Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў (Вільня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў
| |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′39.53″ пн. ш. 25°17′18.75″ у. д. / 54.6776472° пн. ш. 25.2885417° у. д.Каардынаты: 54°40′39.53″ пн. ш. 25°17′18.75″ у. д. / 54.6776472° пн. ш. 25.2885417° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Архідыяцэзія Вільнюса[d] |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | 1604 |
Сайт | kazimiero.lt/index.php?o… |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Вялікай вуліцы[a]. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1773 году. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Комплекс Віленскага езуіцкага кляштару складаецца з касьцёла і кляштарнага корпуса. Купал касьцёла — першы і найбольшы ў архітэктуры Вільні[1].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗакладаньне мураваных езуіцкага касьцёла і кляштару (дома прафэсараў) на Вялікай вуліцы адбылося ў ходзе ўрачыстасьцяў з кананізацыі Сьвятога Казімера 4 сакавіка 1604 году. Асноўнымі фундатарамі касьцёла былі Жыгімонт Ваза і Леў Сапега, кляштару — Сапегі і Гасеўскія. Плян касьцёла прывезьлі з Рыму, нагляд за будаваньнем ажыцьцяўляў архітэктар Ян Франкевіч. У падмурак касьцёла пры ўрачыстым набажэнстве паклалі вялікі камень, знойдзены на Антокальскіх гарах, адкуль яго прыцягнулі сямсот віленскіх мяшчанаў-каталікоў. Наперадзе працэсіі ішлі найвышэйшыя ўраднікі на чале зь канцлерам Львом Сапегам[2].
Будаваньне касьцёла скончылася да 1609 году. Аднак у 1610 годзе ён пацярпеў ад пажару, па чым аднаўленьне ішло да 1616 году. Аздабленьне інтэр’еру завяршылася ў 1618 годзе, будаваньне кляштару — у 1624 годзе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе касьцёл спалілі маскоўскія захопнікі. Па выгнаньні акупантаў яго аднавілі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе касьцёл пацярпеў ад пажару. Пажар 1749 году зьнішчыў інтэр’ер касьцёла, абваліліся перакрыцьці купала. У 1750—1755 гадох фасады, купал і алтары рэканструяваў архітэктар Тамаш Жаброўскі ў стылі віленскага барока.
З скасаваньнем ордэна езуітаў у 1773 годзе касьцёл перайшоў да ксяндзоў-эмэрытаў. У час паўстаньня 1794 году палкоўнік Якуб Ясінскі трымаў у касьцёле 1013 расейскіх палонных.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць, а ў 1799 годзе стаў парафіяльным. У вайну 1812 году францускія войскі выкарыстоўвалі яго як склад збожжа, чым учынілі значную шкоду. У 1814[3] або, паводле іншых зьвестак, у 1815 годзе касьцёл узялі пад сваю апеку і аднавілі манахі-місіянэры.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, а ў 1834—1837 гадох дзеля рэканструкцыі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) зьнішчылі 10 алтароў і амбон работы Яна Гляўбіца. У верасьні 1840 году саборную царкву асьвяціў Ёсіф (Сямашка).
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864—1868 гадох расейскі архітэктар Мікалай Чагін зьнявечыў мастацкае аблічча касьцёла маскоўскай перабудовай. У касьцёле зьнішчылі хоры і надмагільны помнік гетмана польнага Вінцэнта Гасеўскага. Кляштар прыстасавалі пад кашары. 22 кастрычніка 1867 году па сканчэньні перабудовы адбылося асьвячэньне саборнай царквы[4].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе па заняцьці места войскамі Нямецкай імпэрыі ў касьцёле разьмясьцілася гарнізонная пратэстанцкая царква.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1917 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У 1922—1925 гадох праводзілася адбудаваньне хораў, аднаўленьне інтэр’еру.
У час Другой сусьветнай вайны цэнтральная і сярэдняя вежы фасаду атрымалі значныя пашкоджаньні. У 1942—1944 гадох цэнтральную вежу аднавілі паводле праекту архітэктара Ёнаса Мулокаса. Па вайне ў 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У 1955—1957 гадох тут разьмяшчаўся музэй атэізму. У 1965 годзе будынак адрэстаўравалі.
3 сакавіка 1991 году адбылося асьвячэньне касьцёла, вернутага каталікам.
Архітэктура
рэдагавацьКасьцёл — помнік архітэктуры віленскага барока. Гэта 3-нэфавая крыжова-купальная базыліка. Купал дыямэтрам 17 мэтраў на скрыжаваньні цэнтральнага нэфу і трансэпту завяршаецца ліхтаром з княскай каронай. Вышыня галоўнага нэфу разам з купалам складае 58 мэтраў. Дзьве высокія вежы галоўнага фасаду адрозьніваюць касьцёл ад рымскага прататыпу. Прыбудаваны ў 1755 годзе прытвор дадае разнастайнасьць у суровыя і ляканічныя формы касьцёла. Пілястры і складана прафіляваны карніз сьценаў ствараюць уражаньне мастацкай цэласнасьці. У магутных контрфорсах бакавых фасадаў, круглых вежах абапал прэзьбітэрыюму, дэкоры скляпеньняў закрысьціі праглядаюцца традыцыі готыкі і позьняга рэнэсансу (маньерызму).
Цэнтральны нэф перакрываецца паўцыркульным скляпеньнем на падпружных арках, з распалубкамі. Бакавыя, моцна павужаныя нэфы падзяляюцца на капліцы на ўзор касьцёла Іль-Джэзу ў Рыме. Захаваліся арыгінальныя алтары, выкананыя Тамашом Жаброўскім[5]. Інтэр’ер аздабляюць алтарныя карціны Шымана Чаховіча і Францішка Смуглевіча[6].
У касьцёле вісяць мэмарыяльныя шыльда ў гонар Сьвятога Андрэя Баболі, які служыў тут у 1624—1630 і 1646—1652 гадох, архітэктара Ёнаса Мулокаса, біскупа Юліёнаса Сьцяпанавічуса.
Пад алтарнай часткай знаходзіцца крыпта, у якой захоўваюцца парэшткі Сьвятога Андрэя Баболі. Сьцены крыпты аздабляюцца рэлігійнымі росьпісамі і надпісамі на лацінскай мове.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
Ю. Пешка, 1808 г.
-
Ю. Пешка, 1808 г.
-
1832 г.
-
1832 г.
-
Ю. Азямблоўскі, 1834 г.
-
М. Янушэвіч, 1836 г.
-
1837 г.
-
1839—1840 гг.
-
1840 г.
-
1840 г.
-
М. Залескі, каля 1846 г.
-
XIX ст.
-
Н. Брэзэ, XIX ст.
-
Па маскоўскай перабудове. К. Альбрэхт, 1915 г.
-
Г. Штрук, 1916 г.
-
Ф. Краўзэ, 1916 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1860-я гг.
-
1863 г.
-
Па маскоўскай перабудове, 1870-я гг.
-
Ю. Чаховіч, 1872—1875 гг.
-
С. Флёры, 1896 г.
-
М. Буткоўскі, 1896—1914 гг.
-
каля 1900 г.
-
да 1915 г.
-
да 1915 г.
-
Я. Булгак, 1914 г.
-
1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
Я. Булгак, 1916 г.
-
Я. Булгак, да 1926 г.
-
Л. Высоцкі, 1925 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад касьцёла
-
Купал
-
З боку апсыды
-
Інтэр’ер касьцёла
-
Галоўны і бочны алтары
-
Хоры
-
Двор кляштару
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Афіцыйны адрас — Didžioji g. 34
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Папшис А. Вильнюс. — Вильнюс, 1977. С. 57.
- ^ Виноградов А. А. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. — Вильна, 1908. С. 74—75.
- ^ Виноградов А. А. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. — Вильна, 1908. С. 75.
- ^ Виноградов А. А. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. — Вильна, 1908. С. 78.
- ^ Wałejko K. Praktyczny przewodnik po Wilnie / red. ks. M. Borysiak, A. Franko, I. Jutkiewicz, K. Jutkiewicz. — Suwałki, 2003. S. 88—89.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 422.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4