Каардынаты: 51°04′40″ пн. ш. 23°51′58″ у. д. / 51.077813° пн. ш. 23.866153° у. д. / 51.077813; 23.866153

Бітва пад Дубенкай — бітва, якая адбылася 18 ліпеня 1792 году між войскамі Рэчы Паспалітай пад кіраваньнем Тадэвуша Касьцюшкі і расейскімі войскамі пад кіраўніцтвам Міхаіла Кахоўскага ў часе вайны 1792 году. Абодва бакі ўважаюць яе сваёй перамогай.

Бітва пад Дубенкай
Дата: 18 ліпеня 1792
Месца: Любельскае ваяводзтва
Вынік: Няпэўны; абодва бакі абвясьцілі пра сваю перамогу
Супернікі
Рэч Паспалітая Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Андрэй Тадэвуш Банавэнтура КасьцюшкаМіхаіл Кахоўскі
Колькасьць
5300 жаўнераў і 24 гарматы25 000 жаўнераў і 108 гарматаў
Страты
≈900 чалавек[1]≈4000 чалавек

Падрыхтоўка

рэдагаваць

Войскі Юзэфа Панятоўскага (25 000 жаўнераў і 42 гарматы) пераправіліся праз Буг і 8 ліпеня спыніліся ля Дубенкі. Яны атрымалі загад на абарону ўздоўж Бугу ад Дубенкі да Ўладавы. Касьцюшка (5300 жаўнераў, 24 гарматы) заняў са сваім войскам 3 кілямэтры фронту між вёскамі Уханька і Воля-Хабова.

Зважаючы на колькасную перавагу войскаў ворага, Касьцюшка пастанавіў не атакаваць, а гуляць ад абароны і з гэтай мэтай заняў для сваіх войскаў пазыцыю, якая ўзвышалася над ваколіцамі, на поўнач ад Дубенкі, між Бугам і аўстрыйскай мяжой. Адзінай хібай гэтае пазыцыі было тое, што правае крыло было абароненае адно лесам і памежным кардонам. Жаўнеры прыступілі да капаньня наземных умацаваньняў паводле пляну Касьцюшкі. Наперадзе дывізіі былі разьмешчаны тры батарэі. У першай лініі стала пяхота ў колькасьці 7 баонаў. У другой лініі знаходзіўся полк вершнікаў і дзьве брыгады кавалерыі. Лес, што знаходзіўся перад правым флянгам войска, быў абсаджаны стральцамі.

Расейскі генэрал М. Кахоўскі 17 ліпеня пераправіўся пад Дубенкай праз Буг[2], а 18 ліпеня выслаў карпусы А. Леванідава і А. Тармасава, каб сваімі дэманстратыўнымі манэўрамі ўнемажлівіць Панятоўскаму і Вяльгорскаму ўзмоцніць Касьцюшкавы сілы. Сам Кахоўскі з карпусамі М. Кутузава-Галенішчава і І. П. Дуніна (25 000 жаўнераў і 108 гарматаў) намерваўся разьбіць Касьцюшку і выйсьці ў тыл асноўным войскам Кароны.

А 15-й гадзіне расейцы рушылі ў кірунку пазыцыяў Касьцюшкі. На правым флянгу знаходзіўся корпус І. Дуніна, корпус Кутузава займаў левае крыло. У першай лініі расейскага войска было 18 баонаў пяхоты, другая лінія складалася з 15 палкоў вершнікаў (у тым ліку з 7 казацкіх). Пасьля артылярыйскае падрыхтоўкі а 17:30 Кахоўскі накіраваў пяхоту першае лініі ва франтальную атаку на ўмацаваныя пазыцыі Касьцюшкі. Гэтая атака была адбітая пяхотай і артылерыяй зь вялікімі стратамі расейскага войска. Расейцы спрабавалі яшчэ некалькі разоў зладзіць падобныя атакі, аднак яны кожны раз сканчаліся з такім сама посьпехам. Нарэшце няўдалыя пяхотныя атакі схілілі Кахоўскага да спробы акружэньня Касьцюшкі з боку аўстрыйскае мяжы. З гэтай мэтай Кахоўскі адаслаў 2 палкі конных егераў пад кіраўніцтвам Пальмэнбаха. Яны перайшлі мяжу з Аўстрыяй, пад заслонай лесу абышлі польскія пазыцыі і ўдарылі ў тыл правага флянгу Касьцюшкі. Падчас гэтае атакі сам Пальмэнбах загінуў. У дапамогу абаронцам прыйшоў полк з другой лініі пад кіраўніцтвам Карвіцкага. Егеры былі разьбітыя і сапхнутыя ў багну. Праведзеная ў гэты самы час чарговая лабавая атака расейскае пяхоты ізноў скончылася безвынікова.

Тым ня меней, з кожнай гадзінай становішча войскаў Рэчы Паспалітай горшала. Недзе а 18-й гадзіне Грахоўскі заняў мястэчка Гусыннэ, адрэзаўшы адзіную дарогу, зь якое Касьцюшкавы войскі маглі чакаць дапамогі. Каля 20-е гадзіны з поля бойкі ўцякла застрашаная пагоршанай сытуацыяй брыгада народнай кавалерыі, якой загадваў Павал Бярнацкі. Надыходзячы змрок і ўсё ўзрастаючы напор пераўзыходзячых сілаў праціўніка, які здолеў захапіць некалькі ўмацаваньняў і прыступіў да атакі на левы флянг польскага войска, схіліў Касьцюшку да адступленьня а 21-й гадзіне. Дывізія адышла ў баявым парадку праз Разтоку да Кумова, а адтуль да Холма.

У бітве войскі Рэчы Паспалітае страцілі 900 жаўнераў і 6 гарматаў. Расейскія войскі страцілі каля 4000 жаўнераў. Расейская армія заняла ўвесь раён разам зь пераправамі і атрымала прахон да Любліну.

Значэньне

рэдагаваць

Вынік бітвы застаўся нявысьветленым, абодва бакі лічылі сябе пераможцамі. Польскія войскі здолелі нанесьці значныя страты пераўзыходзячай іх у 4 разы расейскай арміі, самі панесшы значна меншыя страты, і арганізавана сышлі зь месца сутычкі. Расейскія войскі, страціўшы вялізную колькасьць войска, усё ж занялі неабходныя пазыцыі, што дало ім магчымасьць далейшага наступу.

Пасьля бітвы Касьцюшка заваяваў славу выбітнага камандоўцы, яго параўноўвалі са спартанскім царом Леанідам[1]. За бітву пад Дубенкай кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў 80 чалавек ордэнам Віртуці Мілітары, а Касьцюшка атрымаў чын генэрал-лейтэнанта і ордэн Белага Арла; да таго ж 26 жніўня 1792 году менавіта за посьпех у бітве пад Дубенкай Касьцюшку было нададзена ганаровае грамадзянства Францыі[3].

Праз тыдзень па бітве Рэч Паспалітая капітулявала.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б Konstantin Karl Falkenstein. Thaddäus Kosciuszko. - Leipzig, 1834 (2. Aufl.). - Цытуецца паводле: The Foreign Quarterly Review, Vol. 15 (March—July 1835) - P. 117.
  2. ^ паводле іншае вэрсіі, Кахоўскі перайшоў праз Буг 18 ліпеня а 16-й гадзіне
  3. ^ Kronika Polski, (red.) A. Nowak, Wyd. Kluszczyński, Kraków 2005, s. 384

Літаратура

рэдагаваць
  • Piotr Derdej, Zieleńce - Mir - Dubienka 1792, Dom Wydawniczy Bellona, Warszawa 2000
  • Z. Walter-Janke, Artyleria koronna w obronie niepodległości Polski 1792-1794.
  • Mała Encyklopedia Wojskowa, 1967, Wydanie I