Тэніс

від спорту з ракеткай і мячом

Тэ́ніс (па-ангельску: tennis), або вялікі тэніс — від спорту, у якім гуляе два гульца адзін супраць аднаго, або дзьве каманды па два мужчыны ў кожнай, каманда супраць каманды, на поле — (корце), падзеленаму пасярэдзіне папярочнай сеткай. Мэта гульні — ракетакай адправіць мяч на бок супраціўніка так, каб той ня змог яго адбіць, пры гэтым пры першым падзеньні мяч не павінен выляцець за межы корта. Падчас гульні гульцы выкарыстоўваюць дадатковую прылада для гульні — ракетку. Ракетка — прыналежнасьць тэнісіста, прызначаная для адбіцьця, зьмены кірунку, магутнасьці палёту гумовага тэніснага мяча, з мэтай заданьня паразы супраціўніку. Матч выйграе той хто атрымлівае найбольшую колькасьць перамог па сэтах, у адпаведнасьці з правіламі гульняў, якія ўжываюцца згодна з полам, узростам і г. д.

Турнір у Шанхаі, 2005

Гісторыя рэдагаваць

Калі не прымаць да ўвагі гульні старажытных грэкаў і рымлян, у якіх мяч адбівалі рукой або драўлянай палкай, то першыя згадваньні аб гульні, падобнай на тэніс, можна знайсьці ў XІІ — XIII стагодзьдзях у Італіі. Гульня звалася «джыдока», а мяч у ёй адбіваўся надзетай на руку рукавіцай, драўляным шчытком або скурным рамянём.

Афіцыйна лічыцца, што тэніс зьявіўся ў XIV стагодзьдзі на тэрыторыі сучаснай Францыі. Француская знаць захаплялася так званай «гульнёй далоней» («жэ дэ пом»), якая зрабіла вялікі ўплыв на разьвіцьцё сучаснага тэнісу. Першымі гульцамі-аматарамі сталі сьвятары, і ня толькі маладыя сэмінарысты, але й сьвятары больш высокіх званьняў: архіяпіскапы і кардыналы. Гульня праводзілася ў сьценах манастыроў, у асноўным на камяной падлозе. З часам для зручнасьці гульні, на руку, якая б’е па мячу, сталі нацягваць рукавічку, а потым, пачалі выкарыстоўваць драўляныя прадметы, каб адбіваць мяч, з часам яны трансфармаваліся ў так званыя ракеткі. Гэтыя драўляныя прадметы небагаты былі падобныя на сучасную ракетку. Мінула яшчэ больш чатырох стагодзьдзяў, калі на ракетцы сталі застасоўваць струны. Гульня стала набіраць шчэ большую папулярнасьць і ўсьлед за сьвятарамі ў гэтую гульню сталі граць заможныя французы. Гульнёй у мяч была захоплена вялізарная колькасьць людзей. А ў 1480 кароль Францыі Люі ХІ выдаў указ, згодна зь якім неабходна было строга прытрымлівацца працэсу вырабу тэнісных мячоў. Умовы наказу былі наступныя: мяч павінен быць набіты файнай скураю й поўсьцю і ня месьціць пясок, крэйды, вапна, апілаўкі, моху, попелу або зямлю. Усьлед за мужчынамі ў XV—XVI стагодзьдзях гульнёй у мяч захапілісь і жанчыны. У гісторыі разьвіцьця тэнісу вядомы такі факт, што ў 1427 у Парыжы маладая жанчына па імені Марго гуляла настолькі бліскуча, што зь яе хуткасьцю падачы мяча маглі параўняцца толькі лепшыя з мужчын-гульцоў. Гульня разьвівалася настолькі хутка, што ўжо да канца XVI стагодзьдзя ў Парыжы было больш 250 спэцыяльных кортаў, а колькасьць гульцоў перасягала сем тысячаў. Залежна ад уменьня весьці гульню паступова адбыўся падзел гульцоў на тры катэгорыі: пачатковец, партнэр і майстар. Найбольшымі прывілеямі карысталіся майстры. Ім давалася права на будаўніцтва і валоданьне кортамі для гульні. Адзін з майстроў распрацаваў у 1542 годзе першыя правілы гульні ў тэніс, але апублікаваныя яны былі толькі праз 50 гадоў. Гульня атрымала прызнаньне і ў ангельцаў, якія далі ёй назву «сапраўдны тэніс» (па-ангельску: real tennis).

Афіцыйна прынята лічыць, што слова «тэніс» узьнікла ад старафранцускага слова «Tenèts!», якое прамаўляў гулец падчас падачы мяча. З часам гэтае слова запазычылі ангельцы і прыстасавалі яго пад сваю мову — так узьнікла слова «Tenis», якое і набыла распаўсюджаньне.

Правілы зьмяняліся цягам усяго разьвіцьця гульні. Так, сьпярша багата гадоў увядзеньне мяча ў гульню, г.зн. падача, не адносілася да гульні, і выйграць ачко з падачы было немажліва.

Падача мяча ў гульню зьдзейсьнівалася слугамі (па-француску: servani), такім чынам, увод мяча ў гульню зваўся абслугоўваньнем — serviz. Міналі гады, стагодзьдзі і зьмяняліся правілы гульні ў мяч. У наш час падача — вельмі важны тэхнічны элемэнт тэніса, зьяўляецца спосабам выйгрышу пункту і ціскам на супраціўніка. Нягледзячы на зьмены ў тэнісе, на ўсіх міжнародных гульнях падача завецца service.

У XVII—XIX стагодзьдзях, у часы Францускай рэвалюцыі ды Напалеонаўскіх войнаў, людзям было не да заняцьцяў тэнісам, як у Францыі, так і ў іншых эўрапейскіх краінах. У Ангельшчыне тэніс заняпаў пасьля таго, як страціў заступніцтва караля. Але тэніс быў забыты ня конча, а толькі на некаторы час. І ўжо ў 1858 пачынаецца новы этап у разьвіцьці тэнісу, калі ўпершыню быў праведзены мач ангельскіх унівэрсытэцкіх камандаў у Хэйманкэрце. Пачалося адраджэньне тэнісу: сталі стварацца новыя тэнісныя клюбы. А ў спартовых клюбах для гульні ў крыкет, крокет і гольф сталі адкрывацца тэнісныя сэкцыі. Выйсьці на сусьветную арэну тэнісу перашкаджала тое, што ў кожнай краіне правіла гульні былі свае, што рабіла немажлівым правядзеньне міжнародных матчаў. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя адбыліся вялізарныя зьмены ў правядзеньні гульняў, таму што ў тэніс пачалі гуляць на адкрытых кортах, хоць да таго гульня праходзіла выключна ў памяшканьнях.

 
Лаўн-тэніс у ЗША (1887)

Прычына таго, што гульня так доўга праводзілася ў закрытых памяшканьнях, палягала ў пакрыцьці пляцовак і матэрыяле мяча. Так як мячы былі крамніннымі, прутка сьцягнутымі струнамі, а зьверху пакрытыя фланэльлю, то яны маглі адскокваць толькі ад цьвёрдай каменнай падлогі, а граць на зямле або траве было немажліва. І толькі са зьяўленьнем гумовых мячоў адбыліся карэнныя зьмены ў тэнісе. У Ангельшчыне ў 1874 дзякуючы маёру У. Ўінгфілду ўзьнік так званы лаўн-тэніс (тэніс на траве). Такім чынам ён узаконіў тэніс і яго правілы. Пасьля таго, як былі запатэнтаваныя сетка, слупкі, мячы, правілы гульні, тэніс стаў відам спорту. Лаўн-тэніс, а сёньня проста тэніс, хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Эўропе ды іншых кантынэнтах. У яго гуляюць мільёны людзей самага рознага ўзросту.

Першы афіцыйны задакумэнтаваны тэнісны турнір праходзіў у жніўні 1876 на корце, разьмешчаным у валоданьнях графа Ўільяма Эплтон у Масачусэтсе; выйграў яго Джэймз Дўайт. Наступным афіцыйным турнірам стаў турнір 1877 году ў Ўімбэлдане; гэты турнір у будучыні стаў дужа папулярным спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў сьвеце. Гэты турнір праводзіцца дагэтуль і зьяўляецца найстарэйшым у сьвеце. Фінал гэтага турніру праходзіў у прысутнасьці 200 гледачоў. У ім прынялі ўдзел 24 гульцы. Правілы, паводле якіх гулялі на гэтым турніры, надалей сталі афіцыйнымі на большасьці турніраў Эўропы. Пераможцам гэтага турніру стаў Спэнсэр Гор.

Наступны афіцыйны турнір на корце пад адкрытым небам пачалі праводзіць у Дзінардзе (Францыя) у 1878. У гэтым жа годзе быў праведзены турнір у Манрэалі ў Cricket Club, таксама ў гэты год прайшоў аматарскі чэмпіянат Шатляндыі. У 1879 дэбютаваў Чэмпіянат Ірляндыі ў Fitzwilliam Club у Дубліне. У 1880 прайшоў турнір на тэрыторыі Аўстраліі ў Мэльбурне. Чэмпіянат ЗША ўпершыню праходзіў у Ньюпарце ў 1881, у ім прымалі ўдзел выключна грамадзяне ЗША.

У 1933 аўстраліец Джэк Крофард выйграе міжнародныя аматарскія гульні Аўстраліі, Францыі (Ралан Гарос), Вялікабрытаніі (Ўімбэлдан) і дасягае фіналу Міжнароднага аматарскага чэмпіянату ЗША ў Форэст Гіл, журналісты Джон Кіеран і Элісан Дэнзіг упершыню выкарысталі выраз «Вялікі шлем» (па-ангельску: Grand Slam) (па аналёгіі з брыджам і гольфам), згадваючы мажлівую перамогу аўстралійца ў чатырох турнірах у гэтым жа годзе. Пералічаныя чэмпіянаты пачалі набіраць значнасьць у тэнісным сьвеце ў сувязі з тым, што зборныя гэтых чатырох краінаў былі адзінымі, хто здабываў перамогі ў Кубку Дэвісу, які на той час меў найбольшую значнасьць у аматарскім тэнісе, чым усе іншыя турніры.

Правілы рэдагаваць

Гульцы (каманды) знаходзяцца па розныя бакі сеткі. Адзін зь іх уводзіць мяч у гульню (выконвае падачу): пры гэтым мяч павінен трапіць у супрацьлеглы ад падаючага малы квадрат корту. Другі гулец «прымае» падачу. Задача гульцоў — накіроўваць мяч ударамі ракеткі на бок супраціўніка, пры гэтым пад час першага падзеньня мяч павінен трапіць у межы корту. Другі гулец павінен пасьпець адбіць мяч, пакуль той не ўпадзе на корт больш за адзін раз. Магчыма таксама ўдарыць па мячы, не чакаюцы, пакуль ён упадзе на корт — зыграць зь лёту. Гулец, які зрабіў памылку, прайграе розыгрыш, а ягоны супраціўнік набірае ачко.

Гульцам неабходна набіраць ачкі для таго, каб выйграць гэйм (4 мяча: 15-30-40-гэйм, але ня менш розьніцы ў 2 мячы). Гулец, які першым выйграў 6 гэймаў (пры ўмове, што яго супраціўнік выйграў ня больш за 4 гэймы), выйграе «сэт». Пасьля ліку ў сэце 5:5 для яго выйгрышу неабходна выйграць два гэйма запар. Калі сэт гуляецца з «тай-брэйкам» (гуляецца да 7 мячоў, але ня меней розьніцы ў два мячы), ён прызначаецца пры ліку ў сэце 6:6. Для перамогі матча неабходна выйграць 2 з 3 альбо 3 з 5 сэтаў (у залежнасьці ад рэглямэнту спаборніцтваў). Як толькі адзін з супраціўнікаў набірае неабходную колькасьць выйграных сэтаў, матч заканчваецца.

У афіцыйных матчах заўсёды прысутстнічае судзьдзя, які для лепшага агляду корту сідзіць на ўзвышшы — вышцы, таму яго завуць судзьдзёй на вышцы. Судзьдзю на вышцы могуць дапамагаць судзьдзі на лініі, якія вызначаюць, ці прызямліўся мяч у межах корта.

З сэзону 2006 году на турнірах WTA и ATP сталі афіцыйна ўжывацца сыстэмы электроннага судзейства (Ястрабава вока). Такія сыстэмы дазваляюць з высокай дакладнасьцью вызначыць месца падзеньня мяча і тым самым зьнізіць колькасьць судзейскіх памылак.

Тэнісная тэрміналёгія рэдагаваць

  • Брэйк — выйгрыш падачы супраціўніка.
  • Брэйкпойнт — розыгрыш, у якім адзін з супраціўнікаў можа здабыць брэйк.
  • Бэкхэнд або удар закрытай ракеткай — удар зь нязручнага боку, зьлева для праўшы, справа для ляўшы.
  • Гэймпойнт — розыгрыш, у якім адзін з супраціўнікаў можа выйграць гэйм на сваёй падачы.
  • Дропшот або скарочаны ўдар — нечаканае падразаньне мяча такім чынам, каб ён ледзь-ледзь пераляцеў празь сетку й апусьціўся на корт амаль без адскоку.
  • Крос — дыяганальны ўдар.
  • Лоб або сьвечка — высокі ўдар з мэтай перакінуць супраціўніка, які выйшаў да сеткі.
  • Матчпойнт — розыгрыш, у якім адзін з супраціўнікаў можа выйграць гэйм, сэт і матч.
  • Паўўолей або ўдар з паўлёту — удар па мячы, які толькі адбіўся ад зямлі і падымаецца ўгору.
  • Рэвэрс — удар адваротным (закрытым) бокам ракеткі высока над галавой.
  • Слайс або падрэзка — удар, пры якім мячу падаецца кручэньне ў кірунку, процілежным да кірунку руху. Дзякуючы эфэкту Магнуса мяч сьцелецца над кортам, працягваючы сваю траекторыю. Застасоўваецца для гульні з задняй лініі.
  • Смэш — моцны ўдар паднятай над галавой ракеткай.
  • Сэтпойнт — розыгрыш, у якім адзін з супраціўнікаў можа выйграць сэт.
  • Топ-сьпін — удар, пры якім мячу падаецца моцнае кручэньне ў кірунку руху. Характарызуецца высокім адскокам і траекторыяй, якая закручваецца данізу дзякуючы эфекту Магнуса. Застасоўваецца пры гульні з задняй лініі.
  • Тайбрэйк — спэцыяльны гэйм для хуткага вызначэньня пераможцы роўнага сэту.
  • Ўолей або ўдар зьлёту — удар па мячы перш, чым той пасьпеў апусьціцца на корт.
  • Форхэнд або ўдар адкрытай ракеткай — удар са зручнага боку, справа для праўшы, зьлева для ляўшы.
  • Эйс — падача навылет, пры якой супраціўнік ня змог дацягнуцца ракеткай да мяча.
  • Эпроўч — павольны ўдар з моцнай падрэзкай з мэтай выхаду да сеткі.

Віды гульні рэдагаваць

У тэніс гуляюць адзіночныя і парныя гульні. Парная гульня праводзіцца на расшыраным полі. Парная гульня, у якой у адной пары гуляюць мужчыны і жанчына, называецца мікстам.

Фэдэрацыі ды аб’яднаньні гульцоў рэдагаваць

Галоўным органам кіраваньня тэніснымі справамі зьяўяецца Міжнародная фэдэрацыя тэнісу (па-ангельску: ITF), якая складаецца з 202 нацыянальных тэнісных фэдэрацыяў, у тым ліку Беларуская тэнісная асацыяцыя (БТА).

Прафэсійныя тэнісісты аб’яднаныя ў Асацыяцыю тэнісных прафэсіяналаў (па-ангельску: ATP, мужчыны) і Жаночую тэнісную асацыяцыю (па-ангельску: WTA).

Турніры рэдагаваць

Самымі прэстыжнымі ў тэнісе зьяўляюцца чатыры турніры Вялікага шалому

Найпрэстыжнымі каманднымі змаганьнямі зьяўляюцца

Менш прэстыжны Алімпійскі тэнісны турнір, які адбываецца кожныя чатыры гады падчас Летніх Алімпіяд.

Акрамя таго, прафэсійныя тэнісныя аб’яднаньні арганізуюць сэрыі турніраў рознай сілы, так званыя туры, ахопліваючы імі ўсіх гульцоў арганізацыі, тэнісную моладзь і вэтэранаў.

Тэнісныя турніры збольшага праводзяцца па алімпійскай сыстэме. Пары вызначаюцца лёсаваньнем з папярэднім расьсейваньнем. Зрэдку праводзяцца колавыя турніры, або турніры, у якіх спачатку гуляюцца матчы ў групах з далейшым пераходам на алімпійскую сыстэму.

Беларускія тэнісісты рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць