Паўночная Амэрыка

кантынэнт

Паўно́чная Амэ́рыка — адзін з шасьці кантынэнтаў Зямлі, знаходзіцца ў заходнім паўшар’і, паміж Ціхім і Атлянтычным акіянамі. Аддзелены ад Азіі пратокай Берынга, ад Паўднёвай Амэрыкі Панамскім каналам. Паўднёвая частка кантынэнта адносіцца да Лацінскай Амэрыкі. Плошча кантынэнту складае 24,2 млн км², а колькасьць жыхароў ёсьць роўным 493 млн чалавек, паводле зьвестак на 2001 год.

Паўночная Амэрыка з космасу.

Даўжыня з поўначы на поўдзень — 7,2 тысячаў кілямэтраў, з захаду на ўсход — 6,8 тысячы кілямэтраў, даўжыня берагавой лініі — 75,5 тысячы кілямэтраў. Найвялікшыя паўвостравы: Лябрадор, Флорыда, Каліфорнія. Да Паўночнай Амэрыкі адносяць астравы: Грэнляндыя, Зямля Бафіна, Куба. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора — 677 мэтраў, найвышэйшы пункт знаходзіцца ў Кардыльерах (г. Дэналі, 6194 м), найніжэйшы пункт — ў Даліне Сьмерці (ніжэй за 86 мэтраў ад узроўню акіяну). Больш за 64% паверхні ляжыць вышэй за 300 мэтраў; уздоўж заходняга ўзьбярэжжа знаходзяцца Кардыльеры (сейсьмічна актыўныя). На ўсход ад іх цягнецца Вялікая Роўнядзь, далей на ўсход Апалачы і нізіннае ўсходняе ўзьбярэжжа. Галоўныя рэкі: Місысыпі, Місуры, Макензі, Юкон; азёры: Верхняе, Гурон, Мічыган, Вялікае Мядзьведжае, Эйры. На поўначы кантынэнта тундра, іглістыя лясы якія пераходзяць у мяшаныя і шыракаліставыя лясы, у цэнтральнай частцы кантынэнту — прэрыі, на паўднёвым захадзе — пустэльні і паўпустэльні. У Кардыльерах знаходзяцца горныя іглістыя лясы і альпійскія лугі; на ўзьбярэжжах Цэнтральнай Амэрыкі — роўнядзевыя лясы. Фаўна прадстаўленая вельмі шырока: паўночны алень, віргінскі алень, мядзьведзі (грызлі, барыбал), бізоны і г. д. У Паўночнай Амэрыцы жыве 8% чалавецтва (эўрапэоіды, нэгроіды і індзейцы), значныя абшары кантынэнта бязьлюдныя (Паўночная Канада, Грэнляндыя), найбольш населеныя Бэрмуды і паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа ЗША. Гарадзкое насельніцтва складае каля 75%. Найбуйнейшыя гарады Паўночнай Амэрыкі — Мэхіка (15,3 млн чал.), Нью-Ёрк (7,4 млн чал.) і Лос-Анджэлес (3,6 млн чал.).

Дзякуючы калянізацыі Амэрыкі жыхарамі Эўропы большасьць насельнікаў кантынэнту размаўляюць на эўрапейскіх мовах, як то на ангельскай, на гішпанскай або францускай, а культуры дзяржаваў звычайна маюць заходнія традыцыі.

Геаграфія рэдагаваць

 
Возера Марэйн у нацыянальным парку Банф.

Паўночная Амэрыка злучаная з Паўднёвай праз Панамскі пярэсмык. Кантынэнт разьмежаваны на паўднёвым усходзе згодна зь меркаваньнем большасьці географаў на водападзеле Дарыену ўздоўж мяжы паміж Калюмбіяй і Панамай, размяшчаючы амаль усю Панаму ў межах Паўночнай Амэрыкі[1][2]. У якасьці альтэрнатывы некаторыя геолягі фізыяграфічна разьмяшчаюць паўднёвую мяжу кантынэнту на пярэсмыку Тэўантэпэк, што месьціцца ў Мэксыцы. З гэтага пункту Цэнтральная Амэрыка пераходзіць у Паўднёвую[3]. Карыбскія астравы лічацца часткай Паўночнае Амэрыкі. Мацерыковая берагавая лінія доўгая і нерэгулярная. Мэксыканская затока зьяўляецца найбуйнейшым вадаёмам, якая абставае кантынэнт, другое месца займае Гудзонава затока, якая таксама датычная да Паўночнае Амэрыкі. Таксама, даволі вялікімі зьяўляююца затока Сьвятога Ляўрэнція і Каліфарнійская затока. Да ўтварэньня цэнтральнаамэрыканскага пярэсмыку, рэгіён апынуўся пад вадой. Карыбскія астравы зьяўляліся часткай былога сухаземнага мосту, які злучаў Паўночную і Паўднёвую Амэрыку праз сучасныя Флорыду і Вэнэсуэлу.

Ля берагоў кантынэнту месьцяцца шматлікія астравы, галоўным чынам, Арктычны архіпэляг, Багамскія астравы, Тэркс і Кэйкас, Вялікія і Малыя Антыльскія астравы, Алеўцкія астравы, архіпэляг Аляксандра, шматлікія астравы ўзьбярэжжа Брытанскае Калумбіі і востраў Ньюфаўндлэнд. Грэнляндыя, якая зьяўляецца самакіравальным востравам Даніі і самым вялікім востравам у сьвеце, знаходзіцца на той жа тэктанічнай пліце і, такім чынам, геаграфічна зьяўляецца часткай Паўночнае Амэрыкі. У геалягічным сэнсе Бэрмудзкія астравы ня ёсьць часткай Амэрыкі, а зьяўляюцца акіянічнымі астравамі, якія ўтварыліся на расколіне Сярэдня-Атлянтычнага сьцягу больш за 100 мільёнаў гадоў таму. Найбліжэйшая да іх сухаземная тэрыторыя — мыс Гатэрас, які знаходзіцца ў Паўночнай Караліне, ЗША. Не зважаючы на гэта, Бэрмуды часта лічаць часткай Паўночнае Амэрыкі, асабліва з улікам ейных гістарычных, палітычных і культурных сувязей з ЗША і іншымі часткамі кантынэнту.

Да ўтварэньня цэнтральнаамэрыканскага пярэсмыку гэты рэгіён месьціўся пад вадой. Астравы Карыбскага мора акрэсьліваюць падводны былое сухаземнае злучэньне, якое лучыла Паўночную і Паўднёвую Амэрыку праз сучасныя Флорыду і Вэнэсуэлу.

Геалёгія рэдагаваць

Былы старажытны мацярык Ляўрэнцыя складае геалягічнае ядро ​​Паўночнае Амэрыкі. Ён утварыўся паміж 1—1,5 мільярдаў гадоў таму ў пратэразойскім эоне[4]. Канадзкі шчыт ёсьць самым вялікім агаленьнем гэтага кратону. Ад позняга палеазою да раньняга мэзазою Паўночная Амэрыка лучылася зь іншымі сучаснымі кантынэнтамі ў складзе супэркантынэнту Пангея з Эўразіяй на ўсходзе. Адным з вынікаў фармаваньня Пангеі сталі Апалачы, якія ўтварыліся каля 480 мільёнаў гадоў таму, што робіць яго адным з найстарэйшых горных сьцягаў сьвету. Калі каля 200 мільёнаў гадоў таму Пангея пачала разбурацца, Паўночная Амэрыка сталася часткай Ляўразіі, перш чым яна аддзялілася ад Эўразіі як асобны кантынэнт у сярэдзіне крэйдавага пэрыяду. Скалістыя горы і іншыя заходнія горныя сьцягі пачалі фармавацца прыкладна ў гэты час з пэрыяду горабудаваньня пад назвай Лярамідава складкаватасьць, паміж 55 і 80 мільёнаў гадоў таму. Фармаваньне Панамскага пярэсмыка, які злучаў кантынэнт з Паўднёвай Амэрыкай, магчыма, адбылося прыкладна ад 12 да 15 мільёнаў гадоў таму[5], а Вялікія азёры зьявіліся дзякуючы адыходу ледавікоў, якія высяклі азёрнае дно каля 10 тысяч гадоў таму.

Пераважная большасьць Паўночнай Амэрыкі месьціцца на Паўночнаамэрыканскае пліце. Часткі заходняе Мэксыкі, у тым ліку Ніжняя Каліфорнія і Каліфорнія, у тым ліку гарады Сан-Дыега, Лос-Анджэлес і Санта-Крус, ляжаць на ўсходнім ускрайку Ціхаакіянскае пліты, а дзьве пліты сустракаюцца па разломе Сан-Андрэас. Самая паўднёвая частка кантынэнту і большая частка Карыбскіх астравоў ляжаць на Карыбскае пліце, у той час як пліты Хуан-дэ-Фука і Какос мяжуюць з Паўночнаамэрыканскай плітой на ейнае заходняе мяжы.

Краіны рэдагаваць

У Паўночнай Амэрыцы на сёньня цалкам знаходзіцца 26 краінаў і 17 залежных тэрыторыяў. Насельніцтва кантынэнту складае каля 541 мільёну чалавек.

Частка Герб Краіна Плошча (км²) Насельніцтва Сталіца
Паўночная     Грэнляндыя (залежная тэрыторыя Даніі) 2166086 56562 Нук
    Злучаныя Штаты Амэрыкі [a] 9833517 332612846 Вашынгтон
    Канада 9984670 38645131 Атава
    Мэксыка 1964375 127996051 Мэхіка
Цэнтральная     Бэліз 22966 430191 Бэльмапан
    Гандурас 112492 9546178 Тэгусыгальпа
    Гватэмала 108889 17109746 Гватэмала
    Коста-Рыка 51100 5163038 Сан-Хасэ
    Нікарагуа 130373 6595674 Манагуа
    Панама 75417 4278500 Панама
    Сальвадор 21041 6825935 Сан-Сальвадор
Карыбская     Ангілья (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) 91 15000 Вэлі
    Амэрыканскія Віргінскія астравы (залежная тэрыторыя ЗША) 347 87146 Шарлот Амалія
    Антыгуа і Барбуда 442 99337 Сэнт-Джонз
    Аруба (залежная тэрыторыя Нідэрляндаў) 180 111050 Араньестад
    Багамы 13943 393450 Насаў
    Барбадас 430 288000 Брыджтаўн
    Бэрмудзкія астравы (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) 54 64055 Гамільтан
    Брытанскія Віргінскія астравы (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) 151 30000 Роўд Таўн
    Гаіці 27750 11743017 Порт-о-Прэнс
    Гвадэлюпа (залежная тэрыторыя Францыі) 1628 399848 Бас-Тэр
    Грэнада 344 113000 Сэнт Джорджэс
    Дамініка 751 72000 Разо
    Дамініканская Рэспубліка 48671 10535535 Санта-Дамінга
    Кайманавы астравы (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) 264 65786 Джордж Таўн
    Куба 109884 11181595 Гавана
    Кюрасао (залежная тэрыторыя Нідэрляндаў) 444 153671 Вілемстад
    Мансэрат (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) 102 5000 Плімут
    Мартыніка (залежная тэрыторыя Францыі) 1128 375673 Форт-дэ-Франс
    Пуэрта-Рыка (залежная тэрыторыя ЗША) 9104 3285874 Сан-Хуан
    Сінт-Маартэн (залежная тэрыторыя Нідэрляндаў) 34 42577 Філіпсбург
    Сьвяты Вінцэнт і Грэнадзіны 389 110696 Кінгстаўн
    Сьвяты Кітс і Нэвіс 261 54000 Бастэр
    Сьвятая Люсія 616 178696 Кастрыз
    Сэн-Бартэльмі (залежная тэрыторыя Францыі) 21 10289 Густавія
  Сэн-Мартэн (залежная тэрыторыя Францыі) 54 32489 Марыго
    Сэн-П’ер і Мікелён (залежная тэрыторыя Францыі) 242 5974 Сэн-П’ер
    Трынідад і Табага 5130 1367558 Порт-оф-Спэйн
    Тэркс і Кэйкас (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) 948 44542 Кокбэрн Таўн
    Ямайка 10991 2734093 Кінгстан

Дэмаграфія рэдагаваць

 
Анімаваная палітычная мапа кантынэнту, на якой пазначаны дзяржавы з 1750 па 2008 гады.

Эканамічна Канада і Злучаныя Штаты зьяўляюцца самымі заможнымі і самымі разьвітымі краінамі на кантынэнце, за імі ідзе Мэксыка, якая ёсьць новай індустрыяльнай краінай[6]. Краіны Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басэйну знаходзяцца на розных узроўнях эканамічнага і чалавечага разьвіцьця. Напрыклад, малыя карыбскія астраўныя краіны, як то Барбадас, Трынідад і Табага ды Антыгуа і Барбуда, маюць вышэйшы ВУП на душу насельніцтва, чым Мэксыка, праз меншую колькасьць насельніцтва. Панама і Коста-Рыка маюць значна большы індэкс чалавечага разьвіцьця і ВУП, чым астатнія краіны Цэнтральнае Амэрыкі[7]. Акрамя таго, не зважаючы на ​​​​вялізныя рэсурсы нафты і карысных выкапняў Грэнляндыі, вялікая іхняя частка застаецца нявыкарыстанай, а востраў эканамічна залежыць ад рыбалоўства, турызму і субсыдыяў з Даніі. Тым ня менш востраў ёсьць вельмі разьвітым[8].

Дэмаграфічна Паўночная Амэрыка адрозьніваецца этнічнай разнастайнасьцю. Асноўнымі групамі мацерыка зьяўляюцца эўрапэоіды, мэтысы і негроіды[9]. Сярод іншых менш шматлікіх групаў існуе значная меншасьць карэннага насельніцтва індзейцаў і азіятаў[9]. Паўночная Амэрыка ёсьць чацьвертым паводле колькасьці насельніцтва кантынэнтам пасьля Азіі, Афрыкі і Эўропы[10]. Самай густанаселенай краінай мацерыку ёсьць ЗША, маючы 329,7 мільёнаў чалавек. Другой паводле велічыні краінай ёсьць Мэксыка, у якой жывуць 112,3 мільёнаў чалавек[11]. Канада займае трэці радок з насельніцтвам у 37,0 мільёнаў чалавек[12]. Большасьць карыбскіх астраўных дзяржаваў маюць насельніцтва меншае за мільён, але Куба, Дамініканская Рэспубліка, Гаіці, Пуэрта-Рыка (тэрыторыя Злучаных Штатаў), Ямайка ды Трынідад і Табага маюць насельніцтва больш за мільён чалавек[13][14][15].

Мовы рэдагаваць

 
Мапа моваў карэнных народаў.

Дамінуючымі мовамі ў Паўночнай Амэрыцы ёсьць ангельская, гішпанская і француская. Дацкая мова распаўсюджаная ў Грэнляндыі побач з грэнляндзкай, а на нідэрляндзкай мове размаўляюць дзе-нідзе ў нідэрляндзкамоўных краінах у Карыбскім басэйне. Ангельская мова пераважае ў такіх буйных дзяржавах, як то Канада і ЗША. Да ангельскамоўных краінаў адносяцца таксама Бэліз ды іншыя краіны Карыбскага басэйну, большасьць зь якіх уваходзіць у Садружнасьць нацыяў. Гішпанскай мовай карыстаюцца ў краінах Лацінскае Амэрыкі, частка якіх аднсяцца да Паўночай Амэрыкі, як то Мэксыка, Гандурас, Куба, Дамініканская Рэспубліка ды іншыя.

Француская мова гістарычна гуляла значную ролю ў Паўночнай Амэрыцы і цяпер захоўвае адметную прысутнасьць у некаторых рэгіёнах. Канада афіцыйна ёсьць двухмоўнай, то бок француская выкарыстоўваецца афіцыйна ў правінцыі Квэбэк, дзе 95% людзей размаўляюць на ёй як на першай або другой мове, і яна зьяўляецца суафіцыйнай з ангельскай у правінцыі Нью-Брансўік. Іншыя франкамоўныя мясцовасці ўлучаюць правінцыю Антарыё, дзе паводле некаторых ацэнак налічваецца 600 тысяч франка-антарыйцаў, правінцыю Манітоба ды некаторыя іншыя рэгіёны Канады. У штаце Луізыяна, які належыць ЗША, француская мова таксама ёсьць афіцыйнай мовай. Гаіці ўваходзіць у гэтую групу на падставе гістарычнай асацыяцыі, але гаіцяне размаўляюць як на крэольскай, гэтак і на францускай мовах. Аналягічным чынам, на францускай і францускай антыльскай крэольскай мовах размаўляюць у Сьвятой Люсіі і на Дамініцы поруч з ангельскай.

У Паўночнай Амэрыцы размаўляюць на значнай колькасьці моваў карэннага насельніцтва, то бок 372 тысячы чалавек у Злучаных Штатах размаўляюць на мове карэннага насельніцтва дома[16], каля 225 тысяч — у Канадзе[17] і прыкладна 6 мільёнаў — у Мэксыцы[18]. У Злучаных Штатах і Канадзе захавалася каля 150 моваў карэннага насельніцтва з 300 былых існых, на якіх размаўлялі тубыльцы да кантакту з эўрапейцамі[19].

Рэлігія рэдагаваць

Хрысьціянства ёсьць найбуйнейшай рэлігіяй у ЗША, Канадзе і Мэксыцы, маючы вялікую колькасьць вернікаў. Паводле апытаньня дасьледчага цэнтру П’ю 2012 году, 77% насельніцтва лічылі сябе хрысьціянамі[20]. Гэтая рэлігія таксама зьяўляецца пануючай рэлігіяй на 23 залежных тэрыторыях Паўночнае Амэрыкі[21]. Злучаныя Штаты ёсьць домам найбуйнейшай колькасьці хрысьціянскага насельніцтва ў сьвеце, бо менавіта ў гэтае краіне жывуць амаль 247 мільёнаў хрысьціянаў (70%), але ў іншых краінах адсотак хрысьціянаў сярод насельніцтва больш высокі[22]. Мэксыка займае другое месца ў сьвеце паводле колькасьці католікаў, апярэджваючы толькі Бразылію[23]. Зь зьвестак адмысловага дасьледаваньня 2015 году налічваецца каля 493 тысяч хрысьціянскіх вернікаў, якія маюць мусульманскае паходжаньня ў Паўночнае Амэрыцы, большасьць зь якіх належаць да той ці іншай формы пратэстантызму[24]. Згодна зь зьвестакамі таго ж дасьледаваньня, агностыкі і атэісты складаюць каля 17% насельніцтва Канады і Злучаных Штатаў[25].

У Канадзе, ЗША і Мэксыцы маюцца юдэйскія суполкі, то бок 6 мільёнаў або каля 1,8% ад агульнага насельніцтва[26]. Сярод іншых вылучаюцца будысты (3,8 мільёнаў або 1,1%)[27] і мусульманы (3,4 мільёнаў або 1,0%)[28]. Найбольшая колькасьць юдэяў налічваецца ў ЗША (5,4 мільёнаў чалавек), Канадзе (375 тысяч чалавек)[29] і Мэксыцы (каля 67,5 тысяч чалавек)[30].

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Без уліку заморскіх тэрыторыяў - гэтыя аўтаноміі паказаны асобна.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ «Americas». Standard Country and Area Codes Classifications (M49). United Nations Statistics Division.
  2. ^ «North America». Atlas of Canada.
  3. ^ «Central America». Encyclopædia Britannica.
  4. ^ Dalziel, I.W.D. (1992). «On the organization of American Plates in the Neoproterozoic and the breakout of Laurentia». GSA Today. 2 (11): 237—241.
  5. ^ «Land Bridge Linking Americas Rose Earlier Than Thought». Live Science.
  6. ^ Waugh, David (2000). «Manufacturing industries (chapter 19), World development (chapter 22)». Geography, An Integrated Approach (3rd ed.). Nelson Thornes Ltd. — С. 563, 576—579, 633 і 640. — ISBN 978-0-17-444706-1.
  7. ^ «2010 Human development Report». United Nations Development Programme. — С. 148—151.
  8. ^ «Independence on ice». The Economist.
  9. ^ а б N.J. Smelser; P.B. Baltes, eds. (2001). «Population Composition by Race and Ethnicity: North America». International Encyclopedia of the Social & Behavioral Sciences. New York University (1 ed.). Elsevier Science. — С. 11745—11749. — ISBN 0-08-043076-7.
  10. ^ «North America Fast Facts». World Atlas.com.
  11. ^ «INEGI 2010 Census Statistics». INEGI.
  12. ^ «Population estimates, quarterly». Statistics Canada.
  13. ^ «Anuario Estadístico de Cuba 2009». Oficina Nacional de Estadísticas, República de Cuba.
  14. ^ «The World Factbook: Haiti». Central Intelligence Agency.
  15. ^ «The World Factbook: Jamaica». Central Intelligence Agency.
  16. ^ «Census Shows Native Languages Count». Language Magazine.
  17. ^ «Aboriginal Population Profile, 2016». Statistics Canada.
  18. ^ Cocking, Lauren (2016). «A Guide To Mexico’s Indigenous Languages». Culture Trip.
  19. ^ «North American Indian languages». Encyclopedia Britannica.
  20. ^ «The Global Religious Landscape A Report on the Size and Distribution of the World’s Major Religious Groups as of 2010». Pew Forum on Religion & Public Life.
  21. ^ «Global Christianity A Report on the Size and Distribution of the World’s Christian Population». Pew Forum on Religion & Public Life.
  22. ^ «America’s Changing Religious Landscape». Pew Research Center: Religion & Public Life.
  23. ^ «The Largest Catholic Communities». Adherents.
  24. ^ Johnstone, Patrick; Miller, Duane (2015). «Believers in Christ from a Muslim Background: A Global Census». IJRR.
  25. ^ «Religiously Unaffiliated». Pew Research Center's Religion & Public Life Project.
  26. ^ «The Global Religious Landscape: Jews». Pew Forum.
  27. ^ «The Global Religious Landscape: Buddhists». Pew Forum.
  28. ^ «The Global Religious Landscape: Muslims». Pew Forum.
  29. ^ «World Jewish Population, 2013». Current Jewish Population Reports. Storrs, Connecticut: North American Jewish Data Bank.
  30. ^ «Panorama de las religiones en México 2010». INEGI.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць