Заходнефрыская мова

германская мова
Запыт «Фрыская мова» перанакіроўваецца сюды. Пра пра агульную групу роднасных моваў глядзіце артыкул «Фрыскія мовы».

Заходнефры́ская мова (саманазва: Frysk) — мова фрыскае групы англа-фрыскае падгрупы заходнегерманскае групы германскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і. Распаўсюджаная ў асноўным у правінцыі Фрысьлянд, на поўначы Нідэрляндаў.

Заходнефрыская мова
Frysk
Фрыскія мовы на мапе Эўропы. Заходнефрыская — цёмна-сінім
Ужываецца ў Нідэрляндах
Рэгіён Фрысьлянд, Гронінген
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў правінцыі Фрысьлянд (Нідэрлянды)
Рэгулюецца Фрыскай акадэміяй
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1 fy
ISO 639-2(Б) fry
ISO 639-2(Т) fry
ISO 639-3 fry
SIL

Найменьне заходнефрыская мова выкарыстоўваецца толькі па-за межамі Нідэрляндаў, што тлумачыцца патрэбай адрозьніваньня заходнефрыскае ад іншых моваў фрыскае групы — затэрляндзкай і паўночнай. У Нідэрляндах прыметнік заходнефрыскі (па-нідэрляндзку: Westfries) выкарыстоўваецца для пазначэньня заходнефрыскага дыялекту нідэрляндзкае мовы, тады як для ўласна заходнефрыскае мовы мае ўжытак тэрмін Fries («фрыская»).

Лінгвістычныя дасьледаваньні Нідэрляндаў для пазначэньня заходнефрыскае мовы выкарыстоўваюць тэрмін заходнелаўэрская фрыская мова (па-нідэрляндзку: Westerlauwers Fries), які ўтвораны ад ракі Лаўэрс, што аддзяляе правінцыі Фрысьлянд (рэгіён распаўсюджваньня заходнефрыскае мовы) і Гронінген.

Колькасьць носьбітаў

рэдагаваць

Большасьць носьбітаў заходнефрыскае мовы жывуць у правінцыі Фрысьлянд, што на поўначы Нідэрляндаў. Паводле зьвестак на 2005 год насельніцтва правінцыі склала 643 тыс чал., зь іх 94% маглі разумець вусную заходнефрыскую, 74% і 75% адпаведна маглі на ёй размаўляць і чытаць, 27% мелі веды заходнефрыскай артаграфіі[2]. Больш за палову насельніцтва правінцыі, а менавіта 55% яе жыхароў, заяўляюць пра заходнефрыскую мову як сваю родную, што ў пераліку складае каля 354 тыс чал. У цэнтральнай частцы ўсходу Фрысьлянду арэал заходнефрыскае мовы пераходзіць мяжу правінцыі — блізу 4000-6000 чал. носьбітаў мовы жывуць у суседніх раёнах правінцыі Гронінген[3]. Акрамя носьбітаў заходнефрыскае мовы як роднай, у Фрысьляндзе пражывае прыкладна 120 тыс чал., якія выкарыстоўваюць заходнефрыскую як другую мову[4]. Партал Ethnologue, грунтуючыся на зьвестках перапісу насельніцтва ў 2001 годзе, падае колькасьць носьбітаў у 470 тыс чал.[5]

Між тым, частка фрызаў пакінула правінцыю і мігравала ў іншыя рэгіёны Нідэрляндаў. На думку некаторых дасьледчыкаў, фрыскамоўная насельніцтва Нідэрляндаў, якое жыве па-за Фрысьляндам, дасягае лічбы ў 150 тыс чал., асабліва яно заўважнае ў гарадзкой аглямэрацыі на захадзе краіны, Гронінгене і Флеваляндзе. Існуе дыяспара Фрысьлянду за мяжой, правінцыя мае найбольшы адсотак эмігрантаў серад усіх нідэрляндзкіх правінцыяў датычна эмігрантаў ,якія пераехалі ў пэрыяд 1940–1970 гадоў. Паводле некаторых зьвестак можа лічыцца, што па ўсім сьвеце засяроджана ад 80 да 100 тысячаў носьбітаў заходнефрыскае мовы. Такім чынам, нацяпер колькасьць носьбітаў мовы можа пераўзыходзіць 600 тыс чал.

Асноўная характарыстыка

рэдагаваць

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Пісьмовасьць заходнефрыскае мовы засноўваецца на лацінскім альфабэце. Да літараў Aa, Oo, Ee, Uu наверсе могуць дадавацца дыякрытычныя знакі акут (´) і цыркумфлекс (ˆ).

Фанэтыка

рэдагаваць
  • Галосныя:

Галосныя гукі заходнефрыскае мовы (паводле IPA) з прыкладамі ў словах і перакладам словаў.

Літара Прыклад
Гучаньне Прыклад (гучаньне) Прыклад (запіс) Пераклад
ɑ bɑnk bank бераг
a raˈdis radys радыска
aːt aard асоба
ɛ lɛt let позьні
ɛː fɛːst fêst хуткі
seː see мора
ə de артыкль
(з-за адсутнасьці ў беларускай мове не перакладаецца)
ɪ sɪt sit сядзець
i ʋit wyt белы
tiːt tiid час
ɔ ɡɔt gat адтуліна
ɔː ʋɔːt wâld лес
o ˈtovərjə toverje вядзьмарыць
ˈhoːpjə hoopje спадзявацца
y yt út з
ˈnyːvər nuver дзіўны
u ˈbusə bûse кішэня
huːt hûd хаваць
ɵ pɵt put яма
øː ˈløːnə leune абапірацца
stiən stien камень
ɪə ɪər ear вуха
ɡuət goed добры
ɔə ɔər oar іншы
nyət nuet прыручаць
œː frœːn freon сябар
ɛi hɛi, bɑkəˈrɛi hy, bakkerij ён, пякарня
œy ˈstrœy.ə struie пасыпаць
ui ˈblui.ə bloeie квітнець
ɔəi mɔəi moai прыгожы
aːi kaːi kaai ключ
ɑu hɑut, ɡɑu hout, gau гай, сын

Заходнефрыская мова характарызуецца частым узьнікненьнем доўгіх галосных. Звычайна доўгія галосныя могуць скарачацца, гэты працэс можа адбывацца двума шляхамі: заменай на зычны й галосны ці паўгалосны альбо рэдукцыяй артыкляў і ўзьнікненьнем шчыліннага зычнага (напрыклад: /ət tɪŋ͡kən/ > /ʔtɪŋ͡kʔ/). Апошні спосаб, аднак, зьяўляецца даволі рэдкім і не ўжываецца ў іншых дыялектах. Больш распаўсюджаным спосабам зьяўляецца выпадзеньне галоснага гуку /ə/ або выпадзеньне зычнага /t/ у артыклях. У літаратурнай пісьмовай мове гэтыя зьявы адлюстроўваюцца апострафам. Выкарыстаньне абедзьвюх сыстэм скарачэньня галосных зьмяняецца ў залежнасьці ад дыялекту і звычайна мае замацаваны парадак адлюстраваньня на пісьме.

  1. /eː/, /oː/, /øː/ звычайна рэалізуюцца як дыфтонгі [eɪ], [oʊ], [øʏ];
  2. /ɛː/, /ɔː/ звычайна рэалізуюцца як [ɛ.ə], [ɔ.ə];
  3. Літара a перад літарамі d, t, l, n, s пазначае гук [ɔ];
  4. У словах bern, gers, ferzen спалучэньне er пазначае гук [ɛː];
  5. Спалучэньне eau пазначае [øə] у дзеепрыметніках мінулага часу, у некаторых іншых выпадках — [joː];
  6. Спалучэньне ei пазначае гук [i] або дыфтонг [jə] у выпадках, калі ei знаходзіцца ў складзе -dei;
  7. Спалучэньнем eur пазначаецца [øə];
  8. Слова ôf і прыстаўка ôf- вымаўляюцца як [ɔu] або [ɔː];
  9. Спалучэньне oa пазначае гук [a] у словах moatte і moandei, у слове woansdei — гук [ãː] (падоўжаны насавы а);
  10. Спалучэньне oe у выпадку ягонага знаходжаньня перад спалучэньнямі ch, g, k пазначае гук [u];
  11. Літара y пазначае дыфтонг [ɛi] у словах my, dy, hy, wy, by, але гук [i] у dy, калі яно пазначае займеньнік. У слове yochert гэтая літара пазначае зычны;
  12. Любы галосны або дыфтонг перад спалучэньнямі n + s, z, f, v, w, j, l, r назалізуецца (набывае насавое вымаўленьне);
  13. Любая насавая галосная падаўжаецца перад спалучэньнямі ns, nz;
  14. l (прапісная лацінская л) цішэе перад d, а ў інтэрвакальнай пазыцыі (то бок, знаходжаньне паміж галоснымі) пазначае гук [r];
  15. Літара g у інтэрвакальнай пазыцыі пазначае гук [ɣ] (які існуе і ў беларускай мове); таксама цішэе ў слове âl і перад d, t;
  16. h цішэе перад гукамі [j], [ʋ] і ў слове thús;
  17. j часта цішэе перад [i];
  18. Літара n перад p пазначае гук [m], перад k — [ŋ] альбо пазначае ноль гуку пасьля назалізаванай галоснай;
  19. r цішэе перад t, d, n, l, s, z;
  20. Літарай w пазначаюцца гукі [ʋ] (у пачатку слова), [f] (у канцы) або таксама [ʋ] (у іншых месцах слова). Падвоеная w пазначае гук [ʋ].
  • Зычныя:

Прыведзеныя літары заходнефрыскае мовы, якімі пазначаюцца зычныя гукі, і адпаведныя гукі.

b ch d f g h j k l m n p r s sj t tsj v w x y z
b x d f ɡ, ɣ ɦ j k l, ɫ m n p r s sj t t͡sʲ v ʋ ks j z

Дыялекты

рэдагаваць

Заходнефрыская мова падзяляецца на восем дыялектаў, усе зь якіх зьяўляюцца ўзаемназразумелымі. Толькі чатыры дыялекты маюць заўважную колькасьць носьбітаў, астатнія абмяжоўваюцца ўжыткам серад невялікіх супольнасьцяў лікам ад менш за сотню да некалькі соцень асобаў. Найменшую колькасьць носьбітаў мае скірмунтсэагерскі дыялект, на якім размаўляе ад 50 да 100 чалавек. Распаўсюджаны на востраве Схірмонікаг.

На гюлпэрскім дыялекце, распаўсюджаным у мястэчку Гіндэлёёпэн, размаўляе прыкладна 300 чалавек. Дыялект зьяўляюцца досыць архаічным.

Скюлгерскі й аастэрскі дыялекты, распаўсюджаныя адпаведна на захадзе і ўсходзе востраву Тэрсхелінг, маюць 800 і 400 носьбітаў адпаведна. Абодва дыялекты геаграфічна аддзеленыя адзін ад аднаго мідсьляндзкім дыялектам нідэрляндзкае мовы, распаўсюджаным у цэнтральнай частцы Тэрсхелінгу.

Усе чатыры дыялекты зьяўляюцца вельмі адасобленымі ад астатніх дыялектаў фрыскае мовы і маюць маленькую колькасьць носьбітаў, што тлумачыцца астраўным знаходжаньнем гэтых дыялектаў. Між тым, серад мацерыковых дыялектаў вылучаецца паўднёваўсходні дыялект, які мае граматычныя асаблівасьці астраўных дыялектаў.

Серад мацерыковых дыялектаў найбольшымі паводле колькасьці носьбітаў зьяўляюцца лясны й гліністы, распаўсюджаныя на ўсходзе ды захадзе Фрысьлянду адпаведна. Назвы дыялектаў утвораныя ад прыкметаў рэгіёнаў, у якіх яны распаўсюджаныя: арэал распаўсюджваньня ляснога дыялекту акрэсьліваецца лясной мясцовасьцю, тады як тэрыторыя распаўсюджваньня гліністага характарызуецца гліністай глебай. Абодва дыялекты зьяўляюцца ўзаемназразумелымі, аднак у іх адрозьніваюцца вымаўленьне займеньнікаў «мы», «цябе», «ён», «яна», «яны», «мы», прыназоўніка «па» і рэалізацыя дыфтонгаў ei ды aai[6].

Найбольшую колькасьць носьбітаў серад усіх заходнефрыскіх дыялектаў мае лясны дыялект, аднак гліністы мае большы ўплыў на літаратурную мову.

Гісторыя

рэдагаваць

У раньнім Сярэднявеччы фрыскія тэрыторыі распасьціраліся ад места Бруге, што ў Бэльгіі, да ракі Вэзэр (паўночны захад Нямеччыны). Сёньня гэты рэгіён часам называюць Вялікая Фрызія і жыхары некаторых яе мясьцінаў дагэтуль захоўваюць сваю фрыскую спадчыну, хоць у большасьці месцаў гэтага рэгіёну фрыская мова была страчаная.

Старажытнафрыская мова мела шмат паралеляў з стараангельскай мовай. Гэтае падабенства ўзмоцнілася ў пэрыяд позьняга Сярэднявечча праз асаблівыя зрухі ў гукавым ладзе абедзьвюх моваў (напрыклад, у дзьвюх мовах насавыя галосныя спрасьціліся да звычайных, гук k пасьля некаторых галосных перайшоў у ch). Асноўным адрозьненьнем паміж старажытнафрыскай і сучаснай заходнефрыскай мовамі зьяўлялася наяўнасьць у старажытнафрыскай склонаў.

Старажытнафрыская мова існавала ў пэрыяд прыкладна сярэдзіны ХІІ ст. — сярэдзіны XVI ст., пры гэтым большасьць захаваных пісьмовых помнікаў таго часу прыпадаюць на XIV-XV стст. Як правіла, большасьць гэтых помнікаў абмяжоўваецца прававымі дакумэнтамі. Між тым, першыя фіксацыі пісьмовасьці прыпадаюць на пэрыяд ад ІХ ст., калі старафрыская запісвалая рунічнай пісьмовасьцю.

У XVI ст. старафрыская мова эвалюцыянавала ў сярэднефрыскую, пэрыяд існаваньня якой умоўна скончваецца ў 1820 годзе. Пераходу старафрыскае мовы ў сярэднефрыскую паспрыяў разрыў у літаратурнай традыцыі мовы.

Сярэднефрыская, сучасная заходнефрыская

рэдагаваць

Прыкладна да XV ст. старафрыская мела шырокае пісьмовае выкарыстаньне, аднак потым сфэра яе ўжытку звузілася да вуснага выкарыстаньня ў сельскай мясцовасьці, што было выклікана ўсталяваньнем у Фрысьляндзе нідэрляндзкае мовы як афіцыйнай. Фрыская ня здолела вярнуць свой статус нават па атрыманьні Нідэрляндамі незалежнасьці ў 1585 годзе.

Серад сярэднявечных заходнефрыскіх пісьменьнікаў адзначаецца Гюсбэрт Япікс, які жыў у XVI ст. Першая палова ХІХ ст. лічыцца пэрыядам узьнікненьня сучаснай, заходнефрыскай мовы, што зьвязана з узьнікненьнем новага літаратурнага стандарту.

 
Дзьвюхмоўны заходнефрыска-нідэрляндзкі ўказальнік (заходнефрыская ўверсе)

У 1951 годзе актывісты заходнефрыскае мовы выклікалі пратэсты ў Леэўвардэне, будучы незазаволенымі выключным выкарыстаньнем нідэрляндзкай у судох[7]. У выніку пратэстаў быў утвораны спэцыяльны камітэт, які рэкамэндаваў наданьне заходнефрыскай прававой асновы для атрыманьня статусу мовы меншасьці.

З 1956 году заходнефрыская мае ў Фрысьляндзе роўны зь нідэрляндзкай статус. Мова выкарыстоўваецца ў шматлікіх галінах дзейнасьці, серад якіх адукацыя, заканадаўства, адміністрацыйныя дачыненьні. У 2010 годзе, у прыватнасьці, заходнефрыскую вэрсію атрымалі каля шасьцідзесяці апаратаў па продажы квіткоў у грамадзкі транспарт правінцыяў Фрысьлянд і Гронінген[8]. Нягледзячы на тое, што ў судох па-ранейшаму ў асноўным выкарыстоўваецца нідэрляндзкая мова, фрызы маюць права выступаць па-заходнефрыску і прымаць прысягу ў судох у любой правінцыі Нідэрляндаў.

З 1956 року ў Фрысьляндзе існуе дзьвюхмоўная адукацыя, у тым жа годзе заходнефрыская сталася афіцыйным школьным прадметам. У 1980 годзе заходнефрыская стала абавязковым прадметам у пачатковай школе, у 1993 — у сярэдняй.

У 1997 годзе правінцыя Фрысьлянд афіцыйна зьмяніла сваю назву зь нідэрляндзкае формы Friesland на заходнефрыскую Fryslân, да гэтага пяць з трыццаці аднаго муніцыпалітэтаў зьмянілі свае назвы зь нідэрляндзкае на заходнефрыскую.

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Provinsje Fryslân. Fluchhifking Fryske Taal. — 2007.
  3. ^ Gorter, D. L.G. Jansma, G.H. Jelsma. Sosjaal-wittenskiplike rige nummer 10 // Taal yn it Grinsgebiet. Undersyk nei de taalferhâldings en de taalgrins yn it Westerkertier yn Grinslân. — Akademy-nummer 715. — Fryske Akademy.
  4. ^ Gorter, D.; R.J. Jonkman Taal yn Fryslân op 'e nij besjoen. — Fryske Akademy, 1994.
  5. ^ Frisian, Western | Ethnologue
  6. ^ Popkema, J. Grammatica Fries. De regels van het Fries. — Utrecht: Het Spectrum, 2006.
  7. ^ Johan Frieswijk. Geschiedenis van Friesland, 1750-1995. — С. 327.
  8. ^ Ov-chipkaartautomaten ook in het Fries (нід.) de Volkskrant Праверана 19 сьнежня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць