Фара Вітаўта (Горадня)

Рэканструкцыя знешняга выгляду, к. XVI ст.
Чарцёж Фары Вітаўта, 1803

Касьцёл Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і, больш вядомы як Фа́ра Ві́таўта — рымска-каталіцкі храм у Горадні. Збудаваны ў гатычным стылі, у далейшым зазнаў перабудовы ў стылях рэнэсансу, барока, псэўдарускім і нэагатычным. Відаць, з прычыны сваёй моцнай сымбалічнасьці касьцёл быў ўзарваны савецкімі ўладамі.

ГісторыяРэдагаваць

 
Выява фары Вітаўта на гравюры Адэльгаўзэна і Цюнта, 1568
 
Фара Вітаўта, перабудаваная Антоніем Дзікрыпам, Т.Макоўскі, 1600
  • 1804 — касьцёл перададзены пад праваслаўную царкву.
  • 1807 — адрамантаваны ў стылі клясыцызму храм і пераасьвячоны ў сабор Сьвятой Сафіі.
  • 1870 — адрамантаваны архітэктарам Гур’евым.
  • 9 траўня 1892 — моцна пашкоджаны пажарам, у выніку чаго абваліліся скляпеньні.
  • 18961899 — рэканструяваны архітэктарам М. Чагіным ў псэўдарускім стылі.
  • 1919 — вернуты каталікам, выкарыстоўваўся як гарнізонны касьцёл.
  • 1923 — перабудаваны пасьля пажару архітэктарам В. Гэнбэргам.
  • 1935 — ізноў здарыўся пажар, што прывяло да новай рэканструкцыі (архітэктар А.Сасноўскі).
  • 29 лістапада 1961 — узарваны савецкімі ўладамі.

АрхітэктураРэдагаваць

 
Фара Вітаўта, перабудаваная ў псэўдарускім стылі, канец ХІХ

Драўляны храмРэдагаваць

Збудаваны Вітаўтам драўляны фарны касьцёл месьціўся на заходнім баку Старога рынка ля вуліцы Замкавай. Ягоны выгляд нам вядомы дзякуючы гравюры Адэльгаўзэна і Цюнта. Згодна з гэтай графічнай крыніцай, парафіяльны касьцёл уяўляў сабой аднанэфавы будынак з двухскатным дахам, да якога з паўднёвага боку прымыкала званіца. Храм неаднаразова перабудоўваўся з ініцыятывы Вялікага князя Аляксандра і каралевы Боны, аднак аб характары зьмяненьняў яго аб’ёмна-пляніровачнай структуры няма дакладных сьведчаньняў.

Мураваны храмРэдагаваць

У 1584—1587 гг. побач з драўляным храмам з ініцыятывы караля Стэфана Баторыя быў узьведзены велічны мураваны касьцёл. Праўдападобна, архітэктарамі зьяўляліся езуіт Ян Марыя Бэрнардоні і прыдворны архітэктар Юзаф Ройтэн, а будаўнічымі працамі кіраваў Антоні Дзікрап.

Гравюра Томаша Макоўскага 1600 год схематычна перадае выгляд храма амаль адразу пасьля завяршэньня яго ўзьвядзеньня. Маньерыстычны храм з моцнымі гатычнымі рысамі стаяў на пагорку ля рынкавай плошчы, да якой быў зьвернуты апсыдай. Трохнэфны васьміслуповы храм з гранёнай апсыдай прэзьбітэрыя і закрыстыяй з паўночнага боку быў накрыты высокім сьпільчастым дахам, што ўласьціва готыцы. Нэфы храма былі перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі, прычым цэнтральны быў крыху вышэйшы за бакавыя. Вышынную дынаміку храма падкрэсьлівала шматярусная вежа на галоўным фасадзе з завяршэньнем у выглядзе рэнэсанснага мэталічнага купала. Вонкавыя сьцены каталікону ўмацаваныя контрфорсамі ў выглядзе пілястраў, між якімі перакінуты лучковыя аркі, якія разам з контрфорсамі ўтварылі своеасаблівую рэнэсансную аркаду. Вокны храма мелі стральчатую форму, што ўласьціва архітэктуры готыцы.

Праўдападобна, мастацкае вырашэньне зьнешніх сьценаў храма грунтавалася на кантрастным спалучэньні чырвонага колеру адкрытай муроўкі і белага колеру атынкаваных пілястраў. Гэта вельмі характэрны дэкаратыўны прыём для готыкі Вялікага княства (падобная апрацоўка захавалася, прыкладам, у Мірскім замку ці Мураванкаўскай царкве). Пазьней сьцены былі атынкаваны цалкам.

Некаторыя паверхі вежы мелі баявыя байніцы, што, верагодна, зьяўляецца ўплывам моцнай традыцыі абарончага храмабудаўніцтва ў ВКЛ.

Перабудова ў царквуРэдагаваць

 
Фара Вітаўта, 1915

Першая перабудова ў пачатку ХІХ стагодзьдзя кардынальна не закранула структуру храма. Касьцёл набыў рысы клясыцызму: завяршэньне вежы атрымала форму высокага шатра з гранёнай вежачкай, па бакох храма былі прыбудаваны нізкія прыдзелы.

Другая рэканструкцыя пасьля моцнага пажару 1892 году амаль да непазнавальнасьці зьмяніла храм. Храм быў адбудаваны ў псэўдарускім стылі па праекце М. М. Чагіна. Над дахам паўстала традыцыйная кампазыцыя зь пяці вежачак з цыбулепадобным завяршэньнем, вежа пераўтворана ў званіцу з шатровым дахам, фасады былі апрацаваны элемэнтамі псэўдарускага стылю: какошнікамі, броўкамі, парэбрыкам і г. д.

Нэагатычная рэканструкцыяРэдагаваць

Файл:Church of Vitaut Horadnia05.jpeg
Касьцёл рэстаўраваны ў стылі нэаготыкі, канец 1930-х

Зь пераходам улады ў Заходняй Беларусі і Горадні да палякаў, касьцёл быў вернуты каталікам і перададзены пад гарнізонны храм. Даволі хутка адбылася рэканструкцыя, у выніку якой быў адноўлены высокі сьпічасты дах, вежа была завершана сьціплым шатровым завяршэньнем.

ЗьнішчэньнеРэдагаваць

8 сакавіка 1961 году выканкам Гарадзенскага гарсавету дэпутатаў працоўных прыняў рашэньне №213 «Аб зносе аварыйнага будынка былога ваеннага касьцёла на Савецкай плошчы». Мэтазгоднасьць абгрунтоўвалася «генэральнай забудоўкай горада». Брыгада падрыўнікоў зь «Ленвыбухпрама» (Ленінград) на працягу двух дзён мініравала так званы «аварыйны» касьцёл з магутнымі сьценамі ў 1,5 мэтры. Выкарыстана было 2 тоны выбуховага рэчыва.

А 2-й гадзіне ночы з 28 на 29 лістапада 1961 году вайсковыя сапёры і супрацоўнікі КДБ выканалі загад. Вялізную гару абломкаў прыбралі за 2 дні[1].

ЛітаратураРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Фара Вітаўта (Горадня)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў