Нідэрлянды

краіна ў Паўночна-Заходняй Эўропе
(Перанакіравана з «Каралеўства Нідэрлянды»)

Нідэрля́нды (па-нідэрляндзку: Nederland) — краіна ў паўночна-заходняй Эўропе на ўзьбярэжжы Паўночнага мора (даўжыня берагавой лініі — 451 км), мяжуе з Бэльгіяй на поўдні і Нямеччынай на ўсходзе (даўжыня мяжы — 1027 км). Нідэрлянды зьяўляюцца часткай Каралеўства Нідэрляндаў, у якое таксама ўваходзяць астравы колішніх Нідэрляндзкіх Антылаў, як то Аруба, Кюрасао, Банэйр ды іншыя. Афіцыйная назва краіны — Каралеўства Нідэрлянды (па-нідэрляндзку: Koninkrijk der Nederlanden). Дачыненьні паміж чальцамі каралеўства рэгулююцца Статутам Каралеўства Нідэрляндаў (па-нідэрляндзку: Statuut voor het Koninkrijk der Nederlanden), прынятым у 1954 годзе.

Нідэрлянды
па-нідэрляндзку: Nederland
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: „Je maintiendrai“
Дзяржаўны гімн
Песьня Вільгэльма[1]
Дата заснаваньня: 19 студзеня 1795
Афіцыйная мова: нідэрляндзкая[2]
Сталіца: Амстэрдам[3]
Форма кіраваньня: парлямэнцкая манархія[d] і канстытуцыйная манархія
кароль Нідэрляндаў[d]: Вілем-Аляксандар[d]
прэм’ер-міністар Нідэрляндаў[d]: Дык Схоф[d][4]
Заканадаўчы орган: Генэральныя штаты[d]
Выканаўчы орган: урад Нідэрляндаў[d]
Плошча:
  • 37 378 км²[5]
Насельніцтва:
Валюта: эўра
СУП (2023)
па ППЗ: 1,29 трлн $
па ППЗ на душу насельніцтва: 69 715 $
намінальны: 1,08 трлн $
намінальны на душу насельніцтва: 61 098 $
Мэдыянны прыбытак: 44 000 €[7]
Індэкс дэмакратыі: 9[8]
Каэфіцыент Джыні: 29,2[9] і 25,4 ± 0,1[10]
ІРЧП: 0,931[11]
Часавы пас: UTC+1 і UTC+2
Аўтамабільны знак: NL
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .nl
Тэлефонны код: +31
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
rijksoverheid.nl (нід.)

Сталіцай дзяржавы ёсьць горад Амстэрдам, але парлямэнт і ўрад знаходзяцца ў Гаазе. Іншымі важнымі местамі ёсьць Ратэрдам, які ня толькі ёсьць самы вялікі порт краіны, але адным з найбуйнейшых партоў сьвету, Утрэхт, які ёсьць цэнтрам чыгуначнай сыстэмы краіны, і Эйндговэн як цэнтар электронікі і высокіх тэхналёгіяў. Нідэрлянды ёсьць краінай-заснавальніцай Эўрапейскага Зьвязу, Эўразоны, Група 10, Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, АЭСіР і СГА, а таксама часткай Шэнгенскай зоны і трохбаковага зьвязу Бэнілюкс. У краіне месьцяцца некалькі міжурадавых арганізацый і міжнародных судоў, многія зь якіх свае сядзібы маюць ў Гаазе[12].

Нідэрланды ёсьць парлямэнцкай канстытуцыйнай манархіяй з унітарнай структурай з 1848 году. Краіна традыцыйна мае піларызацыю грамадзтва, але і даўнюю сацыяльную талерантнасьць, узаконіўшы прастытуцыю і эўтаназію, а таксама прытрымліваючыся лібэральнай палітыкі ў дачыненьні да наркотыкаў. Жанчыны атрымалі выбарчае права ў 1919 годзе. А краіна стала першай дзяржавай, якая легалізавала аднаплоцевыя шлюбы ў 2001 годзе. Зьмяшаная рынкавая эканоміка краіны досыць разьвітая і займае трынаццатае месца ў сьвеце паводле прыбытку на душу насельніцтва.

Назва Нідэрлянды ў перакладзе азначае «ніжнія землі», аднак перакладаць яго літаральна няправільна, бо, паводле гістарычных чыньнікаў, гэтым тэрмінам прынята зваць тэрыторыю, якая прыкладна адпавядае сёньняшнім Нідэрляндам, Бэльгіі і Люксэмбургу (Бэнілюкс). Нідэрлянды часта завуць Галяндыяй, хоць гэта палітычна некарэктна, бо Паўднёвая і Паўночная Галяндыя — гэта толькі дзьве з дванаццаці правінцыяў Нідэрляндаў.

Гісторыя

рэдагаваць

Старажытнасьць

рэдагаваць
 
Кельцкі распаўсюд ва Эўропе. Жоўтым пазначаны першапачатковае засяленьні, зялёным - далейшая экспансія.

Нідэрлянды былі заселеныя з апошняга ледавіковага пэрыяду. Падчас прыбыцьця рымлянаў Нідэрлянды былі заселеныя германскімі плямёнамі, гэткімі як тубанты, канінэфаты і фрызы, якія пасяліліся тамака каля 600-х гадоў да н. э. Першым аўтарам, які апісаў узьбярэжжа Галяндыі і Фляндрыі, быў грэцкі географ Пітэй, які адзначыў яшчэ каля 325 году да н. э., што ў гэтых рэгіёнах «больш людзей загінулі ў барацьбе з вадой, чым у барацьбе зь людзьмі»[13]. За часам Гальскай войны тэрыторыя на поўдзень і захад ад Райну была заваяваная рымскімі войскамі, ачоленыя Юліюсам Цэзара з 57 году да н. э. да 53 году да н. э.[14] Цэзар узгадаў толькі два асноўныя кельцкія плямёны, якія жывуць на тэрыторыі сучасных паўднёвых Нідэрляндаў: эбуроны і мэнапіі. Пры Актавіяну Аўгусту Рымская імпэрыя заваявала б усю тэрыторыю сучасных Нідэрляндаў, уключыўшы іх у склад правінцыі Старая Нямеччына ў 7 годзе да н. э., але пасьля бітвы ў Тэўтабурскім лесе ў 9 годзе меэы імпэрыі замацаваліся на мяжы Райну каля 12 году. У пачатку рымскай калянізацыі ў краіну таксама прыбылі нямецкія плямёны батавы і токсандры. У пэрыяд Рымскай імпэрыі паўднёвая частка цяперашніх Нідэрляндаў была акупаваная рымлянамі і стала часткай правінцыі Бэльгіка (па-лацінску: Gallia Belgica), а пазьней — правінцыяй Ніжняя Нямеччына (па-лацінску: Germania Inferior).

Сярэднявечча

рэдагаваць
 
Франская дзяржава з 481 па 870 гады.

Пасьля таго як Рым страціў уплыў у гэтым рэгіёне свае ўладаньні пашырылі франкі. Да 490-х гадоў Хлёдвіг I заваяваў і аб’яднаў усе гэтыя тэрыторыі ў паўднёвых Нідэрляндах у адзінае Франскае каралеўства, а адтуль працягнуў свае заваёвы ў Галіі. За часам экспансіі, франкі рушылі на поўдзень на тэрыторыю сучаснае Францыі і валёнскае часткі Бэльгіі, у канчатковым выніку яны перанялі прастанародную лацінскую мову мясцовага насельніцтва[15]. Пры гэтым франкі працягвалі размаўляць на роднай мове на поўначы, гэта значыць у паўднёвых Нідэрляндах і Фляндрыі. Да IX стагодзьдзя ператварылася ў стараніжнефранскую альбо старанідэрляндзкую мову[15]. Такім чынам узьнікла нідэрляндза-француская моўная мяжа[15][16]. У час перасяленьня народаў саксы, і блізкія да іх англы, юты і фрызы засялілі прыбярэжныя землі[17]. Многія зь іх рушылі да Ангельшчыны і сталі вядомыя як англасаксы, але тыя, хто застаўся, пачалі называцца фрызамі, а іхняя мовай была фрыская[17]. На фрыскай мове размаўлялі па ўсім паўднёвым узьбярэжжы Паўночнага мора, і яна па-ранейшаму ёсьць найбольш блізкай да ангельскай сярод усіх жывых моваў кантынэнтальнай Эўропы. Да VII стагодзьдзя ўзьнікла Фрыскае каралеўства (650—734), якім кіраваў кароль Альдгісьль. Горад Утрэхт стай сталіцай новай дзяржавы[17][18]. Паміж 600 і прыблізна 719 годам паміж фрызамі і франкамі часта вяліся бітвы за гарады. У 734 годзе ў бітве пры Боарне фрызы пацярпелі паразу пасьля шэрагу войнаў. На згоду франкаў англасаксонскі місіянэр Віліброрд навярнуў фрыскі народ у хрысьціянства. Ён заснаваў Утрэхцкае арцыбіскупства і стаў біскупам фрызаў. Аднак ягоны наступнік Баніфацыюс быў забіты фрызамі ў Докюме ў 754 годзе.

 
Рамантычная выява кіраўніка Фрызіі вікінга Рорыка Фрыскага.

Франская Каралінская імпэрыя была магутнай сілай і кантралявала большую частку заходняй Эўропы, у тым ліку тэрыторыю сучасных Нідэрляндаў. Аднак, па сьмерці Карла Вялікага і падзелу дзяржавы на тры землі на ўзьбярэжжы Паўночнага мора апынуліся ў складзе слабога Сярэдняга каралеўства. Прыкладна ў 850 годзе кароль Лётар I вызнаў вікінга Рорыка Ютляндзкага кіраўніком большай часткі Фрызіі. Пасьля падзелу каралеўства ў 855 годзе ягоная паўночная частка ўлучна зь Нідэрляндамі перайшлі пад кантроль Лётара II, атрымаўшы назву Лятарынгія, у гонар караля. Паўночныя фрыскія і франскія гарады працягвалі цярпець ад нападу вікінгаў. Прыблізна ў 879 годзе экспэдыцыя вікінгаў пад кіраўніцтвам Годфрыда Фрыскага зьдзейсьніла набег на фрыскія землі. Вікінгаўская навала паслабіла ўплыў францускіх і нямецкіх лордаў у рэгіёне. Супраціў заваёўнікам, калі ён і быў, зыходзіў ад мясцовай шдяхты, якая ў выніку набыла моц, што сталася грунтам да распаду Ніжняй Лятарынгіі на паўнезалежныя дзяржавы. Адным з гэтых мясцовых шляхцічаў быў Герульф, які здабыў уладу ў Фрызіі пасьля таго, як дапамог забіць Годфрыда. Панаваньне вікінгаў пасьля гэтага скончылася.

У Сярэднявеччы Ніжнія краіны (якія складаюцца прыкладна зь цяперашніх Бэльгіі і Нідэрляндаў) уключалі ў сябе розныя графствы, герцагствы і япархіі, што ўваходзілі ў склад Сьвятой Рымскай імпэрыі. Каля 1000 году празь некалькі сельскагаспадарчых інавацыяў эканоміка рэгіёну пачала разьвівацца хуткімі тэмпамі, а больш высокая прадукцыйнасьць працы дазволіла сялянам апрацоўваць больш зямлі альбо стаць гандлярамі. Вакол манастыроў і замкаў пачалі расьці гарады, у якіх асабліва ў Фляндрыі, а пазьней і ў Брабанце, пачала ўзьнікаць сярэдняя кляса гандляроў. Заможныя гарады пачалі купляць сабе пэўныя прывілеі. На практыцы гэта азначала, што Бруге і Антвэрпэн сталі квазінезалежнымі рэспублікамі самі па сабе і пазьней ператварыліся ў найважнейшыя гарады і парты Эўропы. Каля 1100 году сяляне з Фляндрыі і Утрэхта пачалі асушваць і апрацоўваць незаселеныя балоцістыя землі ў заходніх Нідэрляндах, што ўзвысіла графства Галяндыя як цэнтра ўлады.

 
Вільгэльм I прынц Аранскі ачоліў нідэрляндзае паўстаньне супраць Габсбургаў.

Большасьць імпэрскіх і францускіх фэодаў на тэрыторыі сучасных Нідэрляндаў і Бэльгіі былі аб’яднаны ў асабістую унію з герцагам Бургундыі Філіпам Добрым у 1433 годзе. Пасьля спадкаемцамі дынастыі бургундзкіх Валюа сталі Габсбургі, якія працягнулі кіраваць Ніжнімі землямі. Да Бургундзкай уніі нідэрляндцы часта атаесамлялі сябе толькі з горадам, у якім яны жылі, альбо мясцовым герцагствам ці графствам. Бургундзкі пэрыяд фактычна стаў часам, калі пачаўся шлях фармаваньня нацыі. Новыя кіраўнікі абаранялі нідэрляндзкія гандлёвыя інтарэсы, якія тады хутка разьвіваліся. Флёт графства Галяндыі некалькі разоў перамагаў флёт Ганзейскага зьвязу. Амстэрдам квітнеў і ў XV стагодзьдзі стаў галоўным гандлёвым портам у Эўропе, бо празь яго адбываўся гандаль збожжам з балтыйскага рэгіёну. Праз Амстэрдам развозілася збожжа ў буйныя гарады Бэльгіі, Паўночнай Францыі і Ангельшчыны. Гэты гандаль быў жыцьцёва важным, таму што Нідэрлянды больш не маглі вырошчваць дастаткова збожжа, каб пракарміць сябе. Асушваньне зямель прывёў да таго, што слой торфу на былых балотах скараціўся, што прыводзіла да затапленьня зямлі. Пры Габсбургу Карле V, кіраўніку Сьвятой Рымскай імпэрыі і каралю Гішпаніі, усе фэоды ў цяперашнім рэгіёне Нідэрляндаў былі аб’яднаныя ў Сямнаццаць правінцыяў, якія таксама ўлучалі большую частку сучаснай Бэльгіі, Люксэмбургу і некаторых прылеглых тэрыторыяў на тэрыторыі сучаснай Францыі і Нямеччыны. Пасьля распаўсюджваньня кальвінізму пасьледавала Контрарэфармацыя, што выклікала раскол у краіне. Спробы гішпанскага караля Філіпа II цэнтралізаваць дзяржаву прывялі да паўстаньня супраць гішпанскага панаваньня пад правадырствам Вільгэльма I Аранскага.

Галяндзкая рэспубліка

рэдагаваць
 
Амстэрдамскі пляц Дам у 1656 годзе.

26 ліпеня 1581 году была абвешчаная незалежнасьць краіны, афіцыйна прызнаная іншымі дзяржавамі толькі пасьля Васьмідзясяцігадовай вайны (1568—1648). У гады вайны за незалежнасьць пачаўся «Залаты век» Нідэрляндаў, пэрыяд эканамічнага і культурнага росквіту, які працягваўся ўсё XVII стагодзьдзьдзе. Шырокае разьвіцьцё ў Нідэрляндах набылі навука, вайсковая справа і мастацтва (асабліва жывапіс). Да 1650 году галяндцы валодалі 16 тысячамі гандлёвых караблёў[19]. Нідэрляндзкая Ост-Індзкая кампанія і Нідэрляндзкая Вэст-Індзкая кампанія заснавалі калёніі і гандлёвыя пункты ва ўсім сьвеце, у тым ліку кіравалі заходнімі часткамі Тайваня паміж 1624—1662 і 1664—1667 гадамі. Засяленьне нідэрляндцамі Паўночнай Амэрыкі пачалося з закладу Новага Амстэрдама ў паўднёвай частцы Мангэтану ў 1614 годзе. У Паўднёвай Афрыцы нідэрляндцы засялілі Капскую калёнію ў 1652 годзе. Калёніі ў Паўднёвай Амэрыцы былі заснаваныя ўздоўж шматлікіх рэкаў ва ўрадлівай Гаяне. Сучасны Сурынам некалі быў нідэрляндзкай калёніяй. У Азіі нідэрлянцы стварылі Нідэрляндзую Ост-Індыю (цяпер Інданэзія) і гандлёвы пункт у Японіі на востраве Дэдзіма. У даіндустрыяльны час нідэрляндзкая імпэрыя атрымлівала 50% тэкстылю і 80% шоўку з індыйскай імпэрыі Вялікіх Маголаў[20][21]. Многія эканамічныя гісторыкі зважаюць Нідэрлянды першай цалкам капіталістычнай краінай у сьвеце, бо тут месьціўся самы заможны гандлёвы горад (Амстэрдам) і была створаная першая фондавая біржа. Вынаходлівасьць гандляроў прывяла да стварэньня страхавых і пэнсійных фондаў.

Батаўская рэспубліка і каралеўства

рэдагаваць

Пасьля Францускай рэвалюцыі і ўзвышэньня Напалеона Нідэрлянды страцілі кантроль над дзяржавай. Пасьля нядоўгага часу існаваньня Батаўскай рэспублікі было створанае марыянэткавае Каралеўства Галяндыя, якое ачоліў Напалеонавы брат Люі Банапарт. Банапарт спрабаваў служыць нідэрляндзкім інтарэсам замест інтарэсаў свайго брата і быў вымушаны адмовіцца ад трону 1 ліпеня 1810 году. Імпэратар накіраваў войскі, і Нідэрлянды сталі часткай Францускай імпэрыі да восені 1813 году, калі Напалеон пацярпеў паразу ў бітве пры Ляйпцыгу. Пасьля спыненьня францускай акупацыі ў пачатку XIX стагодзьдзя Нідэрлянды ператварыліся ў манархію пад уладай дынастыі Аранскіх. У 1830 годзе Бэльгія канчаткова аддзялілася ад Нідэрляндаў і стала самастойным каралеўствам. Люксэмбург здабыў незалежнасьць у 1890 годзе. Пад ціскам лібэральных палітыкаў краіна ў 1848 годзе была ператвораная ў парлямэнцкую дэмакратыю з канстытуцыйным манархам. Такі палітычны лад захаваўся і дагэтуль, з кароткім перапынкам падчас нямецкай акупацыі.

За часам сусьветных войнаў і апасьля

рэдагаваць
 
Зруйнаваны Ратэрдам пасьля нямецкіх бамбаваньняў у 1940 годзе.

Падчас Першай сусьветнай вайны Нідэрлянды захоўвалі нэўтралітэт, але падчас Другой сусьветнай вайны на працягу пяці гадоў былі акупаваныя Нямеччынай. Падчас нямецкага ўварваньня Ратэрдам быў падвергнуты бамбаваньню, пад час якога быў амаль цалкам разбураны цэнтар гораду. Падчас акупацыі ахвярамі галакосту сталі каля пяцідзесяці тысячаў нідэрляндзкіх габрэяў. Нідэрляндзкія рабочыя былі вывезеныя на прымусовыя работы ў Нямеччыну, а мірныя жыхары, якія зьдзяйсьнялі супраціў забіваліся ў адплату за напады на нямецкіх жаўнераў. Вёскі рабаваліся, бо Трэцяму Райху была патрэба ў ежы. Зважаючы на тое, што тысячы нідэрляндцаў рызыкавалі жыцьцём, хаваючы габрэяў ад немцаў, больш за 20 тысяч нідэрляндзкіх фашыстаў далучыліся да шэрагаў СС[22], змагаючыся на Усходнім фронце[23]. Палітычныя калябаранты былі сябрамі фашыстоўскага Нацыянал-сацыялістычнага руху, адзінай легальнай палітычнай партыі ў акупаваных Нідэрляндах. 8 сьнежня 1941 году нідэрляндзкі ўрад у выгнаньні ў Лёндане аб’явіў вайну Японіі[24], але ня здолеў прадухіліць японскую акупацыю Нідэрляндзкай Ост-Індыі[25]. У 1944—1945 гадах Першая канадзкая армія, якая ўключала канадзкія, брытанскія і польскія войскі, была адказная за вызваленьне большай часткі Нідэрляндаў[26]. Пасьля сусьветнай вайны нідэрляндцы працягнулі ваяваць у Інданэзіі, якая пасьля японскай акупацыі ўжо змагалася за ўласную незалежнасьць.

 
Колішнія прэм’ер-міністры краіны поруч зь дзейным прэм’ерам Маркам Рутэ ў 2011 годзе.

Пасьля вайны пачалося хуткае аднаўленьне краіны, чаму спрыяў плян Маршала, прапаваны Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Дзякуючы гэтаму Нідэрлянды хутка змаглі стаць сучаснай індустрыяльнай краінай. Дзяржаўную незалежнасьць набылі былыя калёніі Інданэзія і Сурынам. У выніку масавай іміграцыі з Інданэзіі, Турэччыны, Марока, Сурынаму і Антыльскіх астравоў Нідэрлянды сталі шматкультурнай краінай зь вялікай доляй мігрантаў. Па вайне Нідэрлянды сталіся адной з краінаў заснавальніцаў арганізацыі Бэнілюкс поруч з Бэльгіяй і Люксэмбургам. У 1949 годзе краіна далучылася да вайсковай Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы. 25 сакавіка 1957 году Нідэрлянды сталі адным з заснавальнікаў арганізцыі, зь якой у 1990-х паўстаў Эўрапейскага зьвязу. У 1960-я і 1970-я гады рушылі вялікія сацыяльныя і культурныя зьмены. Каталікі і пратэстанты сталі мець большыя дачыненьні між сабой, і адрозьненьні паміж клясамі таксама сталі меней прыкметнымі праз росту роўня жыцьця і адукацыі. Студэнты і моладзь агулам адмаўляліся ад традыцыйных нораваў і настойвалі на зьменах у такіх пытаннях, як правы жанчынаў, сэксуальнасьць, раззбраеньне і праблемы навакольнага асяродзьдзя. У 2002 годзе дзяржаўнай валютай сталася эўра. У 2010 годзе былі ліквідаваныя Нідэрландзкія Антыльскія астравы, а на кожным востраве быў зладжаны рэфэрэндум аб вызначэньні ўласнага статусу. У выніку астравы захавалі цесныя дачыненьні зь Нідэрляндамі, атрымаўшы незалежнасьць, але пад нідэрляндзкай каронай. На рэфэрэндуме па Эўрапейскай канстытуцыйнай дамове ў чэрвені 2005 году больш за паловы нідэрляндцаў прагаласавалі супраць яе прыняцьця.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Рэльефная мапа эўрапейскай часткі Нідэрляндаў.

Краіна разьмешчаная на землях у вусьцях рэк Райну, Маасу і Шэльды. З глебы, нанесенай гэтымі рэкамі, утварыліся дэльта і шырокая пляскатая нізіна. Палова тэрыторыі ляжыць ніжэй за ўзровень мора, і толькі на поўдні Нідэрляндаў мясцовасьць падвышаецца да 30 мэтраў і вышэй. Вялікая частка нізінаў знаходзіцца ў правінцыях Паўночная Галяндыя, Паўднёвая Галяндыя і Флевалянд. Берагавая лінія сфармаваная наноснымі выдмамі. За імі ідуць некалі адваяваныя ў мора зямлі, званыя польдэрамі і абароненыя выдмамі і дамбамі ад марскіх водаў. Нідэрлянды падзеленыя на паўночную і паўднёвую часткі Райнам, Ваалем і Маасам. У мінулым гэтыя рэкі дзейнічалі як натуральны бар’ер паміж фэадальнымі ўладаньнямі і, такім чынам, гістарычна стварылі культурны падзел, што відаць у некаторых фанэтычных рысах. Не дарма, што нідэрляндцы называюць памянёныя рэкі вялікімі.

 
Каляднае разводзьдзе 1717 году прывяло да загібелі тысячаў жыцьцяў.

На працягу стагодзьдзяў берагавая лінія Нідэрляндаў значна зьмянілася ў выніку прыродных катаклізмаў і ўмяшальніцтва чалавека. З часоў Рымскай імпэрыі галяндцы адваёўваюць зямлю ў мора. Першыя польдэры зьявіліся яшчэ ў XIII стагодзьдзі, і з тых часоў уздоўж узьбярэжжа былі асушаныя значныя плошчы.

14 сьнежня 1287 году паводка Сэнт-Люсіі закранула Нідэрлянды і Нямеччыну, загубіўшы больш за 50 тысяч чалавек. Гэтая непагадзь лічыцца адной з самых разбуральных паводак у пісьмовай гісторыі[27]. Паводка Сэнт-Элізабэт 1421 году і безгаспадарчае кіраваньне зьнішчылі нядаўна адноўлены польдэр, замяніўшы яго прыплыўнымі поймамі Бісбосх плошчай у 72 км². Велізарная паводка ў Паўночным моры ў лютым 1953 году прывяла да абвальваньня некалькіх дамбаў на паўднёвым захадзе Нідэрляндаў. Падчас паводкі патанулі больш за 1800 чалавек. Пасьля гэтага ўрад Нідэрляндаў распачаў буйнамаштабную праграму «Плян Дэльта», каб абараніць краіну ад будучых паводак. Праграма прадугледжвала аддзяленьне ад мора вусьцяў рэк, з захаваньнем суднаходзтва па шматлікіх каналах і рэалізоўвалася на працягу больш чым трыццаці гадоў.

 
Збудаваны польдэр вышынёю 5,5 мэтраў ніжэй узроўню мора.

Узьдзеяньне катастрофаў у пэўнай ступені ўзмацняецца дзейнасьцю чалавека. Адносна высока разьмешчаныя балоты былі асушаныя дзеля выкарыстаньня ў сельскай гаспадарцы. Дрэнаж прывёў да скарачэньня ўрадлівага торфу і паніжэньня ўзроўню зямлі, пасьля чаго ўзровень грунтовых водаў быў паніжаны, што прывяло да далейшага скарачэньня торфу. Акрамя таго, да XIX стагодзьдзя торф здабывалі, сушылі і выкарыстоўвалі ў якасьці паліва, што яшчэ больш пагаршала праблему. Стагодзьдзі дрэнна кантраляванай здабычы торфу панізілі і без таго нізкую паверхню зямлі на некалькі мэтраў. Нават на затопленых тэрыторыях працягвалася здабыча торфу. Праз загрозу паводак земляробства было цяжкім, што стымулявала замежны гандаль, у выніку чаго нідэрляндцы актыўна бралі ўдзел у сусьветных справах з пачатку XIV і XV стагодзьдзяў.

Каб засьцерагчыся ад паводак, быў прыдуманы шэраг абарончых збудаваньняў ад вады. У першым тысячагодзьдзі нашай эры вёскі і хутары будаваліся на пагорках, якія называліся тэрпамі. Пазьней гэтыя тэрпы злучылі дамбамі. У XII стагодзьдзі пачалі зьяўляцца мясцовыя дзяржаўныя ўстановы пад назвай «водныя рады», задачай якіх было падтрымліваць узровень вады і абараняць рэгіён ад паводак. Цікава, што яны працягваюць дзеіць і да нашых дзён. Пры зьніжэньні ўзроўня зямлі, пры неабходнасьці будаваліся дамбы, якія злучаліся ў інтэграваную сыстэму. Да XIII стагодзьдзя дзеля адпампоўваньня вады пачалі выкарыстоўваць ветраныя млыны, дзе землі месьціліся ніжэй за ўзровень мора. Пазьней ветракі выкарыстоўваліся дзеля асушваньня азёр, ствараючы знакамітыя польдэры[28]. Буйныя мэліярацыйныя праекты былі ажыцьцёўленыя ў 1930—1950 гадах.

 
Цюлені звычайныя на пляжах на астравах Вадэнскага мора.

У Нідэрляндах маецца 21 нацыянальны парк[29] і сотні іншых прыродных запаведнікаў, якія ўключаюць азёры, пусттэльні, лясы, дзюны і іншыя месцы. Большасьць зь іх належаць нацыянальнаму дэпартамэнту лясной гаспадаркі і аховы прыроды. Іншыя зь іх кіруюцца прыватнай арганізацыяў Помнікі прыроды. Вадэнскае мора на поўначы краіны зь мелізнамі і забалочанымі тэрыторымі, багатая на біялагічную разнастайнасьцю і ўлучаныя да сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[30].

Усходняя Шэльда, былы паўночна-ўсходні эстуарый ракі Шэльды, быў зроблены нацыянальным паркам у 2002 годзе. Такім чынам, ён сташся найвялікшым нацыянальным паркам у Нідэрляндах, маючы плошчу у 370 км². Празь вялікую разнастайнасьць марскіх насельнiкаў, уключаючы ўнікальных рэгіянальных відаў, парк папулярны сярод аквалангістаў. Таксама тут прапануюцца паслугі ветразевага спорту, рыбалкі, язды на ровары і назіраньне за птушкамі.

Фітагеаграфічна эўрапейская частка Нідэрляндаў падзеленая паміж Атлянтычнай і Цэнтральна-эўрапейскіай правінцыямі Цыркумбарэальнага рэгіёну. Паводле зьвестак Сусьветнага фонду дзікай прыроды, эўрапейская тэрыторыя Нідэрляндаў адносіцца да экарэгіёну атлянтычных зьмяшаных лясоў[31]. У 1871 годзе былі высечаныя апошнія старыя арыгінальныя натуральныя лясы[32], і большасьць лясоў сёньня ўяўляюць сабой монакультуры дрэваў, такіх як хвоя звычайная, і дрэвы, якія не зьяўляюцца гістарычна тыповымі для Нідэрляндаў. Гэтыя лясы былія высаджаны на антрапагенных верасах і пясчаных намулаў. Індэкс цэласнасьці ляснога ляндшафту Нідэрляндаў у 2019 годзе ёсьць даволі нізкім[33]. Маюцца праблемы з забруджваньнем азотам[34]. Колькасць лятучых вусякоў у Нідэрляндах скарацілася на 75% з 1990-х гадоў[35].

Палітыка

рэдагаваць
 
У комплексу Бінэнгоф праводзяцца паседжаньні абедзьвюх палатаў Генэральных штатаў.

Першая канстытуцыя Нідэрляндаў 1815 году надавала асноўную ўладу каралю, але давала заканадаўчыя паўнамоцтвы дзьвюхпалатнаму парлямэнту, вядомаму як Генэральныя штаты. Сучасная канстытуцыя краіны была прынятая ў 1848 годзе з ініцыятывы караля Вілема II і вядомага лібэрала Ёгана Рудольфа Торбэке. Гэтую канстытуцыю можна лічыць «мірнай рэвалюцыяй», таму што яна рэзка абмежавала ўладу караля і перадала выканаўчую ўладу кабінэту міністраў. Парлямэнт з гэтага часу абіраецца на прамых выбарах, атрымаўшы вялікі ўплыў на рашэньні ўраду. Такім чынам, Нідэрлянды аднымі зь першых у Эўропе зьдзейсьнілі пераход ад абсалютнай манархіі да канстытуцыйнай манархіі і парлямэнцкай дэмакратыі.

 
Кароль Нідэрляндаў Вілем-Аляксандар.

У 1917 годзе празь зьмяненьні ў канстытуцыі выбарчыя правы былі нададзеныя ўсім мужчынам ад веку 23 гадоў. У 1919 годзе права голасу атрымалі ўсе жанчыны. З 1971 году правы голасу маюць усе грамадзяне з 18 гадоў. Канстытуцыя была істотна перагледжаная ў 1983 годзе. З гэтага часу насельніцтву гарантаваліся ня толькі палітычныя, але і сацыяльныя правы, як то абарона ад дыскрымінацыі на падставе рэлігіі, палітычных перакананьняў, расы і іншага, скасоўвалася сьмяротнае пакараньне, і абвяшчалася права на пражытковы мінімум. Урад атрымаў абавязак бараніць насельніцтва ад беспрацоўя і ахоўваць навакольнае асяродзьдзе. Шэраг зьменаў у канстытуцыі пасьля 1983 году адмянілі службу ў войску паводле прызыву і дазволілі выкарыстоўваць узброеныя сілы дзеля міратворчых апэрацыяў па-за мяжой.

Манарх Нідэрляндаў афіцыйна ачольвае дзяржавы, аднак дэлегуе ўладу кабінэту міністраў. З 2013 году каралём ёсьць Вілем-Аляксандар з старадаўняй Аранскай дынастыі. Манарх нярэдка адракаецца ад пасады на карысьць спадчыньніка па дасягненьні паважнага веку, як зрабіла і каралева Бэатрыкс у 2013 годзе. На практыцы манарх амаль ня ўмешваецца ў палітычнае жыцьцё і абмяжоўваецца афіцыйнымі цырымоніямі, але ў той жа час мае вырашальны ўплыў на фармаваньне новага ўраду пасьля парлямэнцкіх выбараў і на прызначэньне каралеўскіх камісараў у правінцыях.

Заканадаўчай уладай валодаюць Генэральныя штаты і ў меншай ступені ўрад. Парлямэнт складаецца зь дзьвюх палатаў: першай (75 месцаў) і другой (150 месцаў). Другая палата, якая валодае асноўнай уладай, абіраецца ўсеагульным прамым галасаваньнем раз на 4 гады. Першая палата абіраецца правінцыйнымі парлямэнтамі. Ейныя функцыі зводзяцца да ратыфікацыі законапраектаў, ужо распрацаваных і прынятых другой палатай.

Палітычныя партыі

рэдагаваць
 
У Нідэрляндах існуе культура паважлівых і сяброўскіх дэбатаў у палітыцы. На фатаздымку сябры Палаты прадстаўнікоў ад розных палітычных партыяў.

Аніводная партыя ня мела большасьці ў парламэнце з XIX стагодзьдзя, і ў выніку звычайна партыі мусяць фармаваць кааліцыйныя кабінэты. З таго часу, як выбарчае права стала ўсеагульным у 1917 годзе, у палітычнай сыстэме Нідэрляндаў дамінавалі тры групы палітычных партый, як то хрысьціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты і лібэралы. Гэтыя партыі звычайна ладзілі кааліцыі адно з адным, пры гэтым звычайна хрысьціянскія дэмакраты фармавалі левацэнтрысцую кааліцыю з сацыял-дэмакратамі альбо правацэнтрысцкую кааліцыю зь лібэраламі. У 1970-я гады партыйная сыстэма стала больш няўстойлівай, бо хрысьціянска-дэмакратычныя партыі страцілі сваю магутнасьць, у той час як новыя партыі сталі больш пасьпяховымі. Гэтак зьявіліся радыкальн дэмакратычная і прагрэсіўная лібэральная партыя Дэмакраты-66 (Д66) і экалягічная партыя Зяленыя левыя. Асноўнымі палітычнымі партыямі Нідэрляндаў ёсьць Хрысьціянска-дэмакратычны заклік (ХДЗ), Партыя працы (ПП), Сацыялістычная партыя і Народная партыя за свабоду і дэмакратыю (НПСіД).

На выбарах 1994 году ХДЗ страціла дамінуючае становішча. Гэтак званы фіялетавы кабінэт быў сфармаваны поруч з НПСіД, Д66 і ПП. На выбарах 2002 году гэты кабінэт страціў большасьць праз павелічэньне падтрымкі ХДЗ і ўздыму правай партыі Сьпісу Піма Фартэйна, новай палітычнай партыі, згуртаванай вакол Піма Фартэйна, які быў забіты за тыдзень да выбараў. Кароткачасовы кабінэт быў ачолены лідэрам ХДЗ Янам Пэтэрам Балькенэндэ. Пасьля выбараў 2003 году, на якіх правая партыя страціла большасьць сваіх месцаў, быў сфармаваны кабінет з ХДЗ, НПСіД і Д66. Кабінэт ініцыяваў амбітную праграму рэфармаваньня сацыяльнай дзяржавы, сыстэмы аховы здароўя і іміграцыйнай палітыкі.

НПСіД і ПП атрымалі большасьць у Палаце прадстаўнікоў падчас усеагульных выбараў 2012 году. 5 лістапада 2012 году яны сфармавалі другі кабінэт Рутэ. Пасьля ўсеагульных выбараў 2017 году НПСіД, ХДЗ, Д66 і Хрысьціянскі зьвяз сфармавалі трэці кабінэт Рутэ. Кабінэт міністраў сышоў у адстаўку ў студзені 2021 году, за два месяцы да ўсеагульных выбараў, пасьля скандалу з махлярствам з сацыяльнай дапамогай на дзяцей[36]. У сакавіку 2021 году правацэнтрысты з Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю сталі пераможцамі выбараў, здабыўшы 34 з 150 месцаў. Другой па велічыні партыяй былі левацэнтрысты Дэмакраты-66 разам з 24 месцамі ў парлямэнце. Ультраправая Партыя свабоды Герта Вільдэрса страціла падтрымку сярод выбарнікаў. Прэм’ер-міністар Марк Рутэ, які знаходзіцца ва ўладзе з 2010 году, сфармаваў свой чацьверты кааліцыйны ўрад, які складаецца з тых жа партыяў, што ўваходзілі ў папярэдні кабінэт[37].

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць
 
Мапа правінцыяў і тэрыторыяў Нідэрляндаў.

Нідэрлянды падзеленыя на 12 правінцыяў, кожная зь якіх падпарадкоўваецца каралеўскаму камісару. Апошняя правінцыя Флевалянд была створаная ў 1986 годзе на асушаных тэрыторыях. Усе правінцыі ў сваю чаргу падзеленыя на гарадзкія і сельскія грамады, якіх паводле стану на 2023 год налічвалася 342[38]. Правінцыі маюць выбарны орган самакіраваньня выдомы як Правінцыйныя штаты. Абіраюць іх на чатыры гады.

Акрамя таго краіна падзяляецца на 21 водную акругу, кожна зь якіх кіруецца воднай радай. Гэты орган мае паўнамоцтвы ў пытаньнях кіравання воднымі рэсурсамі[39][40]. Стварэньне водных радаў насамрэч датуецца стварэньнем самой нацыі, першая зь іх зьявілася ў 1196 годзе. Нідэрляндзкія водныя рады ёсьць аднымі з найстарэйшых існых дэмакратычных утварэньняў у сьвеце. Прамыя выбары ў водныя рады таксама ладзяцца раз на чатыры гады. Асобную адміністрацыйную структуру маюць тэрыторыі па-за межамі Эўропы. У нідэрляндзкім горадзе Баарле-Насаў знаходзяцца 22 бэльгійскія эксклавы[41], а ў іх яшчэ 8 нідэрляндзкіх анклаваў.

Сьпіс правінцыяў:

Нідэрляндзкі сьцяг складаецца з трох гарызантальных стужак аднолькавае вышыні: чырвоная, белая ды сінія. Зьяўленьне сьцяга адносіцца да 1579 року, калі была абвешчаная незалежнасьць Нідэрляндаў. Сьцяг быў афіцыйна ўхвалены ў 1796 року і зацьверджаны як нацыянальная эмблема ў 1937 годзе. Колеры белы ды сіні — гэта колеры ліўрэяў францускага княскага роду Аранье. Чырвоны колер спачатку быў аранжавым, і быў прыняты ў гонар імя княскага роду, аднак на працягу XVII стагодзьдзя зьмяніўся на чырвоны. На сёньня аранжавы колер застаецца сымбалем каралеўскае сям’і, таму падчас нацыянальных сьвятаў побач са сьцягам вывешваюць аранжавыя стужкі ці носяць аранжавае адзеньне. Упершыню герб Каралеўства Нідэрляндаў быў вынайдзены ў 1815 року і дапрацаваны ў 1907 годзе. На гербе маецца выява льву зь мячом ды стрэламі, разьмешчанага на шчыту ў сінія краты: гэта геральдычны сымбаль каралевы і краіны. «Песьня Вільгэльма» выконвае ролю нацыянальнага гімну краіны з 10 траўня 1932 року. Да гэтага з 1817 року (з выключэньнямі 1832 ды 1833) гімнам быў «Тыя, у кім цячэ нідэрляндзкая кроў».

Эканоміка

рэдагаваць
 
Ратэрдамскі порт ёсьць найвялікшым марскім портам у Эўропе і адным з самых загружаных у сьвеце.

Нідэрлянды маюць разьвітую эканоміку і на працягу многіх стагодзьдзяў гуляюць асаблівую ролю ў эўрапейскай эканоміцы. З XVI стагодзьдзя суднаходзтва, рыбалоўства, сельская гаспадарка, гандаль і банкаўская справа сталі вядучымі галінамі эканомікі Нідэрляндаў. У Нідэрляндах высокі ўзровень эканамічнай свабоды. Нідэрлянды ёсьць адной з найлепшых краінаў паводле Глябальнай справаздачы аб дапамозе гандлю, то бок на 2016 год краіна займала 2 месца. Швайцарскі міжнародны інстытут кіраўніцкага разьвіцьця вызнаў Нідэрлянды ў 2017 годзе пятай найбольш канкурэнтаздольнай эканомікай у сьвеце[42]. Акрамя таго, Нідэрлянды занялі 5 месца ў рэйтынгу самых інавацыйных краінаў у сьвеце паводле Глябальнага інавацыйнага індэксу 2022 году[43].

Паводле стану на 2020 год ключавымі гандлёвымі партнэрамі Нідэрляндаў былі Нямеччына, Бэльгія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Італія, Кітай і Расея[44]. Нідэрлянды ўваходзяць да ліку 10 вядучых краінаў-экспартэраў у сьвеце. Прадукты харчаваньня складаюць найбуйнейшы сэктар прамысловасьці. Іншыя асноўныя галіны прамысловасьці ўлучаюць суднабудаваньне, хімічную прамысловасьць, мэталюргію, машынабудаваньне, электратавары, гандаль, паслугі і турызм. Прыклады міжнародных нідэрляндзкіх кампаніяў, якія працуюць у Нідэрляндах, ўлучаюць Randstad, Heineken, KLM, ING, ABN AMRO, Rabobank, DSM, AKZO, Royal Dutch Shell, Philips, ASML і TomTom. Цяжкая індустрыя — нафтаперапрацоўка, хімічная вытворчасьць, чорная мэталюргія і машынабудаваньне засяроджаныя ў прыбярэжных раёнах, асабліва ў Ратэрдаме, а таксама ў Эймяйдэне, Дордрэхце, Арнэме і Нэймэгене. Усе гэтыя гарады стаяць на суднаходных рэках або каналах. На марскім узьбярэжжы разьмешчаныя ветраэнэргетычныя фэрмы. Разьвіта таксама вытворчасьць шакаляда, цыгараў, джына, піва. Вядомай галінай, нягледзячы на сьціплыя маштабы, зьяўляецца апрацоўка дыямэнтаў у Амстэрдаме. У гарадах Хенгела і Дэлфзяйл працавалі саляныя шахты з аб’ёмам здабычы 4 мільёны тон у год.

Энэргетыка

рэдагаваць
 
Гронінгенскае газавае радовішча, адкрыцьцё якога ў 1959 годзе зьмяніла эканоміку Нідэрляндаў, ёсьць адным з найбуйнейшых радовішчаў прыроднага газу ў сьвеце.

Пачынаючы з 1950-х гадоў Нідэрлянды выявілі велізарныя запасы прыроднага газу. Продаж прыроднага газу прыносіў велізарныя прыбыткі Нідэрляндам на працягу дзесяцігодзьдзяў, дадаючы за шэсцьдзесят гадоў сотні мільярдаў эўра ва ўрадавы бюджэт[45]. Аднак непрадбачаныя наступствы велізарнага энэргетычнага багацьця краіны паўплывалі на канкурэнтаздольнасьць іншых сэктараў эканомікі, што прывяло да зьяўленьня галяндзкай хваробы[45]. Радовішча кіруюцца дзяржаўнай кампаніяй Gasunie, а прыбыткі ад здабычу сумесна маюць урад, кампаніі Royal Dutch Shell і ExxonMobil. Праз трубаправоды газ перадаецца з Гронінгену па ўсёй краіне і на экспарт. Да 1975 году ў правінцыі Лімбург здабывалі вугаль.

Нідэрлянды дасягнулі прыкметнага прагрэсу ў пераходзе да вугляродна-нэўтральнай эканомікі. Дзякуючы павышэньню энэргаэфэктыўнасьці попыт на энэргію дэманструе прыкметы адрыву ад эканамічнага росту. Доля энэргіі з аднаўляльных крыніцаў павялічылася ў два разы з 2008 па 2019 гады, прычым асабліва моцны рост адбыўся за кошт ветравай і сонечнай энэргіі. Тым ня менш, Нідэрлянды па-ранейшаму моцна залежаць ад выкапнёвага паліва і маюць канцэнтрацыю энэргаёмістых і выкідных галінаў, якія будзе няпроста дэкарбанізаваць. Пагадненьне аб клімаце 2019 году вызначае палітыку і захады па падтрымцы дасягненьня кліматычных мэтаў Нідэрляндаў і было распрацавана ў працэсе супрацоўніцтва з удзелам бакоў з усяго нідэрляндзкага грамадзтва[46]. Паводле стану на 2018 год Нідэрлянды мелі адзін з самых высокіх паказьнікаў адкідаў вуглякіслага газу на чалавека ў Эўрапейскім Зьвязе[47].

Сельская гаспадарка

рэдагаваць
 
Каровы на выгане ля Арнэму.

Сельская гаспадарка ў Нідэрляндах ёсьць высокаінтэнсіўным і значным сэктарам эканомікі, хоць у ім у 2005 годзе было занята ўсяго каля 1% насельніцтва краіны і выраблялася ня больш за 1,6% СУП. У 2005 годзе сельскагаспадарчы экспарт перавысіў 17 млрд эўра, то бок больш за 6% таварнага экспарту краіны, каля 80% экспарту спажываюць краіны Эўразьвязу, у тым ліку Нямеччына — 25%, Вялікабрытанія — 12%. У структуры аграрнага экспарту пераважаюць гародніна і кветкі і прадукты малочнай жывёлагадоўлі.

Землі сельскагаспадарчага прызначэньня займаюць каля 65% тэрыторыяў краіны. Каля 27% сельскагаспадарчых угодзьдзяў занятыя ворнымі землямі, 32% — пашамі і 9% пакрытыя лясамі. Дзель пашаў бесьперапынна падае, з 1995 па 2005 гады гэтыя ўгодзьдзі скараціліся на 8,2%, што зьвязана ў асноўным з пашырэньнем жыльлёвага будаўніцтва. За глебай у Нідэрляндах даглядаюць дбайна, акрамя таго, паводле колькасьці ўносных мінэральных угнаеньняў на 1 гектар краіна ў 2005 годзе займала першае месца ў сьвеце.

У некаторых раёнах краіны пераважае кветкаводзтва. Выгадоўваецца таксама бульба, цукровы бурак і збожжавыя культуры. Важны артыкул экспарту — высакаякасная парніковая і кансэрваваная гародніна. Паводле плошчах, адведзеным пад цяплічную гаспадарку, Нідэрлянды займаюць першае месца ў сьвеце. З 1994 году па 2005 год плошча цяпліцаў узрасла з 13 да 15 тысячаў гектараў, абаграваюцца цяпліцы звычайна пры дапамозе мясцовага прыроднага газу. 60% абароненага грунта адведзена пад кветкаводзтва.

Транспарт

рэдагаваць
 
Роварны праезд на цэнтральным вакзале Ратэрдама.

Плоскі рэльеф стварае спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця сеткі дарог, але вялікі лік рэк і каналаў стварае вызначаныя цяжкасьці і рызыкі ў дарожным будаўніцтве.

  • Агульная даўжыня чыгуначнай сеткі складае 2753 кілямэтры (зь іх электрыфікаваныя 68% — 1897 км).
  • Агульная даўжыня аўтамабільных дарог — 111 891 км.
  • Агульная даўжыня суднаходных рэк і каналаў — 5052 км.

Важную ролю ў эканоміцы краіны таксама гуляе акіянскае суднаходзтва. Ратэрдам зьяўляецца адным з найбуйнейшых марскіх партоў сьвету па грузазвароту. Нідэрлянды перапрацоўваюць значную частку эўрапейскіх грузаплыняў. Авіякампанія KLM абслугоўвае шматлікія міжнародныя маршруты.

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
У Ратэрдаме вялікая колькасьць людзей маюць замежнае паходжаньне.

Колькасьць насельніцтва паводле стану на красавік 2021 складала 17 493 969 чалавек[48]. У сьпісе краінаў паводле колькасьці насельніцтва[49] Нідэрлянды займаюць 64-е месца. У параўнаньні зь іншымі краінамі Эўропы, насельніцтва Нідэрляндаў вельмі хутка расло апошнія паўтара стагодзьдзі, то бок колькасьць насельніцтва складала 3 мільёнаў жыхароў у 1850 годзе, 5 мільёнаў — у 1900 годзе і 16 мільёнаў — у 2000 годзе. Для параўнаньня: насельніцтва Бэльгіі ў той жа час павялічылася ўсяго прыкладна ўдвая, то бок з 4,5 мільёнаў жыхароў у 1850 году да 10 мільёнаў у 2000 годзе. Пры плошчы краіны 41 526 км² Нідэрлянды маюць шчыльнасьць насельніцтва 520 чалавек на км². Такім чынам, Нідэрлянды зьяўляюцца 16-й паводле шчыльнасьці насельніцтва дзяржавай у сьвеце.

У Нідэрляндах жывуць дзьве карэнныя групы насельніцтва — нідэрляндцы і фрызы, а таксама шмат імігрантаў. Паводле этнічнага складу насельніцтва паводле стану на 2022 год самай вялікай групай былі нідэрляндцы (74,8%). Наступнымі былі іншыя эўрапейцы (8,3%), туркі (2,4%), мараканцы (2,0%), інданэзійцы (2,0%), сурынамцы (2,0%) ды іншыя (8,1%). Прыкладна ад 150 тысяч да 200 тысяч чалавек, якія жывуць і працуюць у Нідэрляндах, ёсьць экспатамі. Большасьць зь іх сканцэнтраваныя ў Амстэрдаме і Гаазе і вакол іх. На сёньня яны фармуюць амаль 10% насельніцтва гэтых гарадоў[50][51]. Паводле зьвестак Эўрастата, у 2010 годзе ў Нідэрляндах налічвалася 1,8 мільёнаў жыхароў, якія нарадзіліся за мяжой, што адпавядае 11,1% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Зь іх 1,4 мільёна (8,5%) нарадзіліся па-за межамі ЭЗ і 0,43 мільёнаў (2,6%) нарадзіліся ў іншай дзяржаве ЭЗ[52]. На 21 лістапада 2016 году ў Нідэрляндах налічвалася 3,8 мільёнаш жыхароў, у якіх хаця б адзін з бацькоў нарадзіўся за мяжой[53].

Насельніцтва Нідэрляндаў ёсьць самым высокім у сьвеце, то бок сярэдні рост дарослых мужчынаў складае 1,83 мэтры, дарослых жанчын — 1,70 мэтры.

 
Веданьне замежных моваў у Нідэрляндах сярод насельніцтва ад 15 гадоў і старэй у 2006 годзе. Першая месца займае ангельская мова (89%), далей рушаць нямецкая (70%), француская (29%) і гішпанская (5%).

Афіцыйнай мовай дзяржавы ёсьць нідэрляндзкая мова, на якой размаўляе пераважная большасьць жыхароў. Найбольш распаўсюджанымі дыялектамі ў Нідэрляндах ёсьць брабанцка-галяндзкія дыялекты[54]. Акрамя нідэрляндзкай, заходнефрыская мова прызнаная другой афіцыйнай мовай у паўночнай правінцыі Фрысьлянд[55]. Яна мае афіцыйны статус у дзяржаўных установах у гэтае правінцыі.

Нідэрлянды маюць даўнюю традыцыю вывучэньня замежных моваў, фармалізаваную ў нідэрляндзкіх законах аб адукацыі. Каля 90% усяго насельніцтва адзначаюць, што яны здольныя размаўляць па-ангельску, 70% — па-нямецку і 29% — па-француску[56]. Ангельская мова ёсьць абавязковай да навучаньня ў сярэдняй школе[57]. У большасьці школах таксама на працягу некалькіх гадоў вывучаюццца дадатковыя замежныя мовы. Звычайна дзеці абіраюць францускую альбо нямецкую мову, але можна выбраць кітайскую, гішпанскую, расейскую, італьянскую, турэцкую альбо арабскую[58]. Акрамя таго, у школах Фрысьлянду выкладаньне і экзамены праводзяцца на заходнефрыскай мове[59], а ў гімназіях выкладаюць старажытнагрэцкую і лацінскую мовы.

 
Кальвінісцкая царква Вэстэркерк у цэнтральным Амстэрдаме.

Розныя кірункі хрысьціянства дамінавалі ў рэлігійным жыцьці на тэрыторыі сучасных Нідэрляндаў больш за 1200 гадоў[60], а да сярэдзіны XVI стагодзьдзя краіна пераважна вызнавала кальвінізм[61]. Да сканчэньня XX стагодзьдзя жыхары краіны было пераважна хрысьціянскім, зьяўляючыся вернікамі шэрагу канфэсіяў[62]. Не зважаючы на захаваньне значнай рэлігійнай разнастайнасьці, назіраецца зьніжэньне рэлігійнасьці. Цяпер у Нідэрляндах жыве адно з самых сьвецкіх грамадзтваў у сьвеце. Паўднёвыя правінцыі Паўночны Брабант і Лімбург гістарычна былі моцна каталіцкімі, і некаторыя жыхары лічаць каталіцкую царкву асновай сваёй культурнай ідэнтычнасьці. Пратэстанцтва ў Нідэрляндах складаецца з шэрагу цэркваў у розных традыцыях. Найбуйнейшай зь іх ёсьць Пратэстанцкая царква Нідэрляндаў, Аб’яднаная царква кальвінісцкай і лютэранскай кірункаў[63]. Яна была створаная ў 2004 годзе ў выніку зьліцьця Нідэрляндзкай рэфармацкай царквы, рэфармацкіх цэркваў у Нідэрляндах і меншых лютэранскіх царкваў. Не зважаючы на тое, што агулам у Нідэрляндах хрысьціянства страціла свой уплыў, ад Зэляндыі да паўночных частак правінцыі Авэрэйсэль цягнецца гэтак званы Біблейскі пас. На гэтай тэрыторыі застаюцца моцнымі пратэстанцкімі (асабліва кальвінісцкія) перакананьні, а вернікі маюць большасьць у грамадзкіх радах.

Паводле веравызнаньні большасьць насельніцтва (41%) не належыць аніводнай рэлігіі, 30% ёсьць каталікамі, 21% — пратэстанты, 5,8% — мусульмане, 0,6% — індуісты, а 1,6% вызнаюць іншыя рэлігіі. Канстытуцыя Нідэрляндаў гарантуе свабоду адукацыі, што азначае, што ўсе школы, якія прытрымліваюцца агульных крытэраў якасьці, атрымліваюць аднолькавае дзяржаўнае фінансаваньне. Гэта азначае, што школы, заснаваныя на рэлігійных прынцыпах ці рэлігійнымі групамі, таксама ўваходзяць да іхняга ліку.

Культура

рэдагаваць
 
Знакаміты Рэйксмюзэўм.

У Нідэрляндах працавалі шматлікія вядомыя мастакі. У Сярэднявеччы піянэрамі нідэрляндзкага мастацтва былі Геранімус Босх і Пітэр Брэйгель Старэйшы. Агулам жа за часам Залатога веку Галяндзкая Рэспубліка была квітнеючай і стала цэнтрам росквіту мастацкага руху. У XVII стагодзьдзі жылі і працавалі такія майстры, як Рэмбрант, Ян Вэрмээр, Ян Стэйн і шматлікія іншыя. У XIX і XX стагодзьдзях дзеялі знакамітыя Вінцэнт ван Гог і Піт Мандрыян. Вядомым мастаком-графікам быў Маўрыц Карнэліс Эшэр. Вілем дэ Конінг атрымаў адукацыю ў Ратэрдаме, і пасьля стаў вядомым амэрыканскім мастаком. Нан ван Мэйгэрэн уславіўся за свае падробкі клясычных карцінаў.

 
Рэмбрант — адзін з самых вядомых мастакоў сьвету.

Квітнела ў памянёны Залаты век Нідэрляндаў і літаратура. Выбітнымі паэтамі таго часу былі Ёст ван дэн Вондэль і Пітэр Карнэлісан Гоофт. У XIX стагодзьдзі Эдуард Доўвэс Дэкер пісаў пра дрэннае абыходжаньне з карэннымі жыхарамі ў нідэрляндзкіх калёніях. Істотнымі пісьменьнікамі XX стагодзьдзя былі Гары Муліш, Ян Волькерс, Сымон Вэстдэйк, Гэрард Рэвэ, В. Ф. Герман і Сэйс Нотэбоом. Ганна Франк напісала знакаміты «Дзёньнік Ганны Франк», які быў выдадзены па ейнай сьмерці ў нацыскім канцлягеры і перакладзены зь нідэрляндзкай на ўсе асноўныя мовы.

У Нідэрляндах можна вылучыць розныя архітэктурныя стылі. Раманская архітэктура панавала паміж 950 і 1250 гадамі. Гэты архітэктурны стыль найбольш сканцэнтраваны ў правінцыях Гельдэрлянд і Лімбург. Гатычная архітэктура выкарыстоўвалася ў Нідэрляндах прыкладна з 1230 году. Будынкі ў гэтым стылі мелі вялікія вокны, сьпічастыя аркі і былі багата ўпрыгожаныя. Брабанцкая готыка ўзьнікла з узьнікненьнем герцагства Брабант і распаўсюдзілася ва ўсіх правінцыях Бургундыі. Архітэктура галяндзкага барока (1525—1630) і клясыцызму (1630—1700) асабліва ярка выявілася на захадзе Нідэрляндаў.

У Нідэрляндах жылі філёзафы Эразм Ратэрдамскі і Бэнэдыкт Сьпіноза, і тамака былі выкананыя ўсе асноўныя працы Рэнэ Дэкарта. Навуковец Крыстыян Гюйгэнс адкрыў спадарожнік Сатурна Тытан і вынайшаў ківачовыя гадзіны. Антоні ван Леэўвэнгук быў першым, хто назіраў і апісаў аднавузныя арганізмы з дапамогай мікраскопу. Зь Нідэрляндамі звычайна атаясамліваюцца ветракі, тульпаны, драўляныя чаравікі і гліняны посуд з Дэльфта.

Самым папулярным відам спорту зьяўляецца футбол. Вялікае значэньне таксама маюць тэніс, роварны спорт, хакей на траве, валейбол, гандбол, канькабежны спорт і гольф. Верагодна, адзіным вядомым відам спорту, вынайдзеным у Нідэрляндах, зьяўляецца карфбол — вельмі спрошчаная форма баскетбола, не якае не патрабуе вялікага атлетызму. На Алімпіядах і чэмпіянатах сьвету спартоўцы Нідэрляндаў выйграваюць вельмі вялікі лік мэдаляў па стаўленьні да насельніцтва краіны. Тысячы заўзятараў зь Нідэрляндаў наведваюць змаганьні ў замежных краінах, апрануўшыся ў аранжавыя майкі, якія заўсёды носяць гульцы нацыянальнай зборнай па футболе.

  1. ^ а б в 10. Mai 1932 - "Wilhelmus-Lied" wird niederländische Nationalhymne (ням.) / Hrsg.: Westdeutscher Rundfunk — 2017.
  2. ^ а б в https://www.rijksoverheid.nl/onderwerpen/erkende-talen
  3. ^ а б Staat der Nederlanden Grondwet voor het Koninkrijk der Nederlanden (нід.) — вып. 1983, 2008.
  4. ^ а б https://www.rijksoverheid.nl/regering/bewindspersonen
  5. ^ https://european-union.europa.eu/principles-countries-history/eu-countries/netherlands_nl
  6. ^ а б Bevolking; kerncijfers (1950-2024)
  7. ^ https://www.randstad.nl/ontwikkelen/salaris/modaal-inkomen
  8. ^ а б https://www.eiu.com/n/campaigns/democracy-index-2023/
  9. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  10. ^ а б http://appsso.eurostat.ec.europa.eu/nui/show.do?dataset=ilc_di12
  11. ^ а б Human Development Data (1990-2017)Праграма разьвіцьця ААН.
  12. ^ van Krieken, Peter J.; David McKay (2005). «The Hague: Legal Capital of the World». Cambridge University Press. — ISBN 978-90-6704-185-0.
  13. ^ Lendering, Jona. «The Edges of the Earth (3)». Livius.
  14. ^ Lendering, Jona. «Germania Inferior». Livius.
  15. ^ а б в de Vries, Jan W.; Willemyns, Roland; Burger, Peter. «Het verhaal van een taal». Amsterdam: Prometheus, 2003. — С. 21—27.
  16. ^ Blom, J. C. H. (30.06.2006). «History of the Low Countries». Berghahn Books. — С. 6—18. — ISBN 978-1-84545-272-8.
  17. ^ а б в Bazelmans, Jos (2009). «The early-medieval use of ethnic names from classical antiquity: The case of the Frisians», in Derks, Ton; Roymans, Nico (eds.). «Ethnic Constructs in Antiquity: The Role of Power and Tradition». Amsterdam: Amsterdam University. — С. 321—337. — ISBN 978-90-8964-078-9.
  18. ^ «Frisii en Frisiaevones». Bert’s Geschiedenis Site.
  19. ^ «The Middle Colonies: New York». Digital History.
  20. ^ Junie T. Tong (2016). «Finance and Society in 21st Century China: Chinese Culture Versus Western Markets». CRC Press. — С. 151. — ISBN 978-1-317-13522-7.
  21. ^ John L. Esposito, ed. (2004). «The Islamic World: Past and Present». Vol. 1: Abba — Hist. Oxford University Press. — С. 174. — ISBN 978-0-19-516520-3.
  22. ^ «Nederlanders in de Waffen-SS». Waffen-SS.
  23. ^ «Indonesian SS Volunteers». Close Combat Series.
  24. ^ «The Kingdom of the Netherlands declares war with Japan». ibiblio.
  25. ^ «Indonesia: World War II and the Struggle For Independence, 1942–50; The Japanese Occupation, 1942–45». Library of Congress.
  26. ^ «Video: Allies Set For Offensive». Universal Newsreel.
  27. ^ «Zuiderzee floods (Netherlands history)». Encyclopedia Britannica.
  28. ^ «Windmills in Dutch History». Rijks Universiteit Groningen.
  29. ^ «Home». Nationaal Park.
  30. ^ «Wadden Sea». UNESCO World Heritage Centre.
  31. ^ Dinerstein, Eric; et al. (2017). «An Ecoregion-Based Approach to Protecting Half the Terrestrial Realm». BioScience. 67 (6): 534—545. doi:10.1093/biosci/bix014. PMID 28608869.
  32. ^ «Beekbergerwoud — Natuurgebied». Natuurmonumenten.
  33. ^ Grantham, H. S.; et al. (2020). «Anthropogenic modification of forests means only 40% of remaining forests have high ecosystem integrity — Supplementary Material». Nature Communications. 11 (1): 5978. doi:10.1038/s41467-020-19493-3. PMID 33293507.
  34. ^ «The cucumber Saudis: how the Dutch got too good at farming». The Economist.
  35. ^ Malo, Paul (18.11.2019). «Les insectes sont bel et bien en train de disparaître». ConsoGlobe.
  36. ^ «Dutch government resigns over child benefits scandal». Financial Times.
  37. ^ «Dutch election: PM Mark Rutte claims victory and fourth term». BBC News.
  38. ^ «Gemeentelijke indeling op 1 januari 2023». CBS Classifications.
  39. ^ «De waterschappen». Unie van Waterschappen.
  40. ^ «Mijn waterschap». Unie van Waterschappen.
  41. ^ «Baarle-Hertog and Baarle Nassau». Exclave.
  42. ^ «The 2017 IMD World Competitiveness Ranking». IMD.
  43. ^ «Global Innovation Index 2022». WIPO.
  44. ^ «Netherlands». The World Factbook.
  45. ^ а б «The Dutch curse: how billions from natural gas went up in smoke». NRC Handelsblad.
  46. ^ «The Netherlands 2020: Energy Policy Review». International Energy Agency.
  47. ^ «Fossil CO2 emissions of all world countries — 2018 Report». EU Science Hub.
  48. ^ «Bevolkingsontwikkeling; regio per maand». Statistics Netherlands.
  49. ^ CIA Factbook (анг.) Праверана 10 жніўня 2013 г. Архіўная копія ад 24 ліпеня 2013 г.
  50. ^ «Expats in Nederland». Verhuren aan Expats.
  51. ^ «Feiten en cijfers over immigratie». Ons Amsterdam.
  52. ^ Vasileva, Katya (2011) «6.5% of the EU population are foreigners and 9.4% are born abroad». Eurostat.
  53. ^ «Migration background still plays a role». Centraal Bureau voor de Statistiek
  54. ^ «Hoeveel dialecten heeft het Nederlands?». Taalcanon.
  55. ^ «Talen in Nederland — Erkende talen». Rijksoverheid.
  56. ^ «European Union survey». Eurobarometer.
  57. ^ «Foreign languages in secondary education». Wat is het aanbod aan vreemde talen in de onderbouw van het voortgezet onderwijs (vo)?. Rijksoverheid.
  58. ^ «Examenblad talen, vwo in 2019». Examenblad.
  59. ^ Ministerie van Binnenlandse Zaken en Koninkrijksrelaties (14.07.2020). «De Friese taal — Erkende talen». Rijksoverheid.
  60. ^ Milis, L.J.R. (1999). «A Long Beginning: The Low Countries Through the Tenth Century» in J.C.H. Blom & E. Lamberts History of the Low Countries. Berghahn Books — С. 6—18. — ISBN 978-1-84545-272-8.
  61. ^ Israel, Jonathan (1995). «The Dutch Republic: Its Rise, Greatness, and Fall, 1477—1806». — С. 361—395. — ISBN 978-0-19-820734-4.
  62. ^ Numbers, Ronald L. (2014). «Creationism in Europe». Johns Hopkins University Press. — ISBN 9781421415628.
  63. ^ «Kerkelijke gezindte en kerkbezoek; vanaf 1849; 18 jaar of ouder». CBS.

Літаратура

рэдагаваць
  • В. А. Бакир, Ю. Б. Ларионова. Нидерланды. Путеводитель. Вокруг света, 2005. 216 стр. ISBN 5-98652-011-4.
  • Paul Arblaster. A History of the Low Countries. Palgrave Essential Histories Series New York: Palgrave Macmillan, 2006. 298 pp. ISBN 1-4039-4828-3.
  • J. C. H. Blom and E. Lamberts, eds. History of the Low Countries (1999).
  • Jonathan Israel. The Dutch Republic: Its Rise, Greatness, and Fall 1477—1806 (1995).
  • J. A. Kossmann-Putto and E. H. Kossmann. The Low Countries: History of the Northern and Southern Netherlands (1987).
  • Christophe de Voogd. Geschiedenis van Nederland. Arena Amsterdam, 2000. 368 стр. ISBN 90-6974-367-1.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць