Ружаны

мястэчка ў Беларусі

Ружа́ны — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Ружанцы. Цэнтар сельсавету Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 3021 чалавек[1]. Знаходзяцца за 45 км на паўночны ўсход ад Пружанаў, за 38 км ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы (лінія Баранавічы — Берасьце); на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Пружаны — Слонім і Ваўкавыск — Косаў.

Ружаны
лац. Ružany
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Герб Ружанаў
Першыя згадкі: 1552
Магдэбурскае права: 20 чэрвеня 1637
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Пружанскі
Сельсавет: Ружанскі
Вышыня: 149 м н. у. м.
Насельніцтва: 3021 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1632
Паштовы індэкс: 225154[2]
СААТА: 1256555000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°51′52″ пн. ш. 24°53′27″ у. д. / 52.86444° пн. ш. 24.89083° у. д. / 52.86444; 24.89083Каардынаты: 52°51′52″ пн. ш. 24°53′27″ у. д. / 52.86444° пн. ш. 24.89083° у. д. / 52.86444; 24.89083
Ружаны на мапе Беларусі ±
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ружаны — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны, колішняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Сапегаў. Да нашага часу тут захаваліся палац Сапегаў, комплекс манастыра базылянаў з царквой Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, дамініканскі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і капліца Сьвятога Казімера, сынагога і аўстэрыя, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся ратуша і кляштар кармэлітаў, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі.

Існуе некалькі вэрсіяў датычна паходжаньня тапоніму Ружаны. Паводле першай зь іх, якой прытрымліваецца большасьць гісторыкаў, мястэчка атрымала сваю назву ў гонар ружы — кветкі, якая асабліва шануецца хрысьціянамі. Згодна з другой вэрсіяй назва паселішча пайшла ад словаў «рог», «раздарожжа», што сьведчыла пра ягонае аддаленае разьмяшчэньне. Таксама існуе легенда, паводле якой назву мястэчку даў ягоны ўладар ў гонар сваіх улюбёных дачок — Ружы і Ганны[3].

Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Ражаная, Ражана, Ружана.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Ружаны (Ражаная) датуецца 1552 годам, калі яны ўваходзілі ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва і знаходзіліся ў валоданьні Тышкевічаў. Праз паселішча праходзіла Вітаўтава дарога, што злучала Воршу зь Люблінам. Пазьней гэтая дарога завецца «гасьцінцам вялікім»[4]. У 1598 годзе канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп ад Барташа Брухнальскага, каб уладкаваць тут адну з галоўных рэзыдэнцыяў роду.

20 чэрвеня 1637 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць сьв. Казімера з крыжам і лілеяй у руках»[5]. Новыя ўласьнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 годзе падканцлер Казімер Леў Сапега прымаў у ім караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Віленская капітула, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, зьмясьціла ў палацы мошчы Сьвятога Казімера — нябеснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.

На 1687 год у Ружанах было 427 будынкаў і 2 рынкі, дзеялі царква, касьцёл зь невялікім шпіталём, базылянскі манастыр, кляштары дамініканаў і кармэлітаў (1617, у 1850 разбураны), базылянская школа, працавалі цагельня і кафляны завод. Мястэчка значна пацярпела за часамі вайны шляхты з Сапегамі ў 1698 годзе.

За некалькі дзён да Пасхі ў 1657 годзе ў жыдоўскім квартале знайшлі труп хрысьціянскага дзіцяці. Як сьцьвярджала абвінавачаньне, хлопчык стаў «ахвярай прагі жыдоў да крыві». Намагаючыся спыніць хваляваньні, Сапегі паабяцалі, што падазраваных аддадуць пад суд. Тым ня меней, самасуд усё ж адбыўся, паводле аднае вэрсіі, з-за невыкананьня Сапегам абяцаньня, а паводле другое — у час ягонай адсутнасьці ў мястэчку. У 1659 годзе на сьвята Рош Га-Шана хрысьціянскія насельнікі атакавалі жыдоў у час малітвы ў сынагозе і запатрабавалі выдаць двух ганаровых сяброў суполкі: рэба Ізраэля, сына Шалома, і рэба Тобія, сына Ёсэфа, якіх на наступны дзень забілі. Іхная магіла знаходзіцца на ружанскіх могілках. Жыды-ўраджэнцы Ружанаў адзначаюць памяць забітых да гэтага часу запальваньнем зьнічак на другі дзень Рош Га-Шаны[6].

У Паўночную вайну (1700—1721) Ружаны зноў значна пацярпелі, у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 годзе ў мястэчку спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.

За Аляксандрам Міхалам Сапегам Ружаны сталі асяродкам вялікасьвецкага жыцьця ў рэгіёне. Для замежных гасьцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, фаервэркі. Архітэктар Ян Самуэль Бэкер разбудаваў Ружанскі палац у позьнебарокавым стылі. У 1765—1791 гадох тут дзеяў адзін з найслыньнейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на год ладзіліся кірмашы. У 1784 годзе канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Слонімскага павету Слонімскай, з 1797 году — Літоўскай, урэшце з 1801 году — Гарадзенскай губэрняў. У 1812 годзе францускія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 годзе расейскія ўлады канфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладаньні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 годзе разьмясьцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе каля мястэчка адбыўся бой з расейскімі карнікамі.

У 1875 годзе ў Ружанах усчаўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і зьнішчыў у тым ліку жыдоўскую сынагогу XVI стагодзьдзя[7]. У XIX ст. у мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 царквы, касьцёл, школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, расейская народная вучэльня. На 1910 год у Ружанах дзеяла Талмуд Тора, у 1914 годзе было 26 прадпрыемстваў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1914 году пажар зьнішчыў галоўны корпус палаца. У 1915 годзе мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ружаны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і ваколіцаў (Міжэвіцкая воласьць) атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[8]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ружаны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[9], неўзабаве мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 году Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Ўладыслава Дамброўскага[10]. 7 чэрвеня 1919 году мястэчка ўвайшло ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 годзе Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну (з 1962 году ў Пружанскім раёне). На 1940 год тут было 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бэтонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасьць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клюб, амбуляторыя, аптэка, кінатэатар, лазьня, пошта, тэлеграф.

У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году Ружаны знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. Нацысты стварылі ў мястэчку гета, насельнікаў якога потым забілі ў лягеры сьмерці Трэблінка. У 1944 годзе пажар зьнішчыў будынкі тэатру і манэжу палацавага комплексу.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1801 год — 3,4 тыс. чал.; 1830 год — 884 муж., зь іх шляхты 10, духоўнага стану 6, мяшчанаў-юдэяў 581, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 285, жабракоў 2[12]; 1888 год — 2767 чал. (1398 муж. і 1369 жан.), у тым ліку 1895 юдэяў[13]; 1897 год — 5016 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1914 год — 6815 чал., зь іх 44% пісьменных; 1921 год — 3622 чал.; 1940 год — 4250 чал.; 1959 год — 2875 чал.; 1999 год — 3,7 тыс. чал.[14]; 2000 год — 3,4 тыс. чал.[15]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 3,4 тыс. чал.; 2005 год — 3326 чал.; 2006 год — 3,3 тыс. чал.; 2008 год — 3,3 тыс. чал.; 2009 год — 3153 чал.[16] (перапіс); 2015 год — 3005 чал.[17]; 2016 год — 3006 чал.[18]; 2017 год — 3023 чал.[19]; 2018 год — 3021 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць

У Ружанах працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 2 дашкольныя ўстановы.

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
17 Верасьня плошча Рынак пляц
Інтэрнацыянальная вуліца Блізная вуліца
Леніна вуліца Млынавая вуліца
Максіма Горкага вуліца Канал вуліца
Савецкая вуліца Замкавая вуліца (пачатак)
Пружанская вуліца (працяг)
Урбановіча вуліца Гасьцінец вуліца
Чкалава вуліца Клябанская вуліца
Чырвонаармейская вуліца Віленская вуліца[20] (пачатак)
Слонімская вуліца (працяг)
  • Сьпіс вуліцаў: Зялёная, Зарэчная, Кірава, Дудзінскага, Леніна, Набярэжная, Лугавая, Камсамольская, Сонечная, Калініна, Інтэрнацыянальная, Палявая, Чырвонаармейская, Чкалава, Савецкая, 1 Траўня, Я. Коласа, Горкага, Шпітальная, Пушкіна, Урбановіча, Піянэрская, Пружанская, Дзяржынскага, Садовая, К. Марача, Я. Купалы, Сьвярдлова, Някрасава, Косаўская.
  • Сьпіс завулкаў: Кірава, Сонечны, Інтэрнацыянальны, 1-ы Леніна, Чырвонаармейскі, Горкага, Урбановіча, Піянэрскі, К. Марача.

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і паліўнай прамысловасьці. Лідэры: мэблевая фабрыка, вытворча-харчовы завод, вытворча-гандлёвы камбінат.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць
Панарама палаца Сапегаў

Ружаны — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Празь мястэчка праходзяць турыстычна-экскурсійныя маршруты «На радзіму Тадэвуша Касьцюшкі», «Архіпэляг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Старонкі каменнага летапісу» ды іншыя[21]. Спыніцца можна ў гатэлі «Ружанскі» (вул. Млынавая, 1).

Ружаны — традыцыйны цэнтар ганчарнага рамяства, гэтак званай «ружанскай керамікі».

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Почтовые отделения по населенному пункту Ружаны (рас.) Пружанский район. БелпоштаПраверана 28 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ Ананьеў Р. Ружаны: скарбы старыя і новыя(недаступная спасылка) // Народная газета. № 139—140 (4263—4264), 23 чэрвеня 2006 г.
  4. ^ Первые владельцы местечка «Рожаная» (рас.) Всё о Ружанах Праверана 29 лютага 2012 г.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  6. ^ Ruzhany According to the Jewish Encyclopedia // [1] / Edited by: M. Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 8—9.
  7. ^ Sokolovsky M. History of the City of Ruzhany // [2] / Edited by: Meir Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 7.
  8. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  9. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  10. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 52—53.
  11. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  12. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  13. ^ Krzywicki J. Różana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 852.
  14. ^ Клімец М. Ружаны // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 129.
  15. ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 435.
  16. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Ружанскі альбом
  21. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  22. ^ Эйзенштадт, Израиль Товия (рас.) Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Викитека. Праверана 12 сакавіка 2012 г.
  23. ^ Well-known Emigres and Descendants of Ruzhany (анг.) JewishGen Праверана 12 сакавіка 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць