Цукровы бурак
Цукровы бурак — багаты на цукар (19—23%) падвід звычайнага бурака зь белым караняплодам(en) масай 400—500 грамаў. Цепла- і сьвятлолюбівы, патрабавальны да жыўленьня і вільгаці, асабліва ў часе ўтварэньня лісьця і караняплода (ліпень—жнівень). Вырошваецца на добра ўгноенай сугліністай(en) і супясчанай дзярнова-падзолістай глебе ды на акультуранай тарфяна-балотнай. Бацьвіньне, жамерыны(en) і патака(en) ідуць на корм[1]. У 1996 годзе стаў сыравінай вырабу 1/3 цукру ў сьвеце і ўсяго цукру ў краінах з умераным кліматам. У якасьці тэхнічнай культуры падвід вывелі ў 18 ст. у Нямеччыне. Найбольш шырока вырошчаецца ў лесастэпавых абшарах Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. У 1996 годзе сусьветная плошча пасеву склала каля 8 млн га (80 тыс. км²). Найбольшую плошчу пасеваў мелі Ўкраіна (лесастэп), Расея (Кубань, Чарназем’е(ru)), ЗША, Францыя, Нямеччына і Польшча. Найбольшы ўраджай атрымалі ў Заходняй Эўропе — 550—600 цэнтнэраў з гектара[2].
Цукровы бурак | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Падцарства | Зялёныя(en) |
Група | Стрэптафіты(en) |
Разьдзел | Стрэптафітныя |
Тып | Вышэйшыя |
Падтып | Сасудзістыя |
Нададдзел | Насенныя |
Аддзел | Кветкавыя |
Пададдзел | Мэзанганасенныя(en) |
Кляса | Эўдыкоты(en) |
Падкляса | Гунэрыды(es) |
Атрад | Гвазьдзікакветныя |
Сямейства | Аксамітнікавыя |
Падсямейства | Буракападобныя(en) |
Трыба | Бураковыя |
Род | Буракі |
Від | Звычайны бурак |
Падвід | Цукровы бурак |
Бінамінальная намэнклятура | |
Beta vulgaris subsp. vulgaris Карл Лінэй | |
Беларусь
рэдагавацьУ 1830-я гады ў Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губэрнях (Беларускае генэрал-губэрнатарства, Расейская імпэрыя) пабудавалі цукраварні для перапрацоўкі цукровых буракоў. У 1860-я гг. лік цукраварняў перавысіў 30. Да канца 19 ст. цукровыя буракі перасталі вырошчваць у сувязі з завозам таньнейшага цукру з Украіны, што прывяло да закрыцьця цукраварняў. У 1950-я гг. вырошчваньне цукровых буракоў аднавілі ў сувязі з пабудовай 4 буйных цукраварняў: Скідзельскі цукровы камбінат (1951; Гарадзенскі раён), Гарадзейскі цукровы камбінат (1959; Нясьвіскі раён, Менская вобласьць), Жабінкаўскі цукровы завод (1963; Берасьцейская вобласьць) і Слуцкі цукроварафінадны камбінат (1965; Менская вобл.). У 1995 годзе пасевы цукровых буракоў занялі 55,4 тыс. га (0,9% агульнай пасяўной плошчы). Ураджайнасьць склала каля 300 цэнтнэраў з гектара пры гадавым валавым зборы каля 1,5 млн тонаў. Пасевы цукровых буракоў засяроджваліся ў 28 раёнах Беларусі вакол 4 буйных цукраварняў, дзе займалі 3—7% пасяўной плошчы. Цукрыстасьць буракоў раянавага гатунку Гала складала 15—17%, што давала па 12—13% цукру на выхадзе. Буракі сеялі на сугліністай(en) і супясчанай мінэральнай глебе ды на асушанай і акультуранай тарфяна-балотнай[2]. У 2011 г. валавы збор цукровых буракоў у Беларусі склаў 3,8 млн тонаў пры сярэдняй ураджайнасьці 448 цэнтнэраў з гектара[3]. У 2019 годзе Беларусь знаходзілася на 14-м месцы ў сьвеце паводле збору цукровых буракоў[4].
Год | Пасяўная плошча (тыс. га) | Ураджайнасьць (цэнтнэр/га) | Валавы збор (тыс. тонаў) |
---|---|---|---|
2011[3] | 85 | 448 | 3800 |
1994[2] | 58 | 187 | 1078 |
1990 | 46 | 320 | 1479 |
1980 | 52 | 229 | 1122 |
1970 | 49 | 221 | 1029 |
1960 | 29 | 132 | 383 |
1950 | 4,6 | 149 | 69,4 |
-
Пакунак бураковага цукру вытворчасьці «Жабінкаўскага цукровага заводу» з надпісамі па-беларуску (2022 год)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Уладзімер Пярэднеў. Буракі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 343. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ а б в Н.І. Жураўская. Буракаводзтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 342. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ а б Сяргей Куркач. Сёлета бульбы — 1,2 млн тон // Зьвязда : газэта. — 17 лістапада 2011. — № 219 (27083). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па вырошчваньні льновалакна, жыта і журавінаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лістапада 2019 г. Праверана 24 сьнежня 2019 г.