Узнагароды БНР
Узнагаро́ды Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі ўручаліся і ўручаюцца ўладамі рэспублікі, у прыватнасьці Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні. У 2016 годзе Рада БНР абвясьціла пра аднаўленьне ўручэньня ўзнагародаў, а ў 2018 годзе — пра заснаваньне юбілейнага мэдаля ў гонар стагодзьдзя БНР.
Першыя ўзнагароды
рэдагаваць- Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацьверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку[1][2].
- Полацкі Беларускі крыж. Зацьверджаны Радай БНР 26 студзеня 1920 году. Меў пяць ступеняў зь дзяленьнем на дзьве катэгорыі — вайсковую і цывільную. Ордэн меў шасьціканцовую форму і быў пакрыты белай эмальлю з пазалочанымі кантамі[3]. Надаваўся для ўзнагароджаньня як у вайсковы, гэтак і ў мірны час «за асаблівыя заслугі грамадзянам БНР перад Бацькаўшчынаю».
Сучасныя ўзнагароды
рэдагаваць1 верасьня 1949 году дэкрэтам прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка быў заснаваны шэраг узнагародаў. Дэкрэт усталёўваў Статутную камісію ў складзе:
- старшыня генэрал Францішак Кушаль
- доктар Станіслаў Грынкевіч
- магістар права Лявон Галяк
- мастак Пётра Мірановіч
- невядомы (Міхась Тулейка?)[4]
Статуты, распрацаваныя камісіяй, былі зацьверджаныя 5 жніўня 1951 року. Узнагароды прызначаліся як для вайскоўцаў, так і для цывільных «заслужаных беларусаў»[4].
- Ордэн Пагоні. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць клясаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх прамянёх крыжа літары БНР, на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар[1][2]. Найвышэйшая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, надавалася «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці, задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў, або да ўзмацаваньня незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы»[4]. Сярод узнагароджаных — генэрал Міхал Вітушка[5]
- Ордэн Жалезнага Рыцара. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць ступеняў: Вялікі Крыж, Камандорскі Крыж, Кавалерыйскі Крыж, Залаты Крыж, Срэбны Крыж[4]. Прывешваецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж мэталу, што і на ордэне. На трох горных прамянёх — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар[1][2]. Надаваўся за «выдатныя ваенныя ўчынкі».
- Мэдаль Партызана. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 году. Мае дзьве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы мэдаля I ступені дзьве скрыжаваныя стрэльбы. На відавым баку ў коле дзьве скрыжаваныя стрэльбы, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар[1][2]. Надаваўся «беларусам, якія змагаліся ў радох Беларускай нацыянальнай партызанкі за незалежнасьць Беларусі супроць акупантаў»[4].
У 2016 годзе XXIX сэсія Рады БНР пацьвердзіла дзейнасьць уведзеных у 1949 годзе ўзнагародаў і заявіла аб будучых зьменах у іхныя статуты[6].
- Мэдаль да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Зацьверджаны дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ў сьнежні 2018 году. Надаваўся «за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[7]. Сярод узнагароджаных — Джым Дынглі, Адам Мальдзіс, Арнольд Макмілін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Леў Талбузін (усяго больш за 130 чалавек). Уручэньні заплянаваныя на 2019 год.
Узнагароды Беларускай цэнтральнай рады
рэдагавацьБеларуская цэнтральная рада была створана ў сьнежні 1943 зь Беларускай рады даверу пры Генэральным камісарыяце Беларусі. На Другім Усебеларускім кангрэсе у 1944 г. БЦР была абвешчана адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу, а ейнай мэтай было абвешчана адраджэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР не прызнае законнай Беларускую цэнтральную раду, а таксама Другі Ўсебеларускі кангрэс[8].
Другая сусьветная вайна
рэдагаваць- Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: На службе беларускаму народу[1][2].
Пасьля вайны
рэдагаваць- Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне». Юбілейная ўзнагарода, зацьверджаная 10—14 кастрычніка 1976 году. Прывешваецца на стужцы жоўтага колеру. Выконваецца з бронзы. На відавым баку ў малым коле на шчыце падвойны крыж. Ля падножжа шчыта літары B. V., унізе In exile (Belorussian Veterans in Ехіlе — Беларускія вэтэраны ў выгнаньні). Малое кола абкружана вялікім, у якім разьмешчаны дзьве скрыжаваныя лаўравыя галінкі, уверсе тры пяцікутныя зоркі. На адваротным баку надпіс у пяць радкоў: Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР[1][2]. Надаваўся «ўдзельнікам збройнага змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Рэспублікі»[9].
- Мэдаль «Крыж Заслугі Б. К. А.». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з бронзы. У цэнтры крыжа Пагоня, на крыжы літары Б К А. Унізе дата — 1944. На адваротным баку літары: Б Ц Р. Мацуецца на зялёнай стужцы[1][2]. Надаваўся кадрам Беларускай краёвай абароны[10].
- Ордэн «Пагоня — Жыве Беларусь!» Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з срэбра. Прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. На відавым баку выява герба Пагоня; унізе дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тэкст: «Жыве Беларусь», на адваротным баку ў двух радках літары Б Ц Р і дата 27.6.1944[1][2]. Надаваўся «за самаахвярную нацыянальна-грамадзкую працу»[11].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж 1992 Мазырэц. С. 38—41.
- ^ а б в г д е ё ж 1993 Мазырэц. С. 53—56.
- ^ 2014 Ліс-Блонскі.
- ^ а б в г д 1952 Ёрш.
- ^ Абрамчык, Мікола (15 верасьня 2016) Дэкрэт аб узнагароджаньні ордэнам Пагоні, 1950 г. Гістарычныя дакумэнты. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Рада БНР аднаўляе ўзнагароды — Рэзалюцыя Сэсіі Рады — афіцыйны сайт Рады БНР, 12 красавіка 2016 г.
- ^ Узнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя БНР — Афіцыйны сайт Рады БНР, 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 С. 390.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР» Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль, прысьвечаны БКА Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Жыве Беларусь!» БЦР Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
Літаратура
рэдагаваць- Балахоўцы. Сведчанні, дакументы, даследаванні / Станіслаў Ліс-Блонскі. — 2-е выд.. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 470 с. — (Кнігі ARCHE). — 750 ас. — ISBN 978-5-9904531-9-7
- Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1992. — № 5. — С. 38—41.
- Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 53—56.
- Сяргей Ёрш. Узнагароды для заслужаных беларусаў // Бацькаўшчына. — 24.02.1952. — № 7—8 (86—87).