Геаграфія Беларускай Народнай Рэспублікі

Геаґра́фія Белару́скае Народнае Рэспу́блікі — лучнасьць геаґрафічных парамэтраў тэрыторыі, абвешчанай Радай БНР як тэрыторыя незалежнае дзяржавы беларусаў[1]. Праз шэраг цяжкіх геапалітычных умоваў Першае сусьветнае вайны і пазьнейшых палітычных зьмяненьняў на абвешчанай тэрыторыі, а таксама з нагоды адсутнасьці шырокага дыпляматычнага прызнаньня Ўраду БНР, гэтая палітычная структура ня здолела ў патрэбным аб’ёме кантраляваць тэрыторыю, абвечаную як тэрыторыя Беларускае Народнае Рэспублікі.

Межы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), абвешчаныя 25 сакавіка 1918 г. паводле этнічнага крытэру — на падставе працаў гісторыка і этнографа Мітрафана Доўнар-Запольскага

Перадумовы рэдагаваць

 
Межы этнічнай тэрыторыі беларусаў

     Паводле Я. Карскага (1903)

     Паводле М. Доўнар-Запольскага (1919)

     Сучасныя дзяржаўныя межы

Перадумовы ўтварэньня і пачатку гістарычнага шляху БНР пачынаюцца з кастрычніка і лістапада 1917 году, у зьвязку з захопам улады бальшавікамі. Прыкладна празь месяц былі створаны адпаведныя органы, якія ставілі сваёй мэтай атрыманьне ўлады ў г. зв. Заходняй вобласьці. Але раней да гэтага, у ліпені гэтага ж году Беларускай Сацыялістычнай Грамадой быў выказаны намер патрабаваньня шырокае аўтаноміі ў складзе тагачаснай Расеі.

Празь месяц, 9 сьнежня, паміж Савецкай Расеяй і Нямецкай імпэрыяй пачаліся спробы перамоваў, у выніку якіх быў падпісаны Берасьцейскі мір і пад уладу Нямеччыны пераходзіў шэраг заходніх губэрняў колішняе Расейскае імпэрыі, у тым ліку і заходнія губэрні г. зв. Паўночна-Заходняга краю. У выніку гэтага вызначаная частка тэрыторыі заходняе Беларусі і Падляшша (Гарадзеншчына, Беласточчына і г. д.) увайшлі ў г. зв. Ober Ost — часовую адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку Нямеччыны, якой падпарадкоўвалася тэрыторыя сучаснае Летувы (за выключэньнем Клайпеды), Гарадзенскае губэрні, а таксама Курляндыі (паўднёвая частка сучаснае Латвіі). У гэтых цяжкіх умовах быў сфармаваны Народны Сакратарыят БНР і выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэсу, якія потым абвесьцілі Беларускую Народную Рэспубліку.

 
Беларусы на этнаграфічнай мапе Эўропы з атлясу «Géographie Militaire» (Парыж, 1885 г.)

Трэба адзначыць, што паводле ўмоваў Берасьцейскага міру за Ўкраінай афіцыйна замацоўвалася Берасьцейшчына і паўднёвае Падляшша[2]. Але з прычыны цяжкіх ваенных умоваў кайзэраўская Нямеччына не дала магчымасьці Ўкраіне кантраляваць Берасьце (у прыватнасьці, украінская адміністрацыя зямлі Падляшша, у якую, паводле плянаў ураду УНР мела ўвайсьці Берасьцейшчына, так і ня здолела арґанізаваць на Берасьцейшчыне дзейнасьць сваёй адміністрацыі). Таксама ўрад УНР прэтэндаваў на паўднёвы ўсход сучаснае Гомельскае вобласьці (паводле тагачаснае тэрміналёґіі адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу УНР «Дрыгавіцкая зямля»). Паводле аналёґіі зь Берасьцейшчынай, урад УНР не атрымаў фактычнае магчымасьці замацаваць за сабою гэты рэґіён.

Тэрытарыяльныя патрабаваньні Ўраду БНР рэдагаваць

 
Этнаграфічная мапа беларусаў (паводле моўнага крытэру), складзеная філёлягам-славістам Яўхімам Карскім, 1903 г.

Згодна з Другой Устаўной граматай Рады БНР тэрыторыяй рэспублікі абвяшчаліся ўсе тэрыторыі колішняе Расейскае імпэрыі, на якіх беларусы мелі колькасную перавагу. Пазьней, тэкстам Трэцяе Ўстаўное граматы гэтая тэрыторыя была ўдакладнена: тэрыторыяй БНР абвяшчалася ўся Магілёўская губэрня, вызначаныя часткі Менскае, Гарадзенскае, Віленскае, Віцебскае, Смаленскае, Чарнігаўскае губэрняў, а таксама некаторыя іншыя памежныя тэрыторыі[3]. Прадстаўленая ў шматлікіх крыніцах мапа абвешчанае тэрыторыі БНР супадае з этнаґрафічнай мапай расьсяленьня беларусаў паводле М. Доўнар-Запольскага.

Храналёґія зьмяненьня адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу на землях, абвешчаных як тэрыторыя Беларускай Народнай Рэпублікі рэдагаваць

 
Падзел на ваяводзтвы (як у Вялікім Княстве Літоўскім), зафіксаваны на паштоўцы БНР зь дзяржаўным гербам Пагоняй, 1918 г.

З нагоды таго, што ўтварэньне БНР беспасярэдне зьвязана з падзеямі Першае сусьветнай вайны і рэвалюцыйнымі працэсамі на тэрыторыі Расейскае імпэрыі, тут прыведзена храналёґія зьмяненьня адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі, якая была абвешчана як Беларуская Народная Рэспубліка, з пачатку Першае сусьветнае вайны да ўсталяваньня на гэтай тэрыторыі савецкае ўлады. Трэба дадаць, што Радай БНР адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі ня быў прадугледжаны.

  • Пачатак ХХ ст. — Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская (Паўночна-Заходні край), некаторыя іншыя тэрыторыі памежных губэрняў
  • 1914—1918 гады — на занятых нямецкімі войскамі землях утвораны раён Ober Ost
  • Сакавік 1917 году — Заходняя вобласьць (Віцебская, Магілёўская, Менская губэрні, часткова Віленская, з 1918 году таксама Смаленская губэрня)
  • 9 лютага 1918 году — згодна з умовамі сэпаратнае мірнае дамовы паміж УНР і Цэнтральнымі дзяржавамі, апошнія прызнаюць за Ўкраінай Берасьце і паўднёвае Падляшша
  • 6 красавіка 1918 году — Цэнтральная рада ЎНР прымае закон аб адміністратыўна-тэрытарыяльным дзяленьні рэспублікі, згодна зь якім тэрыторыі беларускага Палесься, на якое выказваў прэтэнзіі ўрад УНР, былі падзелены паміж Падляшшам і Дрыгавіцкай зямлёй
  • Красавік 1918 году — у Заходнюю вобласьць дадана Смаленская губэрня
  • 10 сьнежня 1918 году — савецкая армія ўваходзіць у Менск
  • 21 сьнежня 1918 году — у Вільні ствараецца польская адміністрацыя
  • 1 студзеня 1919 году — з губэрняў Заходняе вобласьці ўтворана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. Новаўтвораная рэспубліка падзялялася на 7 раёнаў: Баранавіцкі, Віцебскі, Гарадзенскі, Гомельскі, Магілёўскі, Менскі і Смаленскі
  • 31 студзеня 1919 году — прызнаньне ССРБ з боку УЦВК РСФСР
  • Люты 1919 году — пачатак Савецка-польскай вайны
  • 9 ліпеня 1919 году — польскія войскі ўваходзяць у Берасьце
  • 27 лютага 1919 году — Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні пераходзяць у склад РСФСР, астатнія тэрыторыі абвешчанай ССРБ аб’яднаны разам з ЛСР у ЛітБелССР
  • Красавік 1919 году — заняцьце польскімі войскамі заходняе Беларусі і Віленшчыны
  • Чэрвень 1919 году — заняцьце польскімі войскамі некаторых рэґіёнаў цэнтральнае Беларусі
  • Жнівень 1919 году — узяцьце польскімі войскамі Менску й Бабруйску
  • 8 сьнежня 1919 году — абвешчаны праект Лініі Керзона
  • Сярэдзіна 1920 году — наступ РЧСА на захад
  • 12 ліпеня 1920 — Маскоўская дамова, у выніку якой пад кантроль Летувы перайшла паўночная частка сучаснае Гарадзенскае вобласьці і іншыя паўночна-заходнія тэрыторыі сучаснае Беларусі
  • 31 ліпеня 1920 году — аднаўленьне ССРБ
  • 1 жніўня 1920 году — узяцьце РЧСА Берасьця
  • 17 жніўня 1920 году — адступленьне савецкіх войскаў на ўсход у зьвязку з «Цудам над Віслай»
  • 19 жніўня 1920 году — заняцьце польскімі войскамі Берасьця
  • Другая палова — канец верасьня 1920 году — узяцьце польскімі войскамі Горадні
  • Кастрычнік 1920 году — заняцьце войскамі Л. Жалігоўскага Вільні, утварэньне Сярэдняе Літвы
  • 18 сакавіка 1921 году — паміж РСФСР, УССР і ССРБ падпісана Рыская дамова, паводле якой да Польшчы адышла тэрыторыя, вядомая пазьней як Заходняя Беларусь
  • 30 сьнежня 1922 году — перайменаваньне ССРБ у БССР.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ гл. 2 і 3 Устаўныя граматы БНР
  2. ^ гл. умовы сэпаратнае мірнае дамовы паміж Цэнтральнымі дзяржавамі і Ўкраінскай Народнай Рэспублікай
  3. ^ гл. 3 Устаўную грамату БНР