Любяшоў
Любяшоў (укр. Любешів) — мястэчка ва Ўкраіне, на рацэ Стаходзе. Адміністрацыйны цэнтар Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці. Насельніцтва на 2011 год — 7645 чалавек. Знаходзіцца за 138 км ад Луцку, за 50—60 км ад чыгуначных станцыяў Маневічы і Камень-Кашырскі. Празь мястэчка праходзіць аўтамабільны шлях Р14, якім можна дабрацца да міжнароднага пункту пропуску Дольску на беларуска-ўкраінскай граніцы.
Любяшоў лац. Lubiašoŭ | |
укр. Любешів | |
![]() Брама сядзібы Чарнецкіх | |
Першыя згадкі: | 1484 |
Магдэбурскае права: | 1693 |
Краіна: | Украіна |
Вобласьць: | Валынская |
Раён: | Любяшоўскі |
Плошча: |
|
Насельніцтва: | 7645 чал. (2011) |
Часавы пас: | UTC+2 |
летні час: | UTC+3 |
Паштовы індэкс: | 44200 |
КОАТУУ: | 0723155100 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°45′47.002″ пн. ш. 25°29′57.001″ у. д. / 51.76305611° пн. ш. 25.49916694° у. д.Каардынаты: 51°45′47.002″ пн. ш. 25°29′57.001″ у. д. / 51.76305611° пн. ш. 25.49916694° у. д. |
Любяшоў на мапе Ўкраіны ![]() ![]() Любяшоў | |
![]() |
Любяшоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока брама сядзібы Чарнецкіх, комплекс касьцёла Сьвятога Францішка з кляштарам капуцынаў і калегіюм піяраў, у якім навучаўся Тадэвуш Касьцюшка, помнікі архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл піяраў (барока, XVIII ст.), зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва рэдагаваць
Тапонім Любяшоў, відаць, утварыўся ад славянскай асновы «люб» ('любы')[1]. Паводле народнага паданьня, заснавальнікам першага паселішча на тэрыторыі цяперашняга мястэчка быў паляўнічы Любаш, які жыў у XV ст. Любаш служыў пры двары тураўскага шляхціча Верлі. Верля меў дачку Ядвігу, якую хацеў выдаць за сына князя Сапегі. Але Ядвіга, незважаючы на волю бацькоў, закахалася ў паляўнічага Любаша, таму ім давялося ўцякаць далёка ад дому і пасяліцца на беразе невялікай рэчкі, аточанай лясамі і балотамі[2].
У часы валоданьня Дольскіх мястэчка часьцей звалі Новым Дольскам (Стары Дольск знаходзіцца цяпер каля граніцы зь Беларусяй).
Гісторыя рэдагаваць
Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць
Першы пісьмовы ўпамін пра маёнтак Любяшоў зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 18 верасьня 1484 году. Пад 1516 годам паселішча значыцца ў судовым дакумэнце «Пастанова па скаргах княгіні Пятрухны Глінскай і яе сястры Варвары Станковіч на іх зяця Юрыя Рачка, судзьдзю Бельскага, які ўхіляецца ад падзелу Любяшова і іншых маёнткаў, што засталіся па іх маці». Гэта хіба што першы ўпамін пра род Глінскіх, які ўвайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу й ягонаму гумарыстычнаму твору «Пінская шляхта»[2]. У 1547 годзе Любяшоў перайшоў у валоданьне Льва Абразцова. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва[2]. У 1653 годзе мястэчка спалілі татары.
У 1686 годзе Ян Караль Дольскі заснаваў у Любяшове калегіюм айцоў піяраў, які стаў значным адукацыйным цэнтрам у эпоху асьветніцва (у 1788 годзе тут навучаліся 75 юнакоў[3]), здабываючы славу важнай эўрапейскай вучэльні. Калегіюм прымаў у свае лавы ня толькі шляхецкіх дзяцей, але й звычайных сялянаў, навучаліся тут каталікі побач з праваслаўнымі, пратэстантамі і юдэямі, у сьценах вучэльні ня мела месца дыскрымінацыя ані паводле рэлігійнай, ані паводле нацыянальнай прыналежнасьці. У 1693 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў мястэчку Магдэбурскае права[2][4].
У 1753—1758 гадох у Любяшоўскім піярскім калегіюме навучаўся Тадэвуш Касьцюшка. У 1756 годзе ўладальнікам мястэчка стаў Ян Антоні Чарнецкі, які разам з сваёй жонкай Фэліцыянай заснаваў тут кляштар капуцынаў. 5 траўня таго ж году ў мястэчка прыбылі першыя манахі.
- Старая графіка Любяшова
-
Касьцёл піяраў, абмеры
-
Інтэр'ер касьцёла піяраў, 1873 г.
-
Касьцёл і кляштар капуцынаў, абмеры
-
Брама сядзібы Чарнецкіх, 1873 г.
-
Панарама, люты 1916 г.
-
Рака Стаход, люты 1916 г.
-
Касьцёл і кляштар капуцынаў, 25.11.1915 г.
-
Касьцёл і кляштар капуцынаў, 1927 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Любяшоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні. У 1817 годзе кляштар капуцынаў моцна пацярпеў ад пажару. У 1826 годзе расейскія ўлады ператварылі піярскі калегіюм у павятовую вучэльню[5]. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня яны гвалтоўна зачынілі кляштар капуцынаў. У XIX ст. Любяшове штогод праводзілася 3 кірмашы, пазьней — 4[6]. На 1859 год у мястэчку быў 531 двор[7].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Любяшоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час рэдагаваць
20 лістапада 1917 году абвяшчалася Ўкраінская Народная Рэспубліка з прэтэнзіяй на Пінскі павет, у тым ліку на Любяшоў. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай гэтая тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары ваколіцаў мястэчка (Марочанская воласьць) атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[8]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Любяшоў увайшоў у склад Беларускай ССР[9]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пінскага павету Палескага ваяводзтва. У 1935 годзе ў мястэчку пачаў дзейнічаць кляштар капуцынаў усходняга (славянскага) абраду, які разьмясьціўся ў колішніх піярскіх мурах.
У 1939 годзе ўлады СССР перадалі Любяшоў у склад УССР, дзе з 1940 году ён стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 5 сакавіка 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
- Мястэчка на старых здымках
-
Рынак. І. Сербаў, 1912 г.
-
Касьцёл і калегіюм піяраў, 1915—18 гг.
-
Галоўны алтар, 1917 г.
-
Замкавая вуліца, 1917 г.
-
Кляштарная вуліца, 1915—18 гг.
-
Сынагога (направа), 1916 г.
-
Брама сядзібы Чарнецкіх, 1917 г.
-
Царква, да 1939 г.
Насельніцтва рэдагаваць
Дэмаграфія рэдагаваць
- XIX стагодзьдзе: 1884 год — 2 тыс. чал., зь іх 332 каталікі[10]; 1898 год — 2739 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1990 год — 5,1 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 5,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2011 году — 5627 чал.
Адукацыя рэдагаваць
У Любяшове працуе Навучальна-выхаваўчы комплекс, музычная школа, тэхнічны каледж Луцкага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.
Культура рэдагаваць
Дзейнічае Любяшоўская раённая друкарня.
Забудова рэдагаваць
Вуліцы і пляцы рэдагаваць
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Бандарэнкі вуліца | Кляштарная вуліца |
Незалежнасьці вуліца | Замкавая вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Любяшова да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Берасьцейская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.
Турыстычная інфармацыя рэдагаваць
Славутасьці рэдагаваць
- Калегіюм піяраў (1753—1758)
- Касьцёл Сьвятога Францішка і кляштар капуцынаў (1756—1758)
- Сядзіба Чарнецкіх, брама (XVIII ст.)
Страчаная спадчына рэдагаваць
- Касьцёл Сьвятога Яна Эвангеліста (XVIII ст.)
- Царква Сьвятога Спаса (XIX ст.)
Галерэя рэдагаваць
- Краявіды Любяшова
-
Сядзіба Чарнецкіх
-
Касьцёл і кляштар капуцынаў
-
Кляштар піяраў. Шыльда ў памяць Т. Касьцюшкі
Асобы рэдагаваць
Ураджэнцы рэдагаваць
- Тарас Міхалік (нар. 1983) — футбаліст
- Вячаслаў Наўроцкі (нар. 1956) — праўнік
Жыхары рэдагаваць
- Уладзіслаў Борзабагаты (1831—1886) — рэвалюцыянэр-дэмакрат, мэмуарыст
- Тадэвуш Касьцюшка (1746—1817) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстаньня (1794) і ўдзельнік вайны за незалежнасьць ЗША; нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША
- Нікан Наўмовіч (1903—1983) — беларускі сьвятар, рэпрэсаваны
Дадатковыя зьвесткі рэдагаваць
- Мэтрычныя кнігі тутэйшай царквы Сьвятога Спаса за 1840—1859 гады захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі
Крыніцы рэдагаваць
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 216.
- ^ а б в г Міхневіч У. На паўднёвых рубяжах Княства — Любяшоўшчына, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 верасьня 2009 г.
- ^ Самусік А. Любяшоўскі піярскі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 230.
- ^ а б Бірюліна О. 525 років від часу першої писемної згадки про смт. Любешів (1484) Волинської області // Календар знаменних і пам’ятних дат Волині на 2009 рік. — Луцьк, 2008. С. 140—143.
- ^ Самусік А. Любяшоўскі піярскі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 231.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 122.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Jelski A. Lubieszów // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 412.
Літаратура рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
- Бущик П. Любешівщина. Історично-краєзнавчий нарис. — Луцьк, ВОРВП «Надстир’я», 1996. ISBN 966—517-075-9.
- Кравчук П. Книга рекордів Волині. — Любешів: «Ерудит», 2005. ISBN 966—361-079-4.