Обэр-Ост
Ober Ost (скарачэньне ад ням. Oberbefehlshaber der gesamten Deutschen Streitkräfte im Osten — «Вярхоўны Галоўнакамандуючы ўсімі нямецкімі войскамі на Ўсходзе») — орган вайсковай улады Нямецкай імпэрыі падчас І Сусьветнай вайны на тэрыторыі ўсходняга фронту. Па заключэньні Берасьцейскага замірэньня пад кіраўніцтва гэтае структуры перайшлі вызначаныя заходнія рэгіёны тагачаснай Расейскай імпэрыі, а менавіта Летува (бяз Клайпеды, якая на той момант належала Нямеччыне), поўдзень Латвіі, цэнтар і захад Беларусі, крайні ўсход Польшчы, што агулам складала тэрыторыю ў прыкладна 108 808 км².
Обэр-Ост ням. Ober Ost | |||||
| |||||
| |||||
Афіцыйная мова | нямецкая | ||||
Сталіца | Кёнігсбэрг | ||||
Найбуйнейшы горад | Коўна, Вільня | ||||
Форма кіраваньня Вярхоўны
галоўнакамандуючы |
вайсковая акупацыя Макс Гофман (апошні) | ||||
Плошча • агульная |
108 808 км² | ||||
Валюта | ост-рубель | ||||
Незалежнасьць — устанаўленьне — сканчэньне |
1914 1919 |
Створаны ў 1914 годзе. Першым на чале структуры стаў Паўль фон Гіндэнбург — вайсковы герой Прусіі і будучы прэзыдэнт Ваймарскае рэспублікі. Існавала й другая пасада — начальнік штабу, якую першым заняў Эрых фон Фалькенгайн.
Палітычны лад
рэдагавацьПадчас існаваньня Обэр-Осту на акупаваных тэрыторыях была ўстаноўленая параўнальна жорсткая сыстэма ўлады. Так, спэцыяльнае ведамства пад назвай «Транспартная палітыка» (ням. Verkehrspolitik) падзяліла зямельныя надзелы без уліку існай на той момант сацыяльнай і этнічнай арганізацыі. Было забаронена перасякаць межы паветаў, з-за чаго мясцовыя габрэйскія гандляры былі пазбаўленыя магчымасьці зарабляць на жыцьцё[1]. Органы ўлады Обэр-Осту не ўспрымалі мясцовую культуру і прадпрымалі намаганьні па г. зв. «цывілізаваньні» мясцовага насельніцтва, спрабуючы інтэграваць яго ў сыстэму нямецкага грамадзтва й культуры[1]. Збудаваныя чыгункі былі дазволеныя да выкарыстаньня толькі нямецкім прадстаўнікам; мясцовыя настаўнікі, як правіла, замяняліся нямецкімі[2].
У 1915 годзе, у сувязі з прасоўваньнем на ўсход, пад кантроль Обэр-Осту трапілі новыя тэрыторыі. У той час намесьнік фон Гіндэнбурга Эрых Людэндорф заснаваў сыстэму кіраваньня гэтым вялікім абшарам, хоць тэхнічна ім кіраваў Гіндэнбург. У структуру арганізацыі былі ўведзеныя дзесяць спэцыяльных пасадаў, людзі на якіх адказвалі за фінансы, сельскую гаспадарку ды іншыя галіны дзейнасьці. У адміністрацыйна-тэрытарыяльным пляне Обэр-Ост быў падзелены на тры асаблівыя рэгіёны (па-нямецку: Verwaltungsgebiete): Курляндыя, Летува, Беласток-Горадня.
Па заканчэньні вайны Людэндорф плянаваў засвоіць гэтыя землі ў якасьці месца для пасяленьня сваіх войскаў, а таксама нямецкіх бежанцаў з унутраных частак Расеі[2]. За часамі кіраваньня Людэндорфам Обэр-Ост хутка выйшаў па паказчыках вытворчасьці харчу і нават пачаў экспарт лішкаў вытворчасьці ў цэнтральную Нямеччыну. Тым ня менш, органы ўлады Обэр-Осту ня здолелі заваяваць давер мясцовых насельнікаў з прычыны сталага павелічэньня падаткаў і экспрапрыяцыяў і адсутнасьці ў іх права голасу[2].
Пасьля таго, як Гіндэнбург і Людэндорф у 1916 годзе ўзялі на сябе вярхоўнае кіраўніцтва ўсімі нямецкімі ўзброенымі сіламі, іхнім намесьнікам на Ўсходзе стаў прынц Леапольд Баварскі.
Зносіны зь мясцовым насельніцтвам
рэдагавацьАдміністрацыя Обэр-Осту мела складанасьці ў зносінах зь мясцовымі жыхарамі. З прадстаўнікамі вышэйшых клясаў мясцовых жыхароў нямецкія жаўнеры маглі кантактаваць з дапамогай нямецкай або францускай моваў, габрэйскае насельніцтва ў мястэчках магло размаўляць па-нямецку або на ідышы (апошні належыць да германскіх моваў і мае падабенствы зь нямецкай, праз што немцы былі ў стане крыху разумець ідыш)[3], аднак у сельскай мясцовасьці жаўнерам даводзілася разьлічваць на наяўнасьць людзей, якія маглі б перакладаць нямецкую на адну зь мясцовых моваў[3]. Падсумоўваючы, гісторыкі робяць выснову, што дадзеныя моўныя праблемы значна ўскладнялі працу нямецкай адміністрацыі[3]. Часам для распаўсюджваньня пастановаў Обэр-Осту прыцягвалася духавенства як эфэктыўны пасярэднік для людзей, якія размаўлялі на іншай мове[3].
Кастрычніцкі пераварот
рэдагавацьПа зьдзяйсьненьні кастрычніцкага перавароту ў Расеі і заключэньні Берасьцейскага замірэньня некаторыя рэгіёны пажадалі патрэбным бачыць пранямецкую ўладу ў сваіх рэгіёнах. Так, у Латвіі было ўтворанае Аб’яднанае Балтыйскае Герцагства, а ў Летуве была ўсталяваная манархія на чале зь нямецкім герцагам Урахам.
Адміністрацыйнае ўладкаваньне
рэдагавацьУ адміністрацыйна-тэрытарыяльным пляне занятыя тэрыторыі былі падзеленыя на тры рэгіёны (па-нямецку: Verwaltungsgebiete): Курляндыю (займаў паўднёвы захад Латвіі, назва адпавядала гістарычнай назьве гэтае часткі Латвіі), Летуву (сучасная тэрыторыя Летувы бяз Клайпеды, а таксама вызначаныя паўночна-заходнія часткі Беларусі і паўночна-ўсходнія часткі Польшчы) і Беластоцка-Гарадзенскі рэгіён (займаў, адпаведна, навакольлі Беластоку й Горадні).
Серад вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Обэр-Осту былі разьмешчаныя 10-я армія са штабам у Горадні і армейская групоўка Кіеву.
Наступствы
рэдагавацьПасьля разгрому блёку Цэнтральных дзяржаваў у Першай сусьветнай вайне і рэвалюцыі ў Нямеччыне напрыканцы 1918 — пачатку 1919 году нямецкія войскі пачалі адступаць з тэрыторыі Обэр-Осту. У атрыманым адміністрацыйным вакуўме мясцовыя нацыянальныя рухі паспрабавалі ўзяць улады ў свае рукі і заснаваць уласныя нацыянальныя дзяржавы. Тым ня менш, часта разуменьне тэрыторыяў будучых дзяржаваў у розных нацыянальных рухаў адрозьнівалася, што прывяло да ўзаемных тэрытарыяльных прэтэнзіяў; таксама пачаліся сутыкненьні з расейскімі камуністамі, якія ставілі на мэце распаўсюджваньне сваёй улады на тэрыторыю былой Расейскай імпэрыі.
Незалежную нацыянальную дзяржаву паспрабавалі стварыць і прадстаўнікі беларускіх нацыянальных рухаў (гл. Беларуская Народная Рэспубліка), аднак органы ўлады новаабвешчанае дзяржавы ня здолелі арганізаваць баяздольную армію і прыцягнуць у палітычным пляне беларускае насельніцтва, праз што тэрыторыя сучаснай Беларусі была амаль бяскрыўна занятая спачатку Расеяй і УНР, потым — Летувой (гл. Маскоўская дамова) і Польшчай (самаабарона Лідзкай і Гарадзенскай зямель). Органы ўлады БНР распаўсюджвалі свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, у тым ліку, і на тэрыторыі значна на ўсход (Віцебск, Смаленск, Бранск), якія кантраляваліся Расеяй нават у часы нямецкай акупацыі. Пазьней інтарэсы больш моцных суседзяў Беларусі сутыкнуліся, што прывяло, у прыватнасьці, да савецка-польскае вайны.
Дзяржавы-пераемніцы
рэдагавацьГістарычныя паралелі з палітыкай Трэцяга Райху
рэдагавацьГісторык Вэяс Габрыель Люлевічус у працы War Land on the Eastern Front: Culture, National Identity, and German Occupation in World War I сьцьвярджае, што нямецкая палітыка датычна тэрыторыяў Обэр-Осту карэлявала з адпаведнай палітыкай Нацысцкае Нямеччыны на акупаваных ёю ўсходніх тэрыторыях. Як мяркуе Люлевічус, немцы пачалі ўспрымаць гэты рэгіён як тэрыторыю, заўсёды ахопленую «хаосам, хваробамі і барбарствам»[4]. Люлевічус здолеў сабраць значную колькасьць доказаў (напрыклад, дзяржаўныя дакумэнты, лісты, дзёньнікі і г. д.), аднак у ягонай працы ня згадваецца пра выпадкі станоўчай палітыкі немцаў да мясцовага насельніцтва[4] (напрыклад, дазвол адкрыцьця беларускамоўных школ у Беларусі падчас нямецкай акупацыі). Таксама, на думку іншых гісторыкаў, Люлевічус ня зьвязвае досьвед нямецкай палітыкі ў Обэр-Осьце зь нямецкай палітыкай на нямецкіх каляніяльных уладаньнях[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Gettman, Erin. The Baltic Region during WWI. — 2002.
- ^ а б в Koehl, Robert Lewis. 59 // A Prelude to Hitler's Greater Germany. — The American Historical Review, 1953. — Т. 1. — С. 43-65.
- ^ а б в г Vagts, Alfred. 7 // A memoir of Military Occupation. — Military Affairs. — Т. 1. — С. 16-24.
- ^ а б в Gatrell, Peter; Liulevicius, Vejas Gabriel. 60 // Review of War Land on the Eastern Front: Culture, National Identity, and German Occupation in World War I. — Slavic Review, 2001. — Т. 4. — С. 844-845.
Літаратура
рэдагаваць- Vejas Gabriel Liulevicius: <212%3AWLOTEF>2.0.CO%3B2-8 War Land on the Eastern Front: Culture, National Identity, and German Occupation in World War I — review by Matthew R. Schwonek in The Journal of Military History, Vol. 65, No. 1. (Jan., 2001), pp. 212–213.
- Stone, N (1975). The eastern front 1914—1917. New York: Charles Scribner’s Sons.
- Davies, Norman (1972). White Eagle, Red Star: The Polish-Soviet War, 1919-20. (2004 edition: ISBN 0-7126-0694-7)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьОбэр-Ост — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў