Сталовічы

вёска ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Сталавічы»)

Стало́вічы[1], Ста́лавічы — вёска ў Беларусі, каля ракі Смалянкі. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2009 год — 758 чалавек. Знаходзіцца за 12 км на поўнач ад Баранавічаў, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Дамашэвічы (лінія Менск — Берасьце); на аўтамабільнай дарозе Гарадзішча — Баранавічы.

Сталовічы
лац. Stałovičy
Былы касьцёл Мальтыйскага ордэну
Былы касьцёл Мальтыйскага ордэну
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Баранавіцкі
Сельсавет: Сталовіцкі
Насельніцтва: 758 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 163
Паштовы індэкс: 225313
СААТА: 1204890041
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 53°12′39″ пн. ш. 26°2′8″ у. д. / 53.21083° пн. ш. 26.03556° у. д. / 53.21083; 26.03556Каардынаты: 53°12′39″ пн. ш. 26°2′8″ у. д. / 53.21083° пн. ш. 26.03556° у. д. / 53.21083; 26.03556
Сталовічы на мапе Беларусі ±
Сталовічы
Сталовічы
Сталовічы
Сталовічы
Сталовічы
Сталовічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Сталовічы — даўняе места гістарычнай Наваградчыны, колішняя рэзыдэнцыя Мальтыйскага ордэну. Да нашага часу тут захаваўся былы касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі ў выніку маскоўскай перабудовы.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Ж. К. Радзівіл

Упершыню Сталовічы (Стваловічы) упамінаюцца ў XIV ст.[2] як дзяржаўнае ўладаньне. У 1-й палове XV ст. вялікі князь Вітаўт перадаў вёску Няміру Разановічу, што сваім прывілеем ад 2 лістапада 1449 году пацьвердзіў вялікі князь Казімер. Дачка Разановіча Марыя Няміраўна пабралася шлюбам з намесьнікам брацлаўскім князем Міхаілам Васільевічам Чартарыйскім[3].

У XVI ст. Сталовічы атрымалі статус мястэчка. Паселішча ўваходзіла ў склад Наваградзкага павету і належала Мікалаю Радзівілу «Сіротку», які збудаваў тут драўляную капліцу. Ягоны сын Жыгімонт Караль у 1609 годзе заснаваў Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэну, збудаваў драўляны касьцёл. У 1639 годзе на ягоным месцы ўзьвялі мураваную капліцу. Мураваны касьцёл пачалі будаваць у 1736 годзе.

 
Бітва пад Сталавічамі

За часамі Барскай канфэдэрацыі ў 1771 годзе пад Сталовічамі адбылася буйная бітва, у якой расейцы пад камандаю Суворава разьбілі войскі Рэчы Паспалітай на чале з гетманам вялікім М. К. Агінскім. У памяць пра яе ў мястэчку паставілі валун з надпісамі па-беларуску й па-польску: «12 IX 1771 тут адбылася бітва канфэдэратаў гетмана М. К. Агінскага з войскамі А. Суворава», «Pokoj ich duszom». У 1793 годзе паселішча атрымала статус места і стала сталіцай павету.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Новы і стары касьцёлы, 1916 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сталовічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Наваградзкага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. Тут працавалі пошта, карчма, знаходзіўся вайсковы гарнізон. На 1867 год у мястэчку было 102 дамы, дзеялі касьцёл і царква.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1868 годзе годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадвага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1900 год у Сталовічах было 100 двароў, валасная ўправа, расейская народная вучэльня, 3 млыны, 2 царквы, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, карчма, некалькі крамаў; штогод праводзіліся 2 кірмашы. У пачатку XX ст. — 95 двароў; побач зь мястэчкам знаходзіўся аднайменны маёнтак (1 двор).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Сталовічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сталовічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[4]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Сталовічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Баранавіцкага павету. У гэты час тут было 116 дамоў; сумежна зь мястэчкам разьмяшчаўся аднайменны фальварак (3 дамы).

У 1939 годзе Сталовічы ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету. У Другую сусьветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1 студзеня 1998 году тут было 232 двары, на 2001 год — 289. У 2000-я гады Сталовічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 289 муж., зь іх шляхты 4, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 163, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 118, жабракоў 1[6]; 1867 год — 523 чал.[7]; 1897 год — 929 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 858 чал.; 1921 год — 678 чал.; 1939 год — 876 чал.; 1959 год — 607 чал.; 1970 год — 765 чал.; 1998 год — 699 чал.[8]; 1999 год — 662 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 671 чал.[9]; 2005 год — 639 чал.[10]; 2009 год — 758 чал.

Інфраструктура

рэдагаваць

У Сталовічах працуюць СВК, пошта, філія «Беларусбанку», дзіцячы садок, дом культуры, бібліятэка, сталоўка, крамы. Да 1953 году існавала школа, пераведзеная пазьней у пасёлак Кастрычніцкі, за 1,5 км ад Сталовічаў.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць

Паводле перапісу 1874 году, у Сталовічах існавала вуліцы Каўпеніцкая, Рынкавая і Слонімская[11].

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

У Сталовічах таксама захаваўся млын, збудаваны ў пачатку XX ст.

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 76.
  2. ^ Валахановіч А. Сталавічы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 396.
  3. ^ Дубейка В. Нашы вёскі // Наш край. 4 жніўня 1993 г.
  4. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  6. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
  7. ^ Jelski A. Stołowicze // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 364.
  8. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
  9. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 136.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006.
  11. ^ Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць