Кітайская мова

моўная сям’я

Кіта́йская мова (中文 — [чжунвэнь], або 汉语/漢語 [ханьюй]) — адна з мовай сыніцкае галіны сына-тыбэцкае моўнае сям’і, альбо, у выпадку клясыфікацыі астатніх кітайскіх моваў як дыялектаў кітайскай, мова ў складзе непасрэдна сына-тыбэцкае сям’і. Зьяўляецца афіцыйнай мовай КНР, Тайваню і Сынгапуру. На ёй размаўляюць звыш 1 млрд чалавек, для 900 млн чал. зь іх кітайская мова зьяўляецца роднай.

Кітайская мова
中文
Ужываецца ў Кітай, Тайвань, Сынгапур, Малайзія, Філіпіны ды інш.
Рэгіён Усходняя Азія, Паўднёва-Ўсходняя Азія ды інш.
Колькасьць карыстальнікаў каля 1,176 мільярду
Клясыфікацыя Сына-тыбэцкая сям’я
  • Сыніцкая галіна
    • Кітайская мова
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Кітаі,
Кітайскай Рэспубліцы (Тайвань),
Сынгапуры,
Ва (непрызн. утварэньне, М’янма)
Дапаможная мова ў Канадзе, Малайзіі, ЗША
Пісьмо кітайскае пісьмо, традыцыйныя кітайскія герогліфы[d] і спрошчанае кітайскае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-1 zh
ISO 639-2(Б) chi
ISO 639-2(Т) zho
ISO 639-3 zho

Кітайская зьяўляецца адной з 6 афіцыйных і працоўных моваў ААН. Гістарычна гэта мова народнасьці хань, якая дамінуе ў нацыянальным складзе КНР (больш за 90% насельніцтва краіны, асабліва ў цэнтральных частках усходу краіны). Акрамя таго, дзясяткі мільёнаў кітайцаў, якія захоўваюць сваю мову, жывуць практычна ва ўсіх краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі (на Сынгапуры складаючы больш 75% насельніцтва); значная кітайская дыяспара расьсеяная па ўсім сьвеце. На кітайскай мове размаўляюць таксама вызначаныя часткі некаторых не-кітайскіх народаў Кітаю, якія гістарычна зазналі кітаізацыю (напрыклад, туцьзя); асобныя народы перайшлі на яе ў значнай ступені або амаль поўнасьцю (маньчжуры).

Гісторыя

рэдагаваць

Кітайская мова зьяўляецца адной з самых старажытных зь цяпер існых моваў. Таксама яна валодае самой старажытнай з ужывальных у цяперашні час пісьменнасьцю, што ўзьнікла каля 13-га стагодзьдзя да н. э.[1]. Падобную герагліфічную пісьменнасьць, адаптаваную з кітайскай мовы, выкарыстоўвае японская мова, раней падобныя пісьмовасьці выкарыстоўвалі карэйская й віетнамская; апрача іх, кітайскія герогліфы маюць або мелі ва ўжытку некаторыя малаколькасныя народы Кітаю. Складзены ў 93 годзе кітайскі слоўнік «Шавэнь цзэцзы» налічваў 9353 герогліфы. Слоўнік пачатку XVIII ст. «Кансі Цзыцьзянь», складзены пры імпэратары Кансі, зьмяшчаў 49 тыс. знакаў. На 2009 год кітайская пісьменьнасьць налічвала больш за 60 тыс. герогліфаў. Пры гэтым у кітайскіх школах вывучаецца толькі 4 тыс. герогліфаў, хоць чытаньне газэтаў, часопісаў і літаратуры вымагае веданьня 6 тыс. знакаў[2]. Некаторыя рэгіёны, напрыклад Ганконг, могуць мець некаторыя ўласныя, адрозныя ад кантынэнтальных герогліфы.

Дыялектныя групы

рэдагаваць

У кітайскай мове вылучаецца 7 дыялектных групаў: паўночная (北, самая шматлікая — звыш за 800 млн носьбітаў), (吴), сян (湘), гань (贛/赣), хака (客家), юэ (粤), мінь (閩/闽 — у тым ліку тайваньская), у, часам вылучаецца таксама мова/дыялект цьзінь. Дыялекты адрозьніваюцца фанэтычна (што замінае міждыялектным зносінам, дарма што дыялекты зьвязаныя рэгулярнымі гукавымі адпаведнасьцямі), лексыкай, збольшага граматыкай, аднак асновы іх граматыкі і слоўнікавага складу адзіныя. Шэрагам некаторых лінгвістаў дыялекты кітайскае мовы могуць лічыцца асобнымі мовамі, асабліва ў залежнасьці ад краіны, у якой разглядаюцца дыялекты.

Сродкам зносінаў носьбітаў розных дыялектаў служыць нарматыўная кітайская мова, якая ў Кітаі завецца путунхуа (普通话/普通話), у Сынгапуры хуаюй (华语/華語) у Ганконгу і Тайвані — гаюй (国语/國語), паміж імі існуюць малаважныя адрозьненьні ў фанэтыцы, на пісьме ў путунхуа і хуаюй выкарыстоўваюцца скарочаныя герогліфы, а ў гаюй — поўнае напісаньне герогліфаў. Пры крайняй неабходнасьці можна дамагчыся, каб цябе зразумелі, напісаўшы герогліфы на паперы або намаляваўшы іх рукой у паветры. Літаратурная мова абапіраецца на паўночныя дыялекты, на паўночных дыялектах, у тым ліку, заснаваныя гаюй і хуаюй, нягледзячы на тое, што, напрыклад, на Тайвані распаўсюджаныя ўласныя дыялекты кітайскае мовы.

Фанэтычная норма — пэкінскае вымаўленьне (аднак у эпоху дынастыі Тан, калі было створана большасьць клясычных кітайскіх тэкстаў, норма была блізкая хутчэй да цяперашняй дыялектнай групы хака).

Адукацыя

рэдагаваць

З улікам росту маштабаў і ўплыву кітайскай эканомікі ва ўсім сьвеце, кітайская мова пачала набіраць папулярнасьць у ЗША і стала ўсё больш папулярным прадметам дасьледаваньня сярод моладзі ў заходнім сьвеце[3].

Беларусь

рэдагаваць

21 лютага 2022 году на Міжнародны дзень роднай мовы амбасадар Беларусі ў Кітаі Юры Сянько прадставіў у Пэкіне 1-ы ў гісторыі кітайска-беларускі і беларуска-кітайскі слоўнік. Выданьне слоўніка падрыхтаваў Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце пад навуковым кіраўніцтвам яго дырэктара Анатоля Тозіка cумесна зь Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[4].

  1. ^ З гісторыі кітайскай пісьменнасьці // Міжнароднае радыё Кітаю, 16 верасьня 2009 г. Праверана 28 студзеня 2014 г.
  2. ^ Асаблівасьці кітайскай герагліфікі // Міжнароднае радыё Кітаю, 16 верасьня 2009 г. Праверана 28 студзеня 2014 г.
  3. ^ How hard is it to learn Chinese?. BBC News
  4. ^ У Пэкіне прэзэнтавалі падручнік беларускай мовы і беларуска-кітайскі слоўнік // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 лютага 2021 г. Праверана 21 лютага 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Кітайская мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў