Заходняя Ўкраіна
Захо́дняя Ўкраі́на (па-ўкраінску: Західна Україна) — тэрмін, якім у розныя часы ўкраінскай гісторыі пазначалі пэўную сукупнасьць украінскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны (1867—1918), Польшчу (1918—1939), Вугоршчыну, Румынію, а таксама Галіцка-Валынскае княства ды Заходне-Ўкраінскую Народную Рэспубліку.
Гістарычныя мадыфікацыі тэрміну
рэдагавацьПа другім і трэцім падзелах Рэчы Паспалітай назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася пераважна за землямі, якія ўваходзілі ў склад Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Вугоршчына).
«Заходняя Ўкраіна» — назва, якая сустракаецца пераважна ў публіцыстыцы ў дачыненьні да Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР).
Пасьля таго, як паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 року, заключанай паміж РСФСР, Украінай і Польшчай, заходняя частка Ўкраіны адышла Польшчы, тэрмін «Заходняя Ўкраіна» трывала замацаваўся менавіта за гэтай часткаю Ўкраіны ў адрозьненьне ад Усходняй Украіны, якая апынулася ў складзе УССР. У 1920-я тэрыторыю Ўкраіны складалі землі, якія афіцыйна ў Другой Рэчы Паспалітай называліся Крэсамі ўсходнімі — Галічына («Усходняя Малапольшча») з часткаю Заходняга Падольля, Заходняя Валынь, Холмшчына, Падляшша і Заходняе Палесьсе. У Заходнюю Ўкраіну ўваходзілі ваяводзтвы: Станіслаўскае, Тарнопальскае, Валынскае, Львоўскае (без васьмі заходніх паветаў), Палескае (бяз Косаўскага і паловы Пружанскага паветаў), Холмшчына Люблінскага ваяводзтва і палова Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва.
Як адзначае гісторык Яраслаў Вярменіч, такую «цераспалосіцу» польскія ўлады стварылі наўмысна — з палітычных меркаваньняў: польскі ўрад катэгарычна не ўспрымаў памкненьня ўкраінцаў мець (прынамсі ў Галіччыне) асобныя адміністрацыйныя адзінкі.
У шырокім сэнсе тэрмін «Заходняя Ўкраіна» адносна ўкраінскіх земляў у пэрыяд між Першай і Другой сусьветнай войнамі выкарыстоўваўся датычна толькі тых земляў, якія былі пад уладаю Польшчы, Румыніі і Чэхаславаччыны. Акрамя ўжо пералічаных тэрыторыяў, якія былі ў межах польскіх граніцаў, гэта былі таксама землі Паўночнай Букавіны і Закарпацьця. Пасьля далучэньня заходнеўкраінскіх земляў у склад УССР назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася за абласьцямі, утворанымі на працягу 1939—1946 (акрамя Ізмаільскай вобласьці).
Сучаснае выкарыстаньне
рэдагавацьЯк адзначае «Энцыкляпэдыя гісторыі Ўкраіны» (2005), датычна тэрыторыяў сучаснай Украіны тэрмін «Заходняя Ўкраіна» ўжываецца ў двух значэньнях. У асноўным так называюць толькі тры галіцкія вобласьці — Івана-Франкоўскую, Львоўскую і Тарнопальскую. Аднак даволі часта тэрмінам карыстаюцца і для пазначэньня тэрыторыі васьмі абласьцей — акрамя трох галіцкіх, Валынскай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Чарнавіцкай і Закарпацкай. Аднак «Геаграфічная энцыкляпэдыя Ўкраіны» (1990) пазначыла Заходнюю Ўкраіну як гістарычна-геаграфічную назву земляў Украіны (на то час — СССР), што складаюць тэрыторыю цяперашніх пяці абласьцей — Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай і Тарнопальскай. Надзвычай рэдка да Заходняй Украіны адносяць Віньніцкую і Жытомірскую вобласьці.
Найістотнейшыя месты
рэдагаваць- Львоў — адміністрацыйны цэнтар Львоўскай вобласьці, традыцыйна лічыцца эканамічным, культурным і палітычным цэнтрам Заходняй Украіны, адно з галоўных местаў Украіны, найістотнейшы навукова-адукацыйны, прамысловы, турыстычны, дзелавы горад Заходняга рэгіёну.
- Чарнаўцы — адміністрацыйны цэнтар Чарнавіцкай вобласьці, галоўнае прамысловае, гандлёвае, навукова-адукацыйнае і культурнае места Букавіны, найістотнейшы навукова-адукацыйны, турыстычны і культурны цэнтар Заходняй Украіны.
- Хмяльніцкі — адміністрацыйны цэнтар Хмяльніцкай вобласьці, прамысловы, гандлёвы і культурны цэнтар Падольля і Паўднёвай Валыні.
- Тарнопаль — адміністрацыйны цэнтар Тарнопальскай вобласьці, турыстычны, навуковы і культурны цэнтар Галіччыны і Падольля.
- Камянец-Падольскі — места абласнога значэньня ў Хмяльніцкай вобласьці, колішні адміністрацыйны цэнтар вобласьці, прамысловы, гісторыка-культурны і турыстычны цэнтар Падольля.
- Івана-Франкоўск — адміністрацыйны цэнтар Івана-Франкоўскай вобласьці, значны прамысловы і культурны цэнтар Прыкарпацьця.
- Ужгарад — адміністрацыйны цэнтар Закарпацкай вобласьці, галоўны прамысловы, культурны і турыстычны цэнтар Закарпацьця.
- Роўна — адміністрацыйны цэнтар Ровенскай вобласьці, прамысловы і культурны цэнтар Заходняга Палесься і Валыні.
- Луцак — адміністрацыйны цэнтар Валынскай вобласьці, гісторыка-культурны, навукова-адукацыйны і галоўны турыстычны цэнтар Паўночна-Заходняга краю Ўкраіны.
- Драгобыч — колішні адміністрацыйны цэнтар Драгобыцкай вобласьці, другое паводле патэнцыялу прамысловае места на Львоўшчыне пасьля Львову.
- Няцешын — места абласнога значэньня ў Хмяльніцкай вобласьці, спадарожнік Хмяльніцкай АЭС.
- Дубна — места абласнога значэньня ў Ровенскай вобласьці, другі прамысловы і культурны цэнтар вобласьці.
- Мукачава — места абласнога значэньня, раённы цэнтар на Закарпацьці, адно з ключавых у Закарпацкім рэгіёне.
- Берагава — места абласнога значэньня Закарпацьця, цэнтар вугорскай культуры ва Ўкраіне.
- Стрый — адзін з прамысловых цэнтраў Львоўскай вобласьці, істотны чыгуначны вузел.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Енциклопедія українознавства(uk) : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка ; гол. ред. проф., д-р В. Кубійович(uk). — Париж — Нью-Йорк: Молоде життя, 1957. — Т. 2, [т. 2] : Голинський — Зернов. — ISBN 5-7707-4049-3 — С. 761.