Друя
Дру́я — вёска ў Беларусі, на рацэ Дзьвіне пры ўтоку ў яе ракі Друйкі. Цэнтар сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1149 чалавек. Знаходзіцца за 33 км на паўночны ўсход ад Браслава. Канцавая чыгуначная станцыя на лініі Варапаева — Друя; аўтамабільная дарога зьвязвае паселішча з Браславам.
Друя | |||||
трансьліт. Druja | |||||
![]() Касьцёл і кляштар бэрнардынаў | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1386 | ||||
Магдэбурскае права: | 3 сакавіка 1620 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Браслаўскі | ||||
Сельсавет: | Друеўскі | ||||
Насельніцтва: | 1149 чал. (2010) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2153 | ||||
Паштовы індэкс: | 211960 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°47′22″ пн. ш. 27°27′12″ у. д. / 55.78944° пн. ш. 27.45333° у. д.Каардынаты: 55°47′22″ пн. ш. 27°27′12″ у. д. / 55.78944° пн. ш. 27.45333° у. д. | ||||
Друя на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Друя | |||||
![]() |
Друя — даўняе магдэбурскае места на мяжы гістарычных Браслаўшчыны (частка Віленшчыны) і Полаччыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. Да нашага часу тут захаваўся Барысаў камень, рэшткі замка Сапегаў, комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, цэрквы Зьвеставаньня Багародзіцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Юрыя, помнікі гісторыі і архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія (віленскага барока, XVIII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама Вялікая сынагога (барока, XVII ст.), зруйнаваная савецкімі ўладамі.
НазваРэдагаваць
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Дру́я[2]. Большасьць дасьледнікаў схіляецца да таго, што ён утварыўся ад назвы ракі Друйкі. Паводле фінска-вугорскай вэрсіі, чаргаваньне гукаў «д» і «р» можа азначаць у перакладзе 'вада'. Паходжаньне тапоніму зьвязваюць таксама з балцкім drutas — 'вялікі, шырокі'[3]. У літаратуры пачатку XX ст. сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам драць (нібы дзякуючы стромкай плыні ракі і падводным камяням у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Апроч таго, у часопісе Крывіч (1923 год) выказвалася меркаваньне, што слова друя ў беларускай мове азначае 'другая'. Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае, другое месца.
ГісторыяРэдагаваць
Вялікае Княства ЛітоўскаеРэдагаваць
Першы пісьмовы ўпамін пра Друю зьмяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага і датуецца 1386 годам. Імаверна, паселішча існавала ўжо ў пэрыяд Полацкага княства. На карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць тое, што ва ўтоцы Друйкі знаходзіцца Барысаў камень з надпісам ХІІ ст. Некаторыя дасьледнікі зьвязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартбэрга» знаходзіўся за 11 міляў ад Дынабургу. У скарзе на дзеяньні крыжакоў, складзенай у 1413 годзе, упамінаецца «de Drucha villa».
У ХІV—ХV стагодзьдзях Друя была ўмацаваным пунктам Полацкай зямлі. «Мещане друйские» прыцягваліся да будаваньня фартыфікацыяў у Полацку. З гэтага ж часу на левым беразе Дзьвіны існаваў Друйскі замак. У 1496 годзе маёнтак перайшоў у валоданьне князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на места, замак і друйскія воласьці[4].
З ХVІ ст. у Друі існавала мытная служба, да ліку асноўных заняткаў жыхароў места адносілася таксама сельская гаспадарка. У гэты ж час тут стварылі Друйскае Эвангельле, адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. 22 сакавіка 1506 году вялікі князь Аляксандар надаў прывілей на Друйскае «имение…, лежащее в Полоцкой земле», а таксама вёскі Залесьсе, Чурылавічы Г. Масальскай. Князі Масальскія атрымалі права на вольны гандаль на Дзьвіне. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) у 1515 годзе ўсходнія захопнікі спалілі Друю[5]. На 1552 год, паводле Полацкай рэвізіі, места знаходзілася ў валоданьні братоў Юрыя і Івана Масальскіх — Івану належала 56 дымоў мяшчанаў і слугаў, 7 корчмаў, 26 дымоў «к замку людей отчизных» і 6 дымоў «людей вольных», Ю. Масальскі валодаў 48 дымамі мяшчанаў; замак знаходзіўся ў агульным карыстаньні. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Друя ўвайшла ў склад Браслаўскага павету. 17 верасьня 1579 году ў месьце спыняўся кароль і вялікі князь С. Баторы, які вяртаўся з войскам з-пад Пскова. У 1600 годзе канцлер вялікі Л. Сапега набыў маёнткі Друя, Чурылавічы, Дзедзін, Залесьсе, а ў 1611 годзе — частку места. Асноўная частка Друі заставалася за Масальскімі.
8 жніўня 1618 году Я. С. Сапега падпісаў прывілей на заснаваньне побач з Друяй новага места пад назвай Сапежын з разьлікам ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. 3 сакавіка 1620 году сьпіс каралёў польскіх і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Сапежыну Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на срэбнай вадзе»[6]. Мясцовае кіраваньне ажыцьцяўляў магістрат на чале з войтам, пасаду якога зацьвярджалі аднак самі Сапегі. Паводле прывілея, справаваньне ў магістраце мусіла весьціся на лацінскай або польскай мовах. Прывілей Я. Сапегі неаднойчы пацьвярджаўся каралямі і вялікімі князямі ў ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях. 3ь пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі Магдэбурскае права пашырылася на іншыя часткі места.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) у 1632 годзе Друю зруйнаваналі войскі маскоўскага гаспадара Міхаіла Фёдаравіча[5]. На 1643 год, паводле інвэнтару, у месьце выразна вылучалася некалькі частак. Найбольш старажытныя, ва ўтоцы Друйкі, налічвала 103 дымы. У Сапежыне было 108 дымоў, тут знаходзіліся Рынак, ратуша і большасьць з сакральных будынкаў Друі. Побач разьмяшчалася прадмесьце з замкам. Існавала таксама задзьвінская частка Друі — Прыдруйск (цяпер у Латвіі). Агулам у месьце налічвалася 306 дымоў і каля 100 корчмаў. Сярод рамесьнікаў былі рыбакі, ганчары, алейнікі, шаўцы, рымары, сядляр, каваль, кравец, цясьляр і інш. У магістрацкіх актах ХVІІІ ст. упамінаюцца таксама шапнікі, сьніцары, ткачы, катляры, бляхары, мечнік, ліцейнік і іншыя.
У ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях Друя належала да сярэдніх местаў Вялікага Княства Літоўскага і была значным рамесным і гандлёвым цэнтрам, дзе існавала цэхавая арганізацыя рамесьнікаў. Гандлёвае значэньне места абумовіла Дзьвіна — найважнейшая гандлёвая артэрыя ў Сярэднявеччы. Апроч гэтага, Друя была цэнтрам лятыфундыі — буйнога землеўладаньня Сапегаў (у ХVІІІ ст. называлася Друйскім графствам). Сярод рамесьнікаў былі музыкі, скамарохі, муляры і багамазы. Тут нават навучалі іканапісу. У месьце збудавалі каля 20 сакральных будынкаў. Многія зь іх зьяўляліся выдатнымі помнікамі дойлідзтва. У Друі дзейнічаў праваслаўны манастыр і некалькі кляштараў, у тым ліку бэрнардынскі і дамініканскір. Пры дамініканскім кляштары існаваў шпіталь, у якім у 1677 годзе знаходзіўся кароткі час на лекаваньні вядомы харвацкі асьветнік і энцыкляпэдыст Ю. Крыжаніч.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Друю некалькі разоў цалкам вынішчалі маскоўскія захопнікі. У 1700 годзе Аляксандар Сапега перадаў друйскія ўладаньні ў дзяржаньне барону Мантэўфэлю, з 1705 году на кароткі час маёнтак стаў уласнасьцю Агінскіх. У ХVІІІ ст. празь места праходзіў сухапутны гандлёвы шлях з Тарапцу ў Каралявец. У гэты пэрыяд Друя атрымала вядомасьць як цэнтар вытворчасьці і гандлю юфцю. Места пацярпела ў Вялікую Паўночнай вайны (1700—1721). У 1701 годзе праездам зь Біржаў у Друі спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I. На 1725 год у Друі было 116 дамоў, на 1790 год — 488 драўляных дамоў, 13 камяніцаў і 6 заезных дамоў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) да Расейскай імпэрыі адышоў Прыдруйск. У Друі разьмяшчаліся пагранічныя часткі Рэчы Паспалітай. 16 траўня 1776 году ў месьце адбыўся вялікі пажар, у якім згарэла 125 дамоў. Існуюць зьвесткі, што ў канцы ХVІІІ ст. у Друі дзейнічала парафіяльная школа (у 1774 годзе — 9 вучняў, у 1781 годзе — 19, у 1782 годзе — 16).
Пад уладай Расейскай імпэрыіРэдагаваць
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Друя апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, з 1842 году Віленскай губэрні. У канцы ХVІІІ ст. празь места праходзіў паштовы тракт Пецярбург — Вена. 27 лютага 1800 году расейскі Сэнат сваім указам пацьвердзіў для Друі права на самакіраваньне. У ХІХ ст. маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ігестромаў, потым Мілашаў. У вайну 1812 году навакольлі Друі адбылося некалькі сутычак частак корпусу П. Вітгенштэйна пад камандаю Я. Кульнева з францускай кавалерыяй. На 1825 год у месьце было 426 драўляных будынкаў, 15 камяніцаў, 54 крамы, 31 карчма, дзейнічалі 3 манастыры. У 1860 годзе зьявіўся праект мескага гербу, які зьмяшчаў адлюстраваньне яліны, трох шасьціканцовых крыжоў і Пагоні. У 1864 годзе Д. Струкаў зрабіў 16 акварэляў з краявідамі архітэктурных помнікаў і прадметаў даўніны Друі, а ў 1875 годзе Н. Орда зрабіў замалёўку Друйскага бэрнардынскага касьцёла. На 1904 год у Друі было 359 будынкаў, 52 крамы, 13 сакральных будынкаў, 3 гарбарныя заводы (10 працоўных), 275 рамесьнікаў; штогод праводзілася 8 кірмашоў).
У Першую сусьветную вайну каля места праходзіў фронт, тут стаяў 5-тысячны гарнізон расейскіх войскаў, існавала вялізная колькасьць тылавых установаў. У гэты час дзеля патрэбаў фронту збудавалі вузкакалейку Бальбінава — Друя — Браслаў — Опса. У лютым 1918 году Друю занялі войскі Нямецкай імпэрыі[7].
- Старая графіка Друі
Касьцёл дамініканаў. Д. Струкаў, 1864 г.
Царква Зьвеставаньня. Д. Струкаў, 1864 г.
Панарама. Н. Орда, 1875 г.
Царква Зьвеставаньня па маскоўскай перабудове, 1896 г.
Найноўшы часРэдагаваць
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Друя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[8]. 30 жніўня 1919 году мястэчка занялі польскія войскі, 5 ліпеня 1920 году — бальшавікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Друя апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Браслаўскага павету. 7 траўня 1924 году Андрэй Цікота арганізаваў для беларусаў кляштар марыянаў, аднак у 1938 годзе польскія ўлады выслалі з Друі беларускіх манахаў. На 1931 год у месьце было 514 будынкаў.
У 1939 годзе Друя ўвайшла ў БССР, дзе 15 кастрычніка 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу Мёрскага, з 1963 году — Браслаўскага раёну. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1995 год у Друі было 702 двары. 9 лютага 2004 году афіцыйна зацьвердзілі местачковыя герб і сьцяг. 8 красавіка 2004 году Друеўскі пассавет ліквідавалі, утварыўся аднайменны сельсавет. У 2005 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да пасёлку, з 27 сакавіка 2009 году — «аграгарадок».
- Мястэчка на старых здымках
ГеаграфіяРэдагаваць
ПрыродаРэдагаваць
Друя разьмяшчаецца ў маляўнічым месцы, сярод лясоў, багатых на грыбы і ягады. У лесе жывуць дзікі, ласі, касулі, лісы, дзікія козы, яноты і янотападобныя сабакі. Мясцовасьць мае шмат пагоркаў.
Пагранічная зонаРэдагаваць
Друя належыць да пагранічнай зоны з Латвіяй. На супрацьлеглым беразе Дзьвіны месьціцца латвійская вёска Прыдруйск (Піедруя). Каб знаходзіцца ў пагранічнай зоне грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія бесьперапынна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, мусяць мець пры сябе дакумэнт, які пацьвярджае асобу, і квітанцыю, якая пацьвярджае аплату дзяржаўнай мыты за знаходжаньне ў пагранічнай зоне (0,2 базавай велічыні на год)[9]. Перад наведваньнем пагранічнай зоны грамадзяне мусяць паведаміць пра гэта ў адпаведны тэрытарыяльны орган пагранічнай службы на тэлефон[10]. Разам з тым, праз пагранічную зону можна перамяшчацца транзытам бяз права спыненьня болей чым на 3 гадзіны[9]. Асобам, якія бесьперапынна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь каб наведваць пагранічную зону патрабуецца дакумэнт, які пацьвярджае асобу, а таксама пропуск, выдадзены органамі пагранічнай службы[9].
НасельніцтваРэдагаваць
ДэмаграфіяРэдагаваць

- XVII стагодзьдзе: 1643 год — 2 тыс. чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1790 год — 3,4 тыс. чал.[5]
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — 2447 чал.; 1841 год — 3,6 тыс. чал.; 1881 год — 4440 чал., зь іх 698 каталікоў, 500 праваслаўных, 177 старавераў і 3065 юдэяў[11]; 1897 год — 4787 чал.[12]
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 5472 чал.; 1931 год — 3375 чал.; 1971 год — 2,5 тыс. чал.; 1995 год — 1336 чал.[13]; 1997 год — 1,4 тыс. чал.[14]; 1999 год — 1300 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 1,2 тыс. чал.[15]; 2010 год — 1149 чал.
ІнфраструтураРэдагаваць
У Друі працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка.
ЗабудоваРэдагаваць
Вуліцы і пляцыРэдагаваць
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Валадарскага вуліца | Духаўская вуліца |
Друянава вуліца | Новая вуліца |
Кірава вуліца | Галубіная вуліца[a] |
Леніна вуліца | Дамініканская вуліца (заходняя частка) Вялікая вуліца (цэнтральная частка) Сапежынская вуліца (усходняя частка) |
Энгельса вуліца | Сьвятога Антонія вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Друі да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Браслаўская[16], Лазьневая, Маставая і Набярэжная. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы. Паводле пляну 1934 году, у Старым Месьце існавала Курляндзкая вуліца. У тэлефонным даведніку 1939 году таксама ўпамінаюцца Іказьненская і Царкоўная вуліцы[17].
МясцовасьціРэдагаваць
Гістарычна Друя падзялялася на Старое Места, Сапежын і Прыдруйск.
ЭканомікаРэдагаваць
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, побытавага абслугоўваньня.
ТранспартРэдагаваць
З чыгуначнай станцыі ходзяць наступныя цягнікі: Друя — Менск і Друя — Віцебск; а таксама аўтобусы: Друя — Браслаў, Друя — Мёры.
Турыстычная інфармацыяРэдагаваць
СлавутасьціРэдагаваць
Касьцёл дамініканаў у 1907 г. (налева) і ў 1909 г. (направа)
|
- Барысаў камень (ХІІ ст.; выцягнуты з вусьця Друйкі)
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Замак (XIV ст.; у ХІХ ст. ператвораны ў палац, цяпер лякарня; захаваўся часткова)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў (1643—1646)
- Могілкі юдэйскія
- Парк (ХVІІІ ст.; закладзены Сапегамі)
- Сядзіба (канец ХІХ ст.)
- Царква Зьвеставаньня Багародзіцы (1740-я)
- Царква Сьвятога Юрыя (ХІХ ст.)
- Царква Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла (XVIII ст.; руіны)
Страчаная спадчынаРэдагаваць
- Касьцёл Сьвятога Антонія і кляштар дамініканаў (1767; зруйнаваныя ў пачатку XX ст. уладамі Расейскай імпэрыі)
- Сынагога Вялікая (XVII ст.)
ГалерэяРэдагаваць
- Краявіды Друі
Барысаў камень і колішняе прадмесьце (цяпер у Латвіі)
АсобыРэдагаваць
- Уладзімер Беняшэвіч (1874—1938) — гісторык, дасьледнік кананічнага права, археограф і бізантыст; рэпрэсаваны
- Ізраіль Вейцэр (1889—1938) — грамадзкі і палітычны дзяяч; рэпрэсаваны
ЗаўвагіРэдагаваць
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 95.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 109.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 110.
- ^ Шыдлоўскі К. Друя // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 603.
- ^ а б в Шыдлоўскі К. Друя // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 604.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 158.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ а б в Как попасть в пограничную зону, Государственный пограничный комитет Республики Беларусь
- ^ Въезд (вход), временное пребывание и передвижение в пограничной зоне, Государственный пограничный комитет Республики Беларусь
- ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 166.
- ^ Шыдлоўскі К. Друя // ЭГБ. — Менск: 1996 Т. 3. С. 299.
- ^ Шыдлоўскі К. Друя // ЭГБ. — Менск: 1996 Т. 3. С. 298.
- ^ БЭ. — Менск: 1998 Т. 6. С. 224.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.
- ^ Друя ў 1843 годзе, Westki.info
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 19.
ЛітаратураРэдагаваць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Высоцкая Н. Друя ў складзе Расійскай імперыі // Браслаўскія чытанні: матэрыялы VI-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853—1926) 7-8 мая 2003 года / рэд. К. Шыдлоўскі [і інш.]. — Браслаў, 2003. С. 15—18.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Браслаўскага р-на. — Менск: Паліграфафрмленне, 1998. — 709 с.: іл. ISBN 985-6351-03-0.
- Русецкі А. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя. — Менск, 2005.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Друя , Radzima.org
- Валянцін Жданко, «Там, дзе была царква, зрабілі прыбіральню…», Радыё Свабода 14 сьнежня 2007 г.
- «Край|BY»: Друя — занядбанае акно ў Еўропу
- Як жыве мястэчка, падзеленае паміж Беларусьсю і Латвіяй