Царква Сьвятой Тройцы (Вільня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятой Тройцы
| |
Царква Сьвятой Тройцы па маскоўскай перабудове
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.67528° пн. ш. 25.28833° у. д.Каардынаты: 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.67528° пн. ш. 25.28833° у. д. |
Царква Сьвятой Тройцы |
Царква Сьвятой Тройцы — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Вастрабрамскай вуліцы[a]. Дзее. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Траецкая царква — адна з найстарэйшых у Вільні, заснаваная на месцы казьні віленскіх мучанікаў. Архітэктурная дамінанта комплексу Траецкага базылянскага манастыра.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершую драўляную Траецкую царкву ў Вільні збудавалі ў 1347 годзе ў дуброве, на месцы казьні Віленскіх мучанікаў сьвятых Антона, Яна і Яўстаха. У 1514—1516 гадох з фундацыі Канстантына Астроскага збудавалі мураваную царкву абарончага тыпу. У канцы XVI або пачатку XVII стагодзьдзя ўнутраныя сьцены царквы атынкавалі і аздобілі фрэскамі.
Па складаньні Берасьцейскай уніі царква разам з манастыром адразу прынялі яе. У 1622—1624 гадох да бакавых фасадаў царквы прыбудавалі дзьве капліцы і рызьніцу. Направа ад уваходу разьмясьцілася капліца, збудаваная на сродкі Януша Скуміна Тышкевіча і асьвячоная пад тытулам Покрыва Багародзіцы. Налева ад уваходу — капліца Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа, неўзабаве прыстасаваная пад царкву жаночага базылянскага манастыра[1].
У 1706 і 1748 гадох царква атрымала моцныя пашкоджаньні ад пажараў. Неўзабаве яе аднавілі ў барокавым стылі: на месцы заходняй сьцяны зрабілі прыбудову, якая надала інтэр’еру базылікальную падоўжанасьць. У адноўленай царкве, апроч галоўнага алтара, уладкавалі шэсьць новых — Сьвятога Крыжа, Сьвятога Васіля Вялікага, Божай Маці, Сьвятога Язафата (Кунцэвіча), Сьвятога Мікалая і Сьвятога Анупрэя. Перад галоўным алтаром паставілі здымны іканастас.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая.
Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Адначасна з канчатковай ліквідацыяй манастыра ў 1869 годзе, мастацкае аблічча царквы зьнявечылі маскоўскай перабудовай паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна. У 1878 годзе на кутнімі кампартамэнтамі заходняй часткі царквы надбудавалі дзьве невялікія вежы. У канцы XIX — пачатку XX ст. да ўсходняга фасаду капліцы Покрыва Багародзіцы прыбудавалі царква Сьвятога Яна Багаслова.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе абразы, якія захоўваліся ў манастырскай царкве, вывезьлі ў Расею.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву.
У 1991 годзе ўлады Летувы перадалі царкву Ўкраінскай грэцка-каталіцкай царкве.
Архітэктура
рэдагавацьПомнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы.
Гэта прастакутная ў пляне 3-нэфавая пабудова пад 2-схільным дахам, якая заканчваецца трыма паўцыркулярнымі апсыдамі. Ад пачатку мела блізкі да квадрата плян, купал і фартыфікацыйныя элемэнты[2] (схаваныя пад тынкоўкай масіўныя сьцены гатычнага мура захавалі сьляды контрфорсаў). У выніку рэканструкцыя 1761 году пад кіраўніцтвам Яна Глаўбіца на кутох заходняга і ўсходняга фасадаў збудавалі чатыры вежы (захаваліся дзьве пры ўсходнім фасадзе). 2-ярусныя вежы з валютамі і ляпнінай у пляне маюць форму авалу, кожны ярус аздабляецца чатырма парамі пілястраў. Вежы завяршаюцца купаламі-банямі ў выглядзе званоў з глухімі імітацыямі паддашкавых акенцаў. Да паўночнага і паўднёвага фасадаў далучаюцца капліцы.
У выніку маскоўскай перабудовы 1869 году надбудавалі невялікія вежы над галоўным заходнім фасадам і паставілі новы ўсходні франтон кілепадобнай формы, а таксама зрабілі драўляны купал з размаляванымі вокнамі (разабраны ў сярэдзіне XX ст.).
Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі. Масіўныя 8-гранныя пілёны завяршаюцца стукавымі капітэлямі. Пад тынкам на сьценах захаваліся сьляды фрэсак. Інтэр’ер аздабляюць клясыцыстычны алтар і арган. На пілёнах, якія падтрымлівалі купал, разьмяшчаліся выявы сьвятых. Драўляны іканастас быў простым, пафарбаваныьм алейнай фарбай і месцамі аздоблены пазалотай. Абраз Збаўцы ў царскай браме зьмяшчаўся ў масіўнай срэбранай шаце. У інтэре’ры захоўваліся абразы, напісаныя Янам Хруцкім, які быў сынам уніяцкага сьвятара, а таксама абразы Сьвятога Анупрэя, сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ды іншыя, выкананыя Францішкам Смуглевічам.
У паўднёвай сьцяне на вышыні прыкладна аднаго мэтра ад падлогі месьціцца надмагільная мэталёвая рэльефная пліта (памерам 1,55 на 2,25 мэтра) канца XVI стагодзьдзя. Пліта складаецца зь дзьвюх частак: у левай частцы знаходзіцца гербавы картуш, вакол якога — ляўровы вянок, лісьце аканта і галоўкі анёлаў, направа — апраўленае арнамэнтам надмагільле з кірылічнай эпітафіяй віленскага бурмістра Апанаса Брагі і яго сына Антона:
Түт лежит раб Божии Ѡѳана |
||
Мастацкім асаблівасьцям гэтага надмагільля прысьвяціла свае працы летувіская дасьледніца Марыя Матушакайце[3].
У процілеглай паўночнай сьцяне месьціцца пліта з эпітафіяй сёстрам Яленскім, якія памерлі ў 1757 і 1758 гадох.
Налева ад галоўнага ўваходу пры заходнім фасадзе, у нішы — выява сьвятых віленскіх мучанікаў Антонія, Яна і Яўстаха. Пад гэтай нішай зьмяшчаецца мэталёвая мэмарыяльная табліца. Побач з уваходам у царкву ёсьць мэмарыяльная шыльда ў памяць Сьвятога Язафата (Кунцэвіча).
У капліцы направа ад уваходу ў багатым мармуровым саркафагу спачыў яе фундатар Ян Скумін Тышкевіч з сваёй жонкай Барбарай, народжанай Нарушэвіч, пра што сьведчыць надпіс на пліце ў сьцяне.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
XVI ст.
-
Па маскоўскай перабудове. І. Трутнеў, 1870 г.
-
1885 г.
-
1889 г.
-
1890 г.
-
А. Ромэр, 1891 г.
-
В. Гютлен, 1917 г.
-
1927 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1863 г.
-
Па маскоўскай перабудове. С. Флёры, 1895—1905 гг.
-
Я. Булгак, 1913—1915 гг.
-
П. Валынцэвіч, да 1915 г.
-
Я. Булгак, 1917 г.
-
Я. Булгак, 1917 г.
-
Я. Булгак, 1917 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
1919 г.
-
1923 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Вежа
-
Інтэр'ер
-
Фрэска
-
Эпітафія бурмістра Афанасія Брагі
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Афіцыйны адрас — Aušros Vartų g. 7b
Крыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 436.
- ^ Габрусь Т. Саборы помняць усё. — Менск, 2007. С. 53.
- ^ Лісейчыкаў Д. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт.; вып. 13 / рэд.: Ю. Бохан [і інш.] — Менск, 2015. С. 107—108.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Менск: «Беларусь», 2007. — 167 с.: іл. ISBN 978-985-01-0714-5.