Першая Ўстаўная грамата

Пе́ршая Ўста́ўная гра́мата да народаў Беларусі — юрыдычны й палітычны акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду 21 лютага 1918 году ў Менску (у колішнім Доме губэрнатара). Заклікала беларускі народ зьдзейсьніць сваё права на поўнае самавызначэньне, а нацыянальныя меншасьці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Устаўная грамата
Да народаў Беларусі
Заканадаўчы орган
Нумар 1
Прыняцьце 21 лютага 1918 (106 гадоў таму)
Ухваленьне Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду
Падпісаньне Язэп Варонка
Уступ у сілу 21 лютага 1918
Поўны тэкст у Вікікрыніцах? .

Мікрафільмаваны арыґінал акту захоўваецца ў 325-м фондзе Нацыянальнага архіву Беларусі[1].

Гістарычны кантэкст

рэдагаваць
 
Першая Ўстаўная грамата

Імклівы наступ войскаў Нямецкае імпэрыі, які пачаўся 18 лютага 1918, прымусіў Абласны выканаўчы камітэт і СНК Заходняе вобласьці й фронту ў ноч на 19 лютага 1918 году эвакуявацца зь Менску ў Смаленск. Гэта спрыяла аднаўленьню адкрытай дзейнасьці Выканаўчага камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду й вызваленьню з бальшавіцкае няволі дзеячоў Цэнтральнае беларускае вайсковае рады (ЦБВР). Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду выдаў загад № 1 ад 19 лютага, дзе гаварылася, што ён узяў уладу ў свае рукі. Прызначаны Выканаўчым камітэтам новы камэндант Менску Кастусь Езавітаў выдаў загад № 1 аб тым, што нямецкае войска мусіць убачыць спакойных мірных жыхароў, якія не жадаюць вайны. Згодна з пунткам 2 загаду ўводзілася ваеннае становішча[2]. Адначасна ў Менску пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арґанізацыя (ПАВ)[3].

21 лютага Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду зьвярнуўся да народаў Беларусі зь Першай Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». Першая Ўстаўная грамата заклікала беларускі народ зьдзейсьніць сваё права на «поўнае самавызначэньне», а нацыянальныя меншасьці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэньне, аўтары граматы сьцьвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыцьцяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.

У гэтым дакумэнце Выканаўчы камітэт абвясьціў пра стварэньне ім 20 лютага ўраду — Народнага Сакратарыяту Беларусі — часовага выканаўчага органа народнае ўлады ў краі, які 21 лютага пачаў выкананьне сваіх абавязкаў. У склад сакратарыяту ўвайшлі Палута Бадунова, Язэп Варонка (старшыня), Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч[4].

Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьціў сябе часовай уладай на Беларусі. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію й неабходнасьць заставацца ў складзе Савецкай Расеі. Ейны тэкст на беларускай і расейскай мовах быў расклеены па ўсім Менску[5].

Пячатка, якой замацавалі тэкст дакумэнту, зьмяшчала выяву высокага снапа зь перакрыжаванымі касой і граблямі і надпісам на абадку: «НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ»[4].

21 лютага 1918 году ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандаваньня арміі Нямецкае імпэрыі. 22 лютага яна загадала польскім падразьдзяленьням пакінуць Менск, а беларускім — скласьці зброю. Каб не ўскладняць дачыненьняў з Расеяй, нямецкія ўлады не прызналі беларускага ўраду, занялі сядзібу Народнага сакратарыяту, рэквізавалі ягоную маёмасьць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сьцягі й забаранілі ўрадоўцам пакідаць Менск. Аднак у канцы лютага дайшло да перамоваў паміж Сакратарыятам і нямецкай вайсковай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Язэпа Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Улады Нямецкае імпэрыі дазволілі Сакратарыяту весьці легальную дзейнасьць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным парадкам у галіне стварэньня мясцовае адміністрацыі, школьніцтва й выдавецкае справы[5].

У адказ на складаньне Берасьцейскага міру 3 сакавіка 1918 году паміж Нямецкай імпэрыяй і Савецкай Расеяй Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду адрэагаваў 9 сакавіка 1918 году прыняцьцем Другое Ўстаўное граматы. Наступным крокам зрабілася абвяшчэньне незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Ужо сёньня: Міжнародны дзень роднай мовы, 95 гадоў I устаўной граматы, БАТЭ ў Стамбуле Грамадзтва. Радыё «Свабода» (21 лютага 2013). Праверана 21 лютага 2013 г.
  2. ^ БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 2. С. 207.
  3. ^ Сідарэвіч А. Першая Устаўная грамата // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 478.
  4. ^ а б Першы сімвал новай Беларусі: якім гербам была змацаваная Першая Устаўная грамата БНР. nn.by (18 лістапада 2015). Праверана 21 лістапада 2015 г.
  5. ^ а б Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — СПб., 2003.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць