртаньне падкапітана Мяніцкага перакрэсьліла плян акцыі, і, замест Лябёдкі 17 студзеня, атрад рушыў з Гурнофеля да Шчучына. Яшчэ 16 студзеня ўвечары доктар прывёз зь Лябёдкі целы загінуўшых: харужага Стэфана Крыдля, капрала Юзэфа Мейлуна, капрала Станіслава Шалевіча і ўланаў Юльяна Лібіха, Віктара Шкопа і Станіслава Вайцяхоўскага. Зьнешні выгляд загінуўшых марозіў кроў у жылах. Выкалатыя штыкамі вочы, на грудзях кожнага дзясяткі ран, пакрытых запёклай крывёю, усе разьдзетыя дагала[12].

Марш за Нёман ці рэйд Дамброўскага рэдагаваць

 
Кіраўніцтва добраахвотнага атраду братоў Дамброўскіх — люты 1919. Зьлева направа сядзяць: Уладзіслаў і Ежы

14 студзеня 1919 віленскі атрад польскіх войскаў аб’яднаўся з часткамі Лідзкай і Шчучынскай самаабароны, 25 пераправіўся праз Нёман[12] і 26 студзеня рушыў празь Белавескую пушчу да Берасьця. Атрадам камандаваў маёр Уладзіслаў Дамброўскі, пазьней ягоны брат — ротмістр Ежы Дамброўскі[2]. Увесь атрад Дамброўскага налічваў каля 700 чалавек[12].

У час рэйда атрад Дамброўскага павялічыўся да тысячы чалавек. Да яго далучаліся добраахвотнікі зь мястэчак і засьценкаў[2].

Аднак, у той жа час быў і адмоўны бок у рэйдзе. У час яго польскія салдаты рэквізавалі ў насельніцтва адзеньне, коней, харч. Адміністрацыя БНР, у тым ліку сялянскія саветы, разганяліся. На некаторыя паселішчы нават накладваліся кантрыбуцыі[2].

27 студзеня палякі занялі Дзярэчын, 29 — Ружаны, дзе зьнішчылі гарнізон «чырвоных»[2] (таксама чырвоныя былі разьбіты ў бітве пад Язярніцамі[12]) 30 — Пружаны, дзе заключылі зь нямецкім камандаваньнем дамову пра польска-нямецка-ўкраінскую дэмаркацыйную лініі. Аднак 8 лютага часткі самаабароны ўвайшлі ў Жабінку, а 9 лютага атакавалі Берасьце. 10 лютага 1919 віленскі атрад польскіх войскаў аб’яднаўся ў Берасьці з групай генэрала А. Лістоўскага[32].

Такім чынам скончыліся баявыя дзеяньні на Беларусі, перад савецка-польскай вайной.

Зьяўленьне савецка-польскага фронту рэдагаваць

Польшча не магла аказаці сапраўднай дапамогі атрадам КАУУ, таму што частка польскіх войскаў удзельнічала ў прымежным канфлікце з Чэхаславакіяй і рыхтавалася да магчымай вайны зь Нямеччынай за Сылезію, а ў заходніх раёнах Польшчы яшчэ знаходзіліся нямецкія войскі. Таму польскае камандаваньне дамаўлялася зь немцамі, каб тая прапусьцілі польскія войскі на ўсход.

Але тэрыторыя, занятая нямецкімі войскамі зьяўлялася тэрыторыяй БНР. У Варшаву была адпраўлена дэлегацыя ад БНР дзеля ўстанаўленьня мяжы паміж дзяржавамі. Польскі ўрад пайшоў на перамовы, але рабіў гэта без жаданьня і ўсяляк дэманстраваў, што яму гэта не патрэбна[36].

 
Зьяўленьне савецка-польскага фронту на Беларусі і Украіне

5 лютага ў Беластоку было падпісана нямецка-польскае пагадненьне, якое прадугледжвала перадачу нямецкімі войскамі Гарадзенскай губэрні польскай арміі[2]. 10 лютага нямецкія войскі перадалі польскім войскам генэрала Лістоўскага Берасьце-Літоўск, разам з крэпасьцю, 12 лютага 2 ўланскія палкі занялі Кобрынь, 13 — часткі Беларуска-Літоўскай дывізіі занялі Ваўкавыск, а 19 — Беласток[2]. Палякі разганялі адміністрацыю БНР і стваралі сваю. Урад БНР безвынікова пасылаў пратэсты польскім уладам. Ад кіраўніка Савета Народных міністраў БНР Антона Луцкевіча, празь нямецкае прадстаўніцтва, 9 лютага была адпраўлена нота пратэсту дыпляматам Францыі, Брытаніі і іншым, на канфэрэнцыі Антанты Луцкевіч прасіў аб абароне БНР ад польскіх войскаў, аднак Антанта не адрэагавала[2].

Да 13 лютага Савецкая Заходняя армія выйшла на фронт Панявеж — Слонім — Картуская Бяроза — станцыя Янава — Сарны — Оўруч[13]. Да 14 лютага польскія часткі выйшлі на лінію р. Нёман — Скідзель — Пружаны — Берасьце[2].

Так на тэрыторыі Літвы і Беларусі склаўся польска-савецкі фронт. Заходні паход Чырвонай арміі скончыўся.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Гісторыя Беларусі, 1917–1945 гг.: атлас / Г.С. Малышава. — Менск: Белкартаграфія, 2009. — 20 с. — 15 000 ас. — ISBN 978-985-508-160-0
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал ам ан ао ап ар ас ат Грицкевич 2010.
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Захар Шыбека. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / Зьміцер Колас. — Менск: Энцыкляпэдыкс, 2003. — 490 с. — 2500 ас. — ISBN 985-6599-43-1
  4. ^ а б в г д е ё ж Wstępna faza walk. W: Wojna… s. 50-53.
  5. ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна. — Мінск, Беларусь, 1995.
  6. ^ а б Richard Pipes The Russian Revolution (1990); wyd. polskie — Rewolucja Rosyjska Warszawa 1994; Wyd. PWN;
  7. ^ А. Е. Тарас. 2008. С. 395.
  8. ^ Касцюк 1995.
  9. ^ "История имперских отношений: беларусы и русские, 1772-1991г.г./ Составление, перевод с белорусского языка, научное редактирование А. Е. Тараса — Минск: А. Н. Вараксин, 2008. — 608с."
  10. ^ а б Stosunki białorusko-litewskie w latach 1915–1918 // Białoruskie formacje… — С. 94
  11. ^ Silvestras Žukauskas
  12. ^ а б в г д е ё ж з і Самаабарона лідскай зямлі
  13. ^ а б в г д е ё ж з і к л Какурин 1920.
  14. ^ Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилёв. 1921г.
  15. ^ а б в г д е ё Генерал Кіпріян Кандратовіч на службе БНР
  16. ^ ЭГБ, т. 6.
  17. ^ Bolesław Waligóra: Walka o Wilno. Okupacja Litwy i Białorusi w 1918—1919 r. przez Rosja Sowiecka/ Bolesław Waligóra. — Wilno.; WYDAWNICTWO ZARZADU MIEJSKEGO w WILNE, 1938.
  18. ^ Тайны беларуской истории / Деружинский Вадим. — Минск: ФУАинформ, 2010. — 560 с : илл. — (Неизвестная история).
  19. ^ Е. К. Новик [и др.] 2009.
  20. ^ Гісторыя Беларусі. Даведачна-інфармацыйны дапаможнік / Э. С. Дубянецкі, В. С. Касмылёў, А. Г. Каханоўскі, С. А. Коранева, А. І. Кушнір, С. М. Ходзін ; Гістарычны факультэт БДУ ,"НПЧ:фінансы, улік, аудыт", Мінск — 1994. — 239 с.
  21. ^ І. Л. Качалаў, Г. С. Марцуль, Н. Я. Новік і інш. 2000.
  22. ^ Касцюк 1995. С. 42.
  23. ^ а б в А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 386
  24. ^ а б в История Беларуси (рас.)
  25. ^ Е. К. Новик [и др.] 2009. С. старонка.
  26. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Oleg Łatyszonek Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923
  27. ^ а б в г д е ё Алег Латышонак. «Жаўнеры БНР». 2009 г.
  28. ^ І. Л. Качалаў, Г. С. Марцуль, Н. Я. Новік і інш. 2000. С. старонка.
  29. ^ а б в БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1.
  30. ^ Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия.
  31. ^ А. Е. Тарас. 2008.
  32. ^ а б в г д е . — Мн.: . С. 216.
  33. ^ а б в ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 387
  34. ^ Касцюк 1995. С. старонка.
  35. ^ Гражданская война и Интервенция в СССР. Энциклопедия. 1983
  36. ^ 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Мінск, «Звязда» — 1993.

Літаратура рэдагаваць

  • Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / Захар Шыбека, Мінск, «Энцыклапедыкс», — 2003. — 490 с.
  • Wstępna faza walk. W: Wojna
  • Н. Е. Какурин, В. А. Меликов Война с белополяками. — М.: 1920.
  • «Борьба за советскую власть в Литве в 1918—1920 гг. Сб. документов. Вильнюс, 1967.»
  • История имперских отношений: беларусы и русские, 1772—1991 г.г./ Составление, перевод с белорусского языка, научное редактирование А. Е. Тараса — Минск: А. Н. Вараксин, 2008. — 608 с.
  • Кароткая гісторыя Беларусі / Ластоўскі Ю. В., Мінск, «Універсітэцкае», — 1993. — 128 с.
  • Атлас: Гісторыя Беларусі 1917—1945 г.г. / Мінск, «Белкартаграфія», — 2009. — 20 с. ISBN 978-985-508-160-0.
  • ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ Даведачна-інфармацыйны дапаможнік / Э. С. Дубянецкі, В. С. Касмылёў, А. Г. Каханоўскі, С. А. Коранева, А. І. Кушнір, С. М. Ходзін ; Гістарычны факультэт БДУ, «НПЧ: фінансы, улік, аудыт», Мінск — 1994. — 239 с.
  • І. Л. Качалаў, Г. С. Марцуль, Н. Я. Новік і інш. Гісторыя Беларусі: канец XVIII ст. — 1999 г.: Вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. шк. з бел. і рус. мовамі навучання / Пад рэд. Я. К. Новіка.. — Мн.: Нар. асвета, 2000. — 206 с. — ISBN 985-12-0184-7 іл.
  • Тайны беларуской истории / Деружинский Вадим. — Минск: ФУАинформ, 2010. — 560 с : илл. — (Неизвестная история).
  • 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Мінск, «Звязда» — 1993.
  • А. Е. Тарас. Анатомия ненависти (Русско-польские конфликты в XVIII—XХ вв.).. — Минск: Харвест, 2008. — 832 с. — (Серия «Неизвестные войны»).
  • А. П. Грицкевич Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. / Научное редактирование А. Е. Тараса.. — Минск: Харвест, 2010. — 496 с. — («Неизвестные войны»). — ISBN 978-985-16-6650-4
  • Е. К. Новик [и др.] История Беларуси, ХІХ-начало ХХІв. : учеб. пособие для 11-го кл. общеобразоват. учреждений с рус. яз. обучения / авт. метод. аппарата В. В. Гинчук; под ред. Е. К. Новика; пер. с белорус. яз. Н. С. Макаревич.. — Минск: Изд. центр БГУ, 2009. — 239 с. — ISBN 978-985-476-709-3 илл.
  • М. П. Касцюк, І. М. Ігнаценка, У. І. Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. — Мн.: Беларусь, 1995. — 560 с. — ISBN 5-338-01061-5 іл.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць