Філіп II (кароль Гішпаніі)
Філіп II (па-гішпанску: Felipe II de España; па-партугальску: Filipe I; 21 траўня 1527 — 13 верасьня 1598) — з 1556 году і да сваёй сьмерці быў каралём Гішпаніі і Нэапалю. З 1556 і да 1581 году ён таксама быў Гаспадаром Сямнаццаці Правінцыяў (асобна кожнай з правінцыяў, якія складалі Нідэрлянды, у якасьці герцага альбо графа). У 1554—1558 гадах ён быў каралём-консартам у Ангельшчыне як муж Марыі I, якая ўвайшла ў старонкі ангельскай гісторыі пад мянушкай крывавай за свой ваяўнічы каталіцызм. У 1580 годзе па сьмерці свайго дзядзькі, пасьля непрацяглай барацьбы, Філіп становіцца Філіпам I, каралём Партугаліі, такім чынам далучыўшы Партугалію, зь яе заморскай імпэрыяй ды моцным ваенна-марскім флётам, да ўладаньняў гаспадароў Гішпаніі. З 1554 да 1556 году Філіп меў тытул караля Чылі.
Філіп II | |
кароль Гішпаніі | |
---|---|
Філіп ІІ, кароль Гішпаніі | |
1556 — 13 верасьня 1598 | |
Папярэднік | Карл V |
Наступнік | Філіп III |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 21 траўня 1527, |
Памёр | 13 верасьня 1598 (71 год), |
Жонка | Марыя I |
Узнагароды | |
Подпіс |
Філіп стаў адной з самых супярэчлівых постацяў гішпанскай і эўрапейскай гісторыі з-за сваёй неадназначнай ролі ў каталіцкай рэакцыі на рух рэлігійнай рэфармацыі ў Эўропе, канфлікце з Атаманскай Портай і Ангельшчынай і стварэньня атмасфэры рэлігійнай нецярплівасьці ў самой Гішпаніі, якая прывяла да выгнаньня марыскаў з Гранады, што прывяло да эканамічнага заняпаду поўдня краіны.
Неадназначна і роля Філіпа ў будучым заняпадзе гішпанскай эканомікі. Калі Філіп стаў каралём, па адрачэньні свайго бацькі Карла V у 1556 годзе ён атрымаў 36 мільёнаў дукатаў доўгу і штогадовы дэфіцыт у 1 мільён дукатаў. Нягледзячы на гэта Філіп праводзіў вельмі актыўную замежную палітыку і ўдзельнічаў у шматлікіх узброенных канфліктах свайго часу, што некалькі разоў руйнавала фінансы краіны, якая мусіла абвяшчаць банкруцтва каралеўскага скарбу, упершыню зрабіўшы гэта ў 1557 годзе. Філіп быў вялікім прыхільнікам аўцаводзтва, што прывяло да занядбаньня вырошчваньня збожжавых культураў. Ужо ў 1560-я гг. Гішпанія вымушаная была імпартаваць збожжа і іншыя прадукты харчаваньня. Падаткаабкладаньне абыходзіла шляхецтва і, у асноўным, прыпадала на тыя групы грамадзтва, якія былі занятыя ў гандлі альбо вытворчасьці. Нягледзячы на гэта трэба дадаць, што шляхецтва рабіла плацяжы на карысьць Царквы, якая ў сваю чаргу рабіла плацяжы ў каралеўскі скарб, што было ўзгоднена з Папам Рымскім, і рабілася рэгулярна.
Прыток каштоўных мэталаў з амэрыканскіх калёніяў, расходы караля на войны і рост колькасьці насельніцтва у сукупнасьці з інфляцыйнымі працэсамі, якія адбываліся па ўсёй Эўропе ў XVI стагодзьдзі, справакавалі пяцікратнае падвышэньне коштаў у Гішпаніі. З прычыны інфляцыі і вялікага падатковага ціску вытворчасьць краіны прыйшла ў занядбаньне, і землі Філіпа ўсё болей і болей залежылі ад імпарту прадуктаў вытворчасьці зь іншых краінаў і прытоку золата і срэбра з Амэрыкі. Вузкая падатковая база Кастыліі і Нідэрляндаў не прадастаўлялі дастатковых даходаў, якія б далі магчымасьць Філіпу фінансаваць свае вайсковыя выправы. З гэтай прычыны ён мусіў рабіць займы ў банкіраў Генуі ды Аўгсбурга. У выніку на прыканцы яго караляваньня 40% каралеўскіх даходаў ішлі на выплаты працэнтаў па займам.
Канфлікт з туркамі і Лепанта
рэдагавацьАд 1541 году, калі бацька Філіпа, імпэратар Карл V, пацярпеў моцныя страты ад туркаў, ніводная эўрапейская хрысьціянская краіна не магла рашыцца на прамое супрацьстаяньне турэцкай агрэсіі, тым самым парадзіўшы міт пра «вайсковую непераможнасьц» аттаманскіх войскаў. Ад пачатку свайго караляваньня Філіп быў занепакоўны ростам вайсковай моцы Аттаманскай Турцыі ў Міжземнамор’і. І калі ў 1558 годзе турэцкі флёт пад камандаваньнем Піяле Пашы захапіў Балеарскія выспы і зрабіў апусташальныя рэйды на саму Гішпанію, Філіп зьвярнуўся з заклікам да папы рымскага і іншых эўрапейскіх дзяржаў пакласьці канец пагрозе ад Аттаманскай Порты.
Намаганьнямі Філіпа ў 1560 годзе была ўтворана Сьвятая Ліга, якая складалася з самой Гішпаніі, Папскай дзяржавы, Вэнэцыянскай рэспублікі, Генуэзскай рэспублікі, герцагствам Савойскім і Мальтыйскіх рыцараў.
Да 1571 году барацьба паміж асманамі і Лігай ішла зь пераменным посьпехам, аднак 1571-ы ўбачыў рашучую перамену посьпеху ў барацьбе на карысьць хрысьціянаў у бітве пры Лепанта, падчас якой хрысьціянскі флёт пад камандаваньнем Дона Хуана Аўстрыйскага амаль поўнасьцю зьнішчыў увесь флёт Аттаманскай Порты.
Барацьба завяршылася мірнай дамовай падпісанай у 1585 годзе. Аднак, пагроза панаваньня туркаў у Міжземнамор’і была зьнішчана яшчэ ў 1571 годзе пры Лепанта.
Мяцеж у Нідэрляндах і вайна з Ангельшчынай
рэдагавацьСямнаццаць правінцыяў, якія ў XVI стагодзьдзі складалі Нідэрлянды, былі пэрлінай уладаньняў Філіпа II. Эканамічна разьвітыя, урбанізаваныя правінцыя прыносілі каралеўскаму скарбу даходы роўныя паступленьням з амэрыканскіх калёніяў Кастыліі.
Зь цягам часу патрабаваньні дадатковых даходаў прывялі да глыбокай непапулярнасьці караля, якая ў 1572 годзе вылілася ў адкрытае ўзброенае супрацьстаяньне паміж Генэральнымі Станамі правінцыяў, войскі якіх узначаліў Ўілем Маўклівы, прынц Аранскі, і каронай, якая ў адказ на адмову фінансаваньня, імкнулася ўсталяваць больш шчыльны кантроль над сваімі паўночнымі ўладаньнямі.
У дадатак да фіскальных спрэчак трэба дадаць посьпехі Рэлігійнай рэфармацыі, якія прывялі ў 1566 годзе да хваляваньняў, якія мелі сваёй мэтай рэформу царквы, і прымусілі Філіпа II паслаць на дапамогу гішпанскай адміністрацыі ў правінцыях герцага Альба з 10 000 войскам, якое ўвайшло ў Брусэль 22 жніўня 1567 году.
Канфлікт ў Нідэрляндах, які цягнуўся ўсё Філіпава жыцьцё, патрабаваў шмат высілкаў як фізычных так і фанансавых. Паглыбленьне канфлікту прывяло да таго, што Генэральныя Станы правінцыяў, якія ў 1579 годзе аб’ядналіся паводле ўмоваў Утрэхцкай уніі, прынялі Акт Адступленьня пазбавіўшы Філіпа сувэрэнітэта над правінцыямі.
Пасьля забойства прынца Аранскага, па замове Філіпа, у 1584 годзе, ў вайну паміж Нідэрляндамі ды Гішпаніяй упершыню адкрыта ўмешваецца пратэстанцкая Ангельшчына у выніку амаль бесперапыннага пагаршэньня стасункаў на рэлігійнай і гандлёвай глебе, а таксама па прычыне жаданьня падтрымаць пратэстантаў супраць «прыгнёту папізму». Вайна з Ангельшчынай цягнулася да 1604 году, падчас якой Гішпанія пацярпела найгоршую марскую паразу за ўсё жыцьцё Філіпа падчас экспэдыцыі Непераможнай Армады.
Партугальская спадчына
рэдагавацьУ 1578 годзе Сэбаштыяну, кароль Партугаліі загінуў падчас катастрафічнай вайсковай выправы супраць Марока. Разам, зь яго сьмерцю скончылася прамая мужчынская лінія каралеўскай дынастыі. Філіп заявіў аб сваіх правах на партугальскі трон абапіраючыся на спадчынныя правы сваёй маці Ізабэлы, якая да замужства з бацькам Філіпа імпэратарам Карлам V мела тытул інфанты Партугаліі.
Да сьмерці сваёй маці Філіп у асноўным размаўляў па-партугальску. У 1581 годзе ён быў прызнаны каралём Партугаліі Картэсамі ў Тамары. Партугалія і Гішпанія суіснавалі ў якасьці асобных каралеўстваў ва ўмовах асабістай уніі на працягу 60 гадоў.
Спадчына
рэдагавацьУ часы каранаваньня Філіпа Гішпанія дасягнула піку сваёй магутнасьці. Філіпава замежная палітыка, якая прывяла да некалькіх войнаў і велізарных высілкаў, здрыйнавалі фінансы краіны і прывялі эканоміку да глыбокага крызісу, які, у сваю чаргу, прывёў Гішпанію да заняпаду ў другой палове XVII стагодзьдзя. Ваяўнічы каталіцызм і рэлігійная нецярплівасьць, якую практыкаваў Філіп, прымусілі сотні тысячаў людзей пераехаць з Гішпаніі ў іншыя краіны сьвету, тым пазбавіўшы яе вялікай часткі людзкіх рэсурсаў. Інквізыцыя, якую Філіп горача падтрымліваў, стала на шляху інтэлектуяльнага разьвіцьця краіны.
Нягледзячы на амаль поўнае зьнішчэньне гішпанскага флёта падчас выправы Непераможнай Армады супраць Ангельшчыны Філіп пражыў дастаткова доўга, каб зноў убачыць адраджэньне гішпанскага дамінаваньня на моры ды гішпанскага гандлю ў Амэрыцы. Гішпанская культура перажывала пэрыяд росквіту.
Зрэшты па крытэрах і паняцьцях часу караляваньне Філіпа нельга назваць няўдачай. Нягледзячы на бесперапынныя пірацкія выправы ангельскіх, галяндзкіх ды францускіх карсараў Філіп здолеў вялічэзна павялічыць імпарт срэбра ды золату з амэраканскіх калёніяў, і скончыць пагрозу, якую Эўропе прадстаўляла Асманская імпэрыя. Ён таксама здолеў аб’яднаць Гішпанію і Партугалію ў асабістую вунію, якая працягнулася на 60 гадоў. Яго намаганьні таксама зрабілі ўнёсак у справу Рэлігійная контр-рэфармацыі і ў шмат чым спынілі распаўсюджваньне Пратэстантызму ў Паўночнае Эўропе.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б RKDartists (нід.)
- ^ а б в г д е Felipe II // Diccionario biográfico español (гішп.) — Real Academia de la Historia, 2011.
- ^ а б Filips II van Spanje // RKDartists (нід.)
- ^ а б Koenigsberger H. G. Philip II // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118593862 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
Папярэднік Карл I |
Кароль Гішпаніі 1556—1598 |
Наступнік Філіп III |
Папярэднік Генрых |
Кароль Партугаліі 1581—1598 |
Наступнік Філіп III |
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьФіліп II (кароль Гішпаніі) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў