Царква Сьвятога Духа (Менск)

помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Менску
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятога Духа
Царква Сьвятога Духа
Царква Сьвятога Духа
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′14.95″ пн. ш. 27°33′24.08″ у. д. / 53.9041528° пн. ш. 27.5566889° у. д. / 53.9041528; 27.5566889Каардынаты: 53°54′14.95″ пн. ш. 27°33′24.08″ у. д. / 53.9041528° пн. ш. 27.5566889° у. д. / 53.9041528; 27.5566889
Эпархія Менская япархія 
Архітэктурны стыль готыка, рэнэсанс
Дата заснаваньня XVII ст.
Дата скасаваньня 1936
Статус Ахоўная зона
Царква Сьвятога Духа на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Духа
Царква Сьвятога Духа
Царква Сьвятога Духа
Царква Сьвятога Духа на Вікісховішчы

Царква Сьвятога Духа — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Менску, дамінанта комплексу мужчынскага і жаночага базылянскіх манастыроў. Знаходзіцца на гістарычным Высокім Рынку[a]. У архітэктуры сьвятыні спалучаюцца рысы готыкі і паўночнага рэнэсансу. Галоўны фасад упрыгожваюць нішы, у якіх раней былі фрэскі з выявамі сьвятых. Падобны сынтэз архітэктуры і малярства практычна не сустракаецца ў Эўропе і зьяўляецца адметнасьцю архітэктуры Беларусі, яе ўнёскам у агульнаэўрапейскае будаўнічае мастацтва эпохі Рэнэсансу[1][2][3].

Ад моманту пабудовы храм знаходзіўся ў юрысдыкцыі Кіеўскай уніяцкай мітраполіі. Па гвалтоўным далучэньні расейскімі ўладамі да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) двойчы перабудоўвалася ў маскоўскай стылістыцы. У 1936 року бальшавікі ўзарвалі царкву. Да нашага часу захаваліся падмуркі і крыпты з парэшткамі фундатараў[4]. У верасьні 2011 року завяршылася адбудова царквы Сьвятога Духа як дзіцячай філярмоніі[5]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Царква Сьвятога Духа на малюнку невядомага мастака, да пажару 1835 р.

Некаторыя дасьледнікі[6] мяркуюць, што мураваную царкву Сьвятога Духа збудавалі каля 1616 року. Аднак беларускі гісторык архітэктуры У. Дзянісаў паказвае на тое, што яе будаваньне вялося пазьней, у 30-я—40-я рокі XVII ст. Рэч у тым, што побач з базылянскім манастыром знаходзіўся вольны пляц «Лужына», які толькі ў 1636 року выдзялілі Сьвята-Духаўскаму манастыру дзеля будаваньня мураванага будынка царквы замест драўлянага[b]. Відаць, пабудова новай царквы стала магчымай па атрыманьні манастыром у 1634 року 2000 злотых паводле тэстамэнту заможнага полацкага месьціча[c][7].

У 1641 року з фундацыі троцкай кашталянкі Сузанны Гасеўскай побач з мужчынскім быў заснаваны яшчэ й жаночы ўніяцкі манастыр. Але вольнага месца, каб паставіць царкву манашкам, на тэрыторыі пляцу Высокі Рынак не было. Царква Сьвятога Духа, якая тады будавалася, стала супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага, што было рэдкай практыкай у сакральным дойлідзтве[8].

Мяркуецца, што ўзьвядзеньне царквы завяршылася да 1650-х рокаў[9], бо ўжо ў 1651 року ўніяцкі мітрапаліт Антон Сялява наказаў у спадчыну манастыру базылянак 20 000 злотых з адзінай умовай — быць пахаваным у царкве Сьвятога Духа[10]. Пазьней, у часе вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) царква як частка комплексу базылянскіх манастыроў выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах[d].

Як галоўны сакральны будынак на Высокім Рынку сьвятыня ўражвала сучасьнікаў сваёй пышнасьцю. Расейскі стольнік П. Талстой у 1697 року пісаў: «у гэтым манастыры царква мураваная вялікая, у якой скляпеньні ладныя, якіх мала ў мураваным дойлідзтве Польшчы»[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1795 року расейскія ўлады гвалтоўна адабралі храм ва Ўніяцкай Царквы, а ў 1799 року пераасьвяцілі яго пад Петрапаўлаўскі сабор Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы)[6]. Абмеры 1843 року паказваюць аблічча царквы, якая яшчэ захоўвала аўтэнтычныя рысы[8]. Па ліквідацыі Ўніяцкай Царквы (1839 рок) у сабор вярнулі Менскі цудатворны абраз Маці Божай[11] (захоўваўся ў царкве Сьвятога Духа ад 18 кастрычніка 1616 року[12], а па адабраньні яе ва ўніятаў абраз перанесьлі ў іншую ўніяцкую царкву).

 
Адноўленая царква Сьвятога Духа

У 1835 року адбыўся пажар, па якім царкву значна перабудавалі. Славуты дасьледнік Менску XIX стагодзьдзя Уладзіслаў Сыракомля ў 1857 року называў Петрапаўлаўскі сабор «цудоўна адноўленым»[8]. Яшчэ раз царкву перабудавалі ў 1893 року ў маскоўска-яраслаўскім стылі ў яго эклектычным і казённым прачытаньні. Такая перабудова адпавядала царскім захадам з гвалтоўнай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.

Найноўшы час

рэдагаваць

У часы змаганьня з рэлігіяй у БССР у 1930 року бальшавікі зачынілі сабор і загадалі перадаць яго арганізацыі, якая займалася нарыхтоўкай збожжа. Таго ж року ў месьце забаранілі царкоўны перазвон. У 1935 року абраз Маці Божай Менскай, што захоўваўся ў саборы, забралі ў музэйныя запасьнікі. У 1936 року выйшаў загад аб разбурэньні царквы. Стваральнікам каманды зьнішчэньня быў Пятро Грыгарэнка — у будучым генэрал, савецкі дысыдэнт і праваабаронца[8]. У другой палове траўня 1936 року (паводле іншых зьвестак, у 1937 року[9][13]) царкву ўзарвалі. Месца, дзе стаяў будынак, расчышчалі некалькі рокаў, па чым на ім уладкавалі зьвярынец[14], дэсакралізуючы такім чынам месца царквы. Менчукам 1960—1980-х гэты куток места быў вядомы як піўны бар «Ясень», мэталічны павільён якога паставілі акурат на падмуркі сьвятыні[8].

 
У панараме места. Б. Лявэрнь, 1840 р.

У 1979 року зьявіўся першы праект аднаўленьня царквы Сьвятога Духа[8]. У 2004 року мітрапаліт Філярэт (Вахрамееў) зьвярнуўся да тагачаснага старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з прапановаю збудаваць на месцы царквы Сьвятога Духа капліцы Маскоўскага патрыярхату, але яму было адмоўлена. У 2009 року пачалося аднаўленьне царквы. Праект патранаваў новы начальнік места Мікалай Ладуцька. У гэты ж час пастанавілі, што адбудаваная царква будзе выкарыстоўвацца ў якасьці дзіцячай філярмоніі[15]. 15 красавіка таго ж року група менскіх грэка-каталікоў зьвярнулася да А. Лукашэнкі з просьбай дазволіць адбудаваць гэтую сьвятыню Беларускай Грэцка-Каталіцкай Царкве[16], пад зваротам падпісаліся доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, доктар фізычна-матэматычных навук Юры Хадыка, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэтка Галіна Дубянецкая, археоляг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сваю просьбу вернікі патлумачылі тым, што на 2009 рок у Менску налічваліся чатыры грэцка-каталіцкія парафіі, але ніводная зь іх дагэтуль не атрымала дазволу ад менскіх уладаў на будаваньне ўласнай царквы.

  Вонкавыя выявы
  Раскопкі падмуркаў царквы перад аднаўленьнем (2009)

Аднак зварот не прынёс плёну. У Камітэце архітэктуры адказалі, што на месцы сьвятыні будзе будавацца дзіцячая філярмонія «з выкарыстаньнем архітэктурна-мастацкага вобразу будынка царквы Сьвятога Духа XVII ст.» Пра тое ж вялося і ў лісьце зь Менгарвыканкаму, толькі тамака дадалі, што праект мае «аднавіць будынак колішняй царквы Сьвятога Духа ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурны, а ня культавы аб’ект», які быў распрацаваны яшчэ ў 1984 року[17].

Існуе меркаваньне, што адмова дазволіць аднавіць грэцка-каталіцкую царкву тлумачыцца існаваньнем у Беларусі няпісанага правіла: бяз згоды кіроўнага архірэя Маскоўскага патрыярхату ўлада ня можа даць прадстаўнікам іншай канфэсіі згоды на будаваньне царквы (малітоўнага дома, навучальнай установы) на тэрыторыі дадзенай япархіі[18]. Гэтую думку ўскосна пацьвярджае афіцыйная пазыцыя Беларускага экзархату Маскоўскага Патрыярхату, якую агучыў адказны сакратар па сувязях з СМІ архімандрыт Аляксей[19]:

Нас вельмі зьдзіўляе пазыцыя грэка-каталікоў, якіх адзінкі ў Менску. Іхнае невуцтва, такая неімаверная вузкалобасьць і жаданьні не адпавядаюць сёньняшнім магчымасьцям. Ніхто да гэтага меркаваньня і прыслухоўвацца ня думае. <…> Але асабіста я лічу, што дзяржава павінна паказаць прыклад аднаўленьня гістарычнай і духоўнай справядлівасьці. <...> І таму калі яны хочуць на сьвятым месцы нешта аднавіць, то гэта трэба будаваць толькі храм, як гэта робіцца ўва ўсім цывілізаваным сьвеце. Аднавіць храм і вярнуць яго спрадвечнаму ўладальніку, а ўладальнікам гэтага храма была праваслаўная царква.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Нас очень удивляет позиция греко-католиков, которых единицы в Минске. Их невежество, такая невероятная узколобость и желания не соответствуют сегодняшним возможностям. Никто к этому мнению и прислушиваться не думает. <…> Но лично я считаю, что государство должно показать пример восстановления исторической и духовной справедливости. <…> И поэтому если они хотят на святом месте что-то восстановить, то это надо строить исключительно храм, как это делается во всем цивилизованном мире. Восстановить храм и вернуть его исконному владельцу, а владельцем этого храма была православная церковь.
 
Царква, абмеры 1800 р.

У 2010 року будаўнікі ў час раскопваньня падмуркаў разбурылі раней непашкоджаныя пахавальныя крыпты, дзе знайшліся парэшткі асобы ў царкоўным аблачэньні. Апроч таго, яны знайшлі і іншыя людзкія парэшткі. Дакладным гістарычным фактам зьяўляецца тое, што сярод пахаваных у царкве былі дачка канцлера Льва Сапегі ігуменьня Кацярына і кіеўскі мітрапаліт Антоні Сялява. Менскія грэка-каталікі прасілі ўлады, каб людзкія парэшткі аддалі ім для належнага ўшанаваньня і перапахаваньня. Улады абяцалі вярнуць косьці ў царкву і аднавіць крыпту, але ўрэшце парэшткі перадалі ў Акадэмію навук «для вывучэньня». У 2011 року выявілася, што людзкія парэшткі перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, якія пахавалі іх у брацкай магіле на Вайсковых могілках. На магіле паставілі маленькі крыж (на 2012 рок ляжаў зламаным) з надпісам па-расейску: «Тут спачываюць парэшткі хрысьціянаў, знойдзеныя пры будаваньні канцэртнай залі дзіцячай філярмонііі на пл. Свабоды ў Менску» (рас. Здесь покоятся останки христиан, обретенные при строительстве концертного зала детской филармонии на пл. Свободы в Минске). Беларускі гісторык Сяргей Абламейка характаразуе гэта як апаганьваньне парэшткаў вядомых постацяў беларускай гісторыі, называе падобнае стаўленьне цынізмам і гвалтам над духоўнымі каранямі беларусаў[20].

Цяпер у новым будынку разьмяшчаецца Канцэртная заля дзіцячай філярмоніі «Верхні горад», апроч таго, адміністрацыя Кастрычніцкага раёну праводзіць у ім шлюбныя цырымоніі[5]. Паводле крытэраў Міжнароднай рады па пытаньнях помнікаў і гістарычных мясьцінаў, такі аб’ект лічыцца помнікам[8]. Рэстаўратары ня здолелі аднавіць фрэскі на фасадзе і не ўвянчалі франтон крыжам.

Архітэктура

рэдагаваць
 
Аўтэнтычны выгляд комплексу. Рэканструкцыя Л. Івановай паводле матэрыялаў У. Дзянісава

Будынак царквы меў франтальнае разьмяшчэньне адносна пляцу Высокага Рынку. Сьвятыня мела шчыльны зьвязак з усім комплексам базылянскіх пабудоваў і кампазыцыяй забудовы Высокага Места. Відаць, зыходзячы з кампазыцыйных задачаў забудовы пляцу, будынак павярнулі апсыдай не на ўсход, а на паўночны ўсход. 3 правага боку да царквы далучаўся доўгі 2-павярховы дом мужчынскага манастыра. 3ь левага боку ад апсыды празь невялікую прыбудову і доўгі вузкі крыты пераход, што перагароджваў Дамініканскую вуліцу, яна злучалася з будынкам жаночага манастыра[21].

 
Царква (налева), пач. XIX ст.

Царква — 1-нэфавая бязьвежавая базыліка зь 5-граннай апсыдай, перакрытая, як паказвае Т. Габрусь, цыліндрычнымі з распалубкамі (а не крыжовымі[22], як меркаваў У. Дзянісаў[7]) скляпеньнямі, што абапіраліся на масіўныя ўнутраныя контрфорсы. У архітэктуры царквы былі элемэнты готыкі — сьцены праразаліся вялікімі сьпічастымі вокнамі. Аднак галоўны фасад меў лёгкую ярусную кампазыцыю, выкананую пад відавочным уплывам паўночнага рэнэсансу. Спалучэньне готыкі і рэнэсансу — адна з характэрных асаблівасьцяў разьвіцьця дойлідзтва Беларусі ў гэтую эпоху.

 
Царква і манастыр. Т. Крамэр, 1800 р.

Плястычная кампазыцыя галоўнага фасаду царквы будавалася на супрацьпастаўленьні працяжнаму стрыманаму паводле архітэктуры мужчынскаму манастыру. Роўніца галоўнага фасаду падзялялася чатырма пілястрамі карынфскага ордэна на тры часткі. У цэнтральнай частцы разьмяшчаўся партал. Над парталам знаходзілася паўцыліндрычнае акно, аздобленае ляпнымі ліштвамі. З бакоў разьмяшчаліся роўныя нішы такой жа формы. Тарэц даху прыкрываў прыгожы 3-ярусны шчыт крывалінейнага абрысу. Моцны прафіляваны карніз, які атачаў будынак з пэрымэтру, аддзяляў сам шчыт ад сьцяны. Цэнтральная вось вылучалася некалькімі лучковымі аконнымі праёмамі і завяршалася аркавай нішай. Тонкі графічны малюнак шчыта дапаўнялі пінаклі.

Прастору паміж пілястрамі шчыта і роўныя аркавыя нішы запаўнялі фрэскі з выявамі сьвятых. Аналягічны прыём сынтэзу архітэктуры і манумэнтальна-дэкаратыўнага малярства ў сакральнай архітэктуры зьяўляецца спэцыфікай дойлідзтва Беларусі ў эпоху Рэнэсансу[23]. Дасьледніцы гісторыі беларускай архітэктуры І. Слюнькова і Т. Габрусь зазначаюць, што такім чынам галоўны фасад царквы імітаваў традыцыйны іканастас[22].

Інтэр’ер упрыгожвалі 5 драўляных і мураваных разных алтароў з маляўнічымі кампазыцыямі. У галоўным алтары знаходзіўся Менскі абраз Маці Божай. На хорах стаяў арган (майстар Людвіг Клімовіч, 1779). У 2-й палове XVIII ст. інтэр’еры рэканструявалі (майстры муляр Рыгор Сьніджэцкі, мазаічнік Ян Будрэвіч)[24].

У XIX ст., па адабраньні сьвятыні ў грэка-каталікоў, абрыс галоўнага фасаду значна сказілі перабудовамі. Спачатку да яе дабудавалі бабінец з калёнамі, пазьней да паўночнага фасаду прыбудавалі безаблічны паводле архітэктуры жылы дом з крамамі.

У 1840-я рокі (паводле іншых зьвестак, у 1880-я[10]) царкву перабудавалі да непазнавальнасьці. Да галоўнага фасаду прыбудавалі званіцу, завершаную ўверсе дзьвюма невялікімі вежамі. Частку скляпеньняў разабралі, а на гэтым месцы дабудавалі купал на 4-гранным барабане. У гэты ж час зьнесьлі галерэю, якая злучала царкву з будынкам былога жаночага манастыра[25].

 
Царква па перабудове 1840-х рр.

Паводле праекту 1893 року, царкву перабудавалі яшчэ раз, у выніку чаго яна набыла рысы маскоўска-яраслаўскага дойлідзтва XVII ст. З 1-нэфавага будынак стаў 3-нэфавым. Над галоўным фасадам узьвялі 2-ярусную (васьмярык на чацьвярык) шатровую званіцу з купалам-цыбулінай. З бакоў над ёй узвышаліся 2 купалы-цыбуліны на каскадах какошнікаў у аснове. Галоўны фасад атрымаў выгляд вялікага аркавага пэрспэктыўнага парталу, верхні рад аркавых аконных праёмаў аздаблялі фігурныя кілепадобныя ліштвы. Архітэктура царквы вызначалася насычаным цагляным дэкорам, пазычаным з маскоўскага царкоўнага дойлідзтва XVII—XVIII стагодзьдзяў. Над будынкам надбудавалі магутны 4-гранны аб’ём, завершаны пяцікупальлем. Зь левага боку да трапэзнай далучалася 4-гранная шатровая капліца[26].

Мастацкае афармленьне інтэр’еру ўлучала арнамэнтальную размалёўку падпружных арак, выявы сьвятых і анёлаў на купале, пілёнах і пілястрах, на консе апсыды. Падлогу выклалі белымі мармуровымі плітамі. Галоўны 4-ярусны іканастас (1870) быў насычаны архітэктурнымі абломамі і накладной арнамэнтальнай разьбой, скульптурамі хэрувімаў. На разных пазалачоных царскіх варотах былі 4 выявы эвангелістаў. На горным месцы апсыды разьмяшчаўся абраз «Збаўца» (копія знакамітага абраза К. Брулова). Асабліва шанаваўся абраз Маці Божай Менскай, які ў 1852 року ўпрыгожылі новай срэбнай рызай з каштоўнымі каменьнямі[26].

Да перабудоваў

рэдагаваць

Па першай перабудове

рэдагаваць

Па другой перабудове

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
 
Здымак С. Пракудзіна-Горскага, 1912 р.
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Свабоды, 23а
  2. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 178.
  3. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 137.
  4. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 201.
  1. ^ Квитницкая Е. Д. Особенности средневековых храмов Белоруссии // «Архитектурное наследство» № 23, 1975. С. 85.
  2. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 60.
  3. ^ а б Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 68.
  4. ^ Груздаў В. Пры аднаўленні царквы Святога Духа знайшлі крыпты з парэшткамі фундатараў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 верасьня 2009 г.
  5. ^ а б Як у Мінску аднавілі царкву Святога Духа 1636 года (фотафакт). Эўрапейскае радыё для Беларусі (5 верасьня 2011). Праверана 11 лістапада 2011 г.
  6. ^ а б Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 43.
  7. ^ а б Дзянісаў У. Комплекс уніяцкіх кляштароў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 334.
  8. ^ а б в г д е ё Дзярновіч А. (10 лістапада 2011) Энцыклапедыя Мінска. Царква Святога Духа. «Наша Ніва». Праверана 11 лістапада 2011 г.
  9. ^ а б Дзянісаў У. Комплекс базыльянскіх манастыроў у Мінску // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. — Менск: Навука і тэхніка, 1984.
  10. ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 117.
  11. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 78.
  12. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 303.
  13. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 300.
  14. ^ а б Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 83.
  15. ^ Журавіна Г. У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Святога Духа // «Наша Ніва», 14 красавіка 2009 г.
  16. ^ Зварот мінскіх грэка-каталікоў да прэзідэнта, Arche, 15 красавіка 2009 г.
  17. ^ Мінскія будоўлі — 3: Дзіцячая філармонія а-la Царква Святога Духа(недаступная спасылка), Наша Ніва, 10 сьнежня 2009 г.
  18. ^ Пінчук П. Тэст на талерантнасць даў адмоўны вынік, або З бальшавіцкім падыходам // «Arche», 16 чэрвеня 2009 г.
  19. ^ Филармония им. Святого Духа(недаступная спасылка), «Ежедневник», 29 траўня 2009 г.
  20. ^ Абламейка С. Кананізацыя Сямашкі. Скон народу-2 // Радыё Свабода, 17 траўня 2012 г.
  21. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 59.
  22. ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 118.
  23. ^ Дзянісаў У. Комплекс уніяцкіх кляштароў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 335.
  24. ^ Дзянісаў У., Іванова Л., Кукуня В. Менскі Святадухаўскі манастыр базыльян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 297.
  25. ^ Дзянісаў У. Комплекс уніяцкіх кляштароў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 336.
  26. ^ а б Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 269.
  27. ^ Карней І. Рэстаўратары страцілі парэшткі Кацярыны Сапегі? // «Радыё Свабода», 16 кастрычніка 2009 г.
  28. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 76.
  29. ^ Прыватны дзёньнік: Сяргей Харэўскі, Радыё Свабода, 20 жніўня 2004 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Дзянісаў У. Комплекс базыльянскіх манастыроў у Мінску // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. — Менск: Навука і тэхніка, 1984.
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
  • Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. ШыбекіМенск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000238