Гандбол

камандны від спорту зь мячом

Гандбо́л (па-дацку: håndbold, па-ангельску: handball — «ручны мяч») — камандная гульня зь мячом 7 на 7 гульцоў (па 6 палявых і брамнік у кожнай камандзе). Мэтаю гульні — забіць як найбольш галоў (толькі з дапамогаю рук) у браму суперніка.

Гульня жаночых зборных Партугаліі й Ізраілю

Мэта гульні — закінуць як мага больш мячоў у вароты (3х2 м) суперніка. Пры гэтым пры кідку нельга заступаць за лінію, якая абмяжоўвае 6-мэтровую зону перад варотамі.

Гульнявое поле

рэдагаваць

Пляцоўка для гульні ў гандбол мае памеры 40×20 м, на супрацьлеглых канцох яе знаходзяцца брамы памерам 2×3 м. Каля брамаў намаляваныя паўкругі радыюсам 6 м, якія пазначаюць межы брамніцкае пляцоўкі, у якой мае права знаходзіцца толькі брамнік.

На адлегласьці 7 м ад брамы праведзеная рыса даўжынёю 1 м, зь якой б’юць штрафныя ўдары пры грубых парушэньнях правілаў (пэнальці). На адлегласьці 4 м ад брамы праведзеная раўналежная 7-мэтровай адзнацы рыса, якая адзначае мяжу выхаду брамніка дзеля адбіваньня 7-мэтровага кідку.

На адлегласьці 9 м ад брамы пункцірнай лініяй намаляваны паўкруг, зь якога разыгрываюць вольныя ўдары (9-мэтровая лінія).

Поле падзеленае цэнтральнай лініяй на дзьве роўныя часткі.

Гандбольная брама мае пралёт шырынёю 3 мэтры і вышынёю 2 мэтры. Яна павінна быць трывала замацаваная да падлогі ці да задняе сьцяны.

Штангі і перакладзіна мусяць быць вырабленыя з аднаго матэрыялу і ўяўляюць сабою квадратныя ў сячэньні слупы з бакамі па 8 см. Тры бакі слупоў, бачныя з гульнявой пляцоўкі, мусяць быць расфарбаваныя ў два кантрастныя колеры, якія павінны кантраставаць з колерам пляцоўкі. Колеры абодвух брамаў мусяць быць аднолькавыя.

Кожная брама мае сетку, зьвязаную такім чынам, каб скрозь яе не праляцеў мяч.

Каманды складаюцца з 14 гульцоў, 7 зь якіх знаходзяцца на пляцоўцы. Гульцы могуць мяняцца па ўказаньні трэнэра.

Пазыцыі ў гандболе:

  • брамнік
  • цэнтральны гульнёвы — гуляе па цэнтры поля, распачынае атакі.
  • бакавыя гульнёвыя ці паўсярэднія — між цэнтральным і скрайнімі.
  • скрайнія — на флянгах.
  • лінейны ці абаротны — гуляе ў абароне з мэтаю падбору адбітых мячоў.

Вопратка гульцоў каманды павінна быць аднолькавай, за выняткам брамніка. На цішотцы і шортах павінны быць нумары гульца. Нашэньне касак і абаронных масак забароненае, таксама нельга апранаць біжутэрыю і акуляры ў цьвёрдай аправе.

 
Гандбольны мяч 3 памеру

Мяч сфэрычнае формы і мусіць быць зроблены са скуры ці з сынтэтычнага матэрыялу. Недапушчальна рабіць ягоную паверхню бліскучай альбо сьлізкай. Паколькі вядзеньне мяча адбываецца адной рукой, усталяваныя памеры залежаць ад узросту і стаці гульцоў.

Памер Кляса Даўжыня акружыны, см Маса, г
III Мужчыны ад 16-ці гадоў 58—60 425—475
II Жанчыны, юнакі ад 12-ці і дзяўчыны ад 14-ці гадоў 54—56 325—375
I Ад 8-мі гадоў 50—52 290—330

Працягласьць гульні

рэдагаваць

Матчы дарослых камандаў (ад 16 гадоў) складаюцца з двух таймаў па 30 хвілінаў з 15-хвілінным перапынкам (матчы дзіцячых камандаў 8-12 гадоў складаюцца з двух таймов па 20 хвілінаў, а камандаў 12-16 гадоў — па 25 хвілінаў). Пасьля перапынку каманды мяняюць бакі пляцоўкі. Нічыя ў гандболе дапускаецца, аднак у выпадку неабходнасьці выяўленьня пераможцы можа быць прызначаны дадатковы час — два таймы па 5 хвілінаў з 1-хвілінным перапынкам. Асьлі першы дадатковы час ня выявіў пераможцу, тады праз 5 хвілінаў прызначаюць другі дадатковы час на тых самых умовах. Калі й другі дадатковы час скончыўся ўнічыю, прызначаюць сэрыю зь пяці 7-мэтровых кідкоў.

Пры кароткатэрміновых прыпынках у гульні (напрыклад, выхадзе мяча за бакавую лінію) адлік часу не спыняецца. У выпадку неабходнасьці больш працяглага перапынку судзьдзі могуць спыніць сэкундамэр. У прыватнасьці, спыненьне сэкундамэру абавязковае пры выдаленьні гульца, нарадзе судзьдзяў.

Кожная каманда мае права адзін раз цягам тайму ўзяць 1-хвілінны тайм-аўт, на час якога сэкундамэр таксама спыняецца. Тайм-аўт дазволена браць толькі тады, калі каманда валодае мячом.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Лічыцца, што падобныя да гандболу гульні існавалі ўжо ў Старажытнай Грэцыі (уранія), Рыме (герпастум) і сярэднявечнай Нямеччыне (фангбальшпіль).

Сучасны гандбол сфармаваўся напрыканцы XIX стагодзьдзя ў Паўночнай Эўропе, найперш у Даніі, Нямеччыне, Нарвэгіі і Швэцыі, у якасьці замены футболу ў зімовую пару. У адрозьненьне ад футболу, гулялі мячом рукамі, а каманды складаліся з 7 чалавек. Датай нараджэньня сучаснае спартовае гульні зь мячом пад назваю «гандбол» прынята лічыць 1898 рок, калі Гольгер Нільсэн, выкладчык фізычнага выхаваньня рэальнае вучэльні дацкага места Ордруп, увёў ва ўрокі фізычнае культуры жаночых групаў гульню зь мячом, названую «håndbold» («гаанд» — рука і «болд» — мяч), у якой на невялікай пляцоўцы спаборнічалі каманды з 7 чалавек, перадаючы мяч адзін аднаму і намагаючыся закінуць яго ў браму. Ён жа ў 1906 року апублікаваў першыя правілы гульні.

29 кастрычніка 1917 року бэрлінец Макс Гайзэр апублікаваў новую рэдакцыю правілаў гульні ў гандбол. Паводле ягонага ўяўленьня гэтая гульня прызначалася для жанчынаў, бо пасавала ім лепей, чым таксама адносна маладая гульня ў футбол. Аднак у 1919 року Карл Шэленц дапрацаваў правілы гульні, зрабіўшы гандбол больш прыцягальным для мужчынаў.

13 верасьня 1925 паводле гэтых правілаў адбыўся першы міжнародны матч: у Гале Нямеччына перамагла Аўстрыю зь лікам 6:3. Падчас Алімпійскіх гульняў у Амстэрдаме ў 1928 року паўстала Міжнародная фэдэрацыя аматарскага гандболу (IAHF). У 1936 гандбол упершыню быў прадстаўлены на Алімпійскіх гульнях у Нямеччыне, дзе першы і адзіны раз гульні адбываліся на пляцоўках пад адкрытым небам памерам 90—100 × 55—65 м. Гэтая адмена гандболу атрымала назву фэльдгандбол. Фінальны матч з удзелам Нямеччыны наведалі 100 тысячаў чалавек, што дагэтуль застаецца рэкордам наведвальнасьці для гандбольных матчаў. Апошнія спаборніцтвы па фэльдгандболе адбыліся ў 1976 року.

Падчас правядзеньня Алімпіяды 1936 року IV кангрэс ІАГФ прыняў рашэньне ладзіць гандбольныя чэмпіянаты сьвету ў фарматах 7×7 (г. зв. дацкая вэрсія) і 11×11 гульцоў (г. зв. нямецкая вэрсія). Першы чэмпіянат прайшоў таксама ў Нямеччыне. У абодвух катэгорыях перамаглі гаспадары. Пэўны час абедзьве формы гандболу суіснавалі, аднак паступова 11-гульцовая вэрсія пачала зьнікаць; апошні чэмпіянат сьвету ў такой катэгорыі прайшоў у 1966 року. З 1995 року чэмпіянат сьвету ладзіцца кожныя два гады (дагэтуль — праз 4).

У 1946 року паўстала Міжнародная гандбольная фэдэрацыя (IHF). У 1948—1968, аднак, гандбол ня быў уключаны ў праграмы Алімпіядаў. Паўторны дэбют адбыўся ізноў у Нямеччыне на Алімпіядзе ў Мюнхене-1972. Жаночы гандбол упершыню быў прадстаўлены праз 4 гады на гульнях у Манрэалі.

У Беларусі

рэдагаваць

Невядома, калі ў Беларусі пачалі гуляць у гандбол. Але сярод беларускіх народных забаваў была чымсьці падобная да ручнога мяча гульня — жада́[1]. Каб зрабіць мяч (ко́ля), у скуру (часта трусцовую) клалася сухое траўе. Да поля мяч не датыкаўся (падобна рэгбі), але пры ўваходжаньні ў бра́мню (брамнікавую зону) гульцы гулялі ідэнтычна з правіламі сучаснага гандболу. Бясспрэчна, былі й адрозненьні: гульцоў было па 12, брама была адна з умоўным падзелам у сярэдзіне (прасы (праса́ — зона)), галы былі двух відаў (жада — галоўны гол, мыць — палоўны гол; дзьве мыці — адна жада. Адпаведна, лік налічваўся жадамі) і шэраг іншых.

У Беларусі гандбол разьвіваецца з канца 1950-х рокаў. Першы чэмпіянат па формуле 11×11 пачаўся ў 1957 року, па формуле 7×7 — у 1961. З 1958 року ва ўсесаюзным чэмпіянаце ўдзельнічалі жаночыя каманды, а мужчынская каманда СКА Менск станавілася чэмпіёнам СССР у 1981, 1984—1986, 1988, 1989 роках[2]. Акрамя таго, гэта адзіны беларускі клюб, які перамагаў у эўрапейскіх кубках: Кубку чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубку ўладальнікаў кубкаў (1983, 1988), Супэркубку (1989).

Чэмпіёнамі Алімпійскіх гульняў станавіліся Георгі Сьвірыдзенка, Аляксандар Тучкін, Канстанцін Шаравараў, Юры Шаўцоў (усе — у складзе зборнай СССР), Андрэй Барбашынскі, Міхаіл Якімовіч (у складзе зборнай СНД)[2].

Мужчынская зборная па пляжным гандболе перамагла на чэмпіянаце Эўропы 2000 року ў Італіі[3] і Сусьветных гульнях-2001(en) у Японіі[4].

Алімпійскія прызэры

рэдагаваць
 
Матч Алімпіяды-1980 паміж зборнымі СССР і Кувэйту
Алімпійскія прызэры па гандболе
Рок Месца Золата Срэбра Бронза
Мужчыны
1936   Бэрлін   Нямеччына   Аўстрыя   Швайцарыя
1972   Мюнхэн   СФРЮ   Чэхаславаччына   Румынія
1976   Манрэаль   СССР   Румынія   Польшча
1980   Масква   Нямеччына   СССР   Румынія
1984   Лос-Анджэлес   СФРЮ   Нямеччына   Румынія
1988   Сэўл   СССР   Рэспубліка Карэя   СФРЮ
1992   Барсэлёна   СНД   Швэцыя   Францыя
1996   Атланта   Харватыя   Швэцыя   Гішпанія
2000   Сыднэй   Расея   Швэцыя   Гішпанія
2004   Атэны   Харватыя   Нямеччына   Расея
2008   Пэкін   Францыя   Ісьляндыя   Гішпанія
2012   Лёндан   Францыя   Швэцыя   Харватыя
2016 Рыё-дэ-Жанэйра   Данія   Францыя   Нямеччына
Жанчыны
1976   Манрэаль   СССР   Нямеччына   Вугоршчына
1980   Масква   СССР   СФРЮ   Нямеччына
1984   Лос-Анджэлес   СФРЮ   Рэспубліка Карэя   Кітай
1988   Сэўл   Рэспубліка Карэя   Нарвэгія   СССР
1992   Барсэлёна   Рэспубліка Карэя   Нарвэгія   СНД
1996   Атланта   Данія   Рэспубліка Карэя   Вугоршчына
2000   Сыднэй   Данія   Вугоршчына   Нарвэгія
2004   Атэны   Данія   Рэспубліка Карэя   Украіна
2008   Пэкін   Нарвэгія   Расея   Рэспубліка Карэя
2012   Лёндан   Нарвэгія   Чарнагорыя   Гішпанія
2016 Рыё-дэ-Жанэйра   Расея   Францыя   Нарвэгія
  1. ^ Каршун Мікола. Ігрышчы й забавы беларускага народу. Вільня, 1937 — С. 37, 39
  2. ^ а б Талай В. А. О гандболе (рас.) (pdfПраверана 8 лютага 2015 г.
  3. ^ 2000 Men’s ECh Beachhandball. Final Tournament (анг.). European handball federationПраверана 8 лютага 2015 г.
  4. ^ The 1st Beach Handball World Championship (анг.). Japan Handball Association. Праверана 8 лютага 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць