Венскі кангрэс
Венскі кангрэс 1814—1815 гадоў — канфэрэнцыя прадстаўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў пад старшынствам эўрапейскага дыплямата Клемэнса Вэнцэля фон Мэтэрніха, якая праходзіла зь верасьня 1814 па чэрвень 1815. Мэтай паседжаньня было ўрэгуляваньне шматлікіх спрэчных пытаньняў, якія ўзьніклі пасьля францускіх рэвалюцыйных войнаў, напалеонаўскіх войнаў і распаду Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. Вынікам кангрэсу стала зьмена палітычнай мапы Эўропы, зацьвярджэньне граніцаў Францыі, напалеонаўскага герцагства Варшаўскага, Нідэрляндаў, калярайнскіх княстваў, нямецкіх правінцыяў Саксоніі, шматлікіх італьянскіх тэрыторыяў, а таксама, ініцыявала стварэньне сфэры ўплываў, празь якую Францыя, Аўстрыя, Расея і Брытанія ўладжвалі лякальныя і рэгіянальныя канфлікты. Пазьней Венскі кангрэс паслужыў мадэльлю для Лігі Нацыяў і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з-за сваёй скіраванасьці да дасягненьня агульнай пазыцыі ўсімі зацікаўленымі бакамі.
Непасрэднай перадпасылкай скліканьня кангрэсу паслужыла параза і капітуляцыя напалеонаўскай Францыі ў траўні 1814, што паклала канец амаль дваццаціпяцігадовай бесьперапыннай вайне. Перамовы працягваліся нягледзячы на выбух паўстаньня, ініцыяванага драматычным вяртаньнем Напалеона з Эльбы і аднаўленьнем улады ў Францыі цягам Ста Дзён сакавіка-ліпеня 1815 году. Заключны акт Венскага кангрэсу быў падпісаны за дзевяць дзён да фінальнай паразы Напалеона пад Ватэрло 18 чэрвеня 1815 году.
Удзельнікі
рэдагавацьЧатыры Вялікія дзяржавы і Прусія
- Аўстрыя дэлегавала Клемэнса Вэнцэля фон Мэтэрніха, міністра замежных справаў, і яго намесьніка, барона Ёгана фон Васэнбэрга. Імпэратар Аўстрыі Франц II прысутнічаў таксама.
- Вялікабрытанія дэлегавала спачатку міністра замежных справаў Робэрта Сьцюарта Каслры; пазьней Артура Ўэлслі Вэлінгтона, пасьля ад’езду Каслры назад у Англію ў лютым 1815; і апошнімі тыднямі Вялікабрытанію прадстаўляў Рычард Трэнч Кланкарці, пасьля таго, як Вэлінгтан зьехаў змагацца з Напалеонам цягам Ста Дзён.
- Расея дэлегавала князя Карла Робэрта Нэсэльродэ.
- Прусія дэлегавала канцлера Карла Аўгуста фон Гардэнбэрга і дыплямата і навукоўца Вільгельма фон Гумбальдта. Кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм III таксама быў у Вене, іграючы ў перамовах збольшага кулуарную ролю.
- Францыя дэлегавала міністра замежных справаў Шарля Марыса дэ Талейран-Пэрыґора разам з упаўнаважаным міністрам Эмэрыхам Ёзафам Дальбэргам.
Рашэньні
рэдагавацьКангрэс санкцыянаваў уключэньне ў склад новага каралеўства Нідэрлянды тэрыторыі Аўстрыйскіх Нідэрляндаў (сучасная Бэльгія), аднак усе астатнія ўладаньні Аўстрыі вярнуліся пад кантроль Габсбургаў, у тым ліку Лямбардыя, Вэнэцыянская вобласьць, Таскана, Парма й Тыроль. Прусіі дасталася частка Саксоніі, значная тэрыторыя Вэстфаліі й Райнскай вобласьці. Данія, былая саюзьніца Францыі, пазбавілася Нарвэгіі, перададзенай Швэцыі. У Італіі была адноўленая ўлада папы рымскага над Ватыканам і Папскай вобласьцю, а Бурбонам вярнулі Каралеўства Абедзьвюх Сіцыліяў. Быў таксама створаны Нямецкі саюз. Частка створанага Напалеонам Герцагства варшаўскага ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі пад назвай Царства Польскае, а расейскі імпэратар станавіўся й польскім каралём.